«Парадак у нас –
калі з верталёта
прыгожая карцінка»

ДОСВЕД
Бізнэс-аналітык перабраўся на хутар, каб працягнуць род і рэфармаваць вёску.
Расказаць сябрам
Пад'язджаючы да сядзібы Цітовых, разглядаем новазбудаваныя хаты па левы бок ад дарогі. Гэта "родавыя сядзібы", як іх называюць паслядоўнікі міфічнай Анастасіі. Справа – заснежанае поле. Ды настолькі заснежанае, што мы нават прапусцілі паварот на хутар Андрэя і Ганны Цітовых, які адносіцца ўжо да суседняга Люціна. Гаспадар выходзіць нам насустрач. Трыста метраў даводзіцца ісці наўпрост па полю, кіруючыся на старую драўляную хату пасярод белага бяскраю.
Па дарозе, хаваючы твар ад пранізлівага ветру, Андрэй паспявае нам расказаць, што раней побач быў яшчэ адзін хутар і зямля вакол належала вёсцы. А некалькі гадоў таму суседні хутар перааралі, і зямля стала сельскагаспадарчага прызначэння. Цяпер тут пастаянныя вятры, а пасадзіць на полі дрэвы ўжо нельга.

Гаспадар рэзюмуе і гэтым задае тон усёй астатняй размовы:
— Гэтую махіну пад назвай "калгас" спыніць не магчыма.
— Парадак у нас – гэта калі ўсё пераарана, каб з верталёта была прыгожая карцінка. А тое, што людзі паадмаўляліся ад кароў, таму што пасціць няма дзе, гэта ўжо не важна. Нібыта калгасы забяспечваюць харчам усю краіну, а прыватнік не патрэбны.

Мы ўваходзім у старую маленькую хатку. Здаецца, печкі на такі невялікі пакойчык, нават зашмат. Мы хутка здымаем з сябе лішняе адзенне. Жонка Андрэя Ганна і паўтарагадовы сын Міраслаў запрашаюць сесці за стол з пачастункамі. Мы сядаем, і працягваем размову.

Андрэй, Ганна і Міраслаў Цітовы
Андрэй– бізнэс-аналітык з больш як 15-гадовым стажам. І таму ці патрэбны дзяржаве прыватнік ведае не па чутках.

— Я хоць і з рыдлёўкай у вёсцы працую, але пастаянна думаю. Як у тым анекдоце: а розумішча, розумішча куды падзець? Таму, капаючы грады, я аж на тысячу гадоў назад сышоў. Даследаваў, як гэтыя тэрыторыі жылі, працавалі, на якіх сацыякультурных прынцыпах. Вучуся ў мясцовых. Гляджу, як працуе талака ў вёсцы, якая бухае. Усе 80 чалавек усё кідаюць і раз – убралі бульбу. Таму каб адстойваць свае правы, патрэбны соцыюм. Калі мы нічога не будзем рабіць, шанцаў, што нас адсюль не выціснуць, вельмі мала. Таму што дзяржаве мы цікавыя толькі з эканамічнага пункту гледжання.
Усе мы Іваны Бязродныя
Цітовы таксама, як і іх суседзі праз дарогу "анастасіеўцы", называюць свой хутар "родавай сядзібай". Ставяцца да суседзяў прыязна і з павагай, але кажуць, што самі маюць крыху іншы светапогляд.

Бацькі Ганны з Беларусі, з гэтых мясцінаў, але сама яна нарадзілася ў ваенным гарадку ў Казахстане, якога няма нават на картах. Бацькі Андрэя паходзяць з памежных з Беларуссю вёсак у Расіі, ад якіх, на жаль, нічога не засталося.

І вось у такой сітуацыі, калі ні ў Андрэя, ні ў Ганны не засталося свайго кутка, сям'я захацела з нуля стварыць тое месца, дзе будзе працявацца іх род, таму і назвалі свой хутар "родавай сядзібай". Для іх гэты панятак не звязаны з кнігамі Мегрэ пра Анастасію, а базуецца на прынцыпах устойлівага развіцця і пераемнасці роду.

— Мы для сябе вырашылі, што тут мы закладваем краевугольны камень свайго роду. Адсюль будзе ісці наш род. Бо па вялікім рахунку, усе мы Іваны Бязродныя. Спачатку па нас ударыла рэвалюцыя, затым войны, сталінізм, камсамольскія будоўлі. Гэта цяпер ужо людзі паціху спрабуюць вяртацца на свае месцы... калі ёсць куды вяртацца.
— А мне, вось, куды вяртацца? Маё месца дзе?
Ганна, якая да гэтага захоўвала маўчанне, уключаецца ў размову.

— Неяк да нас прыехалі людзі, выходзяць з машыны і кажуць: "Можна мы тут у вас паходзім, паглядзім?" Выявілася, што іх бацька тут нарадзіўся. Ім проста захацелася пабыць на радзіме бацькі. Жанчына падышла да ганку, пакланілася дому, села, заплакала.
— Гэтая патрэба прыехаць да сябе на радзіму настолькі глыбока ўшытая ў карані! Але, на жаль, многія людзі не могуць сваю радзіму знайсці.
Андрэй пагаджаецца. За сваё дзяцінства ён толькі двойчы быў у вёсцы. Але гэта вельмі светлыя ўспаміны. Як пасцілі кароў, як яблыкі ў суседа кралі, як на Купалле ўсякія паскудствы ладзілі. Аднак людзі ўсё адно ў асноўным цягнуцца ў горад.
— А што можа даць горад? Неба, дзе чалавек кілаграм цяжкіх металаў у год удыхае, ці зямлю ў выглядзе асфальту? Ён можа даць толькі грошы. Але цяпер і грошы ён можа не даць.
Жыццё ў вялікім горадзе Андрэй параўноўвае з гонкай за хімерамі.

— Як я, паехаў у Маскву. Ну, хто я там? Ніхто. З чорнага ўваходу зайшоў, пачаў апантана малаціць, зарабляць, рабіць кар'еру. Я яе зрабіў. Спаў па шэсць гадзінаў, выходных у мяне не было, пяць гадоў не быў у адпачынку. Грошай я зарабіў, і што? Каафіцыент карыснага дзеяння такога жыцця адсоткаў пяць, можа быць, дзесяць. У цябе ёсць неабходнасць там утрымацца, і больш ты ні пра што не думаеш. І чым больш людзей туды едзе, тым вышэйшая канкурэнцыя. Як у анекдоце: – Скажыце, у чым сэнс вашага жыцця? – Адыдзі, хлопчык, не перашкаджай, не бачыш – я бягу.

Кватэра ў Маскве ў той час, калі Цітоў там працаваў, каштавала, па яго словах, 300-400 тысяч долараў. Зусім добрая ў межах Садовага кальца, "дзе дрэва не можа пражыць больш за год", – мільён.
— Я мушу, груба кажучы, купіць сабе гроб за мільён долараў, аддаць на гэта ўсё, затое я буду круты, я буду жыць у цэнтры Масквы.
— Я, калі жыў ва Уруччы, ехаў на працу 50 хвілінаў. Я сёння еду да Мінска 50 хвілінаў. Хату ў вёсцы пабудаваць разы ў тры танней, чым купіць кватэру ў Мінску. Усе сродкі цывілізацыі тут ёсць: вада, электрычнасць. Можна нават у глухім лесе жыць і мець цёплыя падлогі і каналізацыю. Я ствараю вакол сябе ідэальную экапрастору, у якой мне добра. Я забяспечваю сябе якаснымі прадуктамі харчавання. Я працую на сябе, а не на дзядзьку, і пакідаю пасля сябе спадчыну дзецям. Нахрэна мне гэты горад, патлумачце.
Я спрабую адказаць на гэтае, здавалася б, рытарычнае пытанне. А як жа соцыюм? Але і тут суразмоўца крые сваёй картай – кажа, што кола зносінаў у іх пашырылася, калі пераехалі ў вёску. Маўляў, у Маскве паспрабуй даехаць з аднаго канца ў іншы, каб сустрэцца.

— Як часта мы маглі сабе дазволіць пайсці на канцэрт, калі пабачылі цікавую афішу? Як часта я хадзіў у кіно? – гаспадар зноў задае пытанне, на якое не чакае адказу.
— Каб падтрымаць мужа, Ганна зноў уключаецца ў размову, прыгадваючы яшчэ адну немалаважную прычыну пераезду ў вёску.

— Ува што сёння гуляюць дзеці? Яны гуляюць у жыццё. Ім даюць нейкія штучныя прымочкі для развіцця дробнай маторыкі, лагічнага мыслення.
— А тут стаяла ў нас скрынка з фасоллю. Сын так яе трыбушыў, што аж язык вылазіў. Вось вам і дробная маторыка.
— А не дай бог без яго печку распаліць! Яму так цікава трэскі і дровы закладаць. Дасі яму паціскаць кураня – ён бязмежна шчаслівы. Ён тут не гуляе, ён тут жыве.
Экалагічна бяспечная, але пустая ежа
Ганна па адной з адукацый – нутрыцыёлаг. Вывучала навуку аб здаровым харчаванні, вітамінах ды іншых кампанентах у складзе прадуктаў.

— Я зразумела, што калі хачу есці добрую, паўнавартасную ежу, акрамя як вырасціць яе самой, нічога не застаецца. Таму я павінна жыць тут, на зямлі. Усе неабходныя мікраэлементы, вітаміны, ежа можа ўтрымліваць, толькі калі яе вырасцілі на ўзноўленай зямлі. Прадукты, якія вырасцілі інтэнсіўным спосабам на зямлі, што згубіла сваю каштоўнасць у мікраэлементах, пустыя.

Прадукты, якія прадаюцца ў супермаркетах Ганна называе пустымі.
— І нават калі бабуля напрацягу сарака гадоў вырошчвае ў сябе на ўчастку гародніну традыцыйным спосабам, гэтая гародніна будзе экалагічна бяспечнай, але яна таксама будзе пустая.
Толькі выкарыстоўваючы пермакультуру, пастаяннае мульчаванне можна ўзнавіць саму глебу, каб яна стала здаровай, каб на гэтай глебе магла вырасці паўнавартасная ежа, якая ўтрымлівае дастатковую колькасць вітамінаў і мікраэлементаў.

Гаспадыня дастае з шафы вялікую ёмістасць – гэта комплекс усіх неабходных чалавеку вітамінаў, які яна ўжывае штодня, нават маючы свой агарод. У сезон сям'я мае дастаткова мікраэлементаў з сваёй зямлі, аднак узімку, лічыць Ганна, нават ім не абысціся без дадатковых вітамінаў.

Жанчына прыводзіць у прыклад вітамін C – адзін з самых важных і патрэбных вітамінаў. Ён удзельнічае больш чым у двухстах рэакцыях у чалавечым арганізме і проста неабходны для абменных працэсаў. Па словах Ганны, мы можам атрымаць вітамін С, калі есці гародніну і садавіну адразу ж з градкі ці з дрэва.
— Калі мы купляем апельсін і думаем, што гэта добрая крыніца вітаміна С, то гэта не так. У садавіне і гародніне ён разбураецца на 80% у першыя трое сутак. За трое сутак да нас апельсіны не даязджаюць.
— Таксама вітамін С разбураецца пры награванні і замарозцы. Людзі ў горадзе думаюць, што калі яны раз на год паелі ягад з куста, то яны назапасілі вітамінаў на год. Гэта водарастваральны вітамін, ён выводзіцца з мачой. Ён павінен паступаць кожны дзень, пастаянна. Тое ж можна сказаць пра многія вітаміны.

Андрэй успамінае, як Ганна пазнаёміла яго з пермакультурай.

— Калі Аня расказала мне пра арганічнае землядзелле, што можна закапаць бульбу пад салому і забыць да восені, я падумаў — і ўсё? І ўсё. Я завіс – ёлкі-палкі, мяне з трох гадоў гвалтоўна цягалі на гэтую дачу, прымушалі градкі ўскапваць, араць як клятаму. А на самой справе ўсё можна рабіць так проста.

Як даўншыфтынг – адказ інтэнсіўнаму гарадскому жыццю, так пермакультура – адказ інтэнсіўнаму земляробству. Можна займацца сельскай гаспадаркай, але калі рабіць усё правільна ў гарманічна створанай прасторы, яна не патрабуе барацьбы з сабою, яна наадварот дапамагае. Вядома, працаваць усё адно трэба.
— Я ў сваім жыцці ніколі так не працаваў! Але калі табе трэба звышпрыбытак – гэта ў банк, ці на нафтанку. А забяспечыць сябе і сям'ю ды мець нейкі прыбытак у вёсцы можна запраста.
Акрамя чыстай ежы Ганну і Андрэя прыцягнула ў вёску і чыстае паветра.

— Можна не піць, не паліць, нават сыраедзіць, але калі ты дыхаеш забруджаным гарадскім паветрам, пра якую здаровую нацыю можа быць увогуле гаворка?
Кааператыў
Андрэй Цітоў ужо некалькі гадоў актыўна працуе над тэмай развіцця вёскі. Як аналітык, абапіраючыся на хвалевую тэорыю крызісаў, ён назіраў, што адбываецца ў краіне, і разумеў, што з эканомікай будзе станавіцца ўсё горш. Але не думаў, што так хутка.
— Трэба разумець, што мы дна яшчэ не дасягнулі. Падзенне яшчэ будзе, і чым гэта ўсё скончыцца, я не ведаю.
— І калі ў нас у Беларусі кожны пяты – мінчук, а ў Мінску працы няма, то пытаюся: куды людзям падзецца? Ужо мільён кудысьці дзеўся. І дзяржава нават праз сістэму "дармаедства" не можа гэты мільён знайсці, так ён замаскіраваўся. Шыкоўная альтэрнатыва – жыць у вёсцы, забяспечваць сябе на 80% ежай.

Андрэй лічыць, што людзі гатовыя жыць у вёсцы. Але ім трэба нармальныя ўмовы і праца. І акурат прадпрымальніцтва тут можа дапамагчы. Аналітык налічыў 150 відаў дзейнасці ў сельскай мясцовасці. Ён проста разгарнуў беларускі класіфікатар эканамічных відаў дзейнасці і палічыў, чым яны з жонкай займаюцца ў вёсцы. Выйшла 13 відаў. Значыць, кожны гэты від можа стаць паўнавартасным бізнэсам. Сярод іх ёсць і абсалютна невідавочныя для вёскі заняткі. Напрыклад, гатэль для сабак.

Сёння, калі перажываюць складаныя часы прыватныя гаспадаркі, а гіпермаркеты прапаноўваюць танную сублімаваную ежу, збыць сваю сельскагаспадарчую прадукцыю становіцца вельмі праблематычна. Таму ў Андрэя Цітова ў планах стварыць кааператыў, які аб'яднае розных беларускіх фермераў, каб выйсці на рынак самастойна.

— Сёння для прыватнікаў існуюць непраходныя адміністрацыйныя бар'еры. Калі аналіз малочкі на чатыры паказчыкі кашуте 700 долараў, то пра што можна казаць? Хто з прыватнікаў сабе можа гэта дазволіць? А калі гэтыя 700 долараў размазаць на тону сыру, то гэта ўжо зусім іншы кошт. Гэта называецца эфект маштаба. То бок можна дапамагаць гэтым дробным фермерам выжыць.

— Я ўвесь ланцужок ужо ведаю. Я ведаю, куды і па якіх аптымальных схемах рэалізоўваць фермерскую прадукцыю. Прадукцыі няма. Вось у чым справа. Сусед быў тут – вялізная гаспадарка: дзве каровы, сто гусей. Усё прадаў, пайшоў на наёмную працу. Чалавек не змог рэалізаваць уласную прадукцыю. Ну, ён не прадавец. І гэта абсалютна нармальна.

— Быў тут яшчэ чалавек з стадам парсюкоў. А што такое свіння? Як кажуць, дайце мне паўкабана, і я перажыву рэвалюцыю. Таму гэта не ўхвалялася ў Савецкім Саюзе, і цяпер ёсць з гэтым складанасці. Паспрабуй яшчэ выбі зямлю пад вядзенне прыватнай гаспадаркі. Чыноўнікі не лічаць, што прыватная гаспадарка – гэта бізнэс.
— З боку сялянаў ёсць страх, што не дадуць працаваць спакойна. А з боку мясцовых чыноўнікаў ёсць неразуменне – лепш прыватніку не даць, менш праблемаў — раптам што.
Цітоў прыводзіць прыклад устойлівасці ў Еўразвязе. Там харчовую бяспеку па краінах забяспечваюць кааператывы, спачатку дробныя, якія пасля пераўтвараюцца ў вялізныя кангламераты. Але першапачаткова гэта фамільны бізнэс. Напрыклад, галандскі малочны брэнд Valio, чые акцыянеры – кааператывы.

— У Еўразвязе вельмі цэняць кааператыўны рух, таму што сямейны бізнэс перажыве любы крызіс.
— Сям'я не будзе адціскаць грошы дзеля імгненнага інтарэсу. Калі надыдзе крызіс, яны заціснуць свае паясы і будуць яго перасіджваць. Бо што яны ўнукам сваім пакінуць?
— Таму пераемнасць можа быць забяспечана толькі за кошт таго, што мы пакінем доўгатэрміновыя праекты на зямлі сваім дзецям. Груба кажучы, пасля нас сын паходзіць, паглядзіць: "Так, у мяне ёсць сад, у мяне ёсць сажалка з рыбай, у мяне ёсць гаспадарчыя пабудовы з жывёлай. Нават калі я сам не буду гэта ўсё глядзець, я магу здаць у арэнду". Гэта і ёсць спадчына.

Вядома, можна зладзіць збыт сваёй прадукцыі, працуючы ўадзіночку. Але, суразмоўца ўпэўнены, такім чынам усё адно немагчыма канкураваць, напрыклад, з тым жа Еўраоптам.

— Пакуль людзі слаба разумеюць, што кааператыў можа дапамагчы выжыць у доўгатэрміновай перспектыве. Але я ведаю і бачу, што гэта працуе, гледзячы на памідоры беларускіх татараў у Іўі ды на агуркі пратэстантаў з Альшанаў. Там феномен трымаецца на працавітасці і рэлігійнай супольнасці.

У планах у спадара Цітова прыцягнуць у кааператыў людзей з Маладзечанскага, Валожынскага і Мінскага раёнаў. Зрабіць з не звязаных паміж сабой гаспадарстваў таварыства даволі складана. Але магчыма, лічыць ён.

— Няхай ён штосьці сёння недаатрымае, але ён будзе дакладна ведаць, што ў яго ёсць замова ад кааператыва на пэўны аб'ём прадукцыі на наступны год. Ён будзе ведаць, колькі яму трэба насення, угнаенняў. Ён будзе разумець свой прыбытак.

Асноўную стаўку аналітык робіць на моладзь з аграгарадкоў. Бо, на яго думку, старому пакаленню ўжо нічога не дакажаш, з вёсак моладзь паз'язджала, а ў аграгарадках ёсць тыя, хто ўмее, хоча працаваць і хоча зарабляць.

Цітоў прызнаецца, што пастаянна спрабуе весці дыялог з чыноўнікамі ў пытанні аднаўлення вёскі.

— Раней я думаў, што дыялог з уладай увогуле немагчымы. Логіка чыноўніка вельмі моцна адрозніваецца ад логікі чалавека, які хоча на гэтай зямлі жыць і яшчэ штосьці пакінуць пасля сябе нашчадкам.
— Але цяпер дзяржава дайшла да ручкі, а ў такой сітуацыі ёй можна штосьці ўкласці ў вушы.
— Таму я стаў паціху пісаць даклады, звяртацца да чыноўнікаў.

Пакуль узімку амаль няма сельскагаспадарчых прац, у спадара Цітова акурат ёсць час на дыялог з уладамі. З надыходам сезону, аднак, усе сілы зноў пойдуць на сваю гаспадарку. А пакуль на развітанне Андрэй праводзіць нам экскурсію па свайму падворку.
Калі мы праз поле вяртаемся да машыны, даводзіцца пракладаць шлях наноў па замеценым снегам полі. Я азіраюся і бачу, як паміж намі і хутарам Цітовых вецер адразу ж узяўся замятаць і свежыя сляды.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте»
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама