Апошні фестываль лета прайшоў «На лузе»

ПАДЗЕІ
Пасля двухгадовага перапынку фэст вярнуўся на ўзгоркі Валожыншчыны
Даўншыфтары Валожыншчыны зладзілі чарговы фестываль «На Лузе» ў апошнія выходныя лета. Адбывалася імпрэза ў вёсцы Лохаўшчына на Арт-хутары «Васіліна». Гэтыя мясціны — адзін з прыкладаў так званай Новай вёскі, для якой характэрны ідэі ўстойлівага развіцця, экалагічнага мыслення, актыўнага ўключэння ў функцыянаванне мясцовай супольнасці. Прыкладам такой супрацы мясцовых жыхароў і стаў фэст «На Лузе».
Для гасцей фестывалю, якіх сабралася амаль сотня чалавек, была падрыхтаваная насычаная праграма. Гульні і майстар-класы, медытацыя і ёга дапамагалі ўдзельнікам глыбей акунуцца ў атмасферу вясковага фестывалю.
Абавязковы адмысловы пункт праграмы — экалагічная актыўнасць. На мінулых фестывалях гэта былі прыборка ад смецця вясковых дарог і ваколіц, выраб кантэйнераў для асобнага збору смецця (кантэйнеры, дарэчы, і сёлета служылі гасцям фестывалю). Гэтым разам адбыўся шпацыр па экасцежцы праз мясцовыя пагоркі, лес і балота, якое, дарэчы, таксама калісьці прыбіралі ў межах фестывалю «На лузе».

У старой паветцы адбывалася выстава старых фотаздымкаў колішніх жыхароў Лохаўшчыны, якія новыя жыхары знайшлі ў сваіх хатах і беражліва захавалі.
Некаторыя пункты праграмы адбываліся пры дапамозе саміх гасцей. Так прайшоў паказ тэатру ценяў, а таксама сумесная візуалізаваная чытка-спектакль па кнізе Сяргея Лескеця «Шэпт». Госці зачытвалі вытрымкі з аповядамі шаптух і іх змовамі. А вядучая Лена Штык з дапамогай адмыслова змайстраванага кардоннага праектара і мясцовых раслін ілюстравала тэксты.
Мастак Bazinato зладзіў практыку «Калі той, хто спіць, прачнецца». Дзве гадзіны ён вадзіў гасцей фэсту з заплюшчанымі вачыма па ўзгорках і лясах. Адна з частак практыкі — пошук дрэва. Чалавеку даюць памацаць дрэва з завязанымі вачыма, затым адводзяць яго, развязваюць вочы, і той павінен знайсці «сваё» дрэва. Сам мастак кажа, што для практыкі выкарыстоўвае зрокавую дэпрывацыю, працуе з органамі пачуццяў, каб змяніць асноўную адчувальнасць чалавечага цела і даць магчымасць зразумець ды адчуць тое, што звычайна ў жыцці недасяжна.
Са сцэны, якая размясцілася літаральна ля старой драўлянай хаты, выступалі музыкі: Ян Клапоцкі, гурт «Гутатэлі», tochka K, Triangle. Гукавыя хвалі запаўнялі лагчыны ды цясніны паміж узгоркамі Ашмянскага ўзвышша, што стварала крыху нават містычны эфект. Завяршыла праграму першага дня дыскатэка ля вогнішча пад зорным небам. За нябеснымі целамі таксама можна было назіраць у адмыслова ўсталяваны тэлескоп.
Другі дзень парадаваў паказам на адкрытым паветры фільма «Скрыжаванне» Анастасіі Мірашнічэнкі пра бяздомнага мастака з Гомеля Валерыя Ляшкевіча. Пасля паказу госці фестывалю мелі магчымасць паразмаўляць з рэжысёркай і задаць ёй пытанні.
Адпачыць ад актыўнасцяў можна было ў любы момант у чайнай, якая размясцілася пад старой раскідзістай чарэшняй, у гамаках у старым яблыневым садзе, на арэлях пад вялізнымі стогадовымі клёнамі. Кожны з гасцей мог прывезці з сабой вырабы, зробленыя мясцовымі рамеснікамі і купленыя на фестывальным кірмашы.
Хочацца верыць, што наведнікі фэсту прывезлі з сабой дадому не толькі купленыя вырабы, але і добры настрой, натхненне і новыя ідэі.
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама