Самае важнае, на думку Антона, — зберагчы цяпло. Часта першай справай пасля пакупкі хаты людзі ўцяпяюць сцены, на што трэба вялікія грошы, і гэта фактычна бессэнсоўна. На практыцы асноўныя цепластраты ідуць праз вокны, столь і падмурак. Значыць, іх і трэба ўцяпляць у першую чаргу.
Антон найперш уцяпліў столь 30-сантыметровым слоем кастрыцы. Гэта вельмі важна, бо калі столь не ўцепленая, колькі печку не тапі, цяпло адразу сыдзе праз верх. Далей гаспадар зрабіў прызбу вакол хаты — замяніў гнілое бярвенне і ўцяпліў падмурак да першага вянца.
Наступным крокам стала ўцяпленне вокнаў. Знешнія Антон пакінуў арыгінальнымі, а замест унутраных паставіў глухія шклопакеты. Прычым кошт такіх шклопакетаў нашмат меншы, чым з драўлянай рамай ці ПВХ, а звонку хата застаецца выглядаць аўтэнтычна. Каб праветрываць, некалькі арыгінальных унутраных рам павесілі на петлі і прымацавалі ручкі. Цяпер вокны, якія звычайна ў драўляных хатах усю зіму не адчыняюцца, Антон і Таццяна могуць адчыняць. Яны размешчаны ў розных канцах хаты па дыяганалі, каб, адчыняючы іх, ствараць скразняк і хутка ды эфектыўна праветрываць хату.