Інвестар на "хіміі"

ДОСВЕД
Вымушаны даўншыфтынг ці свядомы выбар?
DownShifter.by у гасцях у чалавека, які ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей Беларусі
Расказаць сябрам
Знайсці хату венчурнага інвестара, бізнес-анёла Валерыя Астрынскага ў вёсцы Барава вельмі проста, нават не ведаючы дакладнага адрасу, — трэба кіравацца сцяга Іўеўскага раёна, які лунае высока над дахам і бачны здалёк. Валерый сустракае нас у яскравай аранжавай робе, якая нагадвае спецадзенне турэмных вязняў з амерыканскіх фільмаў. Такая паралель мне здаецца невыпадковай — наш герой ужо паўгады адбывае пакаранне па крымінальным артыкуле "за ўхіленне ад выплаты падаткаў". Яму прысудзілі 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, ці як у нас кажуць — хатнюю "хімію", якую ён выбраў правесці ў вёсцы, дзе нарадзіўся.
Валерый Астрынскі
Здаецца, Валерый разбівае ўсе стэрэатыпы адносна даўншыфтынгу, які многія ўспрымаюць як долю бедных хіппі. Чалавек, які ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей Беларусі, інвеставаў у стартапы і сацыяльныя праекты, у гэтыя хвіліны ходзіць перада мной у брудных кроксах і старамодным расцягнутым швэдары, апранутым наверх аранжавага камбінезона. А на падворку стаіць бліскучы Ягуар (свой Ферары Валерый ужо прадаў, а Дождж Рам у рамонце). Наколькі сённяшні стан рэчаў — вымушанае выйсце ці свядомы выбар?

— Калі б не прысуд, думаю, я б усё адно сёння быў тут, у Бараве. Сюды мы пераехалі яшчэ перад выракам, калі пачаўся кавід. Склалася незразумелая сітуацыя з падарожжамі, да якіх мы прызвычаіліся. Мае сябры па ўсім свеце пазачыняліся ў сваіх кватэрах на месяцы. А мой гештальт пажыць у вёсцы быў не закрыты, таму хацелася атрымаць гэты досвед. І мы вырашылі пераехаць у вёску.
Задоўга да гэтага Валерый з жонкай Таццянай купілі ў Бараве хату, якая доўга стаяла без справы. І толькі з пачаткам пандэміі сям'я вырашыла давесці яе да ладу. Тады яны падрыхтавалі тут базу. І калі Валерыю вынеслі вырак, усё склалася. Ён мог выбраць любое месца ў межах Беларусі і выбраў Барава.

— Не было б суду… Думаю, усё адно ўсе гэтыя рэвалюцыйна-кавідна-ваенныя стрэсавыя сітуацыі мне хацелася б пражыць тут, паглядзець на ўсе гэтыя працэсы знутры.

Эмігранцкіх настрояў у сям'і не было — яны атрымалі дастаткова гэтага досведу. Наведалі 78 краінаў, сярод якіх экзатычны Маўрыкій, блізкія Эстонія і Украіна, далёкія ЗША.

— Свет цікавы. Можна ўладкавацца ў любой краіне. Мне тут добра, я люблю Беларусь. І пакуль мне б хацелася больш часу праводзіць тут.
— У мяне дастаткова высокі парог прыняцця рызыкі. Таму нават з пачаткам вайны я рады быць тут у гэты гістарычны перыяд.
— Мяне могуць мабілізаваць, як і любога грамадзяніна Беларусі, але я не веру ў той сцэнарый, дзе нехта дасць зброю ў рукі такім ненадзейным людзям, як я.
Да свайго даўншыфтынгу Валерый ставіцца як да чарговай прыгоды, якая дае яму новы досвед і эмоцыі.

— Для мяне заўсёды быў вельмі важным кантраст у жыцці. Я хадзіў з сябрамі на Кіліманджару, Эльбрус, дастаткова складаныя выклікі, якія кантраставалі з камфортным жыццём бізнэсоўца ў Мінску.
— У маёй карціне свету маюць значэнне менавіта кантраст і рознабаковы досвед, а не руціна. Таму і гэты перыяд вясковага даўншыфтынгу мне падабаецца як новы досвед. Я не будую сваё жыццё па прынцыпах эвалюцыйнага "паспяховага поспеху", калі пастаянна трэба павышаць пражытковы ўзровень.
— Мне падабаецца і бізнесам пазаймацца, і рукамі нешта змайстраваць, і пападарожнічаць, і сямейным чалавекам пабыць.
Крымінальную справу на Валерыя завялі яшчэ ў 2019 годзе, абвінавачанне тычылася эканамічнай дзейнасці ў 2012-2014 гадах. Тады наш герой валодаў групай кампаній, якая займалася дыстрыбуцыяй металу. У іх шэрагу была і кампанія, зарэгістраваная ў Еўропе. Для Валерыя было натуральным, што яго замежная кампанія плаціла падаткі не ў Беларусі. Але наша праваахоўная сістэма палічыла гэта ўхіленнем ад падаткаў.

Цяпер Валерыю забаронена весці прадпрымальніцкую дзейнасць напрацягу пяці гадоў. Ён не можа пакідаць межы свайго ўчастка ўначы і ў выходныя. Нельга наведваць бары ды іншыя падобныя ўстановы. Штопанядзелак асуджаны мусіць ездзіць у райцэнтр адзначацца. Таксама прыкладна раз на тыдзень да яго наведваюцца міліцыянты праверыць, ці выконвае зняволены правілы ўтрымання на хатняй "хіміі", сярод якіх ёсць і забарона на ўжыванне алкаголю.

— Адбываць пакаранне ў вёсцы нашмат прыемней. Тут мая тэрыторыя абмяжоўваецца плотам, а ў горадзе гэта былі б сцены кватэры. Да таго ж абмежаванні, якія наклаў на мяне прысуд, дадаюць драйву ў спакойнае вясковае жыццё. Напрыклад, каб нешта здабыць, трэба прыкласці намаганні, гэта пераўтвараецца ў прыгоды. Дый мне нават маральна няёмка з'язджаць, калі людзі сядзяць у турмах. Яны сядзяць — а я буду дзесьці загараць на пляжы? Я хачу таксама тут гэты час пражыць.
Мяне здзіўляе, а як жа дзеці. Іх у сям'і трое: чатырнаццацігадовы Міша, дзесяцігадовы Сцёпа і сямігадовы Ваня. Чаму яны мусяць расплачвацца за гэта?

— Яны вунь сядзяць сытыя, — смяецца Валерый.
— Мы проста не ставімся да дзяцей як да асноўнай мэты нашага жыцця, вакол якіх мы ўсе скачам. Дзеці — гэта шыкоўны элемент нашага сумеснага шчасця. Я не буду рабіць нешта толькі дзеля дзяцей, але што мяне самаго будзе рабіць няшчасным.
— Я не паеду жыць у Амерыку, каб дзецям было лепш. Я паеду туды, калі мне самому будзе цікава там жыць. А дзяцей буду падстройваць пад свае эгаістычныя жаданні. У нас трое дзяцей. Усе абсалютна розныя. Іх усіх адправіць у Лонданскую школу — ці будуць яны ўсе там шчаслівыя? Я не ведаю. Мы даем ім шанец. Хочаш — чытай, я дапамагу, калі ўбачу матывацыю. Але не буду працаваць таксістам, каб вазіць дзяцей на хакей два разы ў дзень. Старэйшы дык увогуле амаль што не выходзіць без прымусу з хаты. І я да гэтага нармальна стаўлюся. Іншы час, я не паруся наконт гэтага. Значыць, ім трэба свой шлях прайсці.
Таццяна Бакланава
Жонка Валерыя Таццяна з сынамі прыязджае толькі на выходных. Увесь астатні час дзеці вучацца ў Мінску, а Таццяна, як яна сама жартуе, "таксуе" — развозіць дзяцей па школах і гуртках. Так супала, што акурат у дзень майго прыезду ў малодшага Вані быў дзень нараджэння, і мне пашчасціла трапіць на святкаванне ў сямейным коле — да ўнука таксама прыехалі бабуля з дзядулем — бацькі Валерыя.

Каб заняць сябе на "хіміі", Валерый вырашыў давесці сядзібу да ладу — папрацаваў над хатай, сараямі, участкам, пабудаваў лазню. Упершыню ў жыцці ў яго з'явілася свая майстэрня з працоўнымі прыладамі, якімі даводзіцца вучыцца карыстацца з нуля.
— Так як у сваёй хаце і на ўчастку я ўжо амаль усё зрабіў, мы з жонкай купляем іншыя хаты ў вёсцы і рэканстуюем іх. У першую чаргу я гэта раблю, каб заняць сябе.
— Ну, і акрамя таго, так як я разумею, што бліжэйшы час правяду ў вёсцы, мне хочацца, каб яна не вымерла, хочацца надаць ёй турыстычны драйв. Я бачу патэнцыял у сялянскіх хатах, у якіх можна ствараць гарадскія выгоды. Многім гарадскім людзям хацелася б адчуць гэты вясковы каларыт. Да таго ж месца тут маляўнічае — стаіць на беразе Нёмана.
Сёння ў Валерыя і Таццяны ўжо тры хаты ў Бараве і суседняй Латэўцы. У адной жыве сам гаспадар, у другой ужо скончылі рэканструкцыю і здаюць гасцям. У трэцяй пакуль працягваецца рамонт. Канцэпт Валерыя і Таццяны — поўная аўтаномія і самастойнасць для гасцей: ключ пад дыванком, хата прагрэтая, чыстая бялізна, інструкцыя, як распальваць печкі.

— Удзень, у асноўным, я займаюся рамонтам. Вось, ёсць чарговая хата, над якой трэба папрацаваць. Часам знаходзяцца цвярозыя мясцовыя, якія гатовыя паўдзельнічаць у праекце. Пару гадзін у дзень вылучаю таксама на працу за кампутарам і сазвоны — я дагэтуль з'яўляюся старшынём праўлення сеткі бізнес-анёлаў Angels Band. Ну, і ўсе астатнія простыя побытавыя рэчы, як пратапіць печку, прыгатаваць у ёй ежу, прыносяць мне задавальненне і дозу эндарфінаў. Увечары застаецца пачытаць кніжку, паразмаўляць з сябрамі і дзень прайшоў.
Калі наладзіць вясковы побыт для Валерыя не склала праблемы, то змірыцца з адсутнасцю матывацыі да прагрэсіўных зменаў у мясцовых жыхароў выявілася цяжка.

— Для мяне натуральна зрабіць у хаце нейкія штукі, які аблегчаць жыццё і зробяць яго камфортным, напрыклад, правесці вадаправод і каналізацыю. А тут я не бачу, каб людзі хацелі паляпшаць сваё жыццё. І стаўленне да працы тут больш падобна на сяброўскую паслугу. Гэта працуе на маленькіх праектах — разам нарыхтаваць дроваў, пасля выпіць. А вось каб ужо дом адбудаваць ці заняцца маленькім бізнесам — на гэта ўжо матывацыі не хапае. Да таго ж тыя, хто нікуды не выязджае, мысляць даволі стэрэатыпна. Калі мы элементарна просім прыгатаваць што-небудзь нашым гасцям, яны адмаўляюцца, маўляў, што мы гэтым гарадскім прыгатуем, а раптам што не так. Аднойчы нават суседка накарміла гасцей, а грошай не ўзяла.

— Напэўна, спрацаваў адмоўны адбор, калі больш матываваныя людзі з'ехалі і тут засталіся тыя, каму пасуе такі лад жыцця. Я не скажу, што гэтыя людзі дрэнныя ці нешчаслівыя. Яны іншыя. Можа, гэта мы проста звыкліся да пастаяннага варушняку, нам трэба, каб заўсёды адбывалася нешта новае. А ім так добра. Можа, гэта мы няправільныя.
— Часам нават мая жонка пакутуе ад таго, што я паўсюль бачу бізнес-праекты. Бачу ферму — так, тут будуць калівінгі, домікі, кемпінгі. А яна мне — цішэй, цішэй, зрабі лепей лаўку.
А пакуль Валерый не губляе надзеі накіраваць мясцовых у стваральнае рэчышча. Напрыклад сёння, калі калі спыніліся міжнародныя грузавыя перавозкі і многія дальнабоі засталіся без працы, наш герой прапануе ім стварыць на мясцовасці кемпінгі для рыбакоў — і месца будзе дагледжанае, і грошы будуць.

— Сёння ў Беларусі мне б не хацелася ўлазіць у нейкі вялікі бізнес. Гэтаму паспрыяў і мой прысуд, і агульная сітуацыя ў Беларусі. Я пра гэта пакуль не думаю. У мяне на гэты момант ёсць час і сродкі займацца лаўкамі і ўсякай ручной працай.

З пачаткам вайны аптымізму ў развіццё ІТ-бізнесу ў Беларусі у Валерыя стала яшчэ менш, але ён не знік.

— З ацішкі ў краіне засталося толькі тое, што людзі не могуць хутка закрыць, вывезці. У вялікай перспектыве я гляджу аптымістычна на інвестыцыйны клімат у Беларусі. Але нам трэба прайсці песімістычны перыяд. Лакацыя ў нас добрая. Ёсць шмат беларусаў, якія дасягнулі чагосьці за мяжой, і многія з іх хацелі б вярнуцца і рабіць нейкія рэчы тут. Да 2020 года IT-сфера ў нас развівалася, бо была вера ў эвалюцыю. Як толькі вернецца вера, вернуцца і людзі. Зноў жа, увесь свет багацее, а мы не. І ў нас даволі нізкая база, з якой пры пазітыве будзе больш хуткі рост, чым у краінах, дзе ўжо заробкі па 5 тысяч долараў.
У гэтым турбулентным свеце Валерый не робіць планаў далей, чым на тыдзень. Ён не ўпэўнены, што ўсё жыццё будзе займацца інвестыцыямі, у тым ліку ў сацыяльныя праекты, як Social Weekend, якімі ён займаўся апошнім часам.

— Не ведаю, што будзе потым. Можа, паеду ў нейкую краіну, пабудую камуну там. Пару разоў быў на Burning Man у Невадзе ў ЗША.
— Мяне вельмі моцна зачапіла гэтая суполка, якая збіраецца ў пустыні — 100 тысяч чалавек — будуе горад на тыдзень, а потым яго цалкам разбірае і застаецца чыстая пустыня. Ёсць у гэтым нейкі сакральны сэнс: мы прыходзім у гэты свет, сыходзім, і пасля нас не застаецца ніякага смецця.
Эксперымент Burning Man падштурхнуў Валерыя яшчэ да адной ідэі. Так як Штаты для яго бліжэйшыя пару гадоў закрытыя, ён стаў шукаць месца каля сябе, дзе б можна было правесці падобны сацыяльны эксперымент — стварыць своеасаблівае лецішча, вакол якога сабраць цікавых гарадскіх творчых людзей, якіх захапляе сумесная валанцёрская праца, агульныя імпрэзы. І такая пляцоўка ўжо ёсць на прыкмеце — фальварак Гута на Іўеўшчыне. Акрамя таго гэта добрая нагода аднавіць гістарычны будынак.
Фальварак Гута.

Двухпавярховы мураваны будынак.

У канцы 1920-х - 1930-х - дом галоўнага ляснічага маёнтка Жамыслаўль- Генрыка Грунэра і загадчыка фальварка Вронскага

Фота © Пярлухін Валерый
— Пакуль усё гэта на бюракратычным этапе паходаў у БТІ, выканкам, сельсавет. Але мы з сябрамі ўжо крэатывім, прыдумляем канцэпты на тэму, як там прымяніць сучасныя дэцэнтралізавыя сістэмы кіравання.
Паўгады, бязвылазна праведзеныя ў вёсцы, змянілі Валерыя. Тут ён зразумеў, колькі ў яго было непатрэбнага і лішняга ў горадзе, вакол чаго ён ствараў нейкі культ:

— Шмоткі, рэчы, на якія ты выдаткоўваеш час, грошы. На самой справе патрэбны сродкі вытворчасці для таго, чым ты займаешся. Калі ты займаешся камп'ютарамі, табе патрэбны камп'ютар; калі ты займаешся дрэваапрацоўкай, табе патрэбны інструмент. Карацей, тое, чым ты пастаянна карыстаешся. У горадзе прасцей паддацца спакусе. А тут я радуюся простым момантам, напрыклад, калі выходжу раніцай ува двор і слухаю птушак. Раней такога не было.

У гэты момант Таццяна, якая ўвесь час была маўклівай слухачкай нашай размовы, падкідваючы дровы ў мангал, таксама вырашыла падзяліцца зменамі, якія прынесла вёска ў іх сямейнае жыццё.

— Мы сталі больш часу праводзіць разам.
— Раней былі пастаянна нейкія бары, камандзіроўкі, вандроўкі, раз'езды, мы нават асабліва не бачыліся, не размаўлялі. А цяпер толькі сустрэчы на выходных даюць нам больш часу разам, чым раней мы мелі, жывучы разам у горадзе.
Пры гэтым Валерый не лічыць, што раней было горш. Ён упэўнены, што кожны час важны і дае каштоўны досвед.

— Вядома, даводзіцца вучыцца спраўляцца з адзінотай. Раней у мяне такога досведу не было. Заўсёды вакол было шмат людзей, варушняку, бізнесу, сяброў. І мне было цікава, як я буду адчуваць сябе ў самоце, у такой келлі. Цяпер ведаю, што адчуваю сябе добра. Але за тыдзень паспяваю засумаваць па сям'і і сябрах, таму заўсёды рады, калі яны прыязджаюць.
Адзінота таксама падштурхнула Валерыя да вывучэння будызму, які цікавіць яго перш за ўсё як філасофскі напрамак і дапамагае назіраць за сваімі пачуццямі. Ён нават пачаў ствараць своеасаблівы сад для медытацыяў: высаджвае дрэвы ў кола, у цэнтры якога плануе пабудаваць нейкі арт-аб'ект, вігвам ці артыстычную пляцоўку і фантазуе, што такім чынам у сярэдзіне можа атрымацца своеасаблівы згустак энергіі. І там будзе прыемна займацца медытацыяй ці ёгай.

— Асноўная яго ёга-практыка — гэты пні карчаваць, — смяецца Таццяна.

— Вядома, калі тут ёсць альтэрнатыва змайстраваць лаўку ці пачытаць кнігу па будызме, я выберу змайстраваць лаўку. Але калі раптам мяне пасадзяць у турму, у мяне будзе больш часу на кнігі, — падхоплівае вясёлы настрой жонкі Валерый.
Рэшту дня мы праводзім, святкуючы дзень нараджэння сямігадовага Вані. У дарогу назад я бяру з сабой у машыну бацькоў Валерыя. Раўнамерны насычаны шум хуткаснай трасы Гродна-Мінск раптам парушыў голас бацькі:

— Майстрам па дрэву стаў. Хто б мог падумаць. Бензапілу ніколі ў руках не трымаў.

— Можа, і добра, што яму далі гэты прысуд, — дадала маці. А то думалі б цяпер, дзе ён, як ён. А так, ведаем — у сваёй хаце ў Бараве.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте» и подписывайтесь на наш Telegram
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама