«Першая думка была —замовіць бульдозер»

ДОСВЕД
Як спраўляецца сям'я даўншыфтараў, дзе бацька сядзіць у дэкрэце і рамантуе дом, а маці – зарабляе грошы
Расказаць сябрам
Перад паездкай да былых мінчукоў Волі ды Максіма мы не ведалі пра іх амаль нічога. Адзінае, што нам давялося пачуць ад суседзяў, дык гэта тое, што гаспадар пастаянна працуе і за год паспеў цалкам зрабіць рамонт у хаце.

Прыехаўшы ў Карасёўшчыну, азіраемся і шукаем патрэбны дом. Па нашых звестках, ён павінен быць дзесьці тут. Зазіраем у двор – на хаце таблічка "Асцярожна, злы сабака. Гаспадар яшчэ злейшы". Жанчына прапускае шланг праз плот, і з яго на дарогу пачынае ліцца мыльная вада. "Не, гэта не могуць быць нашыя даўншыфтары", – адразу думаем мы і кіруемся да суседняй хаты.
Там, у неагароджаным двары красуецца домік, аббіты osb-панэлямі. Побач – драўляная дзіцячая пляцоўка і малады чалавек, які завіхаецца ля кучы старога бярвення. Відаць, гэта і ёсць Максім, які «пастаянна працуе». Так і ёсць.

Максім вядзе нас у дом, дзе ўжо чакае яго жонка Воля і трохадовая дачка Аліса. Пакуль Максім ставіць чайнік, гаспадыня праводзіць нам экскурсію па доме.

Гульнявы пакойчык Алісы на месцы, дзе раней была ўваходная веранда. Дзверы бацькі замуравалі, выразалі вакно. Цяпер тут месцяцца цацкі дачкі. Сціплая светлая спальня, дзе размясціліся ложкі ўсіх членаў сям'і. Санвузел, як у горадзе. І гасцёўня. Пакой ад кухні аддзяляе шыкоўны камін.
— Усё, што вы тут бачыце, усё рабілі самі, нікога не наймалі.

— На мяне ўсе суседзі прыходзілі паглядзець, як на дзіва, калі я адзін абшываў франтоны вялізнымі панэлямі", – падхоплівае Воліну экскурсію Максім.

— Што, і камін самі клалі? – здзіўляюся я.

— Так, гэты ацяпляльны камін мы рабілі разам з бацькам.
Максім з захапленнем бярэцца расказваць прынцып дзеяння каміна: куды ідзе халоднае паветра, куды цёплае, як разводзіцца па хаце. "Ацяпляльны камін больш выгадны за звычайную печку, – каментуе ён. – Пры меншым спажыванні дроваў, ён выдае значна больш. Лічыцца, што гэта кацёл". Бачна, што чалавек ведае пячную справу. Пытаюся, дзе ён гэтаму навучыўся.

— Увогуле, я і фінансіст, і бармэн, і повар па адукацыі. Але займаўся ацяпленнем і водазабеспячэннем.
Аднак сышоў з працы. І цяпер сяджу з дзіцём і будую дом.
Мы палічылі, што так выгадней, чым няню наймаць. І будаваць танней самаму, чым плаціць грошы іншым людзям. Аднойчы мы запыталі, колькі гэта каштуе. Прыехалі разумныя людзі... І я сказаў: "Рабяты, працуйце самі". Усю ваду, разводку, каналізацыю – усё рабіў сам. Ніякай наёмнай працы тут не было».
Бацька Максіма – будаўнік. Таму асноўныя кансультацыі даваў ён. Праводку дапамагаў рабіць цесць. Акрамя таго заўсёды прыдаваўся інтэрнэт.

Воля і Максім шукалі хату паблізу Мінска. Можна было б ад'ехаць і далей, аднак героі лічаць, што беларускія абласныя цэнтры яшчэ не дастаткова развітыя, каб прывязвацца да іх. Некалькі варыянтаў з аўкцыёнаў было ў Наваселлі, што ў 15 км. ад сталіцы ў гарадзенскім кірунку. Затым выпадкова трапілася аб'ява пра дом у суседняй Карасёўшчыне. І Воля адразу закахалася ў гэтае месца:

— Мне спадабалася, што тут пуста, няма людзей, спакойна, ціха. Пасля гэтай гарадской бегатні прыязджаеш сюды – хаты не натыканыя, відаць поле. І я закахалася ў гэтую разруху. Тады мы пачалі размаўляць з прадаўцом наконт кошту. І нам удалося скінуць з першапачатковых 24 тысячаў долараў, да 8,5.
— А ў мяне першая думка была — замовіць бульдозер, каб ён усё зраўняў з зямлёй. Гэтага нічога не павінна было быць, — акідвае поглядам хату Максім. — Я проста не сеў і не падлічыў. Інакш бы пабег за каністрай.
— Але знайшліся дарадцы, якія ўмовілі мяне не пачынаць будаўніцтва новага дому, а адрамантаваць гэты.
Воля паказвае нам на кампутары фотаздымкі, як выглядала хата, калі яны яе толькі купілі. І кажа, што за час рамонту, і праўда, некалькі разоў узнікалі думкі ўсё спаліць.

Цяпер мне становяцца зразумелымі гэтыя думкі. І ў той жа час я яшчэ больш пачынаю захапляцца адвагай гаспадароў — увязацца ў рамонт такой развалюхі — гэта патрабуе смеласці і ўпэўненасці ў сваіх сілах. Унутры хаты не было нават сценаў.

За год Максім зрабіў з яе тое, што мы сёння бачым. І ўжо год сям'я жыве ў Карасёўшчыне.
Сёння гаспадар з шкадаваннем канстатуе, што за тыя грошы, якія пайшлі на рамонт, ужо можна было б заліць фундамент і паставіць каробку новага дому. Калі б вярнуць усё назад – не рамантаваў бы гэты дом. Аднак зробленая праца ўсё адно не будзе марнай — планы пра новае жытло яшчэ не зніклі, а гэтая хата ў будучыні стане гасцявой.

Акрамя будаўніцтва ў Максіма, які ніколі раней не жыў у вёсцы, ёсць і іншыя планы:

— Я ўзяў у арэнду 50 сотак зямлі. Пабудую сарай, будзем разводзіць авечак. Выкапаю сажалку, завядзем гусей, качак.
Максім
Пры гэтым у Волі пакуль больш прыземленыя планы – яна зарабляе грошы на ўтрыманне сям'і і будаўніцтва. Дзяўчына працуе галоўным бухгалтарам у Мінску і штодня ездзіць на машыне на працу. Дарога ад дома да офіса займае 40 хвілінаў. Раней, калі яны жылі ў сталіцы, дабірацца да працы даводзілася столькі ж, а то і даўжэй.

— Праўда, часам даводзіцца станавіцца ўдзельніцай цэлага паломніцтва такіх жа, як я, работнікаў, што едуць раніцай у Мінск на працу, а ўвечары вяртаюцца дадому. Ад Кунцаўшчыны да Пушкінскай вельмі часта стаім.

Для чаго ўвогуле было пераязджаць у вёску?

— А вы пажывіце на праспекце, — спагадліва раіць Максім. — Акно адкрыць немагчыма. Матацыклы лётаюць. І нават уначы — толькі дзіця засне, які-небудзь "разумны" матацыкліст захоча пакрасавацца. Праблемы з паркоўкай. А тут, акрамя ўсяго іншага, выхавацелі ў Навасельскім садку больш чалавечныя.
— Дзе вы бачылі, каб у горадзе выхавацелька ў ціхую гадзіну клалася побач з дзіцём і чытала казкі?
Воля
— У Мінску ўсё на драйве: працуеш, працуеш, працуеш, – дадае Воля. – А прыязджаеш сюды і расслабляешся. Адчуванне – быццам іншы сусвет. Тут час ідзе па-іншаму. Вызірнеш у вакно – казуля. Бусел летам прылятае. А прадукты купляю ў гіпермаркеце на выездзе з гораду.
Аліса
Воля і Максім — не адзіныя з свайго асяроддзя, хто пераехаў жыць у вёску. Кажуць, што ўсе, хто з'ехалі, у горад ужо не вяртаюцца. Максім нават прагназуе, што ўсё больш мінчукоў будзе з'язджаць за горад, а Мінск будзе папаўняцца людзьмі з вобласцяў.

Пры гэтым сваю кватэру ў сталіцы сям'я прадаваць не збіраецца. Гэта спадчына Алісе. "Я думаю, пасля школы яна скруціць нам фігу і з'едзе адсюль у Мінск", — дзеліцца думкамі Максім. А пакуль наадварот — сталічныя дзеці з вялікай ахвотай прыязджаюць да сяброўкі, бо ў яе ёсць свой гульнявы пакой. І пабудаваная клапатлівымі бацькавымі рукамі дзіцячая пляцоўка з горкай, арэлямі ды іншымі забавамі.
На развітанне пытаюся ў Максіма, як яму ўдаецца захоўваць свой будаўнічы запал і не выгараць у пастаяннай працы.

— Мне падабаецца бачыць канцавую кропку, – упэўнена адказвае ён.
Расказаць сябрам
А. Манцэвіч
Падпішыцеся, каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама