SPRAVA стала новым Вольным паветрам
ПАДЗЕІ
Аўталаўка замест аўтазака і класіка замест року
Сёння здаецца, што паўвостраў на Чарэйскім возеры спецыяльна створаны для таго, каб на ім праходзілі такія фэсты, як SPRAVA. Але на самой справе гэта вялізная праца людзей — арганізатараў і валантораў — якія зрабілі так, каб кожны пункт у праграме ідэальна ўпісваўся ў месца, а кожнае месца на паўвостраве падкрэслівала змест падзеі.
З другога па чацьвёртага жніўня ў вёсцы Белая Царква Чашніцкага раёна прайшоў трэці фестываль SPRAVA. Упершыню праграма расцягнулася на тры дні, а колькасць гасцей і ўдзельнікаў перакрочыла дзьве тысячы. І гэта прытым, што прагноз надвор'я не абяцаў нічога добрага. У выніку, людзі з'ехалі з крыху падгарэлымі на сонцы і абветранымі паўночным ветрам тварамі, з большага сухімі намётамі і, здаецца, у добрым настроі.
Адметнай рысай Справы стаў дух свабоды. Госцю, які прывык да АМАПу і аўтазакаў на фестывалях, нязвыкла было бачыць усяго трох мясцовых міліцыянтаў, якія самі з цікавасцю назіралі за ўсім, што адбываецца. А замест аўтазаку на фэст прыехала аўталаўка.
Аўталаўка замест аўтазака
Атмасфера душэўнасці і свойскасці панавала на фестывалі. Было адчуванне, што мы патрапілі на лямпавую ЖЖ-вечарыну сярэдзіны дзвюхтысячных. Толькі цяпер гэта ўжо фэйсбучная тусоўка, суполка свабодных і свядомых, інтэлігентных грамадзянаў, дзе ты ведаеш людзей праз аднаго. З кімсьці хапіла часу грунтоўна паразмаўляць, з кімсьці ўсяго падзяліцца ўражаннямі пра фэст, а камусьці ўдалося толькі здалёк памахаць рукою.
Вось няспешна прагульваеецца па птушынай сцяжынцы паэтка Таня Скарынкіна. Вось гуляе з дочкамі музыка і дызайнер Дзіма Ску. Частуе наведнікаў Справы варэннем культуролаг Максім Жбанкоў. Мітусіцца перад спектаклем рэжысёрка Света Бень. Да пляжа на ровары пад'ехаў мясцовы жыхар і музыка PortMone Сяргей Краўчанка. Здаецца, тут усе свае і нікога лішняга.
І праграма — на любы густ. Хочаш, тут табе і авангард-джаз ад Волковтрио, і ёдль-спевы ад Dooren Kutzke. На адной сцэне мясцовы народны калектыў Прасніца, а на іншай — вядзьмарская этна-электроншчына ад Shuma. На пляжы віртуозна агучваюць дыяфільмы, а ў вялізных сплеценых гнёздах паэты чытаюць вершы. Слухачы далучаюцца да музычна-вакальнай імправізацыі SPRAVA Improvisers orchestra, аж пакуль іх не разганяе дождж, а ў імправізаваным Доме Культуры, у які пераўтварыўся намёт "Витебскоблпотребсоюз", праходзіць майстар-клас па цыянатыпіі.
Чараўніцтва ўсёй гэтай дзеі дадаюць руіны Траецкай царквы 16-га стагоддзя, якія знаходзяцца ў цэнтры паўвострава, і ў якіх па плане павінны былі адбывацца акустычныя канцэрты. На жаль, у апошні дзень святар забараніў там якія-кольвек выступы, акрамя спеўных. Але галоўная сцэна ветліва прыняла выступоўцаў на свой памост.
Парадавала вялікая колькасць намётаў з ежай, у асноўным веганскай; палатка з мясцовай фермерскай гароднінай; кантэйнеры для асобнага збору смецця, якія, дарэчы, былі падпісаныя па-беларуску. Таму да і без таго шматлікай беларускай мовы дадаліся пастаянныя «А это куда: агульнае смецце или шкло?»
Адзінае месца, якое азмрочвала фестываль, былі так званыя "кусцікі" — восем біятуалетаў з пастаяннай чаргой. Ці гэта пралік арганізатараў, ці няўменне гасцей акуратна карыстацца прыбіральнямі, але кожны раз з жахам думалася пра той момант, калі зноў захочацца пайсці ў "кусцікі".
З упэўненасцю можна назваць Справу галоўным оўпэнэйрам Беларусі на сёння. Вельмі радуе, што арганізатары свядома імкнуцца абмежаваць маштаб фестывалю, каб ён не пераўтварыўся ў чарговае безкантрольнае бухалава і бяздушнае тусава нічым не аб'яднаных паміж сабой людзей. А так, на Справе сапраўды адчувалася, што нешта нас усіх ды яднае. І хочацца захаваць гэтае адчуванне і далей, ужо за межамі паўвострава на Чарэйскім возеры.
Расказаць сябрам
Аўгіня Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda