Досвед
"Я не ехала ў традыцыйную вёску, я ехала ў вёску XXI ст."
Нашая карэспандэнтка Аўгіня Манцэвіч пабывала ў гасцях у новаспечанай вясковай жыхаркі Нікі і яе двух сыноў перад іх першай зімой за горадам.

Першае, што я заўважаю, зайшоўшы ў хату да Нікі, – свежанькі бетонны пандус, які вядзе з калідору на будучую кухню. "Я хачу ўвогуле ўсю хату зрабіць безбар'ернай, каб да мяне, напрыклад, маглі без праблемаў прыязджаць сябры з інваліднасцю з Англіі, ці хтосьці з дзіцячым вазком мог заехаць", - тлумачыць дзяўчына.
Пакуль у хаце поўным ходам ідзе рамонт. Ніка з дзецьмі – сынамі Каем і Айварам – пераехала ў Малое Запруддзе на Валожыншчыне толькі гэтым летам. Таму да зімы яшчэ шмат чаго трэба паспець. Вада ў хату ўжо праведзеная. Цяпер трэба паставіць душавую кабіну, падключыць пральную машыну, пакласці плітку з цёплай падлогай пад ёй. За гэтай справай я Ніку і застала. Ніка паволі намазвае плітку цэментам і перадае маці, якая прыязджае з Мінска дапамагаць дачцэ. За працай назірае сябра Валера.
фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
Неўзабаве жанчыны робяць перапынак і мы ідзем абедаць. Насамрэч, пераязджаць у вёску Ніка ніколі не думала. А думала пра эміграцыю ў Еўропу. Аднак пасля выпадкова трапіла ў Малое Запруддзе. Разам з паплечнікамі пасадзіла тут дубраву (пра гэта яна расказвала на беларускім ТEDx). Затым пэўны час яшчэ прыязджала з рознымі праектамі. «Задобра мне тут выявілася. Дзецям асабліва спадабалася», - рэзюмуе Ніка.
фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
Увогуле, ініцыятарамі пераезду сталі дзеці. Яны хацелі сабаку. Але які сабака ў мінскай двухпакаёўцы на 42 квадратныя метры, на якіх жыве чатыры чалавекі? Канчатковае рашэнне Ніка прыняла ўзімку:
«Выходзіш з пад'езду – адразу 40 машын стаіць і ўсе грэюцца. І, вось, ты вядзеш дзіця ў садочак ці ў школу. І гэты ўвесь газ стаіць акурат на іх узроўні.
Я неяк як хапанула гэтага паветра – адразу атручанне, натуральнае! Галава закружылася. А яны павінны ісці праз гэта ўсё ў школу. Што яны там могуць яшчэ вучыць?»
фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
Акрамя Запруддзя Ніка разглядала яшчэ варынт Вязынкі, дзе ў яе бабулі дача. Аднак кошты бліжэй да Мінска нашмат вышэйшыя. А тут атрымалася даволі хутка накапіць на хату. Хаця купіць хутка не атрымалася. Гаспадары падзялілі хату на трох, і кожны з іх асобна прадаваў дзяўчыне сваю долю. Даводзілася тры разы падпісваць дамову аб куплі-продажу. Увесь працэс заняў каля паўгода.

Хаця пераехаць сям'я паспрабавала ўжо год таму – мінулай восенню.

«Мы прыходзім у Мінскую школу. А Кай яе вельмі не любіў. І дзеці адразу: «Мама, толькі не сюды! Мы хочам у вёску, на гэтым аўтобусе ездзіць!»
фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
Пакуль цягнулася эпапея з купляй хаты, Ніка з дзецьмі засялілася ў гасцявы домік суседа. Аднак адсутнасць бытавых умоваў прымусіла іх здацца, і сям'я да наступнага лета зноў пераехала ў сталіцу.

Нягледзячы на тое, што Ніка, Кай і Айвар жывуць у вёсцы менш за паўгады, у іх ужо ёсць сабака (як марылі дзеці), котка і нават каза. Каза ў іх, як кажа Ніка, з'явілася сама сабой. Ніколі пра гэта не думала, але аргумент, што жывёла дае два літры малака ў дзень, дзяўчыну пераканаў. Хаця давялося глядзець відэа на youtube, каб даведацца, як даіць казу і ўвогуле з ёй абыходзіцца. "Я ледзь не канспектавала ўсё, што трэба рабіць. Усё падрыхтавала, нагрэла вады, узяла ручнік. А гэтая каза мне сваімі нагамі ў тазікі становіцца, і ўсё. Гэта цяпер яна ўжо дрэсіраваная і сама цыцкі падстаўляе".

фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
У Запруддзі і суседніх вёсках за апошнія гады склалася даволі вялікая суполка новых вясковых жыхароў, якія прыехалі з горада. У гэтым плане Ніка не хвалюецца, што не будзе з кім пакінуць гаспадарку, пакуль яна, напрыклад, паедзе з дзецьмі адпачываць.

Асобная размова з Нікай у мяне была пра дзяцей. Многія перажываюць, што вясковая адукацыя далёка не такая якасная, як гарадская. Але Ніка запэўнівае, што атрымліваецца наадварот. У Айвара, напрыклад, у Мінску было 32 чалавекі ў класе, а тут – толькі 9. Пры гэтым, калі я запытваю ў малых, дзе ім больш падабаецца, хлопцы адказваюць – тут. А Кай дадае:
"Тут сяброў больш". Ніка ўдакладняе – у Мінску яны нават не паспелі запомніць усіх аднакласнікаў па імёнах.
фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
Ды і настаўнікі ў горадзе не маюць магчымасці надзяляць дастаткова ўвагі кожнаму вучню асобна з такой іх колькасцю. А тут у вёсцы настаўніца Айвара займаецца з ім матэматыкай, дае асобныя заданні. Хлопец таксама ходзіць у музычную школу – вучыцца граць на фартэпіяна. Для гэтага маці адмыслова прывезла з Мінска ў вясковую хату добры інструмент. Айвар спяшаецца пахваліцца сваімі поспехамі і іграе некалькі песень, якія паспеў вывучыць за кароткі час навучання.

Кай у музычную школу не ходзіць. Ён захапіўся Ableton-ам – праграмным забеспячэннем для музыкаў. Праўда, пахвастацца сваімі ўменнямі ў праграме хлопцу не ўдалося – кампутар чамусьці адмовіўся запускаць Ableton. Затое Ніка з гонарам зазначыла, што Кай пасля школы заўсёды з ёй гаворыць па-беларуску – выкладанне ўсіх прадметаў там вядзецца на роднай мове
Яшчэ адзін значны плюс у пераездзе на вёску – паляпшэнне здароўя дзяцей. У Айвара алергія з астматычнымі сімптомамі. Тут на прыродзе яна праходзіць. Я здзіўляюся, бо здаецца, якраз тут павінна быць больш алергенаў. Аднак Ніка кажа, што, відаць, справа не ў алергенах, а ў агрэсіўным гарадскім асяродку і хімікаліях.



фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
Малое Запруддзе знаходзіцца акурат пасярэдзіне паміж Мінскам і Вільняй, што Ніцы здаецца ідэальным размяшчэннем. У будучыні яна плануе пераўтварыць вёску ў турыстычна-прывабны аб'ект для тых, хто падарожнічае з адной сталіцы ў іншую. У хуткім часе Ніка пачне збор подпісаў за аднаўленне старажытнай сістэмы сажалак, якія існавалі тут з XIV ст.

- Я хачу, каб сюды прыязджалі людзі, бо гэта грошы
, - кажа Ніка.

- У інтэрнэце сядзі – вось табе і грошы, - умешваецца ў размову маці.

- Ну, сяджу, і што?

Пытаюся:

- Думаеш, з турыстаў можна больш зарабіць?

- Я ведаю, - адказвае Ніка, - я ж капірайтэрам працую.

Тут у размову ўжо ўлазіць сябра Валера:

- То бок, ты хочаш разбурыць гэтую вясковую ідылію?

- Не, мы прыехалі сваё жыццё будаваць, - адказвае Ніка. - Я хачу мець магчымасць выйсці – каб было дзе паплаваць, рыбку палавіць, пяшчаны пляжык...

- І дзесяць турыстаў у намётах. Хадзі пасля іх – пляшкі падбірай, - працягваю я.

- Мне лепш дзесяць турыстаў з пляшкамі, чым разбураныя, занядбаныя хаты і гушчары.
- То бок, цябе не пужае, што месца можа цалкам змяніцца і гэта ўжо не будзе традыцыйная вёска?

- Дык я не ехала ў традыцыйную вёску, я ехала ў вёску XXI стагоддзя. Тут ёсць дастаўка Еўраопта, у мяне выдзелены інтэрнэт. Маладыя жыхары зарабляюць праз сеціва. Гэта не раней, калі ў кожнага была карова, штодня прыязджаў малакавоз, людзі здавалі малако. І раз у месяц калгас разлічваўся з імі камбікормам.

фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
Ніка з надзеяй чакае, што турыстычны патэнцыял мясцовасці вырасце. Гадоў праз 8, па яе прагнозах, тут ужо будуць расчышчаныя сажалкі, пляжы, рыбакі. Праз год 15-30 адновіцца дарога з Лоска да Крэва. І па ёй рушыць стабільная плынь турыстаў, для якіх можна будзе адчыняць гасцявыя апартаменты. Ужо цяпер, кажа Ніка, адчуваецца, што гэта "месца сілы".

Валера з ёй пагаджаецца:
"Тут я адразу перастаю брыдкасловіць, спадае агрэсія. Я наогул забываю пра Беларусь, пра ўсякіх там лукашэнак. Для мяне ўсяго гэтага проста няма. Потым вяртаешся ў горад і ўсё гэта адразу ж у першыя хвіліны накрывае".
Падчас размовы прыбягаюць суседскія дзеці і клічуць Кая ды Айвара ў госці. Малодшы Айвар радасна збіраецца і праз некалькі хвілін сыходзіць. Кай застаецца з дарослымі. Абед заканчваецца і Ніка з маці зноў гатовыя брацца за ўкладку пліткі на кухні. І я пакідаю іх.

Аўгіня Манцэвіч
Расказаць сябрам
Made on
Tilda