Затым пасля распаду Савецкага Саюза, з пачаткам актыўнай міграцыі ў горад і разбурэння вясковай калектыўнасці гэта пачало змяняцца. Сёння Дар'я адчувае, што нават стасункі з людзьмі, якія жылі тут усё жыццё, нашмат больш прыязныя і цёплыя, чым з тымі, хто тут нядаўна купіў хату.
Цяпер рака зарасла. Месца, куды раней усе вясковыя хадзілі купацца, выдзелілі пад будоўлю, і сёння там чыясьці прыватная сядзіба, а іншыя людзі не маюць доступу да вады. Таму дзяўчаты пракладваюць дарогу да ракі ад свайго ўчастку самастойна. Наташа косіць траву і носіць рэшткі цэглы, шыферу, бярвенне ды дошкі. На сёння адсоткаў 80 дарогі гатова — гэта каля 160 метраў. Астатнія жыхары Юр’ева асвоілі месца пад аўтамабільным мостам.
— Гэта такая трагічная сітуацыя, калі ты бачыш, як пад мостам, дзе ездзяць машыны, людзі і рыбачаць, і купаюцца — у тым ліку з дзецьмі, там слупы ліній электраперадач, на якіх вісяць знакі, што купацца забаронена, — кажа Дар’я.