"Школа – гэта маленькае поле выжывання"

ДОСВЕД
Настаўніца, якая вырасла ў горадзе і адпрацавала два гады па размеркаванню ў вясковай школе, – пра асаблівасці сельскай адукацыі ў Беларусі.

А 8:30 мы сустракаемся на вясковым скрыжаванні. Тут ужо стаіць некалькі ўрачыста апранутых школьнікаў ды школьніц і Аксана Іванаўна – настаўніца нямецкай мовы. Неўзабаве прыязджае жоўты аўтобус, і дзеці разам з настаўніцай весела загружаюцца ў салон – сёння ў іх апошні дзень вучобы – урачыстая лінейка.

Перад канікуламі ў Аксаны Іванаўны, ці проста Ксеніі, яшчэ адзін працоўны месяц: кіраваць вучнёўскай практыкай. На ёй дзеці полюць спецыяльны школьны агарод, на якім растуць буракі, морква, бульба, каб налета есці іх у сталоўцы. А сёння настаўніца разам з вучнямі становіцца ў лінейку і слухае завучаныя прамовы выступоўцаў.

Да канца лінейкі мы не вытрымліваем і збягаем з святочнага канцэрту паразмаўляць. Па дарозе бачым, як пад рукі вядуць аднаго з вучняў – ён не трывае незвычайную травеньскую спёку і губляе прытомнасць. А мы, дабраўшыся да хаты, якую здымае Ксенія, хаваемся ў прахалодзе ў гушчары дрэваў.

Сёлета заканчваюцца два гады вымушанага даўншыфтынгу дзяўчыны. Амаль выпадкова і нейкім цудам у 2016 годзе яна трапіла сюды, у Гародзькаўскую сельскую школу па размеркаванню. За некалькі гадоў да таго падчас вучобы на філфаку ў Мінску яна прыехала ў гэтыя мясціны разам з сябрам у госці да знаёмых за 6 кіламетраў ад сваёй будучай працы. У знаёмых было трое дзяцей, а Ксенія акурат разважала, якую другую мову выбраць для навучання. І запытала ў малых, якую мову яны вучаць у школе. Тыя адкзалі: нямецкую. Так, будучая настаўніца абрала для сябе другую мову.

"Калі настаў час размеркавання, мне прапанавалі ехаць у Беразіно, Любань, Маладзечна ці Валожын. Я памятала, што дзесьці пад Валожынам жывуць тыя мае знаёмыя, у якіх я была ў гасцях, і сказала, што паеду ў Валожын. А ў Валожыне мне сказалі, што ў горадзе месцаў няма, можна ехаць у Суднікі ці Гародзькі. І дадалі, што ў Гародзьках ёсць чыгуначная станцыя. Я падумала, станцыя – гэта добра. І папрасіла, каб мяне накіравалі туды".


І ўжо ў Гародзьках Ксенія зразумела, што трапіла акурат у школу, дзе вучацца дзеці яе знаёмых. І стала іх настаўніцай нямецкай мовы. А сама зняла ў сям'і гасцявую хату.

І хоць вёска знаходзіцца ў шасці кіламетрах ад школы, і часам даводзілася дабірацца і на ровары, і нават пешшу, Ксенія не спужалася адлегласці. Але іншыя варыянты, якія ёй прапаноўвалі працадаўцы, дзяўчыну не задаволілі. Бясплатна жыллё выдаюць толькі пры падпісанні кантракту – а кантракт падпісваць Ксенія не хацела. Пустога дома для арэнды ў саміх Гародзьках не знайшлося, трэба было жыць з іншымі настаўнікамі. А Ксенія, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і скрыпачка – не хацела нікому перашкаджаць сваёй ігрой. Так яна апынулася ў Малым Запруддзі.

Сама Ксенія з Мазыра і вучылася ў вялікай гарадской школе. "Тут, у вёсцы, свае правілы, зусім іншыя. Напрыклад, не сядзець на падваконнях. А ў Мазыры ўсе сядзелі [смяецца].
Тут, напэўна, больш кантролю. Калі вучань у школе, ён ужо не можа прапусціць урок. А там выйшаў са школы – і ты ўжо ў горадзе.
А тут жа дзеці ходзяць на "падвоз" [школьны аўтобус, які развозіць дзяцей па вёсках, – рэд.]. Тут больш свавольныя вучні, больш чуюць водар свабоды, птушачкі спяваюць. Яны менш падпарадкоўваюцца, чым гарадскія. Думаю, з гарадскімі было б крыху прасцей.

Можа, так атрымліваецца яшчэ таму, што ў вясковых дзяцей няма прыкладаў, імі бацькі менш займаюцца – працуюць у калгасе, на розных працах.
Мне так падаецца, што тут дзецьмі, у асноўным, займаюцца настаўнікі.
Вядома, настаўнікі ў школе добрыя, адукаваныя. Але ж гэта не родныя іх дзеці. Бацькі, напэўна, лепш ведаюць сваіх дзяцей".

У вясковай школе, на думку Ксеніі, шмат "сярэдніх" дзяцей. Адукацыйная сістэма, якая склалася ў Беларусі, усіх раўняе. "Магчыма, гэта не мэта школы, але так атрымліваецца", – канстатуе дзяўчына. Гэта вельмі добра бачна па тым, як з часам у дзецях губляецца індывідуальнасць. Чым старэйшымі дзеці становяцца, тым больш яны паслухмяныя і такія ж, як усе.

"Калі я даю вучням творчае заданне, то ў старэйшых класах большасць прац будзе вельмі падобнай – дзеці крадуць ідэі адно ў аднаго, спісваюць, параўноўваюць, баяцца быць не такімі, як усе. У малодшых жа класах наадварот – кожная праца арыгінальная, з шалёнымі ідэямі.
Усё ж такі школа – гэта маленькае поле выжывання. І тут заўсёды вучань робіць як хутчэй і прасцей.
Гэта вучнёўскі дэвіз. Каб затраціць менш сілаў і хутчэй зрабіць".
Патэнцыял настаўніца бачыць у адным-двух вучнях з кожнага класа.

"Вясковыя дзеці арыентаваныя, каб пайсці працаваць у калгас, на трактары, у цырульню, краму. Яны не думаюць пра нейкае складанае жыццё: вось, пайду ва ўніверсітэт, скончу пяць курсаў, потым пайду ў магістратуру... Не.
Ім бы хутчэй адвучыцца і пайсці на працу.
Няма такіх амбіцыяў, як у гарадскіх".

Вядома, добрыя людзі ёсць і сярод тых, што з амбіцыямі, і што без. Але Ксеніі падабаюцца амбіцыйныя асобы: "Напэўна, таму што я сама маю амбіцыі. Гэта ж цікава – чагосьці шчыра хацець і дасягаць. Мне было б сумна скончыць школу і ў той жа вёсцы пайсці працаваць на трактары".
Магчыма, менавіта таму, што Ксенія мае амбіцыі, заставацца працаваць у вясковай школе яна не збіраецца. Пакуль у планах пабачыць свет: спачатку падарожжа па Еўропе і далей, а пасля паступленне ў музычную ВНУ.

"Музыка зараз для мяне ў прыярытэце. Я так стамілася ад школы. Не хачу выкладаць бліжэйшым часам. Хачу адпачыць. Шмат энэргіі трэба аддаваць дзецям. Тым больш – гэта не адно дзіця. Я прыходжу з працы псіхалагічна стомленая. Мне трэба адпачыць 3-4 гадзіны, каб узяць у рукі скрыпку".
Пры гэтым вельмі часта па выходных Ксенія брала скрыпку і ехала ў Мінск іграць у пераходзе. Аднойчы ў канцы сакавіка там яе напаткала здымачна група Euronews, якая рабіла сюжэт пра Беларусь. Так дзяўчына стала вядомай на ўсю Беларусь (і не толькі) сваімі смелымі выказваннямі пра атмасферу страху, якая пануе ў краіне.

Пытаюся ў Ксеніі, ці не баялася яна даваць інтэрв'ю Euronews.

"Мяне супакойвала тое, што я казала па-ангельску, а школьнае начальства ангельскай не ведае. Але там усё пераклалі на рускую мову. І мяне выклікала дырэктарка.
Яна паўтарала кожную маю фразу, сказаную ў інтэрв'ю, і пыталася: чаму ты так лічыш?
Было адчуванне, што яна сапраўды не разумела. Але не думаю, што яна штосьці зразумела пасля маіх тлумачэнняў. Яна зрабіла нейкую выснову для сябе – апазіцыя".

А вось з іншымі настаўнікамі пасля інтэрв'ю стала значна лягчэй. Калі раней, па словах Ксеніі, яны маглі ў чымсьці яе папракаць, то цяпер сталі маўклівымі і любыя прэтэнзіі да дзяўчыны зніклі.

Ксенія з нецярпеннем чакае завяршэння размеркавання: "Гэты кантроль, які ідзе зверху, стамляе. Пастаянныя праверкі, вельмі шмат паперак трэба запаўняць. Калі дзіця прапускае школу, бацькі мусяць пісаць тлумачальную". Летась у добрае надвор'е Ксенія вырашыла правесці ўрок на вуліцы. Аднак гэта не спадабалася іншым настаўнікам. І больш выходзіць з класам на двор дзяўчыне не дазволілі.

Але агулам яна з захапленнем узгадвае два гады, праведзеныя ў вёсцы. "Гэта добры досвед. Хоць часам і складана, асабліва ўзімку: дровы гэтыя цягаць, калі вады няма. Але ўлетку ўвогуле кайф. А калі я ў горадзе, мне хочацца ў вёску. Тут паветра лепшае, я сябе тут лепш і здаравей адчуваю".

Магчыма, калісьці Ксенія вернецца працаваць у вясковую школу, калі зноў адчуе прагу да навучання дзяцей. Аднак пакуль гэтую прагу ў сабе яна задаволіла.

Расказаць сябрам
А. Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама