Ігар як юрыст лічыць важным дзейнічаць менавіта ў прававым полі і без самадзейнасці. У адваротным выпадку спробы нешта памяняць могуць падпасці нават пад артыкул аб псаванні маёмасці. Таму актывістам давялося пачаць вывучаць усё профільнае заканадаўства: пра электрычнасць, дарогі, інфраструктуру, якасць вады ў калодзежах…
— Беларускае заканадаўства вельмі расцярушанае, — кажа Ігар, — таму яго вывучэнне — гэта, можна сказаць, бясконцы працэс. Да таго ж, калі спрабаваць вырашыць некаторыя пытанні самастойна, як напрыклад, недастатковасць напругі ў электрычных правадах, гэта можа быць увогуле апошнім у тваім жыцці вырашэннем праблемы, калі ты палезеш на электрашчыт. Таму мы выклікалі спецыялістаў. Звычайна ж спецыялісты даязджаюць да вёскі, толькі калі слуп упаў, парваліся правады ці хата згарэла.