Крэўскія габрэйскія могілкі здабылі новы выгляд

ПАДЗЕІ
На выходных прайшла талака па прыборцы габрэйскіх могілак у Крэве
Калісьці Крэва было сапраўдным габрэйскім мястэчкам. У пэўныя перыяды гісторыі кожны трэці яго жыхар быў габрэем. Сёння не засталося ніводнага. Толькі напаўразбураная сінагога і старыя габрэйскія могілкі нагадваюць пра мінулае. На жаль, даглядаць за могілкамі няма каму. У мясцовых уладаў няма рэсурсаў, а ў жыхароў яшчэ да нядаўняга часу не было чалавека, які б мог іх арганізаваць.
На шчасце, такі чалавек знайшоўся. Фатограф Сяргей Гапон, які купіў хату пад Юравай гарой, на якой і месцяцца могілкі, кінуў кліч сярод сваіх фэйсбучных сяброў, а таксама сярод суседзяў у Крэве і сабраў сапраўдную талаку.
Сяргей Гапон
Каля двух дзясяткаў чалавек шчыравалі на прыборцы. Мясцовы сельсавет забяспечыў талакоўцаў неабходным інструментам. Мужчыны арудавалі бензапіламі, бязлітасна карнаючы кусты, якімі параслі магілы. Жанчыны зграбалі лісце і закідвалі яго разам з галлём у вялізнае вогнішча. Могілкі змяняліся на вачах. Вызірнулі камяні з старымі надпісамі, адкрыліся сцяжынкі і стала бачна, якое гэта на самой справе прыгожае месца.
Роў бензапілаў спынілі габрэйскія мелодыі беларускіх мястэчкаў ХХ стагоддзя ў выкананні гурта Bareznburger Kapelye. А вярнулі сілы ў канцы дня дзяўчаты з кулінарнага ютуб-канала КТО ВКУСНЕЕ і прыгатаваная імі вячэра.
Дзяўчаты з кулінарнага ютуб-канала КТО ВКУСНЕЕ
Сяргей Гапон спадзяецца, што на гэтым праца па добраўпарадкаванню Крэўскіх габрэйскіх могілках не скончыцца. У планах – запрасіць на лета адмыслоўцаў па рэстаўрацыі магільных камянёў і знаўцаў надпісаў на іх. А таксама стварэнне спецыяльнага каталогу з пералікам імёнаў пахаваных ды іншых звестак, якія стане магчымым прачытаць неўзабаве.
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама