ЭКА

Як выбраць бяспечную бытавую хімію

Разбіраемся, як не даць сябе надурыць, купляючы сродкі бытавой хіміі.
Несумленныя вытворцы бытавой хіміі і касметыкі зразумелі, што экадружалюбнасць уваходзіць у моду і пакупнік з вялікай доляй верагоднасці купіць менш шкодны для сябе і наваколля сродак. Таму сталі ісці на хітрыкі, каб змусіць адказнага пакупніка да выбару менавіта іх прадукта. Гэтая з'ява нават мае сваю назву — грынвошынг — наўмыснае пазіцыянаванне сваёй кампаніі ці прадукта як экалагічнага без дастатковых на гэта падставаў. І больш за тое, такія сродкі часта могуць каштаваць даражэй за іншыя.
Спецыялістка па экадружалюбным ладзе жыцця Дар'я Чумакова пералічыла для DownShifter.by прызнакі грынвошынгу:

• Калі на ўпакоўцы вы бачыце надпісы "eco", "bio", "organic", "100% біяраскладальны", "бяспечны для прыроды", "клапоцімся пра навакольнае асяроддзе".

• Калі ўпакоўка выкананая ў прыглушаных зялёных колерах, складаецца з крафту — неадбеленай паперы — усё гэта асацыюецца ў нас з больш натуральнымі таварамі.


Але гэта зусім не значыць, што ўнутры сапраўды будуць натуральныя кампаненты.

Напрыклад, на ўпакоўцы можа быць напісана, што сродак не ўтрымлівае фасфатаў, сіліконаў, хаця для гэтага сродку ў прынцыпе не характэрна іх утрыманне.
Часта вытворцы пральных парашкоў пішуць на цэтліку спераду, што сродак не ўтрымлівае фасфатаў. Але калі прачытаць склад, то можна пабачыць, што там утрымліваюцца фасфанаты, блізкія рэчывы, якія выклікаюць такую ж праблему, як і фасфаты — празмернае квітненне вадаёмаў. Ды нават надпіс "для дзяцей" не заўсёды азначае, што сродак бяспечны. Таму спажывальнікам трэба быць дастаткова ўважлівымі, каб не трапіцца на такія хітрыкі.
«‎Для гэтага дзейнічае адно залатое правіла, яно называецца правіла "складу", — дзеліцца Дар'я Чумакова. — Гэта значыць, што трэба выпрацаваць звычку чытання складаў, нягледзячы на тое, што нам цяжка, тэкст напісаны маленькімі літарамі, мы нічога не разумеем».
«У складзе і толькі ў складзе мы можам знайсці інфармацыю пра тое, ці сапраўды перад намі той сродак, які мы хочам купіць, ці перад намі падман і вельмі добрая праца маркетолагаў».
Сапраўдная экамаркіроўка абазначае, што трэцім незалежным бокам (не вытворцам і не спажыўцом) пацвярджаецца, што гэты прадукт адпавядае стандартам гэтай самай маркіроўкі. Могуць быць больш ці менш жорсткія стандарты, але зазвычай яны кажуць пра адно і тое ж: у складзе няма пэўных крытычных інгрыдыентаў, там выкарыстаныя прадукты прыроднага паходжання, атрыманыя з арганічнага земляробства. Сертыфікаты могуць сведчыць пра біяраскладальнасць упакоўкі, адсутнасць тэставанняў на жывёлах.

Аднак і тут ёсць праблема — існуе процьма псеўдаэкамаркіроўкі, якая змушае няўважлівага пакупніка да выбару пэўнага тавару. Гэта можа быць зялёны лісточак у кружочку ці нейкі надпіс у кружочку, што на самой справе не з'яўляецца зарэгістраваным сертыфікатам. Законам такая маркіроўка не забараняецца, але гаворка тут ідзе пра сумленнасць вытворцы.
Ніжэй прыводзім прыклады экамаркіровак, стандартам якіх можна давяраць. Іх варта запомніць.
Адным словам, проста зірнуць на колер упакоўкі ці лэйбл на ёй — не дастаткова для таго, каб наш выбар быў больш экалагічным.
Нават у добрых і дарагіх вытворцаў часам трапляюцца сродкі не самай лепшай якасці, а ў танных — цалкам прымальныя тавары.
Таму трэба ведаць, якія менавіта рэчывы нясуць патэнцыйную небяспеку для нашага здароўя і навакольнага асяроддзя.
Перш за ўсё варта звяртаць увагу на маркіроўку, якая абазначае шкоднасць бытавой хіміі.
Раздражняльны
Раздражняльны. Прадукт утрымлівае таксічныя рэчывы.
Небяспечны для навакольнага асяроддзя
Небяспечны для навакольнага асяроддзя. Можа выклікаць раздражненне і запаленні слізістых.
Шкодны
Шкодны. У склад могуць уваходзіць рэчывы, якія ўяўляюць пагрозу для жывых арганізмаў.
Едкі
Едкі. У склад прадукту ўваходзіць шчолак ці кіслата ў вялікай канцэнтрацыі.

Таксама варта памятаць, што кампаненты ў складзе сродку заўсёды пералічаныя ў парадку ўбывання — інгрыдыент на першым месцы будзе дамінуючым, на апошнім — утрымлівацца ў мінімальнай колькасці.
Спіс рэчываў, якіх варта пазбягаць у складзе прадуктаў

1. Паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР), або ПАВ (ru). Уваходзяць у склад парашкоў, сродкаў для мыцця посуду. Аблягчаюць выдаленне забруджванняў.
  • Аніённыя ПАР могуць накаплівацца ў арганізме, калі мы мыем посуд без пальчатак ці носім памытае парашком адзенне. ПАР могуць парушаць імунітэт, павышаць алергеннасць арганізму, павялічваць усмоктванне іншых хімічных рэчываў у арганізм. Яны аказваюць сур'ёзны ўплыў на біясферу, таму што здольныя ствараць нерастваральныя плёнкі на паверхні вады, чым парушаюць газаабмен паміж вадой і атмасферай.
  • Выбірайце сродкі з утрыманнем аніённых ПАР менш за 5%. Аддавайце перавагу неінагенным ці прыродным ПАР.

2. Поліфасфаты (фасфаты, фасфанаты). Дадаюцца ў пральныя парашкі ды іншыя сродкі для зніжэння жорсткасці вады.
  • Поліфасфаты здольныя выклікаць алергічныя рэакцыі, парушаюць бар'ерныя функцыі скуры і вельмі моцна шкодзяць навакольнаму асяроддзю: трапляючы ў вадаёмы, яны выклікаюць празмернае размнажэнне водарасцяў і як вынік — квітненне вады. Гэта прыводзіць да гібелі водных насельнікаў. Пагаршаецца якасць пітной вады. У краінах Еўразвязу фасфаты забароненыя ў парашках з 2013 года, у сродках для мыцця посуду — з 2015.
  • Шукайце сродкі, дзе ўтрыманне поліфасфатаў менш за 5%. Фасфаты можна замяніць на цэаліты ці полікарбаксілаты — прыродныя змякчальнікі вады.

3. Злучэнні хлору. Дадаюцца адбельвальнікі і ачышчальныя сродкі.
  • Могуць стаць прычынай захворванняў сасудзісай сістэмы, спрыяць узнікненню атэрасклерозу, анеміі, гіпертаніі, адмоўна ўплываць на стан скуры і валасоў. Павялічваюць рызыку алергіі і ракавых захворванняў. У краінах ЕС большасць злучэнняў, якія ўтрымліваюць хлор, забароненыя для выкарыстання з 1987 года.
  • Варта выбіраць сродкі на аснове чацвярцічна-амоніевых злучэнняў, трацічных амінаў, альдэгідаў і полігуанідаў, альбо сродкі на аснове соды ці мармуровых дробак.

4. Аптычныя адбельвальнікі.
  • Даказанай шкоднасці няма, але само рэчыва баласнае. Яно пераламляе ультрафіялетавае святло так, што здаецца, нібыта рэч становіцца белай. У рэчаіснасці яна такой не становіцца. Важна, каб рэчы пасля прання сапраўды сталі чыстымі, а не проста здаваліся такімі.
  • Выбірайце адбельвальныя сродкі на аснове атамарнага кіслароду.

5. Лятучыя арганічныя рэчывы: бутан, ізабутан, фармальдэгід, нафтавыя дыстыляты, бензанат натрыя, нітрыт натрыя. Уваходзяць у склад аэразоляў.
  • Здольныя выклікаць алергічныя рэакцыі, прыводзіць да развіцця бранхіяльнай астмы, узнікнення галаўных боляў і дэпрэсіі. Некаторыя злучэнні могуць выклікаць мутацыю ДНК.

6. Нітрабензол. Уваходзіць у склад паліроляў для падлогі і мэблі.
  • Лёгка ўпітваецца праз скуру. Прыводзіць да кіслароднага галадання тканак.

7. Аміяк. Уваходзіць у склад сродкаў для мыцця вокнаў.
  • Можа раздражняць слізістыя абалонкі, выклікаць апёкі, разлады стрававання, часовае спыненне дыхання і ацёк верхніх дыхальных шляхоў.

Зручны кішэнны буклет-шпаргалку з пералікам шкодных рэчываў вы можаце знайсці на сайце Ecoidea
Дар'я Чумакова падрэкслівае, што пры наяўнасці ў сродку нейкіх рэчываў са спісу нельга казаць, што перад вамі стоадсоткава небяспечны сродак. Гаворка заўсёды ідзе пра патэнцыйную небяспеку. Гэта значыць, што пры доўгатэрміновым выкарыстанні гэтае рэчыва можа нанесці шкоду вам і навакольнаму асяроддзю.
Аднойчы зайшоўшы ў краму ў аддзел бытавой хіміі, я з жахам выявіла там агромністую колькасць сродкаў для кожнай асобнай дробязі: адны — для чысткі дываноў, другія — для мэблі, трэція — для такой падлогі, чацвёртыя — для сякой, пятыя — для лядоўні, шостыя — для вокнаў, былі нават сродкі для мыцця надгробных камянёў! І я задумалася: ці праўда яны нам усе патрэбныя? Усё жыццё я мыла вокны простай вадой і яны цудоўна адмываліся! Думаю, надгробныя камяні таксама будуць выдатна выглядаць пасля простага працірання анучкай.
Можна да скону вывучаць склады сродкаў і спрабаваць замяняць іх натуральнымі інгрыдыентамі, але, можна проста выкрэсліць са свайго жыцця лішнія сродкі — і здароўю лепей, і клопату менш.
Пры гэтым наіўна думаць, што магчыма цалкам адмовіцца ад бытавой хіміі. Верагодна, нехта можа і так, але для менш радыкальных людзей ёсць іншае выйсце — вызначыць для сябе мінімальную колькасць сродкаў, без якіх не абысціся, і замяніць іх на бяспечныя для здароўя і навакольнага асяроддзя.

У наступных матэрыялах мы раскажам вам, як выбіраць бяспечную касметыку, а таксама як у хатніх умовах самім ствараць касметыку і бытавую хімію. Спойлер — не ўсё так складана, а часам нават прасцей, чым разбірацца ў складах сродкаў з крамаў.
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама