«Усё, чым мы займаемся ў вёсцы, можа стаць бізнэсам»
ДОСВЕД
Бізнэс-аналітык і дауншыфтэр-практык Андрэй Цітоў збіраецца рэфармаваць беларускую вёску
Расказаць сябрам
Пад'язджаючы да сядзібы Цітовых, разглядаем новазбудаваныя хаты па левы бок ад дарогі. Вёска Петрусоўшчына, што пад Івянцом, не падобная да звычайнай беларускай вёскі. Хаты стаяць на вялікай адлегласці адна ад адной, маладыя дрэвы яшчэ не моцна вымахалі. Гэта родавыя сядзібы, як іх называюць паслядоўнікі расійскага пісьменніка Уладзіміра Мегрэ, аўтара кніжак пра міфічную Анастасію. Справа — заснежанае поле. Настолькі заснежанае, што мы нават прапусцілі паварот, які вядзе на хутар Андрэя і Ганны Цітовых. Гаспадар выходзіць нам насустрач. Трыста метраў даводзіцца ісці наўпрост па полю, кіруючыся на старую драўляную хату пасярод белага бяскраю.
Свой хутар, які адносіцца ўжо да суседняй Люціна, Цітовы таксама называюць родавай сядзібай, хаця "анастасіеўцамі" сябе не лічаць.

Бацькі Ганны з Беларусі з гэтых мясцінаў, але сама яна нарадзілася ў ваенным гарадку ў Казахстане, якога няма нават на картах.

Бацькі Андрэя паходзяць з памежных з Беларуссю вёсках у Расіі, ад якіх, на жаль, нічога не засталося.

— За сваё дзяцінства я ў вёсцы быў толькі два разы. Але гэта вельмі светлыя ўспаміны. Як пасцілі кароў, як яблыкі ў суседа кралі, як на Купалле ўсякія паскудствы ладзілі. Рыбалка, грыбы. Гэта вёска была пад смаленскам, фактычна на мяжы з Беларуссю. Сёння гэта вёска вымерла.

Андрэй, Ганна Цітовы
І вось у такой сітуацыі сям'я захацела з нуля стварыць тое месца, дзе будзе працявацца іх род, таму і назвалі свой хутар "родавай сядзібай".

— У мяне было некалькі шокаў, калі мы пераехалі ў вёску. Першы шок — гэта, калі Аня расказала мне пра арганічнае землядзелле, што можна закапаць бульбу пад салому і забыць да восені. І ўсё? І ўсё. І я завіс — ёлкі-палкі, мяне з трох гадоў гвалтоўна цягалі на гэтую дачу, прымушалі градкі ўскапваць, араць як клятаму. А на самой справе ўсё можна рабіць так проста.

— Як даўншыфтынг – адказ інтэнсіўнаму гарадскому жыццю, так пермакультура — адказ інтэнсіўнаму земляробству. Выяўляецца, можна займацца сельскай гаспадаркай, але калі зрабіць усё правільна ў гарманічна створанай прасторы, якая не патрабуе барацьбы з сабою. Яна наадварот табе дапамагае. Вядома, працаваць усё адно трэба. Але калі табе трэба звышпрыбытак — гэта ў банк трэба, ці на нафцянку. А забяспечыць сябе і сям'ю і мець нейкі даход у вёсцы можна запраста.

— Сёння, калі зварочваюцца гаспадаркі, а гіпермаркеты прапаноўваюць танную сублімаваную ежу, збыць сваю сельскагаспадарчую прадукцыю становіцца вельмі праблематычна. Таму ў Андрэя Цітова ў планах стварыць кааператыў, які аб'яднае розныя беларускія фермераў, каб выйсці на рынак самастойна.

— Сёння для прыватнікаў існуюць непраходныя адміністрацыйныя бар'еры. Калі аналіз малочкі на чатыры паказчыкі кашуте 700 долараў, то пра што можна казаць. Хто з прыватнікаў сабе можа гэта дазволіць? А калі гэтыя 700 долараў размазаць на тону сыру, то гэта ўжо зусім іншы кошт. Гэта называецца эфект маштаба. То бок дапамагаць гэтым дробным фермерам выжыць.

— Я як аналітык, абапіраючыся на хвалевую тэорыю крызісаў, бачачы, што адбываецца ў краіне, разумеў, што будзе тое, што ёсць. Але я думаў, што будзе пазней.
І трэба разумець, што мы дна яшчэ не дасягнулі. Падзенне яшчэ будзе, і чым гэта ўсё скончыцца, я не ведаю. І калі ў нас у Беларусі кожны пяты — мінчанін, а ў Мінску працы няма, за якой туды едуць людзі, то пытаюся: куды яны будуць дзявацца?
Ужо мільён кудысьці дзеўся. І дзяржава нават праз сістэму "дармаедства" не можа яго знайсці, так ён замаскіраваўся. Шыкоўная альтэрнатыва — жыць у вёсцы, забяспечваць сябе на 80% ежай.
Таксама Андрэй Цітоў адчувае сілы для ўзнаўлення наваколля, якое тут таксама не найлепшыя часы перажывае.

— Былых вучоных не бывае. Я хоць з рыдлёўкай працую, але пастаянна думаю. Як у тым анекдоце: а розумішча, розумішча куды падзець? Таму, капаючы грады, я аж на тысячу гадоў назад сышоў. Даследаваў, як гэтыя тэрыторыі жылі, працавалі, на якіх сацыякультурных прынцыпах.

— Я вучуся ў мясцовых. Гляджу, як працуе талака. У вёсцы, якая бухае, я паглядзеў, як бульбу ўбіраюць. Усе 80 чалавек усё кідаюць і раз — убралі.
Цітоў прызнаецца, што пастаянна спрабуе весці дыялог з дзяржавай у пытанні аднаўлення вёскі.

— Я ўвесь ланцужок ужо ведаю.
— Я ведаю, куды і па якіх аптымальных схемах рэалізоўваць фермерскую прадукцыю. Прадукцыі няма.
— Вось у чым справа. Сусед быў тут — вялізная гаспадарка: дзве каровы, сто гусей. Усё прадаў, пайшоў на наёмную працу. Чалавек не змог рэалізаваць уласную прадукцыю. Ну, ён не прадавец. І гэта абсалютна нармальна.

— Быў тут яшчэ чалавек з стадам парсюкоў. А што такое свіння? Як кажуць, дайце мне паўкабана, і я перажыву рэвалюцыю. Таму гэта не ўхвалялася ў савецкім саюзе, і цяпер ёсць з гэтым складанасці. Паспрабуй яшчэ выбі зямлю пад вядзенне прыватнай гаспадаркі. Чыноўнікі не лічаць, што прыватная гаспадарка — гэта бізнэс.
— Адна з асноўных праблем, напэўна, культура. З боку сялянаў ёсць страх, што не дадуць працаваць спакойна. А з боку мясцовых чыноўнікаў ёсць неразуменне — лепш прыватніку не даць, менш праблемаў. Раптам што.

— У прынцыпе, людзі гатовыя жыць у вёсцы. Але ім трэба нармальныя ўмовы, праца патрэбная. І вось акурат прадпрымальніцтва тут можа дапамагчы. Я налічыў 150 відаў дзейнасці.
— Я проста разгортваю беларускі класіфікатар эканамічных відаў дзейнасці, пачынаю лічыць, чым мы тут па-троху займаемся, атрымліваецца 13 відаў. То бок кожны гэты від можа стаць паўнавартасным бізнэсам.
— Сярод гэтых відаў дзейнасці ёсць і абсалютна невідавочныя для вёскі заняткі. Напрыклад, гатэль для сабак.

— Можна прыехаць у вёску і нічым не займацца. Але ў такім выпадку, калі вырасце сын, ён усё адно адсюль змыецца.

Калі мы праз поле вяртаемся да машыны, нашы сляды ўжо зноў цалкам замяло.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте»
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
А. Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda