Смецце — што з ім стане пасля мяне?
ЭКА
Перапрацоўка смецця VS скарачэнне спажывання.
Што мы можам зрабіць, каб выратаваць планету і сябе?
Расказаць сябрам
Гэты артыкул, які ў сябе ў галаве я ўмоўна назвала "пра перапрацоўку смецця", пісаўся паўгады. Ён, невядома чаму, нараджаўся пакутліва і доўга. І толькі праз шэсць месяцаў я зразумела прычыну: пісаць сёння выключна пра перапрацоўку смецця ўжо неактуальна, запозна і нават у пэўным сэнсе – крывадушна. Тая хуткасць, з якой расце колькасць "вечных" адкідаў, не дазваляе нам больш марудзіць, па-ранейшаму калупацца ў гэтых адкідах і думаць, у якое вядро што выкінуць. Сёння трэба дзейнічаць больш радыкальна і працаваць над тым, каб не ўтвараць столькі смецця. Бо перапрацоўка – змаганне толькі з наступствамі і ўжо даўно не вырашае праблемы забруджвання планеты.

Фота Дашы Бубен
Чаму важна гаварыць пра смецце?

Як часта вы выносіце смецце? Раз у тыдзень? Раз у некалькі дзён? Колькі смецця вы выносіце? А што, калі б яго не забірала машына і вам даводзілася складаваць свае адкіды дома? Як хутка яны выціснулі б вас з уласнага пакою? Толькі падумайце, сярэднестатыстычны чалавек выкідае за тыдзень 7-10 кілаграмаў смецця, а гэта значыць – прыкладна 400-500 кілаграмаў у год. Толькі ў Беларусі штогод выкідаюць каля 4 мільёнаў тон смецця. І гэтая лічба пастаянна расце.

«Пластыкавая праблема» даўно выйшла за межы гарадоў і краін.
Вялікая ціхаакіянская смеццевая пляма, што ўтварылася з пластыку, ужо дасягнула памеру у сем разоў большага за Беларусь!
Многія скептыкі не вераць у існаванне пластыкавага кантыненту, маўляў, чаму дагэтуль яго ніхто не сфатаграфаваў?

Справа ў тым, што пляма –не суцэльны слой смецця на паверхні вады, а часцінкі пластыку такога памеру, што іх цяжка адразу пабачыць няўзброеным вокам. Аднак пры аналізе пробаў вады навукоўцы вызначылі, што канцэнтрацыя пластыка ў пляме часта перавышае канцэнтрацыю зоапланктона ў сем разоў.

Нават, здавалася б, самыя чыстыя месцы планеты губляюць сваё права такімі называцца. У глебе Швейцарскіх альпаў быў знойдзены мікрапластык. Яго знайшлі ў 90% пробаў, узятых на аналіз. Беларусь – далёка не Швейцарыя, але і тут маніторынг выявіў забруджванне мікрапластыкам водных аб'ектаў. У асноўным, гэта міклавалокны, якія вымываюцца з сінтэтычнага адзення.

Калі размова заходзіць пра пластык, многія скептыкі кажуць: што мне тая ціхаакіянская пляма і Швейцарскія горы – я туды ніколі не траплю. Аднак на самой справе варта ўсвядоміць, што горы і акіян усё перажывуць, а вось шкода, якая наносіцца здароўю канкрэтнага чалавека – гэта рэальная праблема, якая тычыцца кожнага з нас. І тое, што шкодна для навакольнага асяроддзя, шкодна для нас.
Фота Дашы Бубен
Трэба памятаць, што звалкі – крыніца паступлення метану (парніковага газу) ў навакольнае асяроддзе.
А змена клімату вядзе ў тым ліку да павелічэння выпадкаў такіх хваробаў, як малярыя, дэнге, клешчавы энцэфаліт ды іншыя.
Наступствы для чалавека – цалкам рэальныя, паведамляецца на сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Пад уздзеяннем сонца пластык не падвяргаецца біяраскладанню, а распадаецца на дробныя-дробныя часцінкі, якія захоўваюць сваю малекулярную структуру. І такім чынам трапляюць у корм насельнікам акіяну, птушкам, жывёлам. Акрамя нанясення непасрэднай шкоды жывым істотам,
пластык можа ўбіраць у сябе шкодныя арганічныя забруджвальнікі, некаторыя з якіх прыводзяць да гарманальнага збою атручаных арганізмаў.
А мікрапластык з лёгкасцю трапляе на наш абедзенны стол разам з рыбай, морапрадуктамі, вадой і нават марской соллю. Паводле даследавання Грынпісу, марское смецце наносіць шкоду мінімум 267 біялагічным відам усяго свету. І чалавеку разумнаму – у тым ліку.
Фота Дашы Бубен
Чаму перапрацоўка не працуе?

Па ацэнцы спецыялістаў ААН масавая вытворчасць пластмасы расце з кожным годам. Усё гэта яскрава паказвае паказвае, што адной перапрацоўкай мы не вырашым праблему. Да прыкладу, у Беларусі штогод выпускаюць каля 8 тысяч тон пластыкавых пакетаў. Перапрацоўваецца ў нас усяго каля 16% адкідаў. Калі вельмі пастарацца, гэтую лічбу можна павялічыць да 30%, але не больш. Напрыклад, многія нават адсартаваныя адкіды не ідуць на перапрацоўку, бо іх не памылі.
Да таго ж, нягледзячы на тое, што пластык можна перапрацоўваць да васьмі цыклаў, толькі 9% усяго пластыка, вырабленага за апошнія 50 гадоў, было перапрацавана, і ўсяго 10% з гэтай колькасці – больш за адзін раз.
У кожным разе, перапрацоўваць пластык бясконца не атрымаецца. І ў выніку ён усё адно скончыць сваё жыццё ў лепшым выпадку – на палігоне, у горшым – у тых жа горах, акіянах, на нашых талерках.
Фота Дашы Бубен
Скарачэнне спажывання – першы крок да зменаў

Барацьба за нашую планету і за нас саміх павінна пачынацца з перагляду таго, што і як мы спажываем. Каб зменшыць шкодны ўплыў на прыроду, перш за ўсё трэба скараціць спажыванне.
Найбольшая колькасць адкідаў, якая застаецца пасля чалавека, – гэта ўпакоўка ад тавараў.
І самае крыўднае, што ўпакоўка служыць толькі для таго, каб данесці тавар да дому, дзе адразу ж адпраўляецца ў сметніцу.

Мы ўжо пісалі пра канцэпцыю «zero waste» – «нуль адкідаў», якая дзейнічае па прынцыпе: скарачэнне спажывання, паўторнае выкарыстанне і ўрэшце пераапрацоўка. Гэтыя простыя правілы дазволяць істотна скараціць аб'ём смецця, які застаецца пасля нас.
Фота Дашы Бубен
Вядома, вясковым жыхарам, якія маюць сваю гаспадарку, жыць з меншай колькасцю смецця значна прасцей. Само жыццё на прыродзе з'яўлецца важным крокам да больш экалагічнага жыцця. Яйкі дастаюцца з-пад курэй, малако цэдзіцца ў жалезныя вёдры і разліваецца па шкляных слоіках, гародніна выдзіраецца наўпрост з зямлі. Паперай заўсёды можна распаліць печку. Аднак цалкам забяспечыць сябе прадуктамі харчавання з сваёй гаспадаркі могуць далёка не ўсе. Акрамя таго, купляць даводзіцца не толькі ежу.

  • Таму варта карыстацца рэчамі беражліва, каб працягнуць тэрмін іх службы.
  • Часам лепш купіць больш дарагую рэч, але якая праслужыць даўжэй за танную.
  • Калі нешта зламалася – аддайце ў рамонт, замест таго, каб купляць новае і выкідаць старое.
  • Перыядычна карысна праводзіць рэвізію сваіх рэчаў, і калі знаходзіцца штосьці лішняе, – аддавайць гэта тым, каму патрэбна.
  • Але вядома, лепш проста не купляць лішняга. Дарагія рэчы і тыя, якімі не даводзіцца карыстацца часта, купляйце ў складчыну з суседзямі.
  • Адмоўцеся ад аднаразовых тавараў.
  • Звяртайце ўвагу на ўпакоўку тавару.
  • Думайце перад тым, як нешта купіць.

Выбірайце прадукты з найменшай колькасцю ўпакоўкі. Найлепшы варыянт – купляць на вагу ў сваёй тары. Найпрасцей гэта зрабіць на рынку, у некаторых крамах таксама можна купіць арэхі, сухафрукты, крупы, слодычы на вагу ў свае торбачкі і сетачкі. Старайцеся купляць тавары большага аб'ёму: лепш купіць адзін літровы шампунь, чым пяць шампуняў па 200 грамаў. Адмоўцеся ад дастаўкі. На жаль, пакуль колькасць пакетаў, якія прыязджаюць з дастаўкай, катастрафічная. Таму выйсцем могуць стаць штотыднёвыя паездкі на рынак, альбо пакупкі сельскай прадукцыі ў суседзяў па вёсцы.
Фота Дашы Бубен
Як сартыраваць смецце?

Пастаўце дома кантэйнеры для асобнага збору смецця – для паперы (калі няма печкі); арганікі (кампост пасля можна ўжываць на агародзе); пластыка, які перапрацоўваецца; і вядро для неадсартаванага смецця. "Цэнтр Экалагічных рашэнняў" зрабіў выдатную памятку пра тое, як сартыраваць пластык і іншую сыравіну. Перад тым як выкінуць упакоўку, знайдзіце на ёй адпаведны надпіс ды памыйце. І ў будучыні, па магчымасці, пастарайцеся адмовіцца ад прадуктаў, упакоўка ад якіх не перапрацоўваецца.

На зялёнай мапе можна знайсці інфармацыю, куды здаваць тэхніку, батарэйкі, лекі, шыны, ртутныя лямпы, будаўнічыя адкіды. Можна далучыцца да каманды стваральнікаў мапы, запоўніўшы анкету, і такім чынам спрычыніцца да таго, што ваш рэгіён таксама будзе падрабязна адлюстраваны.

Металічныя і шкляныя ёмістасці можна выкарыстоўваць паўторна, альбо здаваць у прыёмна-нарыхтоўчыя пункты. Акрамя таго, можна ўключыць фантазію і ствараць з упакоўкі розныя рэчы, напрыклад, гаманцы з тэтрапакаў. Такі працэс стварэння рэчаў з непатрэбнага халусця называецца апсайклінгам.
Фота Дашы Бубен
Што адбываецца з адкідамі пасля?

Супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў, біяхімік Марыя Сума патлумачыла Даўншыфтару, што ў Беларусі ёсць агульнапрынятая практыка дасартыроўкі смецця з кантэйнераў. Гэта значыць, што пасля таго, як смецце забірае машына, яго дадаткова сартыруюць уручную нават у рэгіёнах.

– Іншая справа, – кажа экспертка, – што дасартыроўка – гэта таксама не заўсёды добры варыянт, таму што, магу сказаць па Мінску, з кантэйнераў асобнага збору дастаюць толькі 20% другаснай сыравіны, з агульных кантэйнераў – толькі 5%. Усё астатняе ідзе на пахаванне. Гэта можа адбывацца па некалькіх прычынах. Перш за ўсё, таму што людзі самі дрэнна сартыруюць.

Таму, калі вы самі выкідаеце змяшанае неадсартыраванае смецце ў адным пакеце, то верагоднасць, што з яго выймуць пластык, прыдатны для перапрацоўкі, усяго 5%. Калі на станцыі дасартыроўкі возьмуцца за ваш пакет выключна з адсартыраваным пластыкам, то адсотак карыснай сыравіны з яго значна ўзрасце. Але, на жаль, і тут большая частка вашай працы можа аказацца марнай.

На станцыі дасартыроўкі ніхто не будзе ўглядацца ў коды, пазначаныя на вашым смецці і вызначаць, ці прыдатнае яно для перапрацоўкі, – кажа Марыя Сума.
– Адбор сыравіны адбываецца, як правіла, візуальна і толькі тых тавараў, якія дакладна ведаюць. Напрыклад, як выглядае ПЭТ-бутэлька, ведаюць усе. Таму верагоднасць, што такая бутэлька патрапіць на перапрацоўку, вялікая.
– Пры гэтым, калі казаць пра малочную прадукцыю, то ў нас перапрацоўваюцца толькі бутэлькі ад малака. На жаль, ніякая іншая ўпакоўка ад малочнай прадукцыі не перапрацоўваецца.

