Пакуль новы дом будаваўся, Мікола з Таццянай жылі ў кухні — яна ў Матрунчыкаў, на шчасце, стаіць асобна. Гаспадар ласкава запрашае прайсці ўсярэдзіну. Тут я знаёмлюся з гаспадыняй, якая, пакуль мы гулялі па падворку, прыгатавала ў вялізнай печы яблычны пірог. Калі пасля пажару ішла будоўля, печ была сапраўднай ратаўніцай: у ёй і гатавалі, і спалі на ёй, і грэліся.
— Яшчэ адзін са слупоў устойлівасці — веды, — працягвае Мікола. Веды без досведу не атрымаеш. Таму магу сказаць, што я ў гэтым плане дасведчаны. Ужо дакладна ведаю, што на паўгектары можна пасадзіць, завесці, колькі што каштуе, якая з гэтага будзе карысць.
Досвед Міколы падказаў яму, што з зеляніны, гародніны і іншых прадуктаў, якія можна вырошчваць, ніколі не разжывешся і нават не пакрыеш выдаткаў. А ўжо калі рэалізуеш гатовую ежу, гэта іншая справа.
— Так агурок каштуе капейкі, а калі яго заквасіш па старажытным рэцэпце маёй матулі, то ўжо слоік за 12 рублёў прадаць можна. Бо ён сапраўды смачны, хрумсткі, на калодзежнай вадзе. Зёлкі таксама — колькі іх там насушыш і прадасі? А як пекмез (салодкі сіроп) гэты зёлкавы зварыш у печы… Дадасі туды палыну, лафанту, лістоў розных… Яно пратоміцца, працэдзіш, мядку дадасі, дык там рэальна можна рэалізоўваць.