ЛАЙФХАК

Нітраты ў калодзежы. Што рабіць?

Што ўплывае на колькасць нітратаў у калодзежах, як ачысціць ваду, і дзе ўзяць бясплатныя тэсты на нітраты
Па розных дадзеных ад 40% да 82% калодзежаў у Беларусі маюць павышаную канцэнтрацыю нітратаў у вадзе. Гэта пацвярджаюць і ўласныя замеры DownShifter.by, якія мы рабілі два гады назад у навакольных вёсках. З двух дзясяткаў узятых проб, усяго ў 40% канцэнтрацыя нітратаў не перавышала нормы. У рэшце з іх — гаворка ішла пра перавышэнне ў 3-4 разы.
Рэкорд у нашай краіне быў зафіксаваны ў Салігорскім раёне, там канцэнтрацыя нітратаў у вадзе перавысіла норму ў 54 разы!
Прычым знешне такую ваду адрозніць ад добрай немагчыма — яна не мае спецыфічнага паху і можа нават смакаваць. Таму распазнаць небяспеку можна толькі зрабіўшы адмысловы аналіз.
Крыніцы забруджвання падземных вод. Малюнак: ecoidea.by
Нітраты — гэта солі азотнай кіслаты, якія трапляюць у глебу ў першую чаргу ў выглядзе азотных угнаенняў. Разам з патокамі вады шкодныя злучэнні апынаюцца ў рэках і азёрах, а таксама ў грунтовых водах, якімі напоўненыя калодзежы. І калі на паверхні нітратамі актыўна харчуюцца расліны, то на вялікай глыбіні, дзе раслін няма, канцэнтрацыя нітратаў значна вышэйшая. Нашае ўласнае даследаванне паказала, што гранічна-дапушчальная норма ўтрымання шкодных злучэнняў можа сустракацца нават на глыбіні ў 40 метраў. А ў найстарэйшым водазаборы Мінска "Навінкі", які дзейнічае з 1932 года, нітратнае забруджанне выяўлена на глыбіні аж 200 метраў!
Адмыслоўца па ўстойлівым выкарыстанні водных рэсурсаў Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Парэчына пракаментавала Downshifter.by праблему нітратаў у сельскай гаспадарцы:

— Вялікае пытанне, ці ў нашай сельскай гаспадарцы прытрымліваюцца нормаў, датычных выкарыстання ўгнаенняў. Аднак цяпер, як сцвярджаюць вытворцы, хімічныя ўгнаенні вельмі дарагія, таму іх эканомяць.

Акрамя таго, не варта ўсю віну ўзвальваць на калгасы, лічыць спецыялістка:

— Прычынай можа быць нават агарод з бульбай, на які сам гаспадар ці гаспадыня шчодрай рукой сыплюць хімічныя угнаенні ў адпаведнасці с прымаўкай "чым больш, тым лепш", таму што ім ніхто не казаў, што трэба чытаць інструкцыю.

Небяспеку для грунтовых водаў нясуць таксама звалкі, месцы захоўвання гною ці кампосту, у тым ліку сараі для ўтрымання скаціны (нават калі ў іх ужо даўно ніхто не жыве) і сельскія туалеты з выграбнымі ямамі.
Назапашаныя ў арганізме нітраты выклікаюць кіслароднае галаданне тканак, што прыводзіць да сур'ёзных парушэнняў нервовай, эндакрыннай, імуннай сістэм.
Гэта звязана з уласцівасцю нітратаў звязвацца з гемаглабінам і парушэнню яго асноўнай функцыі — пераносу кісларода. Асабліва небяспечна гэта для дзяцей і людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Пры доўгатэрміновым ужыванні вады з нітратамі ў арганізме чалавека таксама змяншаецца колькасць ёду, што прыводзіць да захворванняў шчытападобнай залозы. Праз нітраты ў ежы зніжаецца колькасць вітамінаў, а ў цяжарных павялічваецца пагроза выкідышаў.
Улічваючы ўсё гэта, варта кіравацца асноўнымі правіламі аховы калодзежнай вады ад нітратаў.

— Будуйце калодзеж далей ад іншых пабудоваў, агароду, палёў і ажыўленыях дарог.

— Правярайце шчыльнасць доміка для калодзежа, каб абараніць яго ад трапляння даджавой вады, пылу, пяску ды іншага смецця.

— Зарабіце цэментам ці іншым растворам швы паміж кольцамі калодзежа.

— Рэгулярна чысціце калодзеж.

— Перанясіце вулічныя туалеты, месцы для захавання гною і сараі для скаціны ў месцах, ніжэйшых за калодзеж, і мінімум за 50м. ад яго.

— Мінімалізуйце выкарыстанне ўгнаенняў і цалкам адмоўцеся ад пестыцыдаў.

— Не пасыпайце соллю бліжэйшыя дарогі.


Майце на ўвазе, што пасля перанясення крыніцы забруджвання на значную адлегласць ад калодзежа, вада ў ім ачысціцца толькі праз некалькі гадоў, бо глеба назапашвае нітраты і доўгі час аддае іх у грунтовыя воды.
Калі ўсе меры прынятыя, застаецца яшчэ адзін важны нюанс, які раяць усе спецыялісты, — так званы гліняны замок. Гэта своеасаблівы фільтр, ролю якога выконвае слой гліны. Вакол калодзежа ўкладваецца слой добра прамятай і ўшчыльненай гліны глыбінёй 2 метры і шырынёй 1-2 метры. Вада будзе фільтравацца праз гліну і далей сцякаць у пясок. Гэта дазволіць абараніць калодзеж ад забруджвання непасрэдна каля яго.
Аднак не паўсюль гліняны замок дапамагае, часам ён можа нават нашкодзіць, лічыць жыхар вёскі Лоск Аляксей Буян, у якога два гады назад мы мералі нітраты ў калодзежы. Тады тэст-палоска паказала перавышэнне ў чатыры разы. Аляксей стаў вывучаць праблему — ад калгаснага поля ўчастак аддзяляе выток ракі Буянкі, ні выграбных ям, ні скаціны побач ужо даўно ніякай няма. Аднойчы па вясне зазірнуў у калодзеж — а туды праз шчыліну паміж першымі двума кольцамі літаральна сцякае ручаёк. Паглядзеўшы на суседнія калодзежы, Аляксей зразумеў, што праблема парванага першага шва — паўсюдная.
Аляксей Буян робіць тэст вады з калодзежа на нітраты
Пасядзеўшчы яшчэ ў інтэрнэце і супаставіўшы розныя дадзеныя і назіранні, наш герой прыйшоў да высновы, што ўся справа ў сугліністай глебе і, як вынік, марознага пучэння грунта. Пяшчаная глеба пры марозе амаль не варушыцца. А вось гліна — наадварот. Падчас замярзання і расшырэння вады, якая ўтрымліваецца ў гліне і суглінках, глеба можа "хадзіць" да 10 сантыметраў.

— Атрымліваецца, што гліняны замок прыліпае да калодзежа, трымаецца за яго, і вось гэты марозны грунт, які пучыцца, пачынае аддзіраць верхняе кольца. Вядома, можна залезці ў калодзеж і замазаць шчыліну, але гэта дапаможа толькі да першай вясны.
Таму Аляксей прыдумаў свой спосаб змагання з праблемай. Ён абкапаў калодзеж на шырыню 40-50 см і на глыбіню крыху ніжэй за другое кольца. І затым паглыбіў дно так, каб яно прыняло форму спадніцы. Далей сцены і дно калодзежа Аляксей цалкам укрыў унахлёст самай тоўстай плёнкай, якую знайшоў у продажы, — звычайна яна памячаецца як плёнка з другаснай сыравіны. І ўсю яму, якая выйшла, засыпаў звычайным пяском.

— Такім чынам атрымалася, што ўся вада, якая трапляе ў пясок, спускаецца ўніз і адводзіцца плёнкай ад калодзежу. Што тычыцца марознага пучэння, то пясок не дае грунту адарваць верхняе кальцо. Калі грунт пяшчаны, то такі спосаб не патрэбны, там сапраўды дапаможа гліняны замок.

Пасля гэтых маніпуляцый прайшло дзве зімы. Верхняе кальцо дагэтуль стаіць на месцы і канцэнтрацыя нітратаў у калодзежы з таго часу ў норме.
Падсумоўваючы, робім выснову, што варта перыядычна правяраць якасць калодзежнай вады. Улічвайце, што ў розныя сезоны колькасць нітратаў можа моцна адрознівацца. Аналізы можна зрабіць у мясцовых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі ці спецыяльнымі тэст-палоскамі. Атрымаць тэст-палоскі можна непасрэдна ў Наталлі Парэчынай, звярнуўшыся па тэлефоне +37529434610.
На жаль, большасць грамадскіх арганізацыяў, якія займаліся экалагічнымі пытаннямі, у тым ліку грамадскі цэнтр па пытаннях хімічнай бяспекі і адкідаў, куды можна было звяртацца з праблемай забруджвання вады, сёння зачыненыя. Таму, калі вы знайшлі крыніцу нітратаў, можна спрабаваць звярнуцца ў дзяржаўный структуры. Гэта раённыя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Іх кантакты можна знайсці на афіцыйных сайтах райвыканкамаў. Вынікі сваіх замераў можна ўнесці на сайт watercontrol.info для маніторынгу агульнай сітуацыі па раёне і краіне ў цэлым.
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама