Сяргей кажа, што тут ён задаволены ўсім, акрамя аднаго «ф» — вуліца, на якой знаходзіцца яго хата, носіць імя Фелікса Дзяржынскага. Хаця раней яна называлася Татарская, бо тут, акрамя габрэеў, жылі яшчэ і татары. Апошні з іх з'ехаў у Смаргонь усяго каля 3-4 гадоў назад. А само Крэва сёння носіць статус аграгарадка.
Усё местачковае жыццё паступова перамясцілася ад замка ў новы раён на ўзгорак, супрацьлеглы ад Сяргеевай хаты, — там і школа, і будынак сельсавету, Дом культуры, бальніца, праўленне калгасу. І тыповыя домікі аграгарадка. Там, дарэчы, жывуць і бацькі Сяргея. Але тады ў 1989, калі ён нарадзіўся, насупраць яго дома было поле і лес, цяпер — цэлая вуліца дамоў.