ЭКА
Як я адмовілася ад шкоднай бытавой "хіміі"
Сваім досведам дзеліцца Аўгіня Манцэвіч
Савецкая пралка "Чайка" адгрымела сваімі барабанамі. Я дастала ніжні кляп і адтуль проста на зялёную траву пацякла брудная вада, а ў канцы – адно – пена. Каб добра прапаласкаць бялізну, такіх падыходаў павінна быць прынамсі тры штукі. А то і больш.

Пераязджаючы з гарадской кватэры ў вясковую хату, я прыхапіла з сабой усю бытавую хімію, якую мала: сродкі для мыцця падлогі, посуду, кухні, ванны, унітазу (відаць, ужо тады спадзявалася, што калісьці ён з'явіцца і ў маім новым месцы жыхарства), пральны парашок, універсальны парашок, вадкасць для мыцця вокнаў і здаецца, нават, асвяжальнік паветра. У горадзе я карысталася ўсім гэтым не задумваючыся. Дакладней, з думкай пра тое, што цяпер-то ў мяне чыста.

Але з часам я заўважыла, як трава, на якую перыядычна зліваецца вада з пральным парашком, пачала чэзнуць і жаўцець.
Тое ж адбывалася і з кустом півоній, пад які мой муж выліваў ваду з вядра з-пад ракавіны, у якой мы мылі посуд. І я стала задумвацца: як далёка трэба выліваць такую ваду, каб хімічныя сродкі не трапілі ў калодзеж. Ці не шкодзіць гэтая "хімія" майму агароду? І як у выніку такія мае паводзіны ўплываюць на ўсё жывое, што водзіцца тут?
Жыццё ў вёсцы падштурхнула мяне да гэтых развагаў, чаго вельмі цяжка дасягнуць, жывучы ў горадзе. Там, у шматпавярхоўках, мае адкіды знікалі дзесьці трубах каналізацыі, і іх далейшы лёс мяне ўжо не цікавіў. З гэтым разбіраюцца камунальныя службы. А ў вёсцы камунальных службаў няма. І ўсе вынікі жыццядзейнасці навідавоку. Тут да ўсяго даводзіцца даходзіць самой. Як і ліквідаваць наступствы сваіх дзеянняў.
І паступова я прыйшла да таго, што проста адмовілася ад шкоднай бытавой хіміі.

Я замяніла сродак для мыцця посуду гарчыцай. Я спрабавала некалькі варыянтаў – рабіла адвар з мыльных арэхаў, луг (настояны попел), карысталася содай, воцатам. Але найбольш мне спадабалася менавіта гарчыца. Гэта наш абарыгенны прадукт (я нават аднойчы сабрала ўраджай гарчыцы ў сябе ў агародзе). На тое, каб даставіць яго насенне мне на кухню, не трэба траціць столькі рэсурсаў і паліва, колькі трэба для таго, каб даставіць з Індыі той жа мыльны арэх. Выявілася, гарчыца цудоўна змагаецца з тлушчам. Дастаткова толькі змяшаць невялікую колькасць парашку з вадой, макаць губку ў гэтую юшку ды мыць ёю посуд. Акрамя таго, атрымліваецца вельмі танна, асабліва калі яшчэ і гарчыцу самому вырошчваць. Сёння ў нас ёсць пасудамыйка. У адсек для мыйнага сродку я таксама насыпаю гарчыцу і праз дзве гадзіны дастаю чысцюткі посуд. Да таго ж я перастала баяцца, што недасканала змыты сродак патрапіць мне ў страўнік. Гарчыца – гэта ядома.

Ад некаторых сродкаў я наўпрост адмовілася. Напрыклад, ад сродкаў для мыцця падлогі і вокнаў. І тое, і другое цудоўна мыецца звычайнай вадой. А калі раптам захацелася яшчэ дадаткова апрацаваць падлогу ад мікробаў – лінуць у вядро з вадой крыху воцату – і гатова.

Налёт ва ўнітазе выдатна адмываецца гарачай вадой з воцатам. Ванна, ракавіна, пліта – для гэтага ўсяго падыходзіць сода.

Бялізну пакуль я мыю з мыльным арэхам – проста кладу 4-5 штучак ў мяшэчак і кідаю ў барабан пральнай машыны. Калі мыць пры 40°, то такі мяшэчак можна выкарыстаць яшчэ раз. Магчыма, ёсць яшчэ лепшы спосаб, але я яшчэ яго не знайшла.
З часам я стала задумвацца: чаму мяне турбуе лёс букашак і раслін на маім падворку, чаму я беражліва да іх стаўлюся, а на сабе працягваю выкарыстоўваць шампуні, дэзадаранты і мыла з складам, які я не магу прачытаць, не спатыкнуўшыся аб невымаўляльныя складнікі?
Чым я адрозніваюся ад гэтых букашак?
Я – такая ж частка прыроды.
Адмова, ад "магазіннай" касметыкі стала натуральным працягам усяго гэтага працэсу "дэхімізацыі".

Шампунь мне замянілі яечныя жаўткі. Ніколі не думала, што звычайны жаўток так цудоўна адмывае валасы. Да таго ж, жаўток уваходзіць ува многія натуральныя маскі для валос, бо сілкуе іх карыснымі рэчывамі. На свае доўгія валасы я бяру два жаўткі (бялкі можна выкарыстаць у кулінарыі), разбоўтваю іх у палове паўлітровага слоіка цёплай вады. Можна для водару дадаць кропельку якога-небудзь эфірнага алею. Выліваю гэтую сумесь на мокрыя валасы, крыху масірую і надзяваю шапачку. Пакуль мыю ўсе астатнія часткі цела, жаўток працуе на маёй галаве. Праз 5-20 хвілін змываю. Замест бальзаму можна паласкаць у вадзе з невялікім дадаткам воцату. Але так як жаўток – гэта не шчолач, як звычайныя шампуні і мыла, то і бальзам валасам пасля не патрэбны, бо кіслотна-шчолачны баланс не парушаны.
Зрэдку раблю сабе маску для валос, якая складаецца з таго ж жаўтка, крыху выціснутага часныка і сумесі розных алеяў (напрыклад, абляпіхавы, ільняны, сезамавы, аліўкавы, сланечнікавы, канапляны). Сезамавым алеем таксама цудоўна карыстацца замест крэмаў для твару і цела – яно цудоўна ўбіраецца ў скуру.
Выдатна чысцяць твар размочаныя аўсяныя шматкі. А маска для твару ў мяне проста на падворку – звычайная гліна. Замест дэзадаранту я спрабавала выкарыстоўваць крухмал, але, на жаль, ён мне не дапамагаў. А вось сода пайшла на выдатна. А я скажу, што патнею я моцна. Нават не ўсе дэзадаранты мелі такі станоўчы эфект.
Вядома, я не прэтэндую на нейкі абсалют. І не кажу, што мой шлях – найлепшы і самы правільны. Гэта проста мой шлях, які я выбрала метадам спробаў і памылак. І відавочна, ён яшчэ будзе змяняцца. Магчыма, менавіта вы дапаможаце мне ў гэтым. Пішыце ў каментах, якімі натуральнымі сродкамі карыстаецеся вы.
Аўгіня Манцэвіч
Расказаць сябрам
Чытайце таксама
Made on
Tilda