– Таксама, адсартыроўваюць тое смецце, на якое ёсць запыт. Напрыклад, калі нейкае расійскае прадпрыемства даслала запыт на тэтрапак (у Беларусі такіх прадпрыемстваў няма), то яго адсартыруюць. У адваротным выпадку – ён ідзе на пахаванне. Тое ж самае з полістэролам, пенапластам. Пастаяннага запыту на гэтыя тавары ад беларускіх прадпрыемстваў няма. Акрамя таго з сартыравальнай лініі добра выймаецца ўпакоўка ад касметыкі, тазікі, то бок, шчыльны поліпрапілен.
Што тычыцца бясплатных тонкіх пластыкавых фасавальных пакецікаў, то зазвычай яны настолькі тонкія і брудныя, што прымешкаў там нашмат больш, чым вага самаго пакета.
Таму перапрацоўнікам няма сэнсу іх збіраць, бо там будзе 20-30% арганічных уключэнняў. Каб перапрацаваць такое, трэба нашмат больш энэргіі і вады, што немэтазгодна. Тое ж, калі на пакеце ёсць прылеплены цэтлік з штрыхкодам (напрыклад, ад пакупкі гародніны), які важыць як паўпакета. Яго таксама не прымуць на перапрацоўку.

Уявіце сабе маштаб: штомесяц у Беларусі вырабляецца каля 210 тон пластыкавых фасавальных пакетаў, і 90% з іх у той жа дзень выкідаюць і больш ніколі не выкарыстоўваюць. Марыя Сума раіць мыць такія пакеты, збіраць у адзін, а затым выкідаць у кантэйнер ці самастойна завозіць на прыёмна-нарыхтоўчы пункт. Пры гэтым зазначае, што здаць пластык за грошы вельмі цяжка, таму раіць рабіць гэта бясплатна. Інфармацыю аб прыёмна-нарыхтоўчых пунктах вашага рэгіёну можна знайсці ў выканкамах ці непасрэдна ЖКГ.
Фота Дашы Бубен
На жаль, заводы, якія спальваюць смецце, таксама далёка не найлепшы варыянт. Бо пластык, які гарыць, выдзяляе шкодныя таксіны. І нават калі строга выконваць тэхналогіі спальвання, ніхто не гарантуе бяспечных выкідаў, тым больш у выпадку аварыі.
– Зусім невялікая частка другаснай сыравіны ў Беларусі запатрабаваная. Самае цікавае нашым перапрацоўнікам – гэта шкло і папера. На гэта ёсць дзяржзамовы.
– І таму гэтага ў кантэйнерах вельмі мала. Таму што ўсё гэта часта ідзе ў прыёмна-нарыхтоўчыя пункты. Таксама такі від сыравіны збіраецца адміністрацыйным спосабам. Асабліва ў вёсках і маленькіх гарадах з радасцю прымаюць паперу, шкло ў школах, дзіцячых садах і г.д.

Існуе альтэрнатыва і самім пластыкавым смеццевым пакетам. На жаль, "біяраскладальныя" пакеты, якія прапануюць у Беларусі, усё адно распадаюцца на мікрапластык і трапляюць у глебу і вадаёмы. Затое можна рабіць адмысловы кокан з паперы ці газеты, які кладзецца ў вядро, і пасля смецце выкідаецца разам з коканам. Многія з нас яшчэ памятаюць тыя часы, калі мы хадзілі з вёдрамі да кантэйнераў ці смеццявозаў, выкідалі смецце і вярталіся з вёдрамі дадому.
Але ў пэўны момант, чамусьці падумалі, што жыццё немагчымае без смеццевых пакетаў. Як і чамусьці вырашылі, што хадзіць у краму з сваёй торбай ці авоськай, здаваць шкляныя бутэлькі ці мыць пакеты сёння не камільфо.
Нашае траўматычнае савецкае мінулае прымушае нас актыўна змагацца з усім, што яго нагадвае. Нават нягледзячы на тое, што часам яно нашмат экалагічней.

Увогуле, для таго, каб стаць на шлях скарачэння спажывання, ёсць універсальнае правіла. Кожны раз перад тым, як нешта купіць, задавайце сабе наступныя пытанні. Ці я змагу без гэтага абысціся? Ці існуюць больш экалагічныя аналагі? Як доўга я буду гэтым карыстацца? Што з ім стане пасля мяне?
Фота Дашы Бубен
Расказаць сябрам
Аўгіня Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda