Спачатку новыя гаспадары думалі, што тут будзе месца для тусовак "Арт сядзібы", нейкіх летнікаў. Затым разглядалі варыянт аграсядзібы — здаваць для п'янак, вяселляў. Але калі зразумелі, што ў рамонт укладаюцца ўсе заробленыя грошы, стала шкада аддаваць клуб на нейкія іншыя патрэбы, акрамя як на сваё жыццё тут.
І вось, з леташняй вясны Павел і Каця з дачкой Соняй пераехалі жыць у вёску. Кацярына застаецца дома з дачкой, а Павел чатыры-пяць разоў на тыдзень ездзіць у Мінск. Да любога пункту ў цэнтры горада ён закладае гадзіну дарогі.
— Да Каменнай горкі адсюль роўна 40 кіламетраў. Я стараюся ездзіць у Мінск, калі асноўны трафік праходзіць. Выязджаю адсюль пасля 11-й, а вяртаюся часцей за ўсё пасля 8-й. Калі я ў сваёй інтэрнэт-краме на першых этапах працаваў кур'ерам, я сам развозіў людзям тавары, у мяне сыходзіла 15-20 хвілінаў, каб прыпаркавацца дзесьці ва Уруччы ці Малінаўцы. Цяпер — гэта большая частка маёй дарогі з Каменнай горкі сюды.