«Пабудаваць прыгожы і непрыгожы дом каштуе аднолькавых грошай»

ДОСВЕД
Як сям'я мінчукоў прыдумала і ўвасобіла пляжны домік з Pinterest у Мачулішчах
Расказаць сябрам
Паліна, Аляксандр і іх дачка Ульяна жывуць усяго ў пятнаццаці кіламетрах ад Мінска — у мястэчку Мачулішчы. Пад'язджаючы да месца прызначэння, мы з прыемнасцю адзначылі бетонную дарогу, якая вяла праз вёскі. "Нехта вельмі багаты тут жыве", — пранеслася ў нашых галовах. Але неўзабаве мы пабачылі вялікую тэрыторыю, агароджаную бетонным плотам і таблічку на высокіх варотах "Авіяцыйны вучэбны цэнтр". А затым ужо і на карце знайшлі — тут знаходзіцца вайсковы аэрадром. Раптоўны нізкі гук рухавіка ў небе не даў засумнявацца — аэрадром працуе. Назаўтра мы даведваемся, што менавіта з яго ў Казахстан адправіўся беларускі кантынгент сіл АДКБ.
Вельмі хутка бетонная дарога скончылася, затым не стала асфальту і навігатар павёў нас проста па бездарожжу і (дзякуй студзеньскай адлізе) гразі. Вакол будуюцца новыя катэджы, працуюць бетонамяшалкі, рабочыя ўкрываюць металам дах. З горам папалам мы прыехалі да патрэбнага адрасу і нашым вачам адкрылася прыгожая карцінка — акуратны нізкі домік, прыгожы белы драўляны плот і нават усыпаны ля яго друзам участак, на якім мы і пакінулі сваю машыну, не баючыся, што яна патоне ў гразі.
Паліна Маслянкова
Гаспадыня Паліна сустрэла нас на ганку і адразу ж павяла на экскурсію.

— Вось, сэрца нашага дома — камін.

— А дзе ж тэлевізар? — не адразу заўважылі мы.

І сапраўды, цэнтральнае месца ў вялікай гасцёўні займае камін, па баках — зручныя фатэлі, насупраць — мяккая канапа. Тэлевізар непрыкметна стаіць ля сцяны збоку. Акрамя таго ў памяшканні змясціўся абедзенны стол і кухонная зона.

— Адна з асноўных прычын, чаму я хацела пераехаць у свой дом, — любоў да шматлюдных тусовак. У мінскай аднушцы было занадта цесна, душна і некамфортна.

Сёння сям'я Маслянковых прымае шумныя вечарынкі: "Бывала і па 16 чалавек", — спрабуе палічыць Паліна. У сядзібе ўсё прадумана для тусовак — ад зоны барбекю і альтанкі, да двух санвузлоў у доме і гасцявога пакоя.
Другой прычынай пераезду за горад было жаданне завесці сабаку. Але ў дачкі выявілася алергія, таму гадаванца так і не завялі. Аднак да гэтага часу пераезд ужо быў вырашаным пытаннем.

Паліна працуе ў фотастудыі Blenda і ў часопісе "Alovak" — піша пра майстроў, якія займаюцца хэндмэйдам ды рознымі відамі творчасці. Так што яе праца непасрэдна звязана з візуалам. І так як Паліне хочацца прасоўваць творчых беларусаў не толькі ў часопісе, але і ў сваім жыцці, яе дом таксама напоўнены вырабамі беларускіх рамеснікаў. Некаторыя рэчы зробленыя сваімі рукамі — у асноўным рукамі мужа Сашы, прафесійнага праграміста. Ды і рэшта прадметаў мэблі і дэкору, у асноўным, беларускай вытворчасці. Хаця дом выглядае зусім не па-беларуску. Гаспадыня не хавае, што чарпала натхненне ў Pinterest.
— Пабудаваць прыгожы і непрыгожы дом каштуе аднолькавых грошай.
— У пэўны момант я зразумела, якія колеры мне падабаюцца — гэта пясочны, аква — тыя, што звязаныя з акіянам. І таму пачала шукаць нешта ў стылі пляжнага доміка. Начамі малявала планіроўкі — не магла легчы спаць, пакуль не зраблю так, што мяне хаця б на сёння ўсё задаволіць.
Але даводзілася і шмат перарабліваць. Напрыклад, гасцявы пакой атрымаўся толькі з другой спробы. Першы варыянт цудоўна выглядаў на калажы, а ў жыцці не спадабаўся гаспадарам. Таму давялося аддзіраць са сценаў дошкі, ўсё наноў перафарбоўваць і прыдумваць новы дызайн пакою.
Кухню таксама пачалі перарабліваць ужо тады, калі ўся электрыка была разведзеная. Час сям'ю не падціскаў, таму можна было дазволіць сабе па некалькі спробаў.

Бывала, усё ўпіралася ў рознае бачанне гаспадароў на рэчы. Найбольш спрэчак выклікаў фасадны плот. Ды ўрэшце гаспадыня змагла адстаяць свой варыянт — белы драўляны штыкетнік. Хаця давялося даць мужу распіску (скрыншот перапіскі Саша захоўвае ў сябе), што, калі надыдзе час, Паліна сама будзе фарбаваць плот.
Калі трапляеш у канцінку з Pinterest, спярша вельмі цяжка паверыць, што людзі сапраўды так могуць жыць. Паўсюль ідэальная чысціня, на сталах нічога лішняга, пад нагамі нічога не валяецца — а ў сям'і, на хвіліначку, дзевяцігадовае дзіця! Ну, проста ідэальная чысціня. Нават на фота, які ракурс ні вазьмі, усё выглядае ідэальна, як у студыі.
— Нашыя сябры таксама спачатку не верылі, што мы так заўсёды жывем. Але цяпер ужо прывыклі. Жыццё ў аднушцы нас дысцыплінавала.
Уля Маслянкова. Фота з архіву герояў
Дарэчы, гэтая спроба "даўншыфтынгу" ў Маслянковых не першая. З нараджэннем дачкі яны вырашылі, што жыць утрох у аднапакаёвай кватэры цяжкавата. Хацелася больш месца, большай свабоды ад суседзяў, быць бліжэй да прыроды, але знайсці свой фармат удалося не адразу. Спачатку Саша і Паліна купілі лецішча. Але зразумелі, што на выходных, калі туды прыязджалі, даводзілася ўвесь час працаваць, а ім хацелася адпачываць. Таму даволі хутка лецішча прадалі і пачалі шукаць участак для будаўніцтва, каб пераехаць туды жыць на пастаянна.
Важнай была яшчэ блізасць да маці Аляксандра.
— Мы-то думалі, каб бабулю даглядаць, але ў выніку яна даглядае нас больш. То падкармлівае, то прыходзіць з унучкай пабыць, то дапамагае ў агародзе.
Я з раслінамі не вельмі ў добрых адносінах, але нешта вырошчваем — нават гарбузы — выключна для Хэлоўіну, бо ніхто з нас іх не есць.
Пустых участкаў на момант пошукаў у Мачулішчах не было, затое прадаваўся ўжо амаль гатовы дом — сцены і дах.

— Мы пагулялі па ім і зразумелі, што яго праектавалі людзі, блізкія нашаму светапогляду. Былі нават зробленыя нішы пад шафы і гардэробныя. Я адчула, што тут мне камфортна. І гэта нам сыграла ў плюс.
Стол у дзіцячым пакоі
— Бо хутчэй за ўсё, калі б мы замарочыліся з уласным праектам дома, то, верагодна, мы б напланавалі два паверхі, нейкія пограбы. А так мы ўзялі дадзенасць — што маем, то маем. З аднаго боку, гэта нас абмежавала, а з іншага — нам давялося толькі зрабіць перапланіроўку, выразаць пару вокнаў і заняцца аддзелкай.
— Гэта дазволіла нам хутка ўсё скончыць і забыць на рамонт. Мы яго не перапынілі, мы яго скончылі.
Хаця да ціхага спакойнага загараднага жыцця пакуль далёка. Каля паловы жыхароў яшчэ будуецца, адпаведна, дарогі пастаянна разбітыя цяжкой тэхнікай. Новыя ўчасткі прадаюцца з аўкцыёнаў. Але нягледзячы на пастаянны шум будаўніцтва і перыядычны гук рэактыўных самалётаў, птушак вясною тут усё ж такі чуваць, зазначае Паліна.
Перасцярог перад пераездам было шмат.

— Мы баяліся, што будзе цяжка рана ўставаць і далёка ездзіць да школы і працы. Баяліся, што не пацягнем фінансава і не хопіць уменняў абслугоўваць прыватны дом. Страшна было ад думкі, што давядзецца даглядаць аж 12 сотак, што састарэем і не дабудуем дом.

Але ніякія з перасцярог не спраўдзіліся. Выявілася, што ўставаць а 6-й ранку, каб своечасова трапіць у сталічную школу, зусім не цяжка. Бабулі аказаліся значнай падтрымкай у доглядзе агароду. А добрыя работнікі — гарантыя, што яшчэ доўга ў доме нічога не трэба будзе рамантаваць.

— Цяпер я асабліва добра сябе адчуваю за горадам. Калі ездзіш па Мінску і ўзгадваеш, што там было, мне становіцца цяжка. Таму прыемна вярнуцца дадому, паглядзець на дрэвы ў шэрані, паназіраць, як промні сонца граюць, і расслабіцца.
— Можа, у нас не самая ціхая вёска, хутчэй — наадварот, але мы пастараліся зрабіць унутры ўсё так, каб нам было тут спакойна.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте» и подписывайтесь на наш Telegram
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
А. Манцэвіч
Фота Verasen
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама