«Часам не атрымаць таго, чаго хочаш, — і ёсць шацунак»
ДОСВЕД
Не дачакаўшыся электрычнасці ад дзяржавы, сям'я зрабіла свой дом энергетычна аўтаномным
Расказаць сябрам
Павел Бераснеў — аўтар суполкі ў фэйсбуку на будаўнічую тэматыку "Хата з краю" і аднайменнага блога, дзе дзеліцца сваім досведам будаўніцтва ды іншых нюансаў і лайфхакаў, звязаных з вясковым жыццём. Вельмі цікава, якая ж на самой справе гэтая самая хата з краю, з якой усё пачалося.
Мы вырушаем у вёску Бузуны, што недалёка ад Ракава, дзе і пасялілася сям'я Берасневых — Павел, Воля, а таксама іх дачка Стэфа. Хата і сапраўды знаходзіцца з самага краю – за ўчасткам сцяной узвышаецца лес. Дом звонку выглядае кампактным, акуратным, у амерыканскім стылі.

Берасневы знаёмяць нас з прасторай і расказваюць гісторыю будаўніцтва.

— Мы хацелі сабе хату "пад ключ" — каб купіць праект, і нам усё пабудавалі. Таму мы выбралі з існуючых праектаў той, які тады нам найбольш падабаўся і пасаваў. Нам вельмі спадабалася, што ў ім вялікі хол, — апісвае сваё ўражанне Воля, — няма дурных калідораў, двухпавярховы.
— Мы тады яшчэ не ведалі, што, калі ёсць маленькія дзеці, не трэба будаваць двухпавярховую хату.
Хаця ў наяўнасці другога паверху Воля бачыць і плюсы.

— У Стэфы вельмі добра развітая каардынацыя. Я звязваю гэта з лесвіцай. Калі яна стала цяжкая, мне было цяжка яе насіць, я проста казала: "Лезь!" Для дзяцей, асабліва старэйшых, каму ўжо 4 гады, гэта самы любімы дом, таму што ёсць другі паверх і лесвіца. Але для бацькоў, вядома ж, — не вельмі. Асабліва, калі ў цябе малое дзіця і спальня зверху.

Павел і Воля Берасневы
Увогуле, праект "Хата з краю" таму і з'явіўся, што Воля і Павел з часам сталі заўважаць недахопы і памылкі ў сваім доме і вырашылі шчыра дзяліцца імі з іншымі, каб людзі маглі пазбегнуць гэтага пры будаўніцтве свайго жытла. Бо звычайна, як заўважыў Павел, калі сутыкаешся з праблемай, у нас прынята маўчаць.

Самай маштабнай праблемай, з якой давялося сутыкнуцца гаспадарам, — гэта замена ўсяго ўцяпляльніка ў сценах хаты. Перазімаваўшы першы сезон, яны заўважылі, што ў хаце холадна. Выявілася, кампанія, якая збірала дом, паклала ў сцены рулонны ўцяпляльнік, прызначаны для гарызантальных паверхняў. Давялося здымаць усю знешнюю вагонку, замяняць уцяпляльнік на плітны. Балазе, кампанія не адмовілася гэта зрабіць. Магчыма, мяркуе Павел, акурат таму што ў яго ёсць блог, і кампанія пабаялася рэзанансу.
Тая самая хата з краю
Мы падымаемся наверх, а гаспадары працягваюць пералічваць недахопы, якія знайшліся падчас эксплуатацыі будынка. Тут выявілася дрэнная гукаізаляцыя паміж паверхамі. Таму на дошкі давялося класці яшчэ і ламінат. У кабінеце Паўла, які хоць і выглядае вельмі ўтульна, праз маленькую плочшу і адсутнасць вентыляцыі ўжо праз пяць хвілін становіцца цяжка дыхаць. І гэта праблема, калі ўзімку нельга адчыніць акно.

— Дзіўна, што ў вас у праекце не пралічылі вентыляцыю.

— Не дзіўна! — пярэчыць Воля і смяецца. — Гэты дом вельмі непрадуманы.
Будаўнічым канторам, лічыць Вольга, верыць нельга. Калі прыходзіш да іх, табе ўсё расказваюць прыгожа, складваюць дом за паўтара месяцы. А пасля ты заўважаеш кучу недахопаў.
Ні Павел, ні Воля, ні іх родныя ў будаўніцтве не разбіраліся. І менавіта таму вырашылі пабудаваць хату "пад ключ". Цяпер жа упэўненыя, што ўласная падрыхтоўка вельмі важная, нават проста самім гугліць, год рыхтавацца.

— Разумееце, у нас проста былі грошы, — кажа Воля. — Калі б у нас не было грошай, магчыма, мы б купілі старую хату. Але ж у нас былі грошы, і мы ні ў чым не разбіраліся. Мы палічылі, што так будзе прасцей: новы дом будзе каштаваць 26 тысяч долараў, зараз мы купім новы домік, пераедзем у класны пасёлак, і ўсё будзе добра.

На сённяшні розум гаспадары не сталі б купляць дом "пад ключ". Цяпер Павел ведае, што на кожным этапе прац трэба запрашаць асобных спецыялістаў.
— Акурат дзякуючы майму блогу і суполцы ў фэйсбуку ўжо сабраўся такі пул адмыслоўцаў у розных сферах. І я ведаю, калі мне трэба зрабіць ацяпленне, я пайду да Анатоля, калі трэба зрабіць каркас дома, я пазваню Сямёну. І фактычна атрымаецца, што я сам буду прарабам і наймаць людзей. Але гэта ўсё досвед. І калі б не было гэтага дома, не было б і досведу.
На самой справе рэальнасць моцна адрозніваецца ад той, якую сям'я ўяўляла сабе да пераезду ў вёску.

— У радзільню мяне забіралі з нашай аднапакаёвай кватэры ў Мінску, — узгадвае Вольга. – З радзільні Паша прывёз мяне ўжо сюды.
— І цяпер я гляджу фоткі і кажу: "Блін! Мне здаецца, у мяне не было глузду. Можа, аксітацын так паўздзейнічаў. Я не разумею, што гэта было".
— Таму што ў нас быў неабшыты камін — проста кацёл пасярэдзіне, ніякай мэблі, адна канапка, ложачак (мы тады яшчэ думалі, што дзеці спяць у сваіх ложачках), тэрасы таксама не было, лядоўні. І нават дарог тут не было.
І вось сям'я ўжо амаль два гады жыве фактычна на хутары. Зямлю падзялілі на ўчасткі, паабяцалі правесці электрычнасць. Людзі пачалі будавацца, а электрычнасць так і не правялі. Не дапамаглі ні калектыўныя звароты, ні асабістыя размовы. Вось усе і чакаюць, калі пад вокнамі збудаваных дамоў з'явяцца запаветныя слупы лініяў электраперадач, каб пераехаць у Бузуны.

У Берасневых таксама быў выбар: чакаць слупоў, пакуль новаўзведзены дом будзе стаяць і гніць, ці ўзяць электрыфікацыю дома ў свае рукі і ўсталяваць аўтаномную сонечную станцыю. Выбралі другі варыянт.
У Беларусі, сцвярджае Павел, сонечныя батарэі не акупляюцца. Эканоміць на электрычнасці не атрымаецца.

— Мы заплацілі за сваю аўтаномную станцыю недзе 5,5 тысяч долараў — за акумулятары, сонечныя панэлі, інвертар. Мне часта пішуць незнаёмыя людзі, маўляў, раскажы пра сваю аўтаномную станцыю, мы таксама хочам эканоміць.
— Я пытаюся: вось, колькі ў месяц вы плаціце за электрычнасць? Ну, 40 рублёў, напрыклад. Вось і падзяліце 5,5 тысяч баксаў на 40 рублёў. Дзвесце семдзясят пяць месяцаў — амаль 23 гады. Вось тэрмін акупляльнасці сонечнай станцыі.
Пры гэтым уласна Берасневым сонечныя панэлі ўсё ж выявіліся выгаднымі.

— Мы зараз тут жывем на сонечных панэлях паўтара гады. А ў Мінску за арэнду кватэры мы плацілі 200 баксаў у месяц. Тры тысячы шэсцьсот мы зэканомілі на жыллі. Яшчэ год пажывем, і фактычна ўжо панэлі акупяцца. Але гэта толькі таму, што мы здымалі кватэру.
Сонечныя панэлі
Прыкладна з красавіка па кастрычнік сям'я ўвогуле ні на чым не эканоміць электрычнасць. Працуе лядоўня, уключаецца пыласос, пралка, фен. У разетку можна ўтыкаць усё, што заўгодна, — сонца хапае. Затое фактычна ўсю зіму даводзіцца жыць на бензінавым генератары.

Павел вядзе нас да кантролера, які паказвае зарад ад сонечных батарэй.
Сёння гаспадар пачысціў панэлі ад снегу, але дзень усё адно пахмурны. Прыбор паказвае зарад у 17 Вт. у гадзіну. Гэтага хопіць толькі на гадзіну працы трох светладыёдных лямпачак.
— Вось, усё, што нам сёння бог паслаў, — каментуе Павел. — А ў нас у свідравіне помпа вісіць, якая цягне 1,6 кВт. Вось, яна ўключылася на некалькі секунд — і ўсё.
Пралку гаспадары ўключаюць толькі адначасова з генератарам. Гэтай зімой ён спажывае каля 45 літраў бензіну штомесяц.

— Справа ж не ў дарагавізне, — тлумачыць Павел, — а ў камфорце. Гэта ж трэба прывезці бензін у каністры. Заправіць, прыцягнуць. Трэба, каб заўсёды стаяла запасная каністра. Затым бензін скончыўся. Трэба ў генератар даліць яго.

— Ды ладна, табе падабаецца, — устаўляе Воля. — Асноўная праблема генератара, што ён шуміць. Нас ратуюць батарэі. Мы іх зарадзілі гадзіну раніцай і гадзіну ўвечары — і ў нас цішыня.
Калі нарэшце дзяржава правядзе ў пасёлак ЛЭП, інвертар дазволіць гаспадарам размяркоўваць спажыванне з розных крыніц энергіі: калі свеціць сонца, будзе спажывацца сонечная энергія, у адваротным выпадку — з падведзенай да дому лініі электраперадач.
— Часам не атрымаць таго, чаго хочаш, гэта і ёсць шацунак, — разважае Вольга.
— Мы ў здаровым глуздзе ніколі не пераехалі б адразу з горада на хутар. Мы ж пераязджалі ў перспектыўны катэджны пасёлак. А тут выявілася, што ён не вельмі перспектыўны. Але цяпер нам падабаецца!
— Прыязджаюць суседзі, і ў мяне такое ўражанне, што яны ходзяць па маёй тэрыторыі. Усё! Мне ўжо мала месца, — смяецца Воля.
Мы дапіваем каву і пакідаем Паўла, Волю і Стэфу насалоджвацца цішынёю ў іх райскім куточку — хаце з краю, аточанай казачным зімовым лесам. А самі пакідаем дзве пары слядоў на свежазамеценай снегам дарозе.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте»
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
А. Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda