Правілы абнаўляюцца па меры ўзнікнення праблемаў. Напрыклад, спачатку у агульную скарбонку на прадукты харчавання кожны скідваўся па 3,5 еўра штодня (25 еўра ў тыдзень) — менавіта такую суму атрымлівае чалавек, калі звяртаецца па дапамогу ад дзяржавы. А значыць, абсалютна кожны здольны заплаціць такія грошы. Аднак у часы пандэміі гэтую суму ўпершыню павялічылі да 30 еўра ў тыдзень, каб кожнаму хапіла ежы, калі ўсе сталі больш харчавацца дома.
— З часам я зразумеў, што ўва ўсіх нас розны ўзровень жыцця, — кажа Ганэс. — У мяне добрая праца і нашмат больш грошай чым у таго, хто у каго нестабільнае і рызыкоўнае жыццё. І мы пачалі дапамагаць адно аднаму з рэнтай. Кожны піша, на колькі б ён хацеў зменшыць сваю квартплату ці на колькі больш ён можа дазволіць сабе плаціць за жытло. Пасля мы лічым, ці можам сабраць дастаткова грошай, каб аблегчыць арэнду таму, хто мае ў гэтым патрэбу. Мне падабаецца гэтае правіла, я люблю дапамагаць іншым. Сёння я плачу штомесяц на 40 еўра больш, чым мая рэнта. І гэта дазваляе камусьці плаціць на 40 еўра менш.
Штотыдзень за пакупкі адказвае група з трох-чатырох чалавек. Кожны з гэтай групы раз на дзяжурны тыдзень бярэ грошы са скарбонкі, правярае, якіх базавых прадуктаў не стае на кухні, і закупляецца. Акрамя таго кожны можа напісаць свае пажаданні ў адмысловы спіс. Таму калі чалавек плануе прыгатаваць нешта спецыфічнае, яму не абавязкова ісці ў краму, дастаткова проста напісаць, і дзяжурны зробіць гэта за яго.
Такім чынам, у WG заўсёды шмат ежы. Але пры гэтым нашмат менш прадуктаў псуецца, чым калі б усе жылі паасобку — дванаццаці чалавекам прасцей даесці пачатую кансерву ці хлеб, чым аднаму.
Алкаголь і слодычы, якія лічацца не вельмі здаровымі прадуктамі харчавання, на кухні не трымаюць — кожны купляе іх сабе сам. Усе, у тым ліку і госці, могуць браць любыя прадукты акрамя тых, якія нехта купляе на свае грошы асобна і не жадае імі дзяліцца. Такія прадукты пазначаюцца крыжыкам, але іх абсалютная меншасць.
Часта, калі нехта гатуе сабе ежу, ён робіць гэта не толькі на сябе, але спецыяльна крыху больш, каб хапіла і суседзям. Гэта не правіла, але прыемная традыцыя. На прыгатаваную страву чапляюць прышчэпку з пазнакай: "веганскае", "чылі", "рыба" і г.д. Ці з пазнакай "не" — калі чалавек не хоча дзяліцца ежай.