Праз тое, што траўніцтва, можна сказаць, у беларусаў у крыві, многія думаюць, што ведаюць, як ужываць зёлкі, але на самой справе гэта не так, лічыць Наталля. Многія ведаюць, што чабор супакойвае і дапамагае ад кашлю, але нейкія больш глыбокія веды часта неправераныя і бяруцца з ненадзейных крыніц. Або некаторыя лічаць, што калі дапамагло іх бабулі, то дапаможа і ім. Аднак насамрэч не ўсё так проста.
— Напрыклад, мая суседка паіла сваіх унукаў палыном, калі ў іх балелі жываты. Малым стала лепш. Але я ведаю, што палын дзецям супрацьпаказаны. Многія таксама выкарыстоўваюць піжму як глістагонны сродак для дзяцей. А я разумею, што гэта не самы бяспечны сродак сярод зёлак. Я ўпэўненая, што такія спосабы маюць свае вынікі і добра, калі ўсё заканчваецца добра. Аднак калі ведаеш нюансы, то лепей перасцерагчыся і выбраць больш бяспечны спосаб лекавання.
Нават сама Наталля, калі толькі пачынала займацца зёлкамі, не ведала, што яны маюць такое моцнае ўздзеянне на арганізм чалавека.
— Мне здавалася, ну, трава, мае супакаяльны эфект, можа вырашыць нейкія лёгкія праблемы. І толькі з часам даведалася, што зёлкі спраўляюцца з дастаткова сур’ёзнымі захворваннямі. Напрыклад, дапамагаюць пры дыябеце, наладжваюць гарманальны баланс, з дапамогай іх вельмі лёгка кіраваць імунітэтам. Напрыклад, бузіна — гэта проста чараўніцтва нейкае.