Васіль Грынь: «Мы жывем у той традыцыі, у якой гэтая зямля жыла сотні гадоў»
ДОСВЕД
Downshifter.by пабываў у гасцях у калекцыянера старадаўніх музычных інструментаў, майстра мясцовых дыялектаў, арганізатара традыцыйных фестываляў «Ноч танцаў у маёвым садзе» і гастранамічнага свята «Капыцікі» Васіля Грыня.
Каб патрапіць на хутар да Васіля Грыня, трэба дабрацца да Гарадзечна, што ў Валожынскім раёне, а потым ужо шукаць чыгуначны пераезд праваруч. І калі да пераезда бачна, што па дарозе нехта ездзіць, то пасля яго ад дарогі застаюцца толькі дзве самотныя каляіны. І чым далей, тым усё большая глушыня. Вакол – толькі белыя палі ды аголенныя камлі дрэваў.

Праз нейкі час пачынае віднецца Засценак Скрыплева – вялікі драўляны крыж, а за ім адноўленная сялянская хата з прыбудовамі. Каля ўваходу вісіць падкова, а ў куце – партрэт загадкавага барадатага дзяцькі. Я грукаюся, выходзіць сам пан гаспадар і запрашае ў хату. Пакуль Васіль Васільевіч заварвае каву, я разглядаю хату. На сценах вісяць старыя музычныя інструменты, шматлікія дыпломы і нават каляндар за гэты месяц, дзе нескладана пазнаць нашага героя.

Васіль, па адукацыі настаўнік гісторыі і англійскай мовы, некалі скончыў у Мінску магістратуру ды аспірантуру. Але калі нарадзілася дачка, раптам стала не да навукі – трэба было карміць сям'ю. Калісьці студэнтам займаўся спартыўным турызмам, што і вызначыла ягоны далейшы занятак па жыцці. Нейкі час рабіў праграму на ТБ пра актыўны турызм, а потым ўладкаваўся ў невялікую фірму і стаў займацца гарналыжным турызмам, суправаджаць туры. У Маладзечне жылі бацькі, у Мінску – праца, і маладая сям'я вырашыла здымаць кватэру ў Заслаўі. А калі з'явіліся грошы, Васіль пабудаваў свой дом у Заслаўі.

– Падчас працы на гарналыжных курортах я пабачыў, як гаспадары працуюць на сваю краіну, і бачыў гэта не як турыст, а як калега, які прывозіў турыстаў. І вось у мяне ў галаве свярбела, каб штосьці замуціць такое дома.
Бо ў Беларусі і цяпер яшчэ ў плане прыёму гасцей і актыўнага адпачынку ў гэтым накірунку конь не валяўся. Канкурэнцыя, што зараз ёсць, смешная.
А ў замежжы паглядзеў там-сям і вырашыў рабіць сваё. Купіў добрыя лодкі і пачаў займацца водным турызмам.
– Спачатку купіў два каякі, потым чатыры, потым пяць… І калі стала больш за дванаццаць лодак, у Заслаўі на маіх дзевяці сотках стала цесна, я пачаў шукаць лодачную станцыю. У 2013 годзе праз агенцтва знайшоў свой Засценак. З аднаго боку я выбіраў чыста рацыянальна, бо тут рака і для лодак мне падыходзіць, а таксама кут, які мне зразумелы. Не скажу, што я тут крэўны, але тутэйшы, нават мова тут такая самая, як мая баба гаварыла.

Пакуль гаспадар расказвае гісторыю свайго жыцця, у хату нехта грукаецца. Дзверы адчыняюцца, і ў пакоі з'яўляецца Станіслаў Браніслававіч – адзіны на сёння карэнны жыхар Засценка Скрыплева і сусед Васіля. Сядае з намі за стол, а мы працягваем нашую размову.

Пытаюся ў Васіля, ці лічыць ён ужо сябе мясцовым, ці ўсё ж такі дачнікам, як кажуць тутэйшыя на ўсіх прыезджых.

– Ніколі ў мяне не было такога паняцця, як дача. Я тут жыву, я тут зарэгістраваны, у мяне тут і гаспадарка, і дабра ўсякага… У мяне лодкі, поле, трактар, агароды!

І пытаецца ў Браніслававіча:

– Хіба я дачнік?

– Не-е, які дачнік. Калі ён тут жыве зіма-лета кожны дзень, ну, калі адлучыцца на дзень, гэта ж не тое, што тыя дачнікі, прыехалі на дзень, на два і паехалі. Ён тут жыве пастаянна, значыць які ён ужо дачнік? Не дачнік, тым больш што тут зарэгістраваны.

Пытаюся ці добрыя адносіны ўсталяваліся ў суседзяў.

– А ў нас адразу добрыя адносіны і ўсталяваліся, дзяліць у нас асоба няма чаго. Я тут трошкі ці саветам падскажу, ці па мелачы дапамагу, - адказвае Стах.

А Васіль згаджаецца.

– Адносіны ў мяне з Браніслававічам харошыя, суседскія. А гэта вельмі важна, каб добра з суседам жыць.

Мы адзін аднаго не напружваем, калі адзін аднаму надаесць, то разбегліся па хатах. Пасядзім, газеты пачытаем, радыё паслухаем, пасля сыдземся, пагаворым.
Але я ўдзячны Стасю, ён чалавек старэйшы за мяне, бо ён ведае, як шмат практычна што робіцца і вучыць мяне. Часамі ў нас ёсць спрэчкі, але без ніякай злосці. А так - жывём, як людзі.

Тут суседзі пачынаюць гучна смяяцца.

Станіслаў Браніслававіч
Між іншага, дзякуючы Васілю, асоба Станіслава Браніслававіча стала вядомай далёка за межамі сельсавету, раёна ды вобласці. Чаго хаваць, ёсць свае прыхільнікі і за мяжой. Справа ў тым, што Васіль у фэйсбуку запісвае свае размовы са Стахам.

***

Маляваны дыван:
Браніславыч і бацяны.


кідая шухляю пясок.. які раз патрапляіцца жаба:
– вот брыдота (бярэ ў руку і адкідае на траву) адкуліка вас стока паналезла... ммм... яны сунуцца на падворак, бо чуяць бацяноў... чакай... (разгінаіцца, падымая кэпку, выцірая пот) .. а дзета бацяны нашыя падзеліся?
– учора, ці заўчора раніцай я відзіў тут на пашы цэлы іхны табун
– тааак! яны цяпер у зьбюркі, у трэніроўкі, маладых цьвічаць... і на жабах жыруюць.. у іх капітальная падгатоўка для палёту... вот бляха муха... муся яны даліся.. і з намі нават ні папрашчаліся...а мы з табою, Васілявіч праз гэтыя будоўлі і ні папрашчаліся зь йімі!
– а як?
– а так... вот яны калі сабраліся.. я скока разоў відзіўшы... гоп на неба і пару кругоў табуном над нашымі хатамі кружануць, як мол.. бывайця і да наступнага года, зімуйця тутыка, а нам вашыя маразы і дажджы на хір усраліся! да сьвіданія і давідзэня!... і тады ў клін.. і ходу... у вырай... а вот нешта гэты год .. як мы з табою прамінулі іхны адлёт... бляха.. з гэтай работай німа калі галаву задраць...мммм.. няўжо ж бацяны даліся ў вырай... ранавата...мммм... а можа і пара...ммм... калі мы з табой паляцім на нібітаімы востраў?
– калі прагару - прадам усё, дзецям нешта пакіну і дадзім ходу!
– оооо!!! мы паляцім на востраў з табою.. дзе пальмы... рыбу будзім лавіць капітальную... там кахлянкі курыць ні трэба! на лодках будзім па кіяну плаваць! з адзежы хіба трусы адны, каб ні стыдацца.. дружакаў тваіх будзім прынімаць у нашых пальмах: наця вам рыбы, какосу, банану! бо мы на гэта глядзець ні можам...ты тока цымбалы сваі ні забудзься! будзім у цымбалы біць!.. усіх тваіх дружакаў гукнём! і Паўлюка, і Андрэя, і Юльку з панам ДЗям'янам... твой кум Толік будзя нам на параходзі міма ідучы сала падвозіць, а другі кум - самалётам лятаць.. ад свае найважнецкай работы хавацца - ён жа прасьцецкі, тока яму ў Мінску трэба надта надувацца - а гэта нэрвы...! ха-ха! дык што? паляцім на востраў? кажы!
– не ні паляцім!
– як?
– дык я ж яшчэ ні прагарэў! і дзеці, і жонка, і матка
– а бляха... а я ўжо сабраўшыся... мммм... а бацяны паляцеўшы...


***
ВОСЕНЬ

– а дзе й та ён даўся?
– па хлеб паехаўшы на ровары
– у Гародзькі?
– не! б.. у Нюёрк!


***

бляхаканапелькаматцысказалаціхтоштосьлядымашыныізадніяваротыраспахнутыя
кабтыпад'ехаўузяўправерыўбоятамыкаіпілуіхернюдарагуюпакінуўубацькавайхаці! га? правер!..


2 км да горнага хутара пад кантры музыку....агляд.. званок

– алё!
– алё! алё!
– хата цэлая...замкі вісяць.. шыбы ні пабітыя... сьляды вядуць з распахнутых варотаў да сарціру
– хм... чаму
– электрыкі маладэчанскія тутыка пад лэпам лозы лупцавалі, вот нехта ўсраўся, а ваш двор бліжэйшы..
гэта мая версія..
– вот.. б..дзь і запіскі ні пакінуў.. і вароты ні замкнуў.. хамло.. а ты ў туалету ці заглядаў?
– ні заглядаў! а што ты тамыка маіш што скрасьці?
– не.. нічога тамыка асобіннага...алі дзякуй... аж адлягло.. нешта нам гэты мінск ужо астап..іў... трэба неяк пасуседзку пасядзець


а тут усе крычаць... ці радуюцца, ці бядуюць, ці дзеляцца нечым, ці перабіваюць ад эмоцыі... а чужым маўчаць

***
Амікдот хадзячы

– аёй! із тваімі качкамі гэтымі падсаднымі - амікдот хадзячы!
– што такоя?
– а Браніславыч загарнуўшы ў мех гэнага гусака, адна галава тырчыць і панёсшы быў на калодку... а ён жа іх дзёўб! малых гэных. і як ён яго быў упакаваўшы і адходзя, а качкі: ха-ха-ха! цырк! далібог! так мне было да сьлязы сьмешна
– з чаго?
– з таго, што гусак давы...ываўся


Трэба заўважыць, што і сам Васіль няблага гаворыць па-мясцоваму. Пытаюся ў яго, ці ён тут вучыўся так размаўляць, ці загадзя рыхтаваўся да пераезду.

– Калі я пераехаў і сустрэўся са Стасям, а Стась пачаў гаварыць, вось і з мяне гэта ўсё папёрла. Выявілася, я ўсе гэтыя словы ведаю. Як кажуць па-англійску – гэта мой passive language. Калі казаць этнаграфічна, гэта паўднёва-віленскія дыялекты. Менавіта так гаварыла мая баба- і «еґдзіла», замест «ездзіла», і шмат іншага. Вось тут недалёка ёсць мяжа, за Валожынам ужо «ездзяць», а тут «еґдзяць».
Калісьці я камплексаваў з свайго акцэнту, а цяпер зразумеў, што гэты дыялект таксама каштоўная штука. Ён сто адсоткаў дапамагае наладзіць кантакт з мясцовымі. І цэны, і адносіны іншыя.

Туман
Тым часам, у хату ломіцца яшчэ адзін госць. З першага погляду можна прыняць яго за ваўка, але насамрэч гэта здаравенны маламут Туман. Ён ужо два гады жыве на хутары і пачуваецца тут сапраўдным гаспадаром. Мы ўстаем з-за стала і Васіль паказвае мне свой хутарскі побыт.

У галоўным пакоі яшчэ стаіць неабсыпаная елка, а праз каляровыя фіранкі ўсярэдзіну пранікае зімовае святло. На сценах вісяць дываны ды фотаздымкі, а на шафе адпачываюць стары акардэон і туба. Кухню зрабілі ўжо цяпер, але таксама ў сялянскім стылі. Тут і беленая печка-грубка, і мікрахвалёўка, і нават электрасушылка.

– Добрая рэч, - хваліцца гаспадар. – Летам сушым яблыкі-грушы. А якімі смачнымі атрымліваюцца вяленыя памідоры і перцы – цяжка перадаць!

Звяртаю ўвагу на сямейную фатаграфію, дзе Васіль у кампаніі разам з жонкай ды дзвюма дочкамі. Пытаюся, чаму жонка і дзеці бываюць тут ня часта.

– Старэйшая дачка ўжо дарослая, працуе ў Мінску. Малодшая – ходзіць у гімназію ў Заслаўі. А тут мая праца, а праца ёсць праца, што тут скажаш. Але калі ў мяне няма турыстаў, мае дочкі і жонка тут.

Пакуль на дварэ светла, гаспадар запрашае на свой падворак. У народнай шапцы ды скураным кажуху мой герой, узброены рыдлёўкай ды сякерай, накіроўваецца да замерзлай сажалкі. За ім з мяцёлкай ідзе Стах, а наперадзе – бравы Туман.

Я не зусім разумею, што адбываецца. Засцянкоўцы чысцяць лёд ад снегу, потым уважліва ўглядаюцца праз яго, пакуль Стах раптоўна не закрычыць: «Ёсць!» Васіль бярэ сякеру і пачынае калоць лёд. Неўзабаве з-пад ільда з'яўляецца вялізная рыбіна. Здабыча трапляе ў рукі да рыбакоў, і я бачу, як загараюцца вочы дарослых мужыкоў, якімі радаснымі і акрыленымі становяцца іх твары. Тым часам, пошукі рыбкі працягваюцца, і вось ужо наступны замерзлы карп трапляе ў рондаль да Браніслававіча.
– У вёсцы мне падабаецца спакой, - дзеліцца Васіль.

І праўда, калі глядзіш на гэтыя заснежаныя палі, ціхую раку, чорныя разлапістыя дрэвы – усе ўнутранныя хістанні заціхаюць, і спакой літаральна расцякаецца па целе.

Дзеля справядлівасці запытваю, а ці ёсць нешта, што не падабаецца ў вясковым жыцці.

– А не падабаецца мне, – кажа ўжо больш эмацыйна, – калгасныя трактары, якія мне дзяўбуць дарогу і не правяць яе. Мне не падабаюцца п'яныя пастухі, якія напіваюцца, і іх статак вырываецца і ляціць на хутар, а ў мяне тут дзеці ў намётах спяць, чаго ж я гэны плот і паставіў. Ды й увогуле, п'яніцы мне мясцовыя не падабаюцца, апівохі гэтыя кончаныя.

Але вёска імкліва мяняецца. І мне цікава меркаванне Васіля на гэты конт. Якую ён бачыць будучыню для на нашай беларускай вёскі?

– Старыя людзі будуць паціху чыста фізічна сыходзіць з жыцця.
Урбанізацыя застанецца, але пакуль я жыву, я буду супраціўляцца гэтаму, падтрымліваючы традыцыі, робячы фестывалі, якія прыемныя і для людзей сталага веку.
Вось у маі ў нас праходзіць «Ноч танцаў у маёвым садзе», таксама ёсць гастранамічны фестываль «Капыцікі». Яны мне не прыносяць грошай, але гэтыя падзеі патрэбныя, каб абазначаць – ні хера! Мы жывем, жывем у той традыцыі, у якой гэтая зямля жыла сотні гадоў. Проста хочацца дажыць так, як ты хочаш.

Ведаючы, што Васіль шмат дзе быў, запытваю ў яго, у чым адметнасць беларускай вёскі, чым людзі тут адрозніваюцца ад іншых сялян Еўропы.

– Калі браць любога беларуса і якога-небудзь жыхара на паграніччы Швейцарыі і Аўстрыі, то мазгі абсалютна аднолькавыя. Адрозніваецца толькі ўзровень побыту.

Але ў Беларусі ў нас існуе небяспека тупіка. Патлумачу. Усяго ў краіне жыве 9,5 мільёнаў чалавек, у Мінску зараз афіцыйна жыве 2, а не афіцыйна 2,5 а то і 3 мільёны, плюс абласныя гарады. Гэта ж які дызбаланс атрымліваецца, у тым ліку эканамічнага кшталту.
Раней нават у час войнаў ці рэвалюцыяў у людзей заўсёды было што есці, бо Беларусь – не голае поле, тыя ж лясы ёсць. А цяпер іншая сітуацыя – усё сканцэнтравана ў горадзе. Вось адключы святло хаця б на тыдзень у горадзе, што будзе?
Сітуацыя сапраўды небяспечная. А пра гэта ж таксама трэба думаць нашым дзяржаўным стратэгам. Для чаго такая канцэнтрацыя насельніцтва?
– Той жа Мінск зараз напханы машынамі, людзямі, і гэта ненармальна. Туды пампуюцца ўсе грошы, увесь сацыял. А стратэгіі, каб прыбраць гэтую розніцу паміж Мінскам і рэгіёнамі, у кіраўніцтва няма. А тут трэба думаць.

– Вось, напрыклад, мне страшна не падабаецца, што адбываецца з пустымі хутарамі. Вось, прыяжджае пажарная машына, бульдозер, хата падпальваецца, выкапваецца яма і ўсё – быў хутар, і няма. А хата нармальная, цэлая, але кінутая. І каб стаць уладальнікам гэтай хаты, існуе шмат бюракратычных перашкод. А чаму не спрасціць? Чаму проста так не аддаваць тым жа даўншыфтарам з горада, напрыклад, за сто даляраў? А калі маеш у кішэні якую пяцёрку, дзясятку, дык, ты хоць дачу з яе зробіш, і то лепей будзе. Гэта будзе жыццё, і яно застанецца тут. Дзяцей прывязеш падыхаць, тут такое паветра, бо ў Мінску ж дыхаць немагчыма.
Паветра на хутары і сапраўды свежае і чыстае, прыбраная і дагледжаная тэрыторыя вакол хутара. Але ці так жа чыста ў іншых мясцовасцях? Я ведаю, што Васіль ужо некалькі разоў ладзіў экалагічны сплаў па Іслачы, каб пазбіраць пластыкавае смецце з ракі.

– Наш сплаў – гэта прэцэдэнт.
Я разумею, што сваёй дзейнасцю я не вычышчу Іслач на векі-вечныя, але ўсё адно я буду гэта рабіць, каб паказаць прыклад, каб людзі бачылі, колькі смецця трапляе ў прыроду.
Бо раней лес быў чысты, рэчкі былі чыстыя. Тады і смецця столькі не было, бутэлькі былі шкляныя і захоўваліся, а калі нешта завёрнута было ў паперу, дык папера тая за зіму перагнівала. А зараз у тым жа вярхоўі Іслачы проста жах, што робіцца ад плавучых бутэлек.

– Таму асноўную сваю місію я бачу ў тым, каб паказаць, што робіцца. Напрыклад, летась мы рабілі свой сплыў разам з EPAM, было сто чалавек, дык смецця набралася столькі, што ім зацікавіліся прыватныя смеццепераапрацоўчыя канторкі. Прыехалі з МАЗам, усё забралі, яшчэ і грошы заплацілі.

Пытаюся, ці магчыма ўвогуле весці экалагічны лад жыцця на вёсцы.

– Пэўным настаўнікам для мяне з'яўляецца Браніслававіч. Ён мне рабіў і робіць заўвагі, калі я нешта хачу выкінуць, ён мне кажа: «Не выкідай! Сартыруй!» Здаецца, што гэта нейкі просты пасыл, але насамрэч гэта тое, чым жыве зараз увесь цывілізаваны свет і без гэтага немагчыма. У мяне зараз стаіць тры бакі: на пластык, на шкло, на жалеза. Толькі паперы не застаецца. Мы газеты пачытаем-пачытаем, а потым падпалім імі нешта і нічога не застаецца. (смяецца)

– А як ты лічыш, за кім будучыня вёскі: за такімі, як ты, ці за карэннымі жыхарамі?

– За такімі як я, за такімі як мы з Браніслававічам, за карэннымі жыхарамі, якія не бухаюць, а жывуць на сваёй зямлі, маюць з гэтага капейку, а таксама за дзяржавай, якая стварае ўмовы для гэтага жыцця.

Мы падыходзім да ракі. Гэта Заходняя Бярэзіна, і з гэтай цёплай зімой яна не паспела замерзнуць. Вось яна – рака-карміліца, па якой ужо ўвесну зноў пойдуць каякі, а на іх людзі, якія праплывуць свой водны шлях, дакрануцца да цуда беларускай прыроды, будуць дыхаць свежым паветрам, а былы закінуты хутар напоўніца дзіцячымі летнікамі і дарослымі танцамі ў маёвым садзе.

Верасень, Аўгіня Манцэвіч
Расказаць сябрам
Чытайце таксама
Made on
Tilda