«Не магу ўявіць больш карыснай справы, якой бы я магла займацца»

ДОСВЕД
Як жыхарка вёскі захацела ўратаваць ад знішчэння яблыневы сад і стварыць на яго месцы ўстойлівую экасістэму з культурным і адукацыйным цэнтрам
Расказаць сябрам
Не так даўно стала вядома, што калгас збіраецца выкарчаваць стары яблыневы сад ў Вялікім Запруддзі Валожынскага раёна. Памятаю, як пра гэта напісалі ў мясцовым чаціку з прапановай захаваць сад і клапаціцца пра яго. Аўтарам гэтай ініцыятывы выступіла Наталля Юшкевіч. У выніку яна разам з яшчэ шасцю суседзямі стварыла спажывецкі сельскагаспадарчы кааператыў "Цудоўны сад", які мае на мэце ўзяць тэрыторыю пад апеку і пераўтварыць яе не толькі ў батанічны сад, а ў сапраўдны культурны ды адукацыйны цэнтр.
Наталля Юшкевіч
З Наталляй мы сустракаліся для размовы некалькі разоў напрацягу вясны. Дом дзяўчыны, што вельмі сімвалічна, знаходзіцца літаральна ў ста метрах ад саду. Кожную нашу сустрэчу мы спачатку ішлі гуляць у пакуль не заросшы высокай травой сад, суразмоўца знаёміла мяне з яблынямі: "Гэта грабштэйн, пепінка, залаты ранэт, антонаўка". Ёсць яшчэ пакуль невядомыя гатункі, але Інстытут пладаводства пагадзіўся дапамагчы Наталлі з вызначэннем астатніх шасці гатункаў яблынь на гэтых 16 гектарах.
Пасля прагулкі па садзе мы прыходзілі да дзяўчыны дадому размаўляць.
Наташа даставала з печы рондаль з гарачай вадой і заварвала гарбату ў гліняныя кубкі. У хаце ненавязлівы мінімалізм: старая шафа, стол, пару крэслаў, матрац з саломы ля печкі, драўляная палічка на сцяне, металічны вясковы ложак. З незвычайнага заўважаю, хоць і не адразу разумею, у чым справа, — у хаце амаль няма пластыкавых рэчаў. Наташа спрабуе пазбягаць пластыку і сінтэтычных матэрыялаў у сваім побыце. Нават савок для смецця ў яе зроблены з дрэва.

— Я літаральна целам адчуваю, што мяне акружае. І калі гэта натуральныя матэрыялы, мне вельмі кайфова. Прыемна трымаць у руках гліну, дрэва. У іх больш жыцця. А калі нешта пластыкавае…
— Мне здаецца, што чым больш нешта падвяргаецца перапрацоўцы, тым менш у ім застаецца жыцця. Мне хочацца акружаць сябе максімальна жывым і быць максімальна жывой.
— Хтосьці скажа: я так думаю проста таму, што ведаю — выкарыстанне пластыку неэкалагічна. Але мне здаецца, маё цела сапраўды гэта адчувае.
Наталля спрабуе сінхранізаваць свае рытмы з прыроднымі, шукаць ды замяняць здабыткі сучаснай цывілізацыі больш "жывымі", знаходкамі. Таму пакуль што яна наўмысна не аблягчае сабе жыццё агульнапрынятымі вырашэннямі сучаснасці: газавай плітой, вадаправодам, каналізацыяй.

— Калі я запальваю печ, я гляджу на сапраўдны, а не віртуальны агонь. Мне падабаецца яго бачыць і адчуваць як мага часцей. Мне зусім не шкада на гэта 5-15 хвілін, бо я ад гэтага напаўняюся. Кожны раз запальванне печы ідзе па-рознаму, гэта ў пэўным сэнсе творчасць. Я ведаю сябе і разумею, што калі б у мяне была электрычная ці газавая пліта, то я паступова адвучылася б ад печкі. А так я наўмысна паставіла сябе ў такія ўмовы, бо хачу выпрацаваць у сабе новыя звычкі — звычкі сельскага жыхара, у якога ўсё своечасова, таму што ён жыве ў прыродным цыкле. Ён прачынаецца з сонцам, ведае, калі трэба запаліць печ, каб у яго да патрэбнага часу быў гатовы абед, вячэра, цёплая вада ў распараджэнні. І я паціху пачынаю ў гэтым рытме жыць. І мне вельмі падабаецца.
Пракладаць у хату вадаправод Наталля не збіраецца, бо, па-першае, не хоча выкарыстоўваць пластыкавыя трубы, а па-другое, упэўненая, што вібрацыі ад помпы шкодзяць экасістэме. Што тычыцца прыбіральні — дзяўчыне не хочацца спраўляць патрэбу ў жылой прасторы. Да таго ж ёй не цяжка выходзіць на двор.

— Гэта як нагода, каб выйсці з дому праветрыцца. Кожны раз на вуліцы мяняецца мой стан: удыхаю свежае паветра, на скуру падаюць сонечныя промні і адразу па-іншаму сябе адчуваю.

Дом куплены не так даўно і патрабуе касметычнага рамонту. У будучыны Наталля збіраецца стварыць усе выгоды "зялёным" спосабам без выкарыстання прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Напрыклад, керамічны рукамыйнік замест пластыкавага, драуляная ванна ды убудаваны ў печ нагрэў вады.
У Вялікае Запруддзе, дзе ў купе з іншымі вёскамі сёння вырасла суполка "Цудоныя Пагоркі", дзяўчына ўпершыню прыехала пяць гадоў назад. Гэтаму папрэднічалі паездкі па розных экапасяленнях. Але менавіта тут яна пачула ўнутраны водгалас і зразумела, што знайшла сваё месца. Аднак хату ля саду знайшла не адразу. У першым доме ў суседняй вёсцы яна затрымалася на чатыры гады — спачатку прыехала ў госці, а затым узнікла ўзаемнае каханне з гаспадаром гэтага дома і яны пачалі жыць разам.
Ужо тады ў Наталлі былі асаблівыя пачуцці да мясцовага яблыневага саду, але не адчувала сабе гатовай нешта з ім рабіць.

— Я думала: сад вялізны, я адна, маленькая. Потым, калі з'явяцца рэсурсы, займуся ім.

І дзяўчына працягвала проста перыядычна туды хадзіць, пакуль займалася іншымі праектамі дзеля развіцця мясцовасці і суполкі. Аднойчы, гуляючы побач з садам, яна заўважыла машыну ля закінутай хаты.

— Мы зайшлі ў хату — гаспадары сядзяць на канапе. Мы такія: "Вы выпадкова хату не прадаяце?" А яны: "Прадаем!" Аж страпянуліся, усталі, усцешыліся, што нехта хоча іхную хату купіць. Мы тут жа дамовіліся пра цану і неўзабаве я купіла гэты дом.
У пэўны момант Наталля вырашыла паспрабаваць пажыць нейкі час з намётам у самім садзе, бо лічыць яго ідэальнам асяроддзем для жыцця чалавека.

— Мы адзначалі мой дзень нараджэння ў садзе — тады стаяла вельмі спякотнае лета, а ў цені яблыняў было так камфортна. І акурат адзін сябра мне падарыў гамак, а другі пакінуў намёт. І рашэнне застацца там прыйшло само сабой.
Гатавала дзяўчына на агні, ваду брала ў суседзяў — два вядры хапала на дзень, каб прыгатаваць ежу і памыцца. Патрэбу спраўляла ў прыбіральнях, якія былі пабудаваны побач з садам сіламі мясцовай суполкі.

— Дзякуючы гэтаму досведу я яшчэ раз адчула, што для шчасця трэба вельмі мала, што цалкам магчыма працаваць з саду. Я шмат чаго рабіла з тэлефона, лежачы ў гамаку. Атрымала вельмі каштоўны досвед зліцця з прыродай. Памятаю, ляжу ў гамаку, мне на нагу села страказа, пасля пчала, затым муха. І мне так не хацелася іх праганяць у той момант, зусім змыліся межы — гэта мая нага ці іхныя целы.
Вельмі класна спаць у садзе падчас дажджу і нават падчас навальніцы. Вакол грыміць, а ты ў гэтым намёце, як у гняздзечку — чуеш кожны гук, адчуваеш сябе часцінкай прыроды.
Так Наталля пражыла ў садзе цэлы месяц. Але зацікаўленасць садам не была актыўнай, аж пакуль не з'явілася навіна, што яго збіраюцца высекчы.

— Я адразу ўключылася — пазваніць туды, з'ездзіць сюды. І стала зусім не да перажыванняў: "змагу — не змагу? а ці хопіць сілаў?" Я зразумела, што трэба дзейнічаць: — цяпер ці ніколі.
На заклік Наташы аб захаванні саду адразу адгукнулася шэсць чалавек, якія выявілі жаданне ўступіць у спажывецкі кааператыў. Кааператыў — гэта адна з юрыдычных форм, якая дазваляе аформіць сад на сябе.
— На першым месцы у мяне ў жыцці — не прыбытак. Я раблю ўсё не дзеля грошай, а дзеля развіцця сябе, супольнасці, вёскі ў цэлым, нейкай светлай будучыні. Але каб гэтая будучыня была ўстойлівай, патрэбны прыбытак.
Атрымліваецца, некамерцыйны спажывецкі кааператыў дазваляе масімальна прыбліжана да такой схемы весці справы. Па сваім складзе характараў і мазгоў мы — не камерсанты, таму стварэнне камерцыйнай арганізацыі мы проста не пацягнулі б. Магчыма, калісьці мы і станем зарабляць добрыя грошы, але цяпер гэта не галоўная мэта.
Мастацкі плэнер у "Цудоўным садзе"
Пасля рэгістрацыі кааператыву Наталля ўзялася за стварэнне праграмы развіцця саду. Паводле яе сад мусіць стаць турыстычнай разынкай рэгіёну, стварыць харчовую бяспеку для мясцовай супольнасці і служыць прыкладам устойлівай экасістэмы.

— На месцы яблынь, што загінулі, мы збіраемся падсаджваць маладыя культуры, у тым ліку арэхі, ягады, араматычныя зёлкі, рэдкія ядомыя віды раслін. Такім чынам мы створым не інтэнсіўны, а экстэнсіўны шматпладовы сад, прыклад для будучыні з зялёнай эканомікай, у якім будзе вялікая разнастайнасць пладоў, і які будзе сілкаваць мясцовую супольнасць, закрываць іхныя патрэбы.
Цяпер, калі ўзнікаюць складанасці з імпартам, вельмі важна самім навучыцца вырошчваць ежу (а мы збіраемся і навучаць), прычым такую, якая будзе ўтрымліваць усе карысныя рэчывы.
У той жа час сад будзе павышаць кваліфікацыю мясцовых жыхароў — ён дасць людзям працу. Выгада ў тым, упэўненая гераіня, што калі складваць рэсурсы разам з іншымі, то трэба менш укладанняў. У аднаго ёсць трактар, у другога — саджанцы, у трэцяга — сувязі, у чацвёртага — кампетэнцыі. Калі ў чалавека ўсяго дастаткова і ён можа ўсё рабіць на сваім участку — калі ласка, яго сям'я будзе аўтаномнай. Але сад акрамя ўсяго дае магчымасць не згубіць традыцыю сумеснай працы.

Таксама ў садзе плануецца праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы, каб вясковыя людзі маглі атрымліваць веды ў розных сферах, не толькі звязаных з біялогіяй, але і з астраноміяй, устойлівай энергетыкай і з іншымі навукамі. Спачатку гэта будзе фармат пад адкрытым небам, затым з заробкаў ад гэтых мерапрыемстваў стане развівацца інфраструктура — навесы, саламяныя домікі на сваях. Плануецца нават невялічкая кавярня, дзе будуць прадавацца стравы з прадуктаў, вырашчаных у садзе.
Акрамя таго ў планах супрацоўніцтва з мясцовай школай, каб некаторыя заняткі праводзіліся не ў душных замкнутых памяшканнях, а ў садзе, на прыродзе.

— А ўяўляеце, як тут спадабаецца гаражанам! Гэта ж будзе сельскі батанічны сад. Тут людзі змогуць адчуць розныя смакі, пераначаваць у экалагічным доміку літаральна ў садзе. Прачынаюцца — а тут птушкі заліваюцца, вакол — дрэвы. Поўнае пагружэнне ў прыроду. Атрымліваецца, сад адзін — а ён закрывае шмат патрэбаў.
Пакуль пададзеныя ў райвыканкам дакументы на перадачу ўласнасці разглядаліся чыноўнікамі, кааператыў не мог праводзіць ніякіх мерапрыемстваў у садзе. Але па ўзгадненні з калгасам правялі навучанне абрэзцы дрэваў з экспертам у гэтай справе, а таксама пленэр з мясцовай школай мастацтваў.

Днямі ў райвыканкаме прынялі рашэнне перадаць "Цудоўны сад" у карыстанне кааператыву. Пакуль на год. Але калі кааператыў пакажа добры вынік, то ўлады згодныя перадаць сад на 99 гадоў для рэалізацыі усіх планаў.

Цяпер рукі ў нашай гераіні нічым не звязаныя і можна разгортваць дзейнасць напоўніцу. Дзяўчына разам з камандай паралельна працуе над стварэннем пермакультурнага курсу, які будзе ладзіцца ў садзе, вырашае пытанне пакосу травы і дамаўляецца з мясцовымі жыхарамі пра збор яблыкаў і з заводамі пра іх збыт. На большае пакуль не размахваецца, хаця пры актыўнай дапамозе іншых членаў кааператыву, магчыма, ўдасца нават наладзіць вытворчасць яблычнага соку.
Разгортванне такой актыўнай дзейнасці ў сённяшнія далёка не самыя спрыяльныя часы уражвае.

— Я задумвалася, што я магу зрабіць, каб спыніць вайну. І не знайшла ніякіх адказаў. Нікому не стане лепей, калі я проста буду перажываць, пісаць каментары ў інтэрнэце ці страйкаваць на вуліцы. Таму я намаганнем волі не дазваляю сабе глядзець навіны і спрабую павярнуць вектар думкі ў тое, што можна зрабіць для будучыні: сваёй, сваёй сям'і, краіны.
— Я не хачу з'язджаць. Я хачу да апошняга закладваць тут будучыню, якая ў кожным разе настане. Вайна рана ці позна скончыцца. А што будзе пасля гэтага? Будзе разруха, ці падрыхтаваная база для развіцця?
— Наадварот, лічу, што цяпер гэта яшчэ актуальней. Я не магу сабе ўявіць больш карыснай справы, якой бы я магла займацца. Хіба што калі б я валодала кампетэнцыяй спыняць войны, але раз не валодаю, то займаюся тым, што ў мяне атрымліваецца лепш.
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама