«Як людзі жывуць з людзьмі, я жыву з коньмі»

ДОСВЕД
Трое коней, два папугаі, каты і сабака — жыццё ў незвычайнай кампаніі на ўскрайку пушчы
Расказаць сябрам
Па дарозе да нашай гераіні Евы Гілевіч лёгка адчуць сябе нібы ў арт-хаўс кіно. З аднаго боку ўздоўж грунтоўкі сцяной стаіць Налібоцкая пушча, з другога — цячэ стромкая Іслач. На дарозе знак населенага пункта Яцкава. Вёска заканчваецца знакам з перакрэсленай назвай. Праз нейкі час зноў пачынаецца Яцкава і зноў заканчваецца. І так некалькі разоў. Непадрыхтаванаму госцю такія "жарты" могуць каштаваць нямала нерваў. Але тыя, хто загадзя зірнуў у гугл-мэпс, ведаюць, што гэтых Яцкавых тут аж шэсць штук.
Ева налівае нам гарбаты і расказвае, што назву Яцкава можна сустрэць ужо на мапах XVIІ стагоддзя, а мясцовыя жыхары час ад часу знаходзяць на сваіх агародах манеты тых часоў. Пакуль гісторыю мясцін яна не даследавала, але не цяжка здагадацца, што калісьці тут жыў пан Яцак. У адным месцы ў яго стаяла карчма — Яцкава-Карчомныя; у іншым — млын — Яцкава-Млынавыя; у Яцкава-Замосныя можна трапіць толькі праз мост; а ў Яцкава-Падрэззі рака маляўніча падразае бераг; жыццё канчаецца ў Яцкава-Канчане — там мясцовыя могілкі; а тут, у Яцкава-Пясках, дзе мы цяпер знаходзімся, пад нагамі адзін пясок. Кажуць, суседнія Баркі таксама калісьці былі Яцкавам і менавіта там стаяў панскі маёнтак. Але з часам імя былога гаспадара знікла з тапоніму.
Сённяшняя гаспадыня сядзібы "Пяскі" да гісторыі мясцінаў ставіцца беражліва. Яна выносіць да стала пакунак, у якім акуратна складзеныя скарбы, знойдзеныя падчас рамонту з хаце: некалькі малітоўнікаў, пасведчанне асобы былога гаспадара хаты Гжэгаша Ёды і дзве польскія манеты, дастаныя са старой шафы.

Хоць мясцовыя і сцвярджаюць, што ўся вёска ў вайну была спаленая, па ўсім відаць, Евіна прасторная хата са смаляністага тоўстага дрэва і з вялікімі вокнамі — адзіная, пабудаваная яшчэ за польскім часам і ўцалелая пасля вайны.
Ева жыве тут з 2016 года. Працуе рэпетытарам па беларускай і ангельскай мовах — рыхтуе вучняў да паступлення ў ВНУ. Пасля вучобы ў Лінгвістычным універсітэце яшчэ два гады жыла ў Мінску, наймала кватэру.

— У пэўны момант мне так надакучыла гэтае замкнёнае кола, што я вырашыла нешта мяняць. Паколькі ў мяне такая праца і графік, што я не мушу быць у горадзе кожны дзень з 8-й да 17-й, то падумала, што магу жыць за горадам.

Яшчэ нейкі час Ева пражыла ў родным Барысаве, ездзіла на працу ў Мінск, каб не наймаць жытло. Так удалося сабраць 6 тысяч даляраў. І пачаліся пошукі хаты ў межах гэтага бюджэту.
— Першы раз я сюды прыехала — мне не спадабалася. Тут такі вузкі ўчастак, а я хацела шырокі хутар.
— І падумала — ідзіце нафіг, тут суседзі па баках, што я буду на людзей глядзець? Я ад іх з'язджаю!
Але пасля выявілася, што там ніхто не жыве — гаспадары прыязджаюць раз на лета пакасіць. І Ева, стомленая пошукамі, здалася. А на наступны дзень ужо ўпершыню пераночыла ў хаце. Першая зіма ў вёсцы сталася для Евы сапраўднай праверкай.

— Ты хацела — ну, на! Снег ляжаў з кастрычніка да траўня. Быў вельмі моцны мароз, часам — да -38°С.
— Я зіму гэтую перажыла і падумала: пфф… нармальна, не так і страшна! І захацела каня.
З падлеткавага ўзросту Ева займалася коньмі: працавала інструктарам, брала коней у арэнду — таму гэтае жаданне было лагічным. Так у яе з'явіўся Апа. Пару гадоў яны пражылі ўдвох. Але затым, разумеючы, што коні — статкавыя жывёлы і добра пачуваюцца ў табунах, Ева захацела кампанію для Апы. Аднак на двух паўнавартасных коней пакуль вырашыцца не магла, таму спынілася на поні.

З дапамогай Каманды па выратаванню коней (яе валанцёры выкупаюць спартовых скакуноў, якія ўжо не могуць працаваць, каб іх не спісалі на мяса, і адпраўляюць на пенсію ў стайню пад Мінскам) удалося знайсці Эльфа. Яго гаспадар марыў зарабляць пракатам поні, аднак меў праблемы з алкаголем і праз гэта не даглядаў жывёлу: поні, бывала, не еў па тры дні; здаралася, яго лавіла МНС на праезднай частцы ў Мінску. Урэшце, гаспадар пагадзіўся яго прадаць.
Эльф
— Я паехала яго паглядзець. Мне, натуральна, ён не надта спадабаўся: нейкая касматая нахабная пачвара.
— Але мне проста стала яго шкада. Я зразумела, што ў яго з'явіўся шанец на іншае жыццё. Калі не вазьму, усё можа быць вельмі дрэнна.
— Спачатку ў нас былі вельмі складаныя адносіны. Ён быў, як дзіця з дзіцячага дому, — увесь час на строме, лепш лягнуць каго-небудзь прэвентыўна, а то можа і яму прыляцець.

Пасля Эльф паспакайнеў, зразумеў, што ён тут жыве, яго ніхто не крыўдзіць, можна спакойна пасвіцца і есці, колькі ўлезе. Заводзіць яшчэ коней Ева не збіралася. Але ўсё змяніла эпідэмія каронавіруса.
— У мяне было адчуванне, што настае апакаліпсіс і жыць мне засталося зусім не шмат, а я заўсёды хацела кабылу. Ну, думаю, паміраць — дык хаця б са спраўджанай марай.
Знайшла па аб'яве кабылку, якая ёй вельмі спадабалася, і набыла.
Лялю расціла для сябе спарцмэнка. У пэўны момант яна вырашыла з'язджаць за мяжу, і кабылу давялося прадаць. У выніку дзяўчына так і не з'ехала — не далі візу, а Лялю ўжо не вярнуць. Былая гаспадыня прызнаецца, што, калі б ведала, што так адбудзецца, кабылу б не прадала. Затое цяпер можа наведваць Лялю ў Яцкаве.
Ева цвёрда пастанавіла, што ў яе ніколі не будзе пракату коней. Можна прыехаць, палашчыць іх, пакарміць, проста пабыць з імі, але не больш.

— Я іх занадта люблю. Першы час мясцовыя прыходзілі і пыталіся: "Калі будзем зямлю араць?" Пасля я ім зразумела адказала, і больш не пытаюцца. Мае коні верхавыя, калі іх запрэгчы, яны далёка пашлюць і ўсё разламаюць. І ўвогуле ўсё гэта не мае сэнсу, бо ў нас ёсць Валерык, у якога ёсць трактар.
Сёння тэхналагічны прагрэс дазваляе коням быць хатняй жывёлай, як сабакі. Людзі ж не пытаюцца: "У вас ёсць сабака, а што вы з ім робіце?" А пра каня чамусьці пытаюцца. Я езджу верхам, мы ходзім на прагулкі, можам схадзіць на рэчку, у пушчу, проста бавім разам час. Як людзі жывуць з людзьмі, я жыву з коньмі.
— Таму я не хацела браць коней у арэнду, я хачу быць з ім увесь час. Магу выпусціць іх на падворак. Вось, сяджу я такая ў хаце — а ў вакно заглядвае конь. Адчуванне, што гэта не на паўгадзіны, а на ўвесь час, невымоўнае. Ты ж не будзеш кагосьці прасіць: "А можна я вашага коціка вазьму паціскаць на паўгадзіны, а потым аддам?"
Штораніцы Ева ўстае, робіць хатнія справы, выводзіць коней гуляць, рыхтуе ім сена, ваду і едзе на працу ў Мінск. Вяртаецца яна позна, таму, калі пачынае цямнець, коней прыводзіць у стайню сусед Коля.

— Узімку яны пасуцца ў электрапастуху, а ўлетку — на прывязі. Прычым прывязваю толькі Лялю і Эльфа, а Апа сам па сабе. Ён нікуды не ўцякае, у яго нейкі пратэст. Я спачатку спрабавала яго прывязваць, але ён пачынае блытацца, а пасля абдзіраць сабе ногі. Акрамя таго, яму гэта так не падабаецца, што ён проста становіцца і нічога не робіць, не пасвіцца, проста чакае, калі яго адчэпяць.
За ўвесь час, што ў Евы коні, яна толькі аднойчы, мінулым летам, з'ездзіла ў адпачынак — на сем дзён у Грузію. Дзяўчына разумее, што коні — вялікая прывязка і прызнаецца, што нават дзіця прасцей камусьці аддаць паглядзець, чым каня.
— Калі ты на такое пагаджаешся, ты разумееш, што гэта кантракт, падпісаны кроўю.
І калі мая маці згадзілася пажыць тут тыдзень і паглядзець коней, я ёй выдала вялізную інструкцыю з нумарамі тэлефонаў ветэрынараў, усё было распісана. Я вельмі перажывала. Да таго ж у мяне яшчэ каты, сабака, два папугаі.

Перад ад'ездам Ева абзваніла ветэрынараў і папярэдзіла пра сваю адсутнасць. А ў адпачынку сачыла за коньмі праз камеру відэаназірання, усталяваную ў канюшні.

— Адкрываю відэа ў тэлефоне і бачу, што ў вядры мала вады. Пішу маме: "Мама, дзе вада?"
Фізічна даглядаць коней таксама няпроста. Ева прызнаецца, што для непадрыхтаванага чалавека гэта будзе проста непад'ёмна. А так як яна ўсё жыццё мела дачыненне з коньмі, то ўжо прывыкшая. Галоўнае — наладзіць сістэму.

— Я ведаю, колькі на што мне трэба часу і сілаў.
— Я называю гэта фізкультурай. Калі мне нехта тэлефануе, а я ў коней прыбіраю, я кажу: "Так, я ў спортзале, перазваню".
Звычайна на ўтрыманне трох коняў — купля сена, аўсу, паслугі каваля, агляд ветэрынара, нейкія дробязі — ў Евы сыходзіць каля 1000 даляраў у год. Калі цяжка спраўляцца фізічна, напрыклад, трэба перацягаць сена, дзяўчына збірае талаку. Да таго ж у яе ёсць залатая валюта для расплаты за любую дапамогу — конскі гной. З ім можна нават агарод не саджаць — усю гародніну прынясуць суседзі са сваіх угноеных градак.
— Частка мясцовых увогуле думае, што я вядзьмарка, таму што не можа нармальны чалавек так жыць. Мяне апасаюцца.
Іншыя спачатку з цікаўнасцю назіралі, пыталіся, калі ў яе з'явіцца гаспадар, але пабачылі, што дзяўчына выжыла пасля першай зімы ды яшчэ і хату прывяла да ладу ды коней завяла, і адчапіліся.
У вітальні ў Евы стаіць старое нямецкая піяніна. Трафейнае — мяркуе гаспадыня. У пакоі ля вакна — пюпітр з нотамі і віяланчэль.

— Мне ў дзяцінстве сказалі, што ў мяне няма слыху і граць на музычных інструментах у мяне не выйдзе. І калі я вырасла, захацелася закрыць гэты гештальт. Паехала ў Валожын у музычную школу і папрасіла: "Паслухайце мяне. Як не, то не — дарослы чалавек, перажыву". Мяне паслухалі і сказалі — усё нармальна.

Так Ева стала ездзіць два разы на тыдзень у музычную школу ў Валожын вучыцца граць на фартэпіяна. Атрымала там базу музычнай пісьменнасці, пачала граць на клавішах. І ляснуў каронавірус.

— Першы час я тут сядзела, як у бункеры, нікуды не ездзіла, працавала дыстанцыйна. А пасля мне захацелася віяланчэль. І я падумала — чаго я чакаю? Залезла на kufar.by, знайшла віяланчэль у Лідзе, паехала і купіла. Цяпер езджу займацца з настаўніцай у Фаніпаль.
Ева пастанавіла для сябе, што жыццё без цудаў — пустыя гады. А спаўненне мараў для яе — і ёсць цуды.
— У дзяцінстве мы ўсе безумоўна верым у цуды і жывем адчуваннем шчасця. Дарослымі ўжо часта забываемся на іх і губляем гэтае адчуванне. Ці працягваем жыць і чакаць, што хтосьці зробіць цуд за нас. Таму я для сябе вырашыла: свае жаданні (цуды) спаўняю сама, і маю шчасце.
Усё проста. І не важна — дом, коні, музыка ці што іншае — у кожнага сваё шчасце.
Зіма ў Яцкаве — спакойны час, калі большасць дачнікаў з'язджае і застаецца толькі 10 з 30 жылых хат.

— Мой любімы час, калі ўсіх змывае і застаемся толькі мы, коні і зубры.

Ева зарэгістравала сваё жытло як аграсядзібу, абсталявала гарышча гасцявымі ложкамі і здае іх турыстам, якія прыязджаюць паглядзець на статкі зуброў, што выходзяць раніцай з Налібоцкай пушчы ў пошуках ежы.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте» и подписывайтесь на наш Telegram
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама