— Думаю, за ісламіста мяне не прымаюць, за 20 гадоў паліцыя мяне ніколі не спыніла, — усьміхаецца Андрэй. — Выглядаю, можа, нязвыкла, але людзі мяне не баяцца. Ёсьць у нас у партыі людзі, якія выглядаюць значна больш падазрона. 
 — А эпатажны выгляд — таксама частка палітычнай кампаніі? 
 — Не, усе мы выглядалі так і да таго, калі падаліся ў палітыку, а тое, што мы ёй заняліся — яшчэ не падстава нешта мяняць. 
 Сёньня надвор'е не спрыяе агітацыі: ветрана, пачынаецца халодны дождж. Людзі сьпяшаюцца пад дах, улёткі, якія раздае Андрэй, ня ўсе бяруць ахвотна: 
 — Раней было значна прасьцей, — узгадвае ён сваю палітычную маладосьць пачатку 90-х. — Калі мы рабілі кампаніі — тады была сытуацыя амаль рэвалюцыйная, таму можна было было прыйсьці з чым заўгодна, і людзі за намі ішлі. Ды і працавалі мы напаўлегальна — больш было адрэналіну. Раней было нашмат цікавей у палітыцы, і ня толькі мне. Сёньня гэта даволі сумна, але сёньня і большая канкурэнцыя. 
Піва і ПАП 
 Мы ўзгадваем партыю, якая ў свой час у Беларусі была па-за канкурэнцыяй, прынамсі што тычыцца назвы. 
 — Як ты думаеш, патэнцыял для адраджэньня Партыі аматараў піва ў Беларусі ёсьць? 
 — Чаму не? Пасьля Лукашэнкі будзе такі час, калі зьмены на палітычнай сцэне будуць вельмі хуткія, дынамічныя, а гэта час, адносна якога цяжка нешта прадказваць. Думаю, 2-3 выбарчыя пэрыяды ў першыя 10 гадоў пасьля Лукашэнкі могуць быць цікавымі і там будзе мець шанцы амаль якая заўгодна партыя. Пасьля ўсё стабілізуецца, застануцца 2-3 найбуйнейшыя і ня будзе так цікава. 
 Партыя дзейнічала ў Беларусі з 1993 па 1996 гады і магла пахваліцца цэлым суквецьцем актыву: Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Севярын Квяткоўскі, Сяргей Скрыпнічэнка, Аляксандар Памідораў — хто з партбілетамі, хто «прымыкаў». Усяго ў партыю ўваходзла каля 2.5 тысячаў сябраў. 
 — Мэмуары не зьбіраесься пісаць? 
 — Усё зьбіраюся. Бывае, і пішу, але кавалкамі, у інтэрнэце, так што калі нехта пазьбірае — будуць мэмуары, але сам наўрад ці. 
Эстэт 
 — А ты сапраўды аматар піва? 
 — Я. Сапраўды. Аматар. Піва, — Андрэй адказвае важка. — Толькі аматар — не прафэсіянал. Але сваіх пару паўлітраў піва практычна кожны дзень вып'ю. Ня тое, каб я сядзеў вечарамі ў піўной — на гэта элемэнтарна няма часу — але ўвечары 1-2 піва, чаму не? 
 Раптам я спахопліваюся, што не зрабіла здымка, безь якога расповед пра старшыню аматараў піва абсалютна немагчымы: 
 — Андрэй, давай купім піва, я цябе сфатаграфую! 
 На галоўнай плошчы Пардубіцаў у кіёсках прадаюць разьліўное піва ў плястыкавых куфлях. Але Андрэй кідае на мяне такі позірк, што я адчуваю: гэтая прапанова — мой страшэнны канфуз. 
 — Піва ў плястыку?! Ды ніколі! 
 Фота ня будзе. 
.