У Беларусі з'явілася вясковая лабараторыя
ПАДЗЕІ
VioskaLab дапаможа знайсці ідэі і рэалізаваць іх.
У Беларусі стартавала праграма для падтрымкі моладзевых сельскіх ініцыятываў Мінскай і Гомельскай вобласцяў VioskaLab.
Арганізатаркі спадзяюцца, што гэтая праграма паспрыяе фарміраванню мясцовых супольнасцяў, умацаванню сувязяў і добрасуседскіх практык у рэгіёнах, а таксама паўплывае на стварэнне пазітыўнага іміджу вёскі і малых гарадоў.

Адна з каардынатарак VioskaLab Воля Сафронава расказала для DownShifter.by, што ідэя запуску гэтай праграмы менавіта ў вёсцы прыйшла акурат таму, што сельская мясцовасць здаецца неперспектыўным кірункам.
"Актывізаваць вясковую супольнасць – гэта, як мне здаецца, складаны, але вельмі цікавы выклік".
«Так, разумею, што звычайна людзі наадварот з'язджаюць з вёскі ў горад, але ведаю і прыклады (у Беларусі і не толькі), калі людзі жывуць у сельскай мясцовасці альбо невялікім горадзе і робяць крутыя штукі: рэалізуюць розныя праекты, робяць бізнэс, становяцца своеасаблівымі сацыяльнымі інаватарамі (часам нават самі таго не разумеючы)», — каментуе Воля.

Калі вы хочаце развіваць месца, у якім жывяце, але не ведаеце, з чаго пачаць, гэтая праграма для вас. Па словах Волі Сафронавай, VioskaLab акурат зможа даць такім людзям натхненне, матывацыю і інструменты для рэалізацыі сваіх ідэяў, і дадае: «Будзе выдатна, калі не толькі ў межах праграмы, але і пасля яе з'явіцца своеасаблівая супольнасць актыўных людзей, якія будуць развіваць на вёсцы свае ідэі ў адукацыі, бізнэсе, экалогіі і г. д. Тым самым матывуючы іншых развівацца самім і развіваць месца, дзе яны жывуць».
Да ўдзелу ў праграме запрашаецца моладзь ад 18 да 35 гадоў з Мінскай і Гомельскай вобласцей. Перш за ўсё будуць падтрымлівацца культурніцкія, добрасуседскія, экалагічныя і нефармальна-адукацыйныя ініцыятывы. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 10 чэрвеня. Навучанне адбудзецца ў чэрвені-кастрычніку 2018 года.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце.
Расказаць сябрам
Аўгіня Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама