Колькі пакетаў прывозіць дастаўка пры замове на 50 рублёў?
ЭКА
DownShifter.by паставіў эксперымент па анпэкінгу (распакоўцы) е-дастаўкі.
Год назад настаў пераломны момант у нашым сціплым даўншыфтарскім жыцці. Е-дастаўка стала абслугоўваць усю Мінскую вобласць. "Бывай, аўталаўка, якую трэба чакаць паўдня! Бывай, напаўпустая вясковая крама! Бывайце, паездкі ў горад у гіпермаркет!" – радаваліся мы. Але спатрэбіўся год рэгулярнага карыстання дастаўкай, каб зразумець, што не ўсё так адназначна і весела.
Эйфарыя ад таго, што пакупкі прывозяць табе літаральна на ганак, знікла даволі хутка. Колькасць пакетаў, у якія складаліся прадукты, расла ў геаметрычнай прагрэсіі. Калі запоўніўся першы пакет з пакетамі, я напісала скаргу пра неэкалагічнасць такога падыходу на сайце кампаніі. Мне перазваніла ветлівая супрацоўніца і сказала, што пакеты можна аддаваць экспедытару, і тару выкарыстоўваюць па другім коле.

Аднак, калі ўжо наступны раз да нас прыехала дастаўка і я пачала вымаць прадукты з пакетаў і аддаваць апошнія назад экспедытару, ён здзіўлена паглядзеў на мяне: "Нікуды мы іх не аддаем. Я проста выкідаю". Наступны экспедытар таксма няўпэўнена сказаў: "Бывае, выкідаю. Калі шмат назбіраецца, аддаю ахоўніку. Што ён з імі пасля робіць, не ведаю".

Так я зразумела, што другое жыццё ў гэтых пакетаў зусім не гарантаванае. І верагодней за ўсё, яны працягваюць сваё вечнае існаванне на смеццевых палігонах.

Нягледзячы на тое, што большасць пакетаў я працягвала аддаваць, мой пакет з пакетамі няспынна рос. Апошняй кропляй сталі купленыя мною тры штукі авакада, кожны з якіх быў загорнуты ў асобны пакет.
І ўрэшце я сказала сабе: "Стоп! Больш ніякай дастаўкі".
Але на развітанне вырашыла зрабіць фота-справаздачу працэса анбоксінга (анпэкінга ў дадзеным выпадку) – распакоўкі адной шараговай замовы.

Такім чынам, я купіла прадуктаў на 50 рублёў. І вырашыла палічыць, колькі пакетаў мне дастанецца разам з імі.


Дастаўка прывезла 7 пакетаў-маек. Некаторыя з іх былі даволі важкія, іншыя – зусім лёгкія і амаль пустыя. Акідваю іх вачыма і адразу бачу, што спакаваць прадукты можна было б рацыянальней і змясціць усе пакупкі ў два пакеты.

Пачынаем распакоўку. Пакет першы – 9 кілаграмаў солі. Пакункі зробленыя з пераапрацаванай паперы. І купі я іх сама ў краме ды пакладзі ў палатняную торбу, можна было б абысціся без пластыку. Ды дзе там было.


Другі пакет – цукар, хлеб, рыс, кансерваваная кукуруза.

У трэцім пакеце на дне знаходжу яшчэ два пакеты. І ўжо ў іх – глазіраваныя сыркі і асобна пачак масла (проста як у казцы пра іголку і смерць Кашчэя Неўміручага). Прычым тое, што я выбіраю масла ў экалагічнай упакоўцы, не грае ніякай ролі, яго ўсё адно кладуць у поліэтыленавы пакет.
У чацвёртым пакеце – кавалак рыбы і дзясятак яек таксама ва ўпакоўцы з пераапрацаванай паперы.
Пяты пакет – "малочка": тварог ды смятана.
Шосты пакет – яблыкі, бананы, буракі, агуркі. Кожны від садавіны ды гародніны зноў жа запакаваны ў маленькія пакеты. Прычым яны заклееныя цэтлікамі так, што развязаць пакет, не пашкодзіўшы яго, проста немагчыма. Ім адзін шлях – адразу ў сметніцу.
І самы цікавы пакет – сёмы, які, на першы погляд, здаўся зусім пустым. У ім апынулася ўсяго толькі адна цэлюлозная губка для мыцця посуду. Я разумею, калі б сама губка была незапакаваная, яе можна было б пакласці ў асобны пакет, але губка – ва ўпакоўцы. І сэнсу такой сартыроўкі ад дастаўкі я не разумею.
Такім чынам, усяго пры пакупцы прадуктаў на 50 рублёў, я атрымала 7 вялікіх пакетаў-маек і 6 маленькіх цэлафанавых пакетаў.
Прычым большасць з іх ужо непрыдатныя для паўторнага выкарыстання. І гэта не ўлічваючы самой упакоўкі прадуктаў.
Цікавы здымак у сябе на старонцы ў фэйсбуку вывесіла карыстальніца Anya Lo з каментаром: "Уважаемый ЕВРООПТ – вы совсем ку-ку уже? Evgeny Sivakov сообщает:
"Евроопт привёз 5 кг (!) лимонов. Каждый лимон в отдельном пакете".
"У меня от ярости аритмия началась". Реально – сколько можно? Вы про экологию что-нибудь слышали вообще или только что можете – это писать на своих бесконечных пакетах слово "БИО"? Решайте как-то этот вопрос, уже несмешно".
Фота Яўгена Сівакова
Што ж, цяпер без дастаўкі маё спажывецкае жыццё стала крыху больш складаным, але адназначна больш цікавым і ўсвядомленым.

У нашай вёсцы не засталося ні курэй, ні кароў. Па малако і яйкі цяпер даводзіцца хадзіць у суседнюю. Але затое шкляныя слоікі і шматразовая тара для яек цяпер радуюць не толькі маё вока і сумленне, але і нашую матулю-прыроду.

Шточацвер, у базарны дзень, мы ўзялі за традыцыю ездзіць у суседні гарадок на кірмаш. Там у сваю тару можна купіць усё – ад гародніны да спецыяў і нават гарбаты. Да таго ж, калі нейкіх тавараў няма на рынку, можна заскочыць усё ў той жа гіпермаркет і дакупіць тое, чаго не хапае, у свае палатняныя торбы. Выдатна, калі ў краме яшчэ і садавіну ўзважваюць на касе – тады можна зусім абысціся без пакетаў і нават цэтлікаў на іх.

Што я магу сказаць па выніку свайго эксперыменту. Мой пакет з пакетамі больш не расце. Вядро для пластыку стала запаўняцца нашмат павольней. І задавальненне сабой таксама ўмацавалася. Згрызоты сумлення кудысьці зніклі. Так што экалагічны лад жыцця – гэта не толькі клопат пра навакольнае асяроддзе, але і пра свой псіхалагічны спакой.

Расказаць сябрам
Аўгіня Манцэвіч
Чытайце таксама
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Made on
Tilda