Досвед

"Калі б не пераезд у вёску, не рашыліся б нарадзіць дзіця"

Сям'я мінчан дзеліцца досведам свайго пераезду ў вёску на Астравеччыне літаральна ля будучай АЭС.


Па дарозе ў вёску Фальваркі Астравецкага раёна, калі да месца прызначэння застаецца кіламетраў 20, нас, як і ўсе астатнія машыны, не прапускаюць супрацоўнікі ДАІ. Даводзіцца зварочваць і ехаць па сельскіх дарогах замест шашы. Справа час ад часу паміж дрэвамі бачныя градзірні атамнай электрастанцыі. Сёння на будоўлі адбываюцца вучэнні.

Ад будучай АЭС да Фальваркаў усяго 10 км. Але трубаў там не відаць. Ціхая вёсачка на 15 хат. Ля адной з іх нас сустракаюць гаспадары – Алёна, Кірыл і іх сын Міша. Усе вельмі ўсмешлівыя і жыццярадасныя.
Алёна – мэнэджэр па продажах, Кірыл – праграміст. Вясковую хату купілі летам 2014 года, а вясной 2015-га пераехалі ў яе на стала. Перад пераездам паспелі толькі павыносіць старое халусце і прыбраць. Шукалі месца па некалькіх параметрах – каб у рэгіёне была добрая медыцына, школа, каб раён развіваўся. Таксама глядзелі на эклагічнасць. "Да таго ж вельмі важна была блізасць да мяжы, - смяецца Алёна, - хацелася мець магчымасць паехаць пагуляць".
фота Аўгіні МАНЦЭВІЧ
Астравеччына падышла па ўсіх параметрах. Дзякуючы АЭС, раён эканамічна развіваецца, сюды прыязджаюць людзі, тут будуюць лякарню абласнога значэння. І мясцовасць аказалася самай чыстай з тых рэгіёнаў, якія разглядалі Алёна з Кірылам – Іўе, Валожын, Ашмяны, Смаргонь.

Натуральнае пытанне ўзнікае ў мяне, ці не страшна жыць ля АЭС. На што Алёна спакойна адказвае: "Зусім не. Калі бахне, то па ўсёй Беларусі. Сто кіламетраў да Мінска – гэта не адлегласць, асабліва ўлічваючы, што вецер у асноўным дзьме ў той бок з Балтыкі".

А Кірыл дадае: "Побач з ТЭЦ жыць больш шкодна, чым побач з АЭС. Атамная энергетыка самая экалагічная з тых, што чалавецтва вынайшла". Праўда, сям'я дадае, што сябры падарылі ім лічыльнік Гейгера, а перад запускам АЭС яны з'ездзяць куды-небудзь падалей у Гомельскую вобласць, напрыклад, – ці мала што.
Да пераезду на вёску Алёна з Кірылам жылі разам з Алёнінай маці ў мінскай кватэры на 46 м2. У Фальварках жылая плошча атрымалася крыху большай, але свабоды, зазначае Кірыл, тут значна больш: "Выходзіш за дзверы – і ты яшчэ ў сябе, усё тваё. Вельмі важнае адчуванне"
"Мы і размножыліся, таму што тут свабода, - кажа Алёна. - Гадоў 10 жылі ў Мінску, а сын нарадзіўся толькі тут.
Калі б не пераезд, то, напэўна, і не рашыліся б нарадзіць дзіця".
ФОТА VERASEN
Калі даведалася, што стане маці, Алёна працавала на АЭС – прадавала электратэхніку. Заканчваўся трохмесячны выпрабавальны тэрмін. Як добрасумленная грамадзянка Алёна паведаміла свайму кіраўніцтву пра цяжарнасць. І з ёй не падпісалі кантракт. Алёна змагла сябе адстаяць коштам месячнага перабывання ў лякарні на захаванні. Урэшце, кіраўніцтва зразумела, што так рабіць нельга - дзяўчыне выплацілі кампенсацыю і папрасілі прабачэння. Затое цяпер, кажа Алёна, ёй праца на любой будоўлі будзе не страшная – настолькі велічэзныя там маштабы.

Хіба што быў яшчэ адзін момант, пра які дзяўчына не змагла не згадаць. Гэта непажаданая і навязлівая ўвага з боку мужчын:

"Там усе мужчыны, ды камандзірованыя, 5 тысяч чалавек. Вось гэта было страшна. Гэта як працаваць у ваеннай часці. Толькі там яны ваенныя, а тут яны прыезджыя – ні статуту, нічога. Непрыемна. Дзяўчаты астравецкія таксама ведаюць, што гэта такое. Але пасля першага месяца ўжо прывыкла".
фота VERASEN
Уменне пісаць лісты ва ўстановы не раз выручала сям'ю. Напрыклад, налета сям'і пад домам паабяцалі правесці оптавалакно. А таксама дзякуючы Алёне, у Астравецкім раёне запусцілі дастаўку Еўраопта. Дзяўчына ўладкавалася ў службу дастаўкі, сабрала подпісы і даслала лісты як фізічная асоба і як супрацоўніца службы. Як вынік – тры машыны на раён развозяць прадукты жыхарам Астравеччыны.

На маё пытанне, што перш за ўсё падштурхнула маладую сям'ю пераехаць на вёску, Кірыл і Алёна доўга думаюць. Кірыл узгадвае гасціннасць грузінаў: "Прыходзіш – там такі дзед: "Вось, ты прыйшоў на маю зямлю, ты ў мяне госць. І зараз я табе найлепшы арак, самы смачны хлеб і найлепшы сыр, які мая жонка робіць".

І вось ты разумееш: ты сядзіш, у цябе заплечнік з тваімі ўсімі прыбамбасамі, якія каштуюць больш, чым уся яго гаспадарка, але ён шчаслівы, ён цябе частуе і яму ёсць, чым цябе пачаставаць. І я падумаў, што штосьці ў гэтым ёсць. Што трэба для шчасця? Хлеб добры, сыр, арака бутэлька і жонка".
Смяецца.

Алёна ўзгадвае, як зачытвалася дзённікам цяпер ужо вядомага даўншыфцера, а тады пачаткоўца Андруся Горвата, які апісваў у сваім ЖЖ жыццё на хутары пад Валожынам і распавядаў, як робіць віно з дзьмухаўцоў. І вось гэтае віно Алёну і зачапіла.

Таксама Кірылу перашкаджалі гарадскі шум, алкаголікі пад вокнамі і суседскія перфаратары. "Тут, у вёсцы, алкаголікі таксама ёсць, але яны не пад вокнамі. Ды і суседскую касу чуваць зусім не так, як перфаратар праз сцяну ці гэтае "жых-жых-жых" на вуліцы. У кватэры летам горача, вокны не зачыніць. А тут птушкі - салаўі".

Вядома, адной з асноўных прычын пераезду была жылплошча.
"Галавой разумееш, - кажа Алёна, - што, каб зарабіць на кватэру ў Мінску, трэба легчы косцьмі, усё жыццё працаваць, нічога не бачыць, нідзе не падарожнічаць і жыць у мурашніку. А тут можна амаль за адзін заробак купіць сабе дом і ні ў чым сабе не адмаўляць".
Кірыл у пераездзе бачыць адны плюсы. Ні ад чаго і сапраўды адмовіцца не давялося. А вось Алёне вельмі не хапае сацыялізацыі. Сто пяцьдзясят кіламетраў ад Мінска не кожны сябра пераадолее, каб прыехаць у госці. Бывае, заязджаюць хіба тыя, якія вяртаюцца па дарозе з Вільні ў Мінск. Таму Алёна кажа, што калі раптам яны вернуцца ў Мінск, то гэта будзе адна з асноўных прычын.

У іншым – адны плюсы. Сын за паўтара гады ні разу не хварэў – "чым менш людзей, тым менш хваробаў". Вось толькі нядаўна з'ездзілі ў Мінск і Міша падхапіў нейкі вірус. Калі спатрэбілася выклікаць доктара на дом – Кірыл проста паехаў і прывёз доктарку на сваёй машыне. Да таго ж бацька ўпэўнены, што тут і стаўленне дактароў да пацыентаў зусім іншае.
фота VERASEN
У горадзе – хоць лекары і больш дасведчаныя, гэта ўсё ж канвеер, а тут цябе бачаць, глядзяць у вочы, памятаюць па імені і, адпаведна, уважлівей ставяцца да тваіх праблемаў.
З мясцовымі ў сям'і адносіны нейтральныя – вітаюцца. Аднак справу маюць толькі з тымі, хто не п'е. Кажуць, алкагалізм тут вялікая праблема. Наймаць на працу пітушчых няма сэнсу – забываюць пра дамоўленасці. А вось хто не п'е, і жыве добра, у дабрабыце.

Алёна і Кірыл усаджваюць нас за стол і частуюць абедам – бульбай з мясам. Мяса мяккае і незвычайнае на смак. Як выявілася – гэта трусяціна ўласнага гадавання і прыгатавання. Яшчэ на пачатку свайго пераезду сям'я склала план па развіццю трусагадоўлі. Падлічылі – тры труса-маткі хапае на трох чалавек. А каб мець прыбытак у 1000$ у месяц, трэба гадаваць 50 труса-матак.



Спачатку Алёна і Кірыл даволі паспяхова прадавалі трусяціну ў Мінск, але ўрэшце зразумелі, што гэта не іхнае. Догляд за вялікай колькасцю трусоў зусім іншы. Ды і сталі проста не спраўляцца з аб'ёмамі вытворчасці – попыт нашмат перавышаў прапанову. А Кірыл яшчэ і падлічыў, што разбіраць аднаго труса яму трэба паўгадзіны, а пасля прадае яго за 5$. А праграмаваннем за паўгадзіны ён можа зарабіць 15$. Таму цяпер гадуюць трусоў толькі для сябе. А яшчэ крыху курэй і качак. Іншага мяса амаль не ўжываюць.

Для айцішніка Кірыла было няпроста забіць свайго першага труса. "Першыя разы тры рукі трэсліся, страшна было. Глядзеў відэа на youtube. Перад тым, як першы раз забіць качку, таксама глядзеў відэа ў інтэрнэце. Паглядзеў, пайшоў забіў. Павесіў, як труса, думаю, трэба разбіраць. Труса разразаеш пасярэдзіне, і вантробы выкідаеш. Пачынаю я качку разразаць і разумею, што ў яе кіль там ёсць. Яе так проста не разрэжаш. Давялося зноў ісці глядзець". Увогуле, знайсці карысныя кантакты і інфармацыю па мясцовасці даволі складана.
«У Мінску, калі штосьці трэба – лезеш у інтэрнэт. А тут не пракатвае. У інтэрнэце нічога няма. Загугліць, каб знайсці штосьці ў Фальварках, не атрымліваецца»
- смяецца Кірыл.

Кірыл прапаноўвае правесці экскурсію па сваёй гаспадарцы.

Сонечнае надвор'е выцягвае з хаты і Алёну з Мішам. Па іх усмешках здаецца, што жыццё ў вёсцы зусім бесклапотнае. Ці так гэта? Алёна прызнаецца, што першы час вельмі пакутвала ад насякомых – кажа, у яе інсэктафобія. Цяпер ужо крыху лягчэй. А Кірыл кажа, што
з горада здавалася, нібы ўсё робіцца лёгка і хутка. Аказалася, гэта зусім не так. Да таго ж – патрабуе добрых укладанняў.
А з нараджэннем дзіцяці рамонт і ўвогуле стаў. Пакуль зроблена толькі тое, што паспелі зрабіць да нараджэння Мішы. Галоўнае для сям'і – быў вадаправод і каналізацыя.

«На самой справе людзі ў беларускіх вёсках жывуць у XVIII стагоддзі, - наракае Алёна. - На месцы дзяржавы я б стварыла спецыяльную праграму, каб ЖКГ праводзіла людзям каналізацыю-вадаправод. Насамрэч, гэта невялікія грошы. Для бабуль-дзядуль зрабіце вы растэрміноўку з прывязкай да пенсіі. Думаю, усе былі б у плюсе. Для дзяржавы гэта быў бы добры стымул з прывязкай да таго, што пасля будуць прыязджаць машыны выпампоўваць з выграбных ямаў. Вось вам дадатковы бюджэт».

фота VERASEN
Час абеду заканчваецца, і Кірылу трэба ехаць на працу. Ён уладкаваўся бібліятэкарам у суседняй вёсцы Варона. Там ёсць добры інтэрнэт, прасторнае памяшканне. І Кірыл думаў, што гэта выдатная магчымасць займець сабе офіс для працы праграмістам. Аднак аказалася, што акрамя дзяцей, якія пастаянна лётаюць выбіраць і здаваць кніжкі, ёсць яшчэ куча планаў, шмат пісаніны ад рукі – дзённік, картачкі. І часу на праграмаванне проста не застаецца. Альбо не атрымліваецца засяродзіцца.

Мы едзем у Варона. Кірыл адчыняе дзьверы бібліятэкі, праводзіць нам невялікую экскурсію ды спыняецца ля самай папулярнай секцыі – жаночыя раманы і дэтэктывы. Пасля ўсаджваецца за стол. Падключае ноўтбук. Тут жа ў памяшканне пачынаюць прыбягаць адно за адным дзеці. Дзяўчаты гадоў дзесяці бяруць па тоненькай кніжачцы і сыходзяць. Праз хвілін 15 прыбягаюць зноў – ужо прачыталі.

За імі прыходзяць хлопцы – шукаюць "Людзі на балоце". Кірыл сыходзіць з імі у сярэдзіну залы і хаваецца ў паліцах. "А "Людзі на балоце" – гэта хто?" – крычыць адтуль Кірыл. "Мележ!" – адказваю я і тут жа бачу за сваёй спінай цэлую паліцу з Мележам. Тут і "Людзі на балоце".

З акна бібліятэкі добра бачная Астравецкая АЭС. Кірыл нарэшце ўсаджваецца за свой ноўтбук. Але перад ім ляжыць "Летапіс вёскі Варона" і які нагадвае пра непазбежнае – ад ноўтбука трэба будзе адарвацца зноў, каб абнавіць летапіс і дапоўніць яго новымі фактамі.

У Алёны зазваніў тэлефон: "Так, Мікалай, мы ў Вароне, пад'язджайце сюды, калі ласка". Мы развітваемся з Кірылам і спускаемся з Алёнай на двор, сустракаць дастаўку Еўраопта.
фота VERASEN
На развітанне запытваю ў Алёны, што б яна пажадала тым, хто хоча пераехаць на вёску, але ніяк не вырашыцца. Алёна раіць перад пераездам абавязкова прадумаць, на што жыць. І не чакаць пенсіі, а пераязджаць цяпер. У кожным разе, заўсёды можна паглядзець і, калі што, вярнуцца ў горад.
Аўгіня Манцэвіч
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама