Новыя людзі ў Новым Полі
ДОСВЕД
Кавярня, роварныя сцежкі і дзіцячая пляцоўка ў вёсцы – мары ці рэальная будучыня?
Расказаць сябрам
У Новае Поле нас запрасілі мясцовыя жыхары. У імэйле, які атрымаў Downshifter.by, гаварылася, што ў вёсцы паўстала ініцыятыўная група з новых і старых жыхароў, якія аб'ядналіся ды пачалі развіваць сваё паселішча: распрацавалі лагатып вёскі, сцяг, зладзілі мясцовае свята, а цяпер будуюць сцэну ў парку, які расчышчаюць літаральна сваімі рукамі.
Сядзіба Друцкіх-Любецкіх, вёска Новае Поле
Маёнтак Новае Поле да 1917 года належаў княжаму роду Друцкіх-Любецкіх. Пасля рэвалюцыі гаспадары з'ехалі на Захад. Неўзабаве тут усталявалася памежная застава БССР. Ужо праз некалькі сотняў метраў пачыналася Польшча.
Для некаторых апошніх прадстаўнікоў шляхты Новага Поля лёс склаўся трагічна. Гісторык Ігар Мельнікаў прыводзіць у прыклад кавалак лёсу апошняй князёўны Новага Поля Крысціны Друцкай-Любецкай.

Князёўна Крысціна Друцкая-Любецкая
Па ўспамінах маці маладая князёўна жадала наведаць Ракаў і…маёнтак у Новым Полі, які, аднак, ужо знаходзіўся на бальшавіцкім баку. З Рубяжэвічаў дзяўчына пайшла пешшу і…памыліла дарогі.
У пэўны момант князёўна ўбачыла ўзброеных чырвонаармейцаў, якія яе затрымалі і павялі ў вёску Целяшэвічы. Падчас знаходжання на памежнай заставе Крысціна пачула, што бальшавікі збіраюцца накіраваць яе ў Койданаў, дзе быў штаб. Князёўна зразумела, што трэба бегчы. Яна папрасілася ў туалет і, улучыўшы момант, пабегла…Калі бальшавікі дагналі бяглянку, то тая прапанавала ім грошы ў замен за свабоду. А калі адзін з бальшавікоў ударыў дзяўчыну, то апошняя дастала кішэнны "Браўнінг" і выстраліла. Куля трапіла ў Баравіка, які загінуў на месцы. Наступным стрэлам яна параніла іншага чырвонаармейца. Дзяўчына перабегла лінію мяжы і пачула, як ззаду закрычалі: "Хлопцы, стойце, там ужо польская тэрыторыя". У гэты момант перад дзяўчынай з'явіўся чырвонаармеец на кані, стрэліў у князёўну. Тая ўпала. Каб дабіць ахвяру, кавалерыст секануў дзяўчыну шабляй па галаве. Трагедыя адбылася 6 траўня 1921 года…

Сядзіба Друцкіх-Любецкіх, вёска Новае Поле
Сёння Новае Поле — вёска з сучаснымі катэджамі. Сядзібу аддалі пад сельскагаспадарчую школу, якая ў хуткім часе стала тэхнікумам, а яшчэ пазней аграрна-эканамічным каледжам.

Новыя жыхары сталі прыязджаць сюды пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Мястэчка вырасла амаль да тысячы жыхароў, і ўсё большую ролю ў ім пачынаюць адыгрываць чатырох новых вуліцах з'яўляецца ўсе больш сем'яў з дзецьмі. Сярод іх — і сям'я Любові Ермаковай, якой купіла ўчастак, пабудавалася і зараз знаходзіцца на этапе засялення.

Любоў Ермакова
— Ты не ведаеш ніводнага чалавека за сваім плотам, — распавядае Любоў.
— У нейкі момант трэба адправіць дзіця ў садок, у школу. І тады пачынаеш асвойвацца на мясцовасці. Так у мяне ўзнікла ідэя пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі.

У выніку з Любовінай ініцыятывы жыхары Новага Поля правялі некалькі сустрэч, дзе і змаглі пазнаёміцца паміж сабой. На сустрэчы ўзнялі пытанне развіцця вёскі.

— Аказалася, што ў вёсцы сапраўды шмат праблем, а ў кожнага яшчэ свае праблемы, з якімі людзі змагаюцца ў адзіноце, але ў іх нічога не атрымліваецца.
Таму мы пастанавілі вырашаць усе праблемы калектыўна.

Актывісты Новага Поля
Акрамя таго на сустрэчы высветлілася, што ў вёсцы жывуць розныя таленавітыя людзі. Напрыклад, мастак і гісторык, які стварае мясцовы летапіс.

— Пры знаёмстве высветлілася, як тут крута. Людзі, якіх я яшчэ не ведала і паўгода таму, апынуліся такімі крутымі. І ідэі, якія ў многіх луналі неарганізаваныя ў галаве, раптам сталі здабываць форму, — кажа Любоў.

— Ідэі Любові ляглі на падрыхтаваную глебу, а гэтай глебай з'явіліся ўсе мы, — падхоплівае размову мясцовая жыхарка — настаўніца гісторыі Галіна Табола і дадае.

— Мы спрабуем нешта рабіць, таму што чакаць, пакуль само прыйдзе, не мае сэнсу.

З настаўніцай салідарная яшчэ адна мясцовая жыхарка — Ларыса Церашчук.

— Калісьці мы даўно сюды пераехалі і гадамі марылі-думалі пра нешта падобнае. А потым з'явілася Люба, і мы зарганізаваліся.
Прайшло сем сустрэч, пасля якіх жыццё ў Новым Полі літаральна закіпела. Увесну жыхары разам з сельсаветам за некалькі суботнікаў расчысцілі закінуты парк, а восенню правялі свята вёскі «Гарбузы і слімакі Новага Поля».
— Калі мы правялі адну з першых сустрэч, высветлілася, што ў мясцовых жыхароў няма ніякіх агульных мерапрыемстваў, ніколі не было агульнага свята, — успамінае Любоў Ермакова.
— Школа і каледж жывуць сваім жыццём, а ў вёсцы нічога не адбываецца, няма ні сельскага клуба, ні бібліятэкі, ніякай культурнай прасторы.

Пасля свята вёскі актывістаў заўважылі. Яны нават здолелі атрымаць грант на будаўніцтва сцэны. Для сумеснай працы мясцовыя актывісты аб'ядналіся ў кааператыў. І зараз ідзе абмеркаванне, каб зрабіць у парку на базе гэтай сцэны культурную прастору Новага Поля.

Мясцовая жыхарка Дар'я Чабуева жыве ў Новым Полі 2 гады
Далёка не заўсёды вясковым актывістам удаецца наладзіць такія адносіны з мясцовымі ўладамі.

— Нам пашанцавала з мясцовай старшынёй сельсавета, — распавядае Любоў. — Выбары былі зусім нядаўна — у сакавіку.
— На выбарах перамагла мясцовая жыхарка, якая сама тут жыве ды разумее ўвесь наш боль. І яна нас вельмі падтрымлівае. А вось дэпутату, дырэктару мясцовага каледжа, уся гэтая актыўнасць не падабаецца.
— Ён сам гарадскі, з Мінска, у яго ёсць цёплае працоўнае месца і наша дзейнасць чамусьці яму замінае, — разважае Любоў.

— Калі мы пачалі сустракацца, першае спатканне зладзілі ў каледжы. Жыхары прыйшлі і пакрычалі пра свае праблемы, а дырэктар падышоў і сказаў: «Больш не сустракацца».
Любоў Ермакова сама да 18 гадоў жыла ў вёсцы ў Чэрвеньскім раёне, а выйшла замуж за мінчука.

— Калі ты з вёскі едзеш у горад, то пачынаеш там саромецца свайго мінулага і становішся ўся такая гарадская. А потым, калі ты сталееш і з'яўляецца сям'я, усё мяняецца. А калі з'явіліся дзеці, я паглядзела на іх і зразумела, што маё дзяцінства прайшло нашмат лепш, чым яно праходзіць для гарадскіх дзяцей.
І нягледзячы на тое, што ў горадзе ёсць вялікі доступ да адукацыі, розным гурткам, дзеці не ведаюць што такое карова, што такое заход і ўзыход сонца.
— І даводзіцца распавядаць базавыя рэчы на гуртках, калі можна іх бачыць кожны дзень, проста жывучы тут.

З моманту першай сустрэчы мясцовых жыхароў мінула паўгода. Актывісты мараць аб прыгожых дарогах, роварных сцяжынках, кавярнях і булачных.

— Калі мы заявілі пра гэта кіраўніцтву аблвыканкама, ім было так смешна.
— Мы кажам: «Роварную сцежку хочам, дзіцячую пляцоўку хочам». А яны глядзяць на нас і смяюцца: «У вёсцы?»

Настаўніца гісторыі мясцовай школы Галіна Табола
Настаўніца гісторыі мясцовай школы Галіна Табола, якая жыве ў Новым Полі 27 гадоў, радая новым жыхарам і пераменам, якія тыя прыносяць.

— Сама я прыжывалася цяжка, але цяпер, калі бачым новыя твары, толькі радуемся, што расце нашая вёска. Кожны новы жыхар — гэта не толькі новы чалавек, а новы лёс, новая гісторыя, гэта свой уклад у добраўпарадкаванне вёскі, нават калі чалавек заняты толькі сваім участкам.

Яе падтрымлівае яшчэ адна з жыхарка Новага Поля : Iрына Шэлег
— Зараз прыязджаюць новыя людзі. Мы радыя, і перш за ўсё таму, што з новымі людзьмі прыязджаюць новыя ідэі, а гэта вельмі добра.
Тым часам, у парку працягваецца суботнік. Дзеці і дарослыя вымаюць з формаў самаробную плітку, фарбуюць вялікія кругляшы з дрэва ў белы колер — гэта будуць вялікія шашкі, у якія ў будучыні зможа згуляць кожны наведнік парку.
Неўзабаве прыязджаюць рабочыя і архітэктар Андрэй Крохін, ён будзе кіраваць будаўніцтвам сцэны.

Любоў Ермакова не баіцца глядзець у будучыню і ўпэўненая, што хутка Новае Поле будзе не пазнаць:

— Мы бачым у сваёй вёсцы патэнцыял.
— Можна сказаць, што мы сядзім на залатых яйках, не разумеючы гэтага.
— Асабіста я не хачу ездзіць у горад працаваць, — кажа Любоў. — А знаходзячыся ў вёсцы, я не ведаю, куды сябе падзець. Я не айцішніца, не магу працаваць дыстанцыйна, але я працую ў турызме, і ў мяне баліць душа, калі я бачу, як старадаўнюю сядзібу фарбуюць у розныя колеры. Мы бачым, што сюды могуць прыязджаць турысты. У нас будзе прыгожая вёска, дзе можна будзе прыйсці ў кавярню і проста выпіць кавы, паглядзець буклет, купіць сувенір, з'есці булачку. А мясцоваму жыхару не трэба будзе ехаць у Мінск на працу.
Расказаць сябрам
Verasen
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda