ЛАЙФХАК

Як выбраць месца для даўншыфтынгу

Практычныя парады з уласнага досведу
Любы даўншыфтынг пачынаецца з жадання пераехаць на вёску. І толькі калі вы ўпэўніліся ў сваім жаданні, варта пераходзіць да наступнага этапу — выбару месца. Гэтая паслядоўнасць вельмі важная, таму што інакш вы проста змарнуеце грошы на хату, якая хутчэй за ўсё будзе паціху падгніваць. І трэба будзе думаць, што з ёй рабіць – прадаваць, рамантаваць, пераязджаць, здаваць, паліць ці яшчэ штокольвек, на што здатная вашая фантазія.
Мы, даўншыфтары, ды і карэнныя жыхары таксама, шчыра кажучы, не вельмі любім, калі хтосьці купляе побач хату і забывае пра яе. Такіх людзей мы называем "землеўладальнікамі". Іх участкі зарастаюць, хата прыходзіць ва ўсё заняпад, рассейваецца пустазелле, бягуць пацукі. Таму ўсімі сіламі намагаемся "сватаць" суседскія хаты тым, хто будзе ў іх прыязджаць, а ў ідэальным варыянце і жыць. І ў доўгія зімовыя вечары агенчык у чыімсьці вакне будзе саграваць нашыя сэрцы. А наш агенчык — сагрэе сэрцы іншых.

Акрамя таго, купіўшы нерухомасць у вёсцы і закінуўшы яе, вы маеце ўсе шанцы нарвацца на Указ "Аб пустых і састарэлых дамах" , паводле якога атрымаеце яшчэ больш клопату з маёмасцю.
Галоўнае правіла
Да пошукаў месца прыступайце пасля з'яўлення жадання пераехаць у вёску ці перыядычна туды наведвацца.
У мяне ёсць цэлая філасофія, якую я сфармулявала для сябе так:
мае значэнне не хата, а месца.
І хоць, па вялікім рахунку, людзі купляюць хату, а не месца (зямля ў нас уся дзяржаўная), усё ж асноўным чыннікам у пошуку дома для вас хутчэй за ўсё будзе мясцовасць і яе адпаведнасць вашым крытэрам. Я мяркую, што хату заўсёды можна адрамантаваць, пабудаваць новую, а месца, якое вы выбралі, такім і будзе. Ну, збольшага. Вядома, у нашай краіне ля вашай вёскі (ці замест яе) заўсёды могуць пракласці шашу ці пабудаваць свінакомплекс. Але ад гэтага вас наўрад ці ўратуе любая дальнабачнасць. Што таксама не пашкодзіць улічваць, вырашаючы ўвогуле жыць у Беларусі.
Якія крытэры выбару месца мусяць быць? Вядома, у кожнага яны свае. Я для сябе вызначыла асноўныя нюансы, на якія я б звяртала ўвагу, выбіраючы месца для жыцця з пункту гледжання свайго сённяшняга досведу.
1
Адсутнасць радыяцыі
2
Ландшафт (прысутнасць вадаёмаў, лясоў, рэльеф)
3
Наяўнасць крыніцы пітной вады і якасць вады
4
Прымальны даезд
5
Адсутнасць шкоднай для наваколля вытворчасці
6
Адлегласць да ўсёй інфраструктуры (прыпынкі, крамы)
7
Добрыя суседзі
8
Наяўнасць саду
9
Урадлівая глеба
Радыяцыя і ландшафт
Ёсць вельмі важнае правіла, можа, нават больш важнае за жаданне жыць у вёсцы. Яно актульнае для любой краіны, а для Беларусі тым больш — радыяцыя.
Уважліва вывучце карты радыяцыйнага забруджвання і адразу выкрэсліце з свайго пошукавага маршруту гэтыя месцы.
А лепей за ўсё вазьміце з сабой дазіметр, калі паедзеце шукаць хату.

Наступныя крытэры — справа густу.
Лепей за ўсё, вядома, паехаць і на ўласнай скуры адчуць, як вы сябе адчуваеце ў тым біятопе, які выбралі для сябе.
А лепш яшчэ і ў розныя сезоны.
Я, напрыклад, заўсёды думала, што хачу жыць ля рэчкі. Цяпер смешна ўспамінаць, але мы, рамантыкі, паехалі шукаць хату больш як за 200 км. ад сталіцы ў вёску Князь-Бор на Палессі, выбраўшы гэтае месца выключна па назве. І слава багам, яно сустрэла нас, як і належыць сустракаць чужакоў. Я проста не магла вылезці з машыны, таму што авадні абляпілі яе з усіх бакоў. А калі ўсё ж выбралася, яны атакавалі мяне няспынна.

Пасля на Палессі я бывала яшчэ не раз. Я сардэчна люблю гэты край, але толькі не яго мошак, камароў, гадзюк і іншую жыўнасць. Таму пагасціць на Поўдні Беларусі пару дзён — добра, а вось жыць там я не згодная. І я неаднойчы ўпэўнілася ў сваім рашэнні не жыць на вадзе. Мы выбралі для сябе бяспечную адлегласць ад вялікай ракі — 7 кіламетраў. І нашым выратаваннем, напрыклад, сталі пагоркі з іх пастаянным ветрам, які ганяе ўсіх насякомых, што нават у самае спрыяльнае надвор'е рэдкі камар заляціць у хату.
Калі вы таксама хочаце хату на пагорку, улічвайце, што вятры будуць дзьмуць і ўзімку, што ўскладняе ацяпленне хаты. А калі месца будзе ў нізіне, то давядзецца змагацца з сырасцю.

Трэба ўлічыць, што ў хату сярод лесу будзе горш трапляць святло, затое на падворак будуць часцей заходзіць дзікія жывёлы. Дом на ўчастку без вялікіх дрэваў будзе неабаронены ад ветру, затое сонечны. А блізкія вадаёмы нясуць у сабе небяспеку прысутнасці там рыбакоў і адпачывальнікаў.

Калі вы збіраецеся займацца сельскай гаспадаркай і плануеце, напрыклад, вырошчваць гародніну на продаж,
не лішнім будзе праверыць глебу на ўрадлівасць.
Важным нюансам таксама з'яўляецца адлегласць ад калгасных палёў. Калі тэрыторыя знаходзіцца ў водаахоўнай зоне, то ёсць надзея, што шкодныя хімікаты на палі вылівацца не будуць. У адваротным выпадку будзьце гатовыя, што да вас у ваду будуць трапляць нітраты.
Нітраты
Дарэчы, пра нітраты.
Акрамя самой наяўнасці калодзежа, варта праверыць ваду ў ім на нітраты ды ўвогуле зрабіць хімічны аналіз.
Каб зразумець, ці можна гэтую ваду ўжываць увогуле. Магчыма, спарэбіцца нейкі фільтр (які — таксама пакажа аналіз), у найгоршым выпадку давядзецца бурыць свідравіну, што панясе за сабой дадатковыя выдаткі.
Даезд і інфраструктура
Хтосьці не можа абысціся без асфальтаванай дарогі, а камусьці — чым больш непралазны шлях, тым лепш. Але ўлічыце, што
калі даезд да хаты складаны (падумайце пра сезоны дажджоў і снегапады), то магчыма, вам давядзецца купляць пазадарожнік,
альбо пакідаць машыну далёка ад жытла. А калі ў вас няма машыны, усё адно падумайце пра іншую тэхніку, якая будзе дастаўляць вам будматэрыялы, дровы, газ і інш.
Натуральна, вельмі важна вывучыць усю тэрыторыю ў радыюсе 5-10 кіламетраў на прысутнасць свінакомплексаў, заводаў ды іншых аб'ектаў, якія атручваюць навакольнае асяроддзе. Немалаважна ведаць і пра месцазнаходжанне таго, што можа станоўча адбіцца на вашым рашэнні — чыгуначныя станцыі, крамы, прыпынкі і г.д.
Сад
Прыемным бонусам да пакупкі нерухомасці будзе сад.
Вядома, яблыні, грушы, вішні ды іншыя пладовыя дрэвы можна пасадзіць і самому. Новыя карлікавыя гатункі пачнуць пладаносіць даволі хутка, аднак і памруць гэтак жа імкліва. А вось старыя добрыя гатункі "з бабулінага сада" будуць яшчэ доўга і неадкладна вас радаваць. Ну, і ў дарослым садзе заўсёды прыемна хавацца ад летняй спёкі.
Суседзі
Не менш важным фактарам у выбары месца з'яўляюцца суседзі. І хоць гэта не настолькі перманентная характарыстыка, як, напрыклад, знаходжанне побач ракі, можа здарыцца так, што вам давядзецца пражыць побач усё жыццё.
Таму пазнаёмцеся з суседзямі перш, чым купляць хату.
Некаторыя мараць пра аддалены хутар зусім без суседзяў. І я добра разумею гэтых людзей. Але падумайце, ці не захочацца вам праз пэўны час хоць нейкай сацыялізацыі. А выйдзе, што вашыя адзіныя суразмоўцы — іконкі фрэндаў у мэсэрджэры.

І ўсё ж трэба прызнаць, што не толькі месца, але і сама хата таксама мае значэнне. Бо нават калі ў вас ёсць планы на новы дом, хутчэй за ўсё першы час (хто ведае, наколькі ён расцягнецца) усё ж давядзецца жыць у старой. Як выбраць хату, мы расказвалі ў нашым артыкуле.
Расказаць сябрам
Чытайце таксама