Цяпер, пакуль Маша ў школе, Лена можа папрацаваць, пазаймацца гаспадаркай, пастрыгчы ахвочых суседзяў, пашыць на продаж гамак, ці проста паспаць да абеду, калі ёсць такая патрэба. Але галоўным заняткам Лены па-ранейшаму застаецца музыка. Праект, у якім сёння ўдзельнічае дзяўчына, называецца «Музыка з сэнсам». Разам з клавішнікам і віяланчэлісткай яны сатвараюць музыку і напаўняюць яе сэнсам.
— Працы шмат, і важна дазваляць сабе адпачываць, займацца не толькі побытавымі справамі, але і мастацтвам. Мне вельмі хочацца дзяліцца сваёй творчасцю, для мяне гэта дабрачыннасць. Галоўны мой скарб — мае песні. Сэнс у тым, каб яны жылі. Да таго ж музыка дапамагае перажываць усю тую жудасную сітуацыю, якая склалася ва Ўкраіне.
Тым больш гэтая сітуацыя непасрэдна тычыцца сям'і Лены: тата Машы цяпер жыве ў Кіеве і праз ваенныя дзеянні яны не могуць сустрэцца.
— Там на месцы ён стараецца быць карысным, як можа: разбірае завалы, дапамагае з гуманітарнай дапамогай, вучыцца аказваць медыцынскую дапамогу пры раненнях. Кожны займаецца сваёй справай.