«Я хачу паказаць,
што рай існуе»
ДОСВЕД
Ад пустэльніцы да пачынальніцы буйнога пасялення.
Расказаць сябрам
Раней гэта была звычайная вёска, з якой з'ехала моладзь і засталіся дажываць старыя. Дзясяткі пустых хат, парослыя бур'яном участкі — сумнае відовішча. Цяпер па Малым Запруддзі немагчыма прайсці, не сустрэўшы вясёлых маладзёнаў ці ўсмешлівых дзяўчат. Нярэдкасць цяпер тут і дзіцячы віскат, грукат малатка і звонкія песні. Адным словам — жыццё віруе. Сёння гэтае пасяленне называюць Цудоўнымі Пагоркамі (Чудесными холмами).

Пэўна, ніхто з гасцей Цудоўных Пагоркаў не змог абмінуць блакітнавокую дзяўчыну ў рознакаляровым убранні, якая частуе ўсіх ўласнапрыгатаванымі вегетарыянскімі стравамі, залівіста смяецца і зацягвае народныя песні ля вогнішча. Гэта Алеся Каржова — адна з пачынальніц усёй гэтай "дзвіжухі".
Алеся Каржова з каханым і дзецьмі
З першага погляду па Алесі не скажаш, што яна — маці траіх падлеткаў, а за плячыма ў яе амаль два дзясяткі гадоў даўншыфтынгу. Але гэта акурат той чалавек, які ведае, чаго хоча, і мэтанакіравана ідзе да здзяйснення сваіх мараў. І тое, што сёння адбываецца ў Запруддзі — адна з іх.

Зайшоўшы да Алесі ў хату, я чую ціхія гукі струнаў і бачу 14 чалавек за сталом. Гэта жыхары і госці Цудоўных Пагоркаў сабраліся на абед. А гаспадыня з сваім каханым, Дзмітрыем, радуе прысутных спевамі пад гуслі, балалайку і гітару. У рэпертуары — нават уласнапрыдуманыя частушкі пра жыхароў пасялення. Гасцям яўна падабаецца.

Калі ўрэшце народ разыходзіцца, Алеся заварвае сабе каву, і мы сядаем размаўляць. Маё першае пытанне — ці думала яна, калі прыехала жыць у Запруддзе сем гадоў таму, што тут разгорнецца такая "дзвіжуха"?

— Так, я пра гэта марыла. Гэта нават была мая мэта.
— Гэта вельмі добрая альтэрнатыва гарадскога жыцця для тых людзей, якія жывуць на прыродзе, але не хочуць быць пустэльнікамі.
— Хочуць мець зносіны з людзьмі, развівацца, ствараць. Я менавіта так і хацела — каб побач былі такія творчыя людзі, каб адбывалася тое, што цяпер адбываецца. І я вельмі гэтаму рада. Мяне гэта вельмі цешыць!

У Запруддзе прыязджаюць розныя людзі. Тут ёсць і капірайтэры, і прадпрымальнікі, і рамеснікі, і музыкі. Не абышлося і без прыхільнікаў эклектычнай эзатэрыкі, розных інгліістаў, вернікаў у так званыя "Славяна-арыйскія веды" і старажытны псеўда-алфавіт Буквіцу. І тым цікавей, кажа Алеся.

— У прынцыпе, з усімі ладзіцца. Проста з кімсьці ты маеш больш блізкія і частыя зносіны, з кімсьці паверхнева — ну, "добры дзень, перадайце хлебушка". І ўсё. У душу не лезеш. Вядома, больш радуюць тыя людзі, з кім ты можаш паразмаўляць па душах. І такіх таксама дастаткова.

Валожынскія натарыюсы здзіўляюцца: што такое робіцца ў Малым Запруддзі? У дзень па хаце купляюць, а то і па дзве! Сёння Алеся ўжо і не ведае, колькі дакладна даўншыфтэраў жыве ў акрузе. На ўскідку называе лічбу, большую за 30 хат. Ніводны фестываль, які ладзіцца на Цудоўных Пагорках, не абыходзіцца без удзелу Алесі.

— Можа, і без мяне адбываліся б фэсты. Але я, вядома, адчуваю сваю ролю ў гэтых святах.
— І тое, што я сыграла сваю ролю ў стварэнні гэтага пасялення, я ведаю.
— Наколькі — гэта няважна. Бо гэта як запушчанае кола. Яно ўжо пакацілася, і яго не спыніць. Сталі прыцягвацца новыя людзі, яны ўкладвалі сваё, я — сваё.
Усё сышлося. Дарога да буйнога пасялення
Каб такому стацца, Алесі спатрэбілася прайсці нямала ступеняў у сваім жыцці і развіцці. Малое Запруддзе — далёка не першая вёска, у якой жыве дзяўчына.

— Кожны папярэдні досвед паказваў мне, чаго не хапае, і што б я хацела, каб было. І калі я ўжо прыехала сюды, у мяне было дакладнае ўяўленне, якое месца я хачу стварыць. Тут сабраліся людзі па душы, па вібрацыях, сябры да сяброў прыцягнуліся. Не па ідэі, як, напрыклад, "класічныя" анастасіеўскія пасяленні. І гэта самае каштоўнае. У іншых вёсках, дзе я жыла, не атрымлівалася еднасці. Там збіраліся зусім розныя ў прынцыпе людзі.
— Плюс да таго — у апошняй вёсцы ўлады сталі панікаваць, што мы секта, пазакопвалі дамы і аддалі землі калгасу, лясніцтву, каб людзі не маглі будавацца і далей развівацца.
— Перакрылі перспектывы развіцця месца.
У першай вёсцы, дзе жыла Алеся з першым мужам, было вельмі мала хат — ніякай перспектывы для развіцця пасялення. І праз год пара папросту ўзвыла ад самоты. Там стала зразумела, што людзі патрэбныя абавязкова.

У другую вёску Алеся прыядналася да сям'і, якая таксама купляла там хатку, маўляў, будзе хоць з кім паразмаўляць. Затым туды прыехала яшчэ некалькі сем'яў, але душэўнасці там дзяўчына так і не знайшла.

— А тут у мяне ўсё сышлося. Я адразу сюды прыехала: так, шмат хат, якія прадаюцца; узгоркі; каменне, пералескі, ручайкі. Тут ёсць дзе пагуляць — у цябе пастаянна мяняецца пейзаж, і гэта вельмі напаўняе. Там, дзе я жыла да гэтага, такога не было. Ну, хіба толькі леса вялікага не хапае. Але я вырашыла, раз тут няма лесу, пасаджу яго вакол сама. Чым мы тут перыядычна і займаемся.
Алеся не загадвае далёка наперад і не ведае, ці спыніцца на Цудоўных Пагорках.

— Дзесьці ў мяне яшчэ ёсць мара – горы. Я разумею, што цяпер я павінна быць тут. Але не магу спазаць, што тут я і памру. Апошнім часам я навучылася жыць тут і цяпер, радуючыся таму, што адбываецца.
Жаданні і грошы
Алесін досвед навучыў дзяўчыну не мець надта вялікіх запытаў і не ствараць шмат жаданняў, а прымаць усё, як ёсць і радавацца малому. Тады ўва ўсім знаходзіш плюсы.

— Ёсць рэчы, якія я сама не магу змяніць. Напрыклад, адрамантаваць дзверы.
— Ну, дзьме ў дзьверы, ну, ідзі ў суседні пакой, там не дзьме. Навошта сядзець і пакутваць?
— Калі я раптам заўважваю, што стала пакутваць, пачынаю разбірацца з сваімі жаданнямі: магу я гэта змяніць, ці не. Калі не магу, то чаго мне ўвогуле пакутваць? А калі магу, значыць, трэба імкнуцца да гэтага, а не пакутваць. Хаця з іншага боку, часам пакуты падштурхоўваюць нас да зменаў, і ўсім нам часам хочацца папакутваць.
Фінансава Алесіну сям'ю сёння падтрымліваюць аліменты на дзяцей, а таксама рукадзелле і гліняны посуд, які дзяўчына робіць сама і прадае. Мясцовыя фестывалі пакуль асабліва грошай не прыносяць.

— У мяне ніколі не здаралася, каб зусім не было грошай.
— Для мяне паказчык — масла ў лядоўні. Калі ў мяне ёсць масла, значыць, усё добра.
— Плюс — я вырошчваю гародніну, а гэта добрая падстрахоўка. Нават калі ў цябе няма грошай, заўсёды можна проста патушыць гародніну з маслам, і гэта смачна. На самой справе, у мяне заўсёды ўсё ёсць. Магчыма, мне б хацелася, каб у мяне было крыху больш грошай, каб я магла сабе купіць тканіну на сукенку. Але гэта вось з той серыі жаданняў-пакутаў: у мяне ж поўная шафа сукенак. Ну, ладна, куплю як-небудзь іншым разам. Вядома, у мяне няма шмат грошай, я вельмі няшмат зарабляю. Аднак у жыцці столькі яшчэ ўсяго, што мяне цешыць, акрамя тканіны на сукенку.
Дзевяць месяцаў без электрычнасці пры свечках
— З маім другім мужам мы сышліся на агульнай ідэі жыцця ў вёсцы. Купілі разам хату. Але з часам стала зразумела, што я яго не кахаю. І ў пэўны момант я зразумела, што не магу знаходзіцца з ім у адным доме і трэба сыходзіць. А куды ісці? У мяне грошай няма дастаткова. Я адна, з трыма малымі дзецьмі на дзяржаўнай грашовай дапамозе, сама не працавала. І тут я ўспамінаю пра адзін домік, на які калісьці звярнула ўвагу. Мне далі тэлефон гаспадароў. І перад тым, як званіць, я думаю: што я ім скажу? Грошай у мяне няма, а дом патрэбны. Ну, ладна, скажу, 300$ — дзе-небудзь знайду.

— І я званю, пытаюся: «Хата прадаецца?» «Ну, я не ведаю, мы не думалі, што яе хтосьці можа купіць». «За колькі прадасьце?» «А колькі вы можаце даць?» «300 долараў». «Ну, добра».

— І вось, я прыехала туды з дзецьмі, прыбралася. А электрычнасці там не было. Знайшла вялікі кавалак воску, наляпілі свечак, запалілі.
— І так стала там утульна, так добра і спакойна, што я вырашыла заставацца. А гэта было позняй восенню. Трое дзяцей, малодшаму з якіх і года не было, ні электрычнасці, ні дроваў, ні газа, ні калодзежа ў двары.
Малая хатка за 300$
— Проста маленькі домік, руская печка, драўляная падлога, лаўка і свечка. Я з гэтымі свечкамі як паспрабавала, мне нават не хацелася праводзіць электрычнасць.

Як цямнела, Алеся запальвала свечкі, дзеткі маленькія яшчэ нейкі час бегалі, а пасля натуральна засыналі гадзіне а сёмай, а то і раней. І прачыналіся з сонцам. Алеся тлумачыць выгаду: уявіце сабе шматдзетную маці, у якой вызваляецца час з 7 вечара да 10-11, напрыклад, без дзяцей! Гэта проста падарунак. І так яны пражылі 9 месяцаў.

— А пасля я правяла электрычнасць, уключыла святло, паглядзела на гэта ўсё — і выключыла. Адкрыліся ўсе дэфекты і недахопы дома. Пры свечках гэта ўсё скрадвалася, а святло выпячыла. Давялося рабіць рамонт.
Калі Алеся пераязджала ў Запруддзе, ёй прыглянулася хата за 4 тысячы долараў. А тую хату быў гатовы купіць сябра за 3 тысячы.
— І я сяджу і думаю: ну, напрыклад, тры тысячы ў мяне ёсць. Дзе ўзяць тысячу? Гэта для мяне ўвогуле нерэальныя грошы. Я ўвогуле ніколі ў жыцці ў руках не трымала такіх грошай. І мне ніхто не дасць.
— І тут у мяне зазваніў тэлефон. Мужчынскі голас: «Вы дом прадаяце?» «Я прадаю, але свайму сябру». «За колькі?» «Якая розніца – за колькі?» «Я дам больш». І такі настырны. Я сказала больш мне не званіць. На наступны дзень да мяне літаральна ў хату прыходзіць дзядзечка, прам як "новы рускі" з часопіса: на крутой тачцы, у малінавым пінжаку, з ланцугамі на шыі. А я за ноч падумала: скажу 6 тысяч. І вось ён да мяне падыходзіць і пытаецца: «Ну, колькі?» Я кажу: «Шэсць». Ён кажа: «Пяць, а то перадумаю». І ў той жа дзень мы заключаем дамову аб куплі-продажу, я купляю дом у Запруддзі, і ў мяне на руках яшчэ застаецца тысяча. А ў сябра майго таксама ўсё класна склалася.
Мужчыны і шлюбы
Сёння Алесіны вочы ззяюць, бо побач каханы Дзіма, з якім добра і песні паспяваць, і папрацаваць, і памарыць пра будучыню.
— У мяне быў досвед розных шлюбаў, дзе я была задаволеная пяццюдзесяццю працэнтамі мужчыны, а з паловай трэба было мірыцца, думала: ну, ладна. Але пасля гэтыя другія 50% вылазяць, і ты ўжо не можаш з імі мірыцца. Затым з'яўляецца мужчына, у каго ёсць іншыя 50%, затое не хапае першых. І я ўжо думала: божа, калі б узяць гэтыя ўсе адсоткі ў адно, тады б атрымаўся ідэальны мужчына.
І калі я ўжо разышлася з сваім апошнім мужам, я вырашыла: альбо ў мяне супадзе 100%, альбо я іду ў манастыр. Мне нават 70% не трэба, мне трэба 100%. Ладна – 95%, а то і праўда давядзецца ісці ў манастыр.
— І тут я сустрэла Дзімку, і разумею, што 95% супадзення тут ёсць дакладна. Я літаральна склала сабе спіс якасцяў – знешніх і ўнутраных. І ўсе яны ў ім ёсць. Больш за тое, яго бацькі, ведаючы, што ў мяне трое дзяцей, што я не адзін раз была замужам, прынялі мяне і блаславілі нас.

Да гэтага ўва ўсіх адносінах, у якіх была Алеся, ніводныя бацькі яе мужчын не прымалі нявестку. Усе былі супраць, нават у першым шлюбе.
Вясковая пракачка
Вясковае жыццё, якое засмактала Алесю амаль два дзясяткі гадоў таму пасля спробы пажыць у крымскіх горах, добра пракачала дзяўчыну ўва ўсіх сферах: і ў агародніцтве, і ў сацыяльных адносінах, паўплывала на пазітыўнае мысленне. Калі ты жывеш у натуральных умовах, ты сам становішся больш сапраўдным. Ты лепш адчуваеш сябе, табе не трэба іграць нейкую ролю. Многія, хто бачаць нашых пасяленцаў, кажуць, што мы адрозніваемся сваёй натуральнасцю, адсутнасцю масак, адкрытасцю.
— Спачатку людзі прыязджаюць сюды з нанасным гарадскім пафасам, таракашачак сваіх з горада вязуць. А пасля пачынаюць пракачвацца, і гэта ўсё змываецца. Тут альбо ты становішся такім, альбо ты сам па сабе.
Сёння Алеся ўсё больш і больш проста назірае за вірам жыцця, якое бурліць на Цудоўных Пагорках. Тут і штотыднёвы акторскі гурток, і дзіцячы садок. Па панядзелках агульныя сходы, дзе ахвочыя дзеляцца набалелым і абмяркоўваюць будучыню пасялення. Раз-пораз жыхары зазываюць суседзяў на талаку, каб дапамагчы пабудаваць лазню ці разабраць стары сарай. Пасядзелкі з рукадзеллем, спеўныя вечарыны, застоллі, святкаванні народных абрадаў, высадка паркаў і садоў. Нават пры вялікім жаданні паспець паўдзельнічаць ува ўсіх актыўнасцях проста немагчыма.

Алеся выбірае тое, што па душы, але часам спантанныя госці бураць усе планы на дзень і агарод застаецца недагледжаным у апошнія цёплыя дні.

Калі не паспею да зімы з агародам, мне будзе нярадасна. Проста хочацца, каб быў парадак.
— Гэта як калі ты не прапыласосіў на зіму, і ўсё, больш магчымасці прапыласосіць не будзе. Гэта такі ўнутраны стан, калі твой участак не ў парадку.
З нядаўняга часу Алеся вядзе блог у інстаграме, дзе фоткамі і відэа ў сторыз расказывае пра штодзённае жыццё ў Малым Запруддзі. Дзеліцца сваім настроем і хваліцца ўраджаем, знаёміць з новымі жыхарамі і дазваляе папрысутнічаць на агульных сходах. Дзякуючы гэтаму дайджэсту можна ў поўнай меры адчуць атмасферу на Цудоўных Пагорках.
— Я хачу паказаць людзям, як можна шчасліва жыць у вёсцы і тое, што рай існуе.
— У вёсцы няма такога, як у горадзе – праца, дом, праца – дзень сурка, шэрыя будні. Гэтым блогам я хачу паказаць, наколькі розным, яркім і поўным падзеяў можа быць жыццё ў вёсцы. Каб людзі пабачылі, што ёсць альтэрнатыва гораду, што ёсць выйсце, што можна жыць шчасліва на гэтай зямлі. І гэта мяне натхняе на вядзенне блогу.

Некаторыя жартуюць: а ці былі ўвогуле такія, хто не захацеў домік на Цудоўных Пагорках? Аднак Алеся папярэджвае, акрамя жадання жыць у вёсцы, патрэбна яшчэ і адчуванне поўнай гатоўнасці да такіх перамен. Тады ўсё атрымаецца.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте» и подписывайтесь на наш Telegram
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
А. Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda