І то хлеб
ЛАЙФХАК
Як складаная жыццёвая сітуацыя прывяла гераіню да выпякання хлеба
(рэцэпт з фота)
Расказаць сябрам
Каб прыйсці да Саіды ў госці, я чакала халадоў. Абавязковая ўмова нашай сустрэчы — распачаты ацяпляльны сезон. Справа ў тым, што нашая гераіня — майстрыца рабіць хлеб у печы. І я маю намер зафіксаваць увесь працэс.
Саіда — мусульманка, і шарыят не дазваляе ёй паказваць свой твар у медыях.
Я прыходжу да гаспадыні ўвечары, калі на дварэ ўжо цямнее. Сёння ў нас важныя планы — зрабіць з закваскі апару. Пакуль для мяне гэтыя словы — не нясуць асаблівага сэнсу, а само выпяканне хлебу здаецца складаным працэсам, падуладным толькі выбраным людзям. Навошта ўсе гэтыя складанасці, калі ў любой краме, нават вясковай, можна купіць хлеб?
"Jak nie wiadomo, o co chodzi, to chodzi o pieniądze" (Калі не ведаеш, пра што гаворка, гаворка пра грошы), — адказвае мне польскай прымаўкай Саіда.
І падлічвае: з аднаго двухкілаграмовага пачка мукі, які каштуе 1р.20к., атрымліваецца 4 кілаграмы хлеба. Выходзіць, адзін кілаграмовы бохан хатняга хлеба каштуе 30 капеек. А ў краме — менш за рубель ужо не знойдзеш.

За выгандляваныя грошы пабудавалі катэдж, купілі кожнаму па машыне.
Цяпер Саіда толькі ўзгадвае сваё бязбеднае жыццё ў Лідзе. Яны з бацькам, былым дырэктарам саўгаса, жылі на ўскрайку горада і мелі зямлю праз дарогу. Бацька вырошчваў гародніну, а Саіда — прадавала. З канца 90-х больш за дзесяць гадоў удавалася паспяхова канкураваць з імпартам. Тавар скуплялі невялічкія крамы. Праца ішла.
Але неўзабаве адна бяда за другой прымусілі Саіду адарвацца ад роднай Ліды і паехаць шукаць шчасце ў іншае месца. Спачатку на змену маленькім крамам прыйшлі гіпермаркеты, якія ўжо не працавалі з дробнымі пастаўнікамі. Затым у 2013 памёр бацька Саіды. Жанчына зразумела, што адна не пацягне бізнэс.
Апошняй кропляй стала ўключэнне зямлі, якую апрацоўваў бацька, у межы горада. І яе, ужо ў іншым статусе, проста забралі ды аддалі пад забудову.
Літаральна пад вокнамі Саіды сталі будаваць шматпавярховікі — пачала ездзіць тэхніка, пракладвацца камунікацыі.

І вось, пакінуўшы ўсё нажытае дабро сыну з нявесткай, Саіда з сваім новым мужам Аруджам адправілася шукаць іншае месца для жыцця. І знайшла яго ў вёсцы Кашчэлічы пад Валожынам.

Усё давялося пачынаць наноў. Сёння яны вырошчваюць клубніцы і гадуюць авечак. Сёлетні сезон быў спрыяльным — на грошы з клубніц Саіда і Арудж плануюць зрабіць у хаце санвузел.
А вось летась ледзь зводзілі канцы з канцамі. Тады Саідзе і прыйшла ідэя выпякаць хлеб самой.
І сёння яна дазволіла мне зафіксаваць увесь працэс.

Існуе процьма спосабаў прыгатаваць хлеб. Мы пакажам толькі адзін з іх.

Пачынаецца хлеб з закваскі. Для яе прыгатавання патрэбныя 100г. мукі (гэтым разам Саіда ўзяла пшанічную муку першага гатунку), 100г. вады і дробка дрожджаў. Усё гэта змешваем і пакідаем у слоічку, накрытым марляй, стаяць у прахалодным месцы мінімум на 3-5 дзён. Штодня туды трэба дадаваць 2-3 вялікія лыжкі мукі і 100 г. Вады. Калі закваска пачне пахнуць кіслым і пускаць бурбалкі — яна гатовая.

Вельмі зручна, што для выпякання наступнага хлеба, не трэба рабіць закваску наноў. Варта проста дадаць мукі і вады ў стары слоічак, дзе на сценках засталася папярэдняя закваска з дрожджамі.
Увечары, напярэдадні выпякання хлеба, з закваскі трэба прыгатаваць апару. Выліваем у закваску каля шклянкі вады (можна сыроваткі), чайную лыжку цукру, каля 600 г. Мукі. Перамешваем, накрываем крышкай і пакідаем на ноч.
Раніцай спяшаюся да Саіды, каб прасачыць далей за прыгатаваннем хлеба. Першай справай гаспадыня распальвае печ. Пакуль яна будзе займацца іншымі справамі, печ прагрэецца і будзе гатовая да выпякання хлеба.

Апара настаялася і цяпер самы час зрабіць з яе паўнавартаснае цеста. Для гэтага дадаем туды кмен, кунжут, льняное насенне (усё на густ, можна дадаць тое, што вы любіце, ці не дадаваць нічога), паўтары сталовыя лыжкі ферментаванага жытняга соладу, размешанага з вадой (для жытняга смаку), чайная лыжка солі, чайная лыжка цукру. Адна-дзве шклянкі мукі дадаём, памешваючы ўсё, пакуль кансістэнцыя цеста не стане даволі густой, крыху радзейшай, чым на пяльмені. Калі цеста атрымаецца занадта густым, хлеб будзе сухім. Можна дадаць крыху варанай таўчонай бульбы.
Цяпер цеста трэба добра памяць рукамі. Каб яно не ліпла, рукі можна змазаць алеем. Тады і хлеб будзе мець прыемны водар і атрымаецца апетытная корачка. На дно формы таксама наліваем крыху алею. У нашым выпадку формай служыць гусятніца — абавязкова патрэбныя высокія сценкі, бо хлеб будзе падымацца.

Накрываем і ставім форму з цестам у цёплае месца мінімум на паўтары гадзіны, а то і на ўсе 3-4. Усё залежыць ад тэмпературы ў памяшканні — чым яна вышэйшая, тым хутчэй уздымецца цеста.
У выпяканні хлеба, кажа Саіда, галоўнае не спяшацца.
Можна заняцца сваімі справамі і час ад часу падглядаць, як там цеста. Бывае, калі ўсё спрыяе, яно нават пачынае паўзці праз краі гусятніцы. Бывае, што і паўдні можа спатрэбіцца, каб цеста ўзнялося. Тут уплывае не толькі тэмпература паветра, але і колькасць інгрыдыентаў. Соль і солад тармозяць бражэнне, а цукар і дрожджы робяць яго больш хуткім.

Праз тры гадзіны наш будучы хлеб узняўся амаль да краёў гусятніцы. Вуглі ў печы амаль прагарэлі. Час — ставіць хлеб у печ.
Гадзіна за размовамі прайшла хутка. Саіда дастае хлеб. Каб ён павольней чарсцвеў, яго адразу трэба накрыць мокрай баваўнянай анучай на 5 хвілін.

Па хаце распаўзаецца прыемны водар. І абед з дамашнім хлебам становіцца нашмат смачнейшым.

Як выявілася, у працэсе прыгатавання хлеба няма нічога складанага. Варта толькі пачаць. І пасля ўжо не спыніцца.

***

Дарэчы, дзяўчаты з Торба Шоу стварылі экалагічныя баваўняныя торбачкі адмыслова для хлеба. У іх змяшчаецца любы бохан і нават багет! У гэтыя торбачкі прыемна і бяспечна класці хлеб не толькі з крамы, але і прыносіць уласнавыпечаны бохан у падарунак сябрам. Гэта стылёва і экалагічна. Цяпер вы можаце абіраць у краме хлеб без пластыкавай упакоўкі і быць спакойнымі, што ён захоўваецца ў надзейным месцы.

Акрамя таго у Торба Шоу можна замовіць кулькі-сетачкі розных памераў для садавіны, гародніны, слодычаў, арэхаў ды іншых прадуктаў. Кулькі зробленыя з паўпразрыстай крыху эластычнай тканіны, краі надзейна апрацаваныя, шнурочкі зацягваюцца лёгка і трывала. Краш-тэсты пройдзеныя на "выдатна". З кулькамі ад Торба Шоу вы можаце забыць пра пластыкавыя фасавальныя пакеты ў крамах і на кірмашах.

Стаўцеся да наваколля з любоўю.

Каб замовіць кулькі, запаўняйце адмысловую форму.

Па ўсіх пытаннях можаце звяртацца да Торба Шоу па пошце (torbashow@gmail.com), на Фэйсбуку, ВКонтакте або ў Інстаграме.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте»
Аўгіня Манцэвіч
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda