ЛАЙФХАК
Як выбраць хату
Як выявіць недхопы, і на што звяртаць увагу
пры набыцці дома
Да выбару хаты варта ставіцца не менш адказна, чым да месца для даўншыфтынгу. Нават калі ў вас у планах пабудаваць новае жытло, але пераехаць на вёску вы хочаце ўжо зараз, першы час усё адно давядзеца жыць у старой хаце. Наколькі расцягнецца гэты перыяд, залежыць шмат ад якіх чыннікаў — гэта можа быць і 10 гадоў, і нават больш. Амаль ніхто з маіх знаёмых даўншыфтараў не пабудаваў сабе хуценька новы дом. І таму хутчэй за ўсё вам давядзецца мець справу з недахопамі старой хаты.
Як выявіць недахопы і на што ў першую чаргу звяртаць увагу, нам дапамог высветліць прафесійны будаўнік, які аднавіў не адзін дзясятак старых вясковых хат, Алег Доўжык.

У гэтым артыкуле мы будзем разглядаць толькі хаты з драўлянага зрубу. Дамы, пабудаваныя з іншых матэрыялаў і па іншых тэхналогіях, патрабуюць іншага падыходу.

Па словах Алега,
у нашых шыротах у ідэальных умовах пры належным доглядзе звычайная драўляная хата можа прастаяць 200 і нават 300 гадоў.
Да прыкладу, раней многія забівалі дошчачкамі шчыліны паміж бярвеннем (вянкамі), такім чынам псавалася вентыляцыя і дом мог гніць. Таму сам узрост будынку не будзе мець такога значэння, як тэхналогія будаўніцтва і спосаб эксплуатацыі.
Пры гэтым варта звярнуць увагу яшчэ на тое, колькі хата прастаяла без гаспадара.
Нятоплены зімамі дом вільжэе і пачынае паціху падгніваць.

— Увогуле, без чалавека ўсё вельмі хутка разбураецца. Пакуль жывеш, трымаеш усё вакол сябе. А пасля яно развальваецца. Але калі хата добрая, яна можа і 10, і 20 гадоў адстаяць без гаспадара", — каментуе Алег.
Тры самыя важныя пункты
Лепей за ўсё на агляд дома ўзяць з сабой спецыяліста, які разбіраецца ў будаўніцтве. А калі такога няма, каб не выглядаць прафанам на сустрэчы з гаспадаром хаты, мы выдзелілі для вас наступныя тры самыя важныя пункты, на што трэба звярнуць увагу ў першую чаргу:
1
Першыя вянкі (ніжняе бярвенне);
2
Дах і драўляныя элементы вакол коміна;
3
Печка
Візуальны агляд. Падваліна
Перш за ўсё трэба правесці візуальны агляд дома.
Без "узроўня", чыста на вока паглядзець, каб хата была роўная, акуратная, пажадана — стаяла вышэй ад зямлі.
— Калі хата зусім ужо крывая, магчыма, і не варта яе купляць. Некаторыя дамы стаяць і 5, і 10 сантыметраў ад зямлі, — кажа спецыяліст. — Асабліва гэта тычыцца старых хат. Раней не рабілі падмурку, а першы вянок клалі проста на камяні. Можа здарыцца, што калісьці дом і стаяў на вышыні паўметра ад зямлі, але з часам нібы ўрос у зямлю.

Многія хаты ў Беларусі ашаляваныя — абшытыя дошкай звонку.
Вельмі важна пры аглядзе папрасіць гаспадара аддзерці частку шалёўкі знізу і паглядзець стан падваліны (першага вянка) і аднаго-двух вянкоў над ёй.
Гнілыя падваліны — даволі распаўсюджаная праблема драўляных хат з прычыны сырой зямлі ды снежных сумётаў узімку, якія могуць дасягаць нават двух метраў. Таму чым вышэйшы падмурак, тым большая верагоднасць, што першыя бярвенні будуць цэлыя. А калі цэлая падваліна, то і падлога хутчэй за ўсё будзе цэлай.
Праверыць бервяно можна, пагрукаўшы па ім. Калі яно моцнае, гук будзе глухім. Калі гнілое — нават не прафесіянал зможа гэта адчуць.

Алег Доўжык кажа, што гнілыя вянкі рамантуюцца даволі проста — хата ставіцца на дамкраты, падымаецца, і ніжняе бярвенне мяняецца. Але нягледзячы на адносна простую тэхналогію замены вянкоў, такія працы пацягнуць за сабою рамонт усёй хаты знутры і замену ўсяго унутранага аздаблення.

— Калі ў вас там шпалеры, ці тынкоўка, вы ж выймеце гэтыя два бервяны, і давядзецца ўсё ўзнаўляць, калі хочацца захаваць стыль, ці рабіць цалкам новы рамонт.
А ўнутранае аздабленне — гэта вялікія выдаткі. Па кошце атрымаецца, як катэдж у горадзе.
Дах і печка
Наступным трэба агледзець дах. Па-першае, на ім павінен быць канёк. Калі яго няма, дах будзе працякаць. Па-другое,
абавязкова трэба зірнуць на яшчэ адно праблемнае месца — дах ля выхаду коміна.
Там ён звычайна працякае.

— Раней людзі не ўмелі рабіць прымыканне. Мазалі, мазалі, а яно ўсё адно цякло. Цяпер гэта лёгка і даволі танна зрабіць. Усяго толькі трэба ўставіць адмысловую жалезку. Разам з матэрыяламі абыдзецца прыкладна ў 300 рублёў, — тлумачыць Алег. — Увогуле, найбольш замоваў я атрымліваю на замену даху. Пры гэтым у 90% выпадкаў замена прадыктаваная выключна эстэтычным густам гаспадароў. І толькі ў 10% з дахам сапраўды былі праблемы — у месцы выхаду коміна ці на стыку з верандай. І калі я казаў людзям, што цалкам дах мяняць не абавязкова, яны ўсё адно казалі, што ўжо настроіліся і назбіралі грошай.
Сам па сабе шыфер — матэрыял, які працякае пры моцных залевах. Але працякае зусім няшмат — адна-дзве кроплі. І калі пакрыццё цэлае, можна быць упэўненым, што драўлянае лачанне пад ім не згніе. Калі дах прагнуўся, хутчэй за ўсё праблема ў фундаменце. Але гэта, як кажа наш эксперт, — найменшае ліха.

Далей трэба абавязкова залезці на гарышча і паглядзець, ці не згніла сцяна побач з трубой. Калі дах у гэтым месцы працякаў, то сцяна таксама магла згніць. Акрамя таго на гарышчы трэба звярнуць увагу, ці не дакранаецца да коміна драўлянае лачанне — гэта пытанне пажарнай бяспекі.
Не лішнім будзе папрасіць гаспадара распаліць печку і зірнуць, як яна працуе.
Паглядзець, ці не прапускае комін дым праз шчыліны. У печцы не павінна быць ніякіх расколінаў — яны азначаюць праблемы з пячным падмуркам. А гэта значыць, што расколіна можа з часам яшчэ павялічыцца.

Каб не атрымалася так, што домам не карысталіся некалькі гадоў, печка рассохлася, з'явіліся шчыліны, вы купілі хату, і пры першай жа распалцы яна загарыцца, бо ля коміна былі дошкі.

Увогуле, новая печка будзе каштаваць не менш за 1000 рублёў. А калі мы гаворым пра даўншыфтараў з невялікім прыбыткам, якія купляюць хату, скажам, за 10 тысяч рублёў, то толькі адна печ пацягне яшчэ 10% ад гэтага кошту.
І варта памятаць, што тэрмін годнасці любой печкі пры актыўным яе карыстанні можа складаць усяго 20 гадоў. Максімум — да 50.
Такім чынам, сцены (асабліва іх ніжняя частка), дах (асабліва ля коміну) і печка — гэта асноўнае, на што трэба звяртаць увагу пры аглядзе дома. Астатнія нюансы, альбо не крытычныя, альбо — справа густу.
Алег Доўжык запэўнівае, што калі за першыя 3-4 гады хата не развалілася, нічога не ўпала, то і далей яна будзе стаяць. І любы недахоп будзе падлягаць рамонту.
У кожным разе, трэба ацэньваць свае фінансавыя, часавыя і маральныя рэсурсы папраўляць усе гэтыя недахопы.
Магчыма, вы зразумееце, што варта заплаціць крыху больш за хату ў самым пачатку, затое пасля не ўкладаць у яе столькі рэсурсаў. А можа, менавіта гэтая хата і гэтае месца настолькі западуць вам у душу, што ніякія рамонты вам не стануць перашкодай.

***

Калі вам патрэбная дапамога прафесійнай брыгады будаўнікоў для прац любога профілю і любой складанасці, тэлефануйце +375(29)116-89-26 (Алег Доўжык).
Аўгіня Манцэвіч
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda