У сацыяльнай псіхалогіі ёсць такі панятак — “атытуд” (attitude), што ў перакладзе з ангельскай значыць “стаўленне”, а ў сацыялогіі выкарыстоўваецца для абазначэння ацэнак, якія людзі даюць сацыяльна значным падзеям, з’явам і г.д. Гэта свайго роду сацыяльныя ўстаноўкі. Мне здаецца, што гэты панятак выдатна пасуе для апісання стаўлення грамадства да голеных/няголеных целаў.
Атытуды фарміруюцца ў выніку супастаўлення ацэнак пэўнай з’явы. Напрыклад, мы разумеем, што галенне ног выклікае ў нас раздражненне скуры, лазерная эпіляцыя — дорага, а працэс шугарынгу інтымных зонаў — прыніжальны. Аднак сацыяльнае асуджэнне няголеных целаў можа пераважыць усе гэтыя нязручнасці. І такі чынам, у нас сфарміруецца ўстаноўка, што галіць ногі ды іншыя зоны — добра, а не галіць — дрэнна. І далей ужо гэтая ўстаноўка будзе ўплываць на нашыя паводзіны.
Складаецца ўражанне, што часта ў рашэнні галіць сваё цела, першаснае значэнне маюць сацыяльныя стандарты — так трэба і ўсё тут, усе так робяць. І нават калі мы думаем, што галіць ногі зусім не абавязкова і гэта прыносіць нам шмат нязручнасцяў, мы ўсё адно будзем іх галіць, бо ведаем, што грамадства ўхваляе паголеныя ногі, а няголенасць навакольныя будуць асуджаць і смяяцца ды кпіць з нас. Гэта выклікае ў нас кагнітыўны дысананс, то бок нашыя ўяўленні не адпавядаюць нашым паводзінам. А гэта ў сваю чаргу выклікае ў чалавека негатыўныя эмоцыі. Таму людзі, якія сутыкаюцца з негатыўнымі эмоцыямі, імкнуцца пазбавіцца ад іх. І для таго вельмі часта змяняюць свае ўнутраныя ўстаноўкі на гэты конт, як бы апраўдваючы свае паводзіны.
Напрыклад, пачынаюць верыць у тое, што галіцца — гэта гігіенічна, эстэтычна, прыемна. Шукаюць сацыяльнай падтрымкі — іншыя таксама голяцца. Адмаўляюць сваю адказнасць — маўляў, такія абставіны. Але на самой справе, ёсць яшчэ адна стратэгія пазбаўлення ад кагнітыўнага дысанансу — гэта змена паводзінаў. То бок, можна проста перастаць галіцца. Аднак, разумею, што гэта не так проста, — ісці супраць плыні. Я і сама доўга не магла прывыкнуць да сваіх валасатых ног, але прайшоў пэўны час — і нічога незвычайнага ў гэтым я ўжо не бачу.
Таксама атытуды з’яўляюцца своеасаблівым фільтрам, праз які мы прапускаем ці не прапускаем інфармацыю. То бок, калі ў нас ужо ёсць устаноўка, што галіць цела трэба, мы не ўспрымаем інфармацыю, якая супярэчыць гэтым устаноўкам. Таму, на жаль, вельмі верагодна, што мой тэкст не будзе мець уплыву на такіх людзей. Але я і пішу яго, хутчэй, з мэтай падтрымкі аднадумцаў і пашырэння досведу, падобнага майму, у інфармацыйнай прасторы.
Акрамя таго атытуды дазваляюць павысіць сваю самаацэнку. Напрыклад, даючы негатыўную ацэнку тым, хто вырашыў не галіць сваё цела, людзі падкрэсліваюць, што яны ў гэтым выпадку знаходзяцца на прыступку вышэй. Таксама ў асобах аднадумцаў людзі атрымліваюць дозу сацыяльнага ўхвалення. Праз атытуды адлюстроўваюцца і каштоўнасці людзей.