«Хачу, каб чыноўнікі адчулі, што яны тут гаспадары разам з намі»

ДОСВЕД
Колішні «твар» Белсату Алесь Залеўскі перабраўся на хутар і заняўся палітыкай
Расказаць сябрам
Па разбітай дарозе Алесь Залеўскі выяжджае на джыпе са свайго хутара ў кірунку горада. Ён толькі што развітаўся з жонкай і дзецьмі, якія застаюцца тут на вёсцы, каб ужо праз некалькі гадзін праз прамую трансляцыю ў інтэрнэце сачыць за ім.
Алесь Залеўскі пад час працы на Белсаце. Фота Белсат.
Жонка Ала, дачка Наста і сын Рома глядзяць, як Алесь з вялікай сцэны выступае на пікеце кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Ваўкавыску. Яны перажываюць за мужа і тату, але неўзабаве ён вяртаецца дадому, на хутар у Валожынскім раёне.
Яшчэ нядаўна ніхто не мог і падумаць, што журналіст, «твар» Белсату, Алесь Залеўскі паселіцца ў глухой вёсцы ў далечыні ад гарадскога жыцця. Але сёння — гэта рэальнасць. Хаця з актыўнасцю ён не завязаў і тут.

Год таму Алесь сыйшоў з тэлеканалу Белсат, каб, як ён прызнаецца, паспрабаваць нешта новае.

— Белсат — гэта вялікая структура, карпарацыя. Ён за кароткі прамежак часу дае шмат досведу, але ад яго даволі хутка стамляешся. Я ад яго натуральна стаміўся. Хацелася выйсці з гэтай сістэмы і знайсці сябе па-новаму. Хацелася ўжо ў спакойнай атмасферы зразумець сябе і пачаць далей нешта рабіць.
(злева-направа) Наста, Ала, Рома і Алесь Залеўскія. Фота Verasen
Але ў рэальнасці Алесь проста застаўся без працы.

— Усе калегі казалі мне: «Ты круты, топавы журналіст», аднак ніводнай прапановы не было. Я актыўна пасылаў сігналы, зарэгіўся на міжнародных парталах, і праз нейкі час праца знайшла мяне.

Прыйшла прапанова зрабіць матэрыял для Discovery Chanel. Паралельна Алеся запрасілі рабіць тэледэбаты перад парламентскімі выбарамі. І, як прызнаецца журналіст, у выніку мінімум раз на месяц мае замову на нейкі цікавы праект. Зараз супрацоўнічае расійскім YouTube-праектам Аляксея Піваварава.
Са сваёй жонкай Алесь пазнаёміўся ў Польшчы падчас працы ў Варшаўскай рэдакцыі Белсату. Украінка Ала ўзначальвала каманду ў буйной фінансавай карпарацыі. Але як яна прызнаецца сёння, жыццё ў польскай сталіцы не прыносіла ім чаканага шчасця.

— Яшчэ калі мы жылі ў Варшаве, то задумваліся аб тым, каб пераехаць у Беларусь і там пабудаваць сваё жыццё.

Маладыя пераехалі ў Мінск і сталі інтэгравацца ў мясцовае асяроддзе. Неўзабавае нарадзілася дачка Наста, а за ёю сын Раман. Алесь стаў рабіць сацыяльную праграму для Белсату «Людскія справы», а Ала выйшла ў дэкрэт і стала прыглядацца да беларускай сталіцы:

— Мне асабіста было цяжка ў Мінску жыць. Зашмат стрэсу, мітусні і замала псіхічна-здаровых людзей. Нават калі маеш машыну, усё роўна мусіш стаяць у корках, а калі паркуешся — цяжка знайсці вольнае месца. Да таго ж з дзецьмі жыць ў горадзе аказалася вельмі складана.
Пераезд
Але тут дапамог выпадак. Алесь паехаў весці курсы «Мова ці кава» на фэст у Шаблі, што ў Валожынскім раёне, і там пазнаёміўся з мясцовай суполкай даўншыфтараў. А праз нейкі час ён прыехаў ужо з Алай. І зусім хутка маладая сям'я пачала пошукі ўласнай хаты.

Ім пашчасціла знайсці маляўнічы хутар, і яны адразу вырашылі, што будуць жыць тут.
— Жаданне жыць у вёсцы было такое вялікае, — прызнаецца Алесь, — што мы пазычылі грошы і максімальна хутка пераехалі сюды.
Хацелася, пакуль дзеці маленькія, каб яны пазнавалі гэты свет з прыгожай прыродай навокал, каб яны былі інтымна з намі блізкія, каб іх увагу ад важнага не адцягвалі гукі машын.
Дом аказаўся у добрым стане і патрабаваў толькі касметычнага рамонту.

— Мы ад ранняй вясны да позняй восені праводзілі тут свой час. На руках у нас былі малыя дзеці, і мы без усялякіх умоваў, з вадой у калодзежы, жылі тут. Цяпер нават цяжка ўявіць сабе, як гэта магчама.

Зараз, калі прайшло пару год, і можна агледзецца назад, Залеўскія прызнаюцца, што гэта быў даволі адчайны крок.
— Мы былі, як шалёныя, і цяпер, напэўна, на гэта ўжо не пайшлі б.
Фота Verasen
Палітычная дзейнасць
Мы сядзім на верандзе адрэстаўраванай вясковай хаты, вакол зялёныя пагоркі і невялікія ляскі. Здаецца, спакой, як туман, разліваецца па асяроддзю. Раптам звініць тэлефон, Алесь выбачаецца, кажа, што размова сур'ёзная і выходзіць на падворак паразмаўляць.

Усяму віной перадвыбарчая прэзідэнтская кампанія 2020 года. Спачатку Алесь запісаўся ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы сярод вяскоўцаў, ездзіў з Бабарыкам па краіне, вёў сустрэчы ў рэгіёнах. А зараз, калі Віктара Дзмітрыевіча знялі з перадвыбарнай гонкі, Алесь ездзіць па гарадах Беларусі і выступае на мітынгах Святланы Ціханоўскай, расказвае са сцэны пра тое, як абараніць свой голас.
Алесь Залеўскі выступае на мітынгу. Фота babariko.vision
— Галоўнай матывацыяй сталі дзеці, хацелася паказаць ім, што тата нешта робіць для пераменаў у краіне. Каб раніцай прачнуцца і, калі дзеці запытаюцца: «Тата, ты куды?», адказаць: «Я іду займацца палітыкай». І каб мне за гэта было не сорамна, — тлумачыць Алесь.
Сям'я Залеўскіх. Фота Verasen
Мы зноў збіраемся на верандзе з маляўнічым відам. У вёсцы некалі стаяў замак, які ўваходзіў у адну сістэму абароны з Крэўскім. Здаецца, тут мала што змянілася за апошнія стагоддзі. А нашая размова міжволі круціцца вакол тэмы пераменаў. Цікаўлюся ў Алеся, якіх пераменаў ён чакае перш за ўсё:
— Хацеў бы, каб мясцовыя чыноўнікі засталіся на сваіх месцах, і каб іх нарэшце перасталі прыніжаць. Для гэтага трэба, каб ім далі аўтаномію.
— Каб яны адчулі, што яны тут гаспадары разам з намі. Што ў гэтым сельсавеце галоўны — не старшыня райвыканкаму, а мы. А старшыня сельсавету дбае пра нашыя інтарэсы, — з бляскам у вачах тлумачыць Алесь і дадае:

— Хачу, каб гэтыя выбары прынеслі разуменне, што мы не ворагі, што мы разам. Для мяне відавочна, што калі людзі атрымаюць свабоду, то стануць шчаслівейшымі. І ў сельсавеце, і ў калгасе, і дзіцячым садку. Бо людзі на працы нешчаслівыя, таму што там шмат лішняга, і не толькі ў плане бюракратыі. А такога лішняга, чаго яны не хочуць рабіць, бо ў гэтым няма сэнсу.
Алесь Залеўскі. Фота Verasen
Падчас нашай размовы вакол носяцца дзеці. Толькі што яны разграбалі вялікую кучу пяска, якая тут служыць пясочніцай, а потым бягуць у бок вясковай дарогі. Бацькі ж спакойна назіраюць за ўсім гэтым.

Алесь і Ала прызнаюцца, што на ўсё працэсы глядзяць як мэнэджэры. Таму і да рамонту падыйшлі, як да праекту.

Распісалі яго па сектарах і этапах, а потым паступова пачалі ўсё здзяйсняць. На ўсе перабудовы сышло каля двух гадоў.

— Спачатку зрабілі санвузел — тады стала ўжо камфортна, — усміхаецца Алесь.
— А калі з'явілася пральная машына, то адчулася, што гэта ўжо дом, а не дача, — дадае Алла.
Дзеці
Пасля пераезду на вёску Залеўскія аддалі дзяцей у мясцовы садок.

— Раней нашыя дзеці хадзілі ў мінскія садкі.
— Напрыклад, у прыватных садках да дзяцей ставяцца як да асобы, вучаць самастойнасці. Але разам з тым, у некаторых бачна, што дзецям там не хапае любові, да іх ставяцца як да працы.
— Мы мянялі садкі і ў выніку знайшлі той, дзе дзетак рэальна любяць, — распавядае Ала.

Вясковы садок заўважна адрозніваецца ад гарадскіх, тлумачыць Алесь:
— Натуральна, як ува ўсіх дзяржаўных садках, тут састарэлая сістэма і рэжым, а ад рэжыму ты не можаш адступіцца.
Напрыклад, усе дзеткі тут ядуць лыжкамі, а нашы дзеці просяць відэльцы. Магчыма, гэта вынік сталічных садкоў, бо дзеці разумеюць межы сваёй асобы і ў стане параўноваць, як было і як ёсць. Але у выніку ў дзяржаўным садку выхавацелі нашых дзетак вельмі палюбілі.
Між тым, вясковыя дзеці і самі адрозніваюцца ад гарадскіх, тлумачаць бацькі, — яны амаль не гавораць да трох год, шмат б'юцца і павінны быць паслухмянымі.
— Але ўсё ж адчуваецца, што вясковыя выхавацелі сапраўды любяць дзяцей. І дзецям гэта падабаецца, — падводзіць вынік Ала.
Мясцовы прыватны садок. Фота Verasen
Сям'я распавядае пра спробу стварэння прыватнага садку мясцовай моладдзю, але такі варыянт не паказаў сябе надзейным.

— У нас сталая праца, а тут адзін дзень няня можа ўзяць дзяцей, а другі яна ўжо хоча адпачыць, — расказвае Алесь і дадае:

— Калі ты жывеш у горадзе, то вельмі проста аддаць дзяцей па рэйтынгу ў сад, школу ці гімназію. Ад цябе гэта не вымагае моцных высілкаў.
— А калі гарадскі чалавек пераязджае ў вёску, ён павінен заангажавацца ў працэс выхавання дзяцей і арганізацыю самога працэсу.
Алесь мяркуе, што аднаго простага шляху ў гэтым накірунку не існуе і практыкаваць трэба розныя спосабы навучання і сацыялізацыі.

— Мы спадзяемся і на дзяржаўны садок і школу, разлічваем і на развіццё нашай супольнасці, і на дыстанцыйнае навучанне, тым больш, што пандэмія паказала эфектыўнасць гэтага спосабу.

Ала, у сваю чаргу, мяркуе, што самае важнае не тое, што дзецям даюць у садках і дыстанцыйна, а тое, што ім дае сям'я, як думаюць іх бацькі, як яны ставяцца да дзяцей, і гэта лічыць важнейшым за рэжым у садку.
Ала Залеўская. Фота Verasen
За час свайго дэкрэту Ала засвоіла новую прафесію — дызайн інтэрфейсаў.
Прызнаецца, што хацела мець такую працу, каб працаваць з дому і не хадзіць у офіс. Сёння яна працуе як фрылансер і праца сама знаходзіць яе.

— Дэкрэт — гэта выдатная магчымасць нешта змяніць у сваім жыцці. І вось, сёння я магу працаваць наўпрост з хутара і вельмі кайфую ад гэтага. Да таго ж грошай на вёсцы не трэба так шмат, як у горадзе.
Ала Залеўская. Фота Verasen
Медыцына
Многіх турбуе пытанне медычнай дапамогі за межамі горада, і я пытаюся, што думаюць на гэты конт мае героі. Расказвае Ала:

— Мой асабісты досвед сведчыць пра тое, што тут сітуацыя лепшая, чым у вялікім горадзе: не трэба стаяць у чэргах, можна напісаць фельдшарцы ў лабараторыю і скінуць ёй аналізы, а яна табе адкажа, як лепш лячыцца. Заўсёды можна пад'ехаць у амбулаторыю, і цябе ўважліва паглядзяць і дапамогуць, накіруюць, куды трэба. У Мінску мы заўсёды хадзілі ў прыватныя клінікі, каб не стаяць у чарзе, а тут такой праблемы няма.

Згаджаецца з жонкай і Алесь:
— Тут усе хочуць табе дапамагчы. Бачаць, што мы тут жывем, што мы адзін аднаму суседзі.
Суседзяў, што праўда, на хутары зусім не відаць, калі не лічыць зайцаў і казуль, якія перыядычна паказваюцца на пагорку насупраць дома. Але мясцовыя жыхары, хоць і ў невялікай колькасці, усё ж засталіся.

— Самы старэйшы жыхар у нашай вёсцы — дзед Касмач, ён ледзь ходзіць, але спецыяльна прайшоў паўкіламетра да нас, каб паглядзець як мы тут уладкаваліся.
— І першым паказчыкам, што ў нас тут усё ок, было тое, што калода для сечкі дроваў стаяла на тым самым месцы, дзе і ў мінулага гаспадара.
Пажар. Фота Verasen
Сёлета Залеўскія перажылі вялікі пажар — загарэлася сухая трава, і моцны вецер хутка разнес агонь па наваколлю, была пагроза, што агонь можа перакінуцца і на хату. Але вельмі хутка ўся мясцовая даўншыфтарская супольнасць прыбегла-прыехала на дапамогу, і агульнымі высілкамі ўдалося пазбегнуць вялікіх стратаў.
Фота Verasen
Дарога
Дабрацца да хутара Залеўскіх зусім не проста. Ад сельсавету ідзе дзіравая, але ўсё ж асфальтавая дарога, але апошніх метраў 700 — звычайная палявая дарога з вымытымі дажджамі ямамі. І калі з'ехаць з горкі да хаты яшчэ магчыма, то падняцца пасля дажджу можна хіба што толькі з поўным прывадам. Таму даволі хутка Алесь памяняў легкавую машыну на вялікую і поўнапрывадную.

— Дарога — гэта з'ява, якая ў выніку нашага пераезду на хутар вырасла ў памерах, — дзеліцца Алесь. — Фактычна, мясцовыя дарогі маюць сезонны характар.
Калі Алесь пайшоў у сельсавет і стаў прасіць, каб дарогу зрабілі лепшай, праблемай стала тое, што дарогі няма на картах, і для чыноўнікаў гэта стала перашкодай.

— Нават фармальна гэтыя працы трэба неяк упісаць у праект. Таму адзіная парада для тых, хто трапіў у падобную сітуацыю, — гэта закідваць чыноўнікаў лістамі, але разлічваць толькі на сябе.
— Чыноўнікі хочуць дапамагчы і стараюцца дапамагчы, але на практыцы ў іх проста няма рэсурсаў, — кажа Алесь.
Фота Verasen
Ён прызнаецца, што апошні раз яму паабяцалі дапамагчы, калі будуць рамантаваць асноўную дарогу на вёсцы, але яе пакуль так і не зрабілі.

— Агулам мая камунікацыя па дарозе працягваецца год, і за гэты час я ўжо навучыўся ездзіць у такіх умовах, якія ёсць. Галоўнае правіла — нельга ездзіць увесь час па адной каляіне, трэба заўсёды старацца ехаць па новым участку.
А пакуль дарогу не зрабілі, сам гаспадар падсыпае ямы і выкашвае дарогу.
Заўважаю, што вакол дому нідзе няма плоту. Толькі высокі гушчар скрыпню стаіць высокай агароджай, там дзе заканчваецца яблыневы сад.
Фота Verasen
— Я шукаў свабоды, — кажа Алесь, — а прыехаў жыць у аўтарытарную краіну. А гэты хутар першапачаткова стаяў без плота. І тое, што гэты дом быў неабгароджаны, стала для мяне знакам, што гэта месца свабоды, месца сілы. Відаць, тут жылі свабодныя людзі.
— І нам падабаецца гэтае жыццё без плоту, без межаў.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте» и подписывайтесь на наш Telegram
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Verasen
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама