У 2016 годзе Ульяна разам з жыхарамі Цудоўных Пагоркаў стварыла каляндар-казку пра Казу з дрэвам мараў на галаве. Сэнс казкі ў тым, што здзяйсненне мараў не зробіць цябе шчаслівым, калі ў іх няма клопату пра іншых. З гэтага календара нарадзіўся цэлы спектакль, рэжысёркай і аўтарам музыкі ў якім стала суседка Ульяны Наталля Буглак.
Пасля ў Беларусі ўпершыню за доўгі час з'явіліся металічныя манеты, і Ульяна стварыла каляндар з грашовым дрэвам. Яго філасофія ў тым, што ты можаш сам вырасціць сваё дрэва жаданняў, накапіць грошы і сфарміраваць ашчаднае стаўленне да грошай.
Яшчэ да пандэміі Ульяна ездзіла ў Кітай вучыцца вырабу календароў — у Беларусі пастаянна ўзнікалі пытанні па якасці. І вось, навучаная кітайскім досведам, яна зрабіла ўзоры для распаўсюду ў Расіі, але пачаліся падзеі ва Ўкраіне, і давялося адкласці гэтую ідэю.
Прататып трэцяга календара — чароўны млын з жоўта-блакітнымі стужкамі падзякі. Яго сэнс у тым, што час ідзе, усё перамелецца, толькі любоў застанецца. Каляндар быў зроблены яшчэ ў снежні, але так атрымалася, што цяпер ён стаў яшчэ больш актуальным. Дарэчы, выцінанку-млын выразала мясцовая мастачка Вольга Палуніца.
— Вельмі клёва ў нашых краях тое, што тут шмат творчых людзей: музыкі са студыямі, мастакі, рамеснікі, капірайтары, журналісты. І можна ў калабарацыі нешта ствараць.