Як былы бізнэсмэн пасадзіў пермакультурны сад

ДОСВЕД
Бізнэсмэн кінуў працу ў Маскве і Піцеры, пасадзіў экзатычны сад у беларускай вёсцы і пераехаў жыць у лес
Расказаць сябрам
DownShifter.by выбраўся ў госці да Іллі Рэмеза, які ўжо 10 гадоў вырошчвае пермакультурны лесасад. «Прарочы сад» («Вещий сад») — менавіта так былы бізнэсмэн назваў справу свайго жыцця — знаходзіцца ў аграгарадку Прусы Старадарожскага раёна. Усяго пару месяцаў назад Ілля прамяняў свой аграгарадок на хатку сярод лесу ў глухой вёсцы Бабруйскага раёна, што ў 50 км. ад саду, таму спачатку мы накіроўваемся туды.
Вёска Гародчына сустракае нечакана — спачатку заканчваецца асфальт, затым грунтоўка, пасля пачынаецца лес і два кіламетры дарогі даводзіцца аб'язджаць пясчаныя купіны і глыбокія каляіны.

Становіцца зразумела, чаму Ілля прамяняў свой аграгарадок на гэтую дзікую глуш. Прыгожы сасновы лес з маладымі дубамі ў падлеску расступаецца і я трапляю ў вёску. Яна сустракае мяне парай разваленых хат і сараяў, высачэннымі ліпамі і свежаўкапанымі слупамі лініі электраперадач. Толькі па апошніх я разумею, што еду правільна. Іншых прызнакаў жыцця тут не відаць. Неўзабаве дарога ўпёрлася ў машыны мясцовых энергасетак, якія прыпаркаваліся ля адзінай на ўсё Гародчына ўцалелай хаты. У ёй я і знаходжу гаспадара.
Ілля Рэмез
Старая хата ўражвае падабенствам сваёй планіроўкі і абстаноўкі на хату маёй бабулі — такая ж печ, стары буфет, стол, нават канапа стаіць у такім жа месцы. Адзінае адрозненне — замест ложкаў у Іллі пасярод хаты размясціўся вялікі намёт. Там гаспадар і знайшоў часовы прытулак, пакуль хата цалкам не прыстасаваная для жыцця.

Планы ў Іллі на гэтае месца сапраўды напалеонаўскія — да зімы перакласці падлогу, замяніць печ і вокны.

— Сёлета я хачу зімаваць ужо тут. Нават калі не паспею ўсё зрабіць, буду спаць у намёце. Яшчэ адну зіму разам з людзьмі адрозных поглядаў у Прусах я не вытрымаю.
Прусы для Іллі — часовы варыянт, на які ён пайшоў дзесяць гадоў таму, каб папрактыкавацца ў пермакультуры. Да гэтага Ілля сем гадоў пражыў у Маскве і Піцеры. Меў там фірму, якая ладзіла працоўныя і адукацыйныя выезды людзей за мяжу, у асноўным па праграме "Work and Travel".

— Акурат у той год у Расіі адбываліся чарговыя прэзідэнцкія выбары, на вуліцах рабілася чорт ведае што.
— А я сядзеў і думаў: што я тут увогуле раблю? Вады нармальнай няма, ежы нармальнай няма, нават паветра нармальнага няма.
— Аднойчы атруціўся курыцай і з таго часу стаў вегетарыянцам, пачаў цікавіцца харчаваннем, зразумеў, што ежу трэба вырошчваць самаму. А дзе вырошчваць — у Пецярбургу на падваконні?
Затым Ілля стаў сыраедзіць. Гэта выявілася вельмі дарагой забавай для гараджаніна, нават нягледзячы на тое, што грошай у Іллі тады было шмат, нават не паспяваў іх траціць. Жыў ён у маленькай кватэрцы. Каб з кімсьці сустрэцца, трэба было чакаць два тыдні, бо ўсе працуюць. Да таго ж бізнэс стаў даваць збоі, пачаліся праблемы з персаналам. Вельмі часта Ілля заставаўся адзін на ўвесь офіс. А хацелася жыцця яшчэ па-за офісам.

— Я ўжо ў той час пачаў цікавіцца экапасяленнямі і ездзіў у розныя з іх. Нават збіраліся з сябрамі ў Піцеры, абмяркоўвалі будучую камуну, статут распрацоўвалі, шукалі месца. Але нас хапіла толькі на сустрэч восем-дзесяць, потым усё рассыпалася.
— Асноўная праблема ў тым, што людзі альбо не ўмеюць, альбо не хочуць дамаўляцца.
— Напрыклад, мы вегетарыянцы, таму не дапусцім, каб у нашым пасяленні елі мяса і рыбу. А ў нас была дзяўчына, якая сказала: «Я зараз цяжарная і адчуваю, што мне трэба есці рыбу. І што вы будзеце рабіць — выганяць мяне ці што? Калі для вас від харчавання важнейшы за ўсё астатняе, то я застаюся ў горадзе». Так адзін за другім усе і адваліліся.
Домік у вёсцы
Увесь час жыцця ў Расіі Ілля марыў пра домік у вёсцы. Апошняй кропляй стала кніга Аляксандра Усаніна «Пропуск у трэцяе тысячагоддзе». Яна натхніла Іллю і дала зразумець, што кожны сам можа будаваць сваё жыццё. Ён зразумеў, што пакуль фізічна сябе не перамесціць у іншае месца, нічога не зменіцца і офіс яго не адпусціць. Так ён прыняў складанае рашэнне закрыць фірму і паехаць да бацькі ў Беларусь.

Цікава, што потым ужо, калі прыехаў жыць да бацькі, зазірнуў у свае запісы з штогадовымі планамі, а там апошнія пяць гадоў адзін і той жа пункт: домік у вёсцы, домік у вёсцы, домік у вёсцы.
Пермакультура
Ілля ўзяў пару ўчастачкаў ля бацькавага дому і стаў закладаць там сад — трэба сказаць, што расліны Ілля любіў з дзяцінства. Ужо вярнуўшыся ў Беларусь, стаў праходзіць навучанне па пермакультуры, у асноўным ва Ўкраіне. Сёння Ілля — адзін з нешматлікіх у Беларусі адмыслоўцаў у гэтай сферы, які мае права навучаць сертыфікаванаму пермакультурнаму дызайну.
— Дзякуючы навучанню я зразумеў, што пермакультурны дызайн — гэта адзіны шлях для асабістага развіцця і для захоўвання нашай планеты.
— Таму што ўсё, што робіцца іншымі шляхамі, — аднабокае, раздробленае і таму не толькі не эфектыўнае, але яшчэ і шкоднае. Я доўга шукаў сэнс жыцця і зразумеў, што любая істота напрацягу жыцця паляпшае сваё наваколле. А чалавек можа зберагчы і павялічыць прыроднае багацце. Можна стаць цалкам незалежным. Пазл склаўся ў пермакультурным дызайне.
За гэтыя 10 гадоў на ўчастках, якія Ілля ўзяў у карыстанне ў Прусах, вырас «Прарочы сад», поўны экзатычных раслінаў. Але ўвесь гэты час мужчына быў у перманентным пошуку свайго ўласнага месца.

— Гэтай вясной я адчуў, што засядзеўся. У пэўны момант ужо проста прыпякло. Жыць там стала немагчыма — паўсюль гэтыя камбайны, трымеры, пластыкі… Ну, і патрэбна была свая прастора. Усё ж такі я жыву з бацькам — гэта зусім іншая справа. Таму палез у інтэрнэт паглядзець на карце вёскі паблізу. І гляджу — нейкая маленькая вёсачка літаральна ў лесе. І ўсяго дзве ці тры хаткі відаць з гугла. Акурат сусед-дачнік прыехаў, завёў свой трымер. І я разумею, што ў яго два ўчасткі па 25 сотак, а гэта значыць, што шумець будзе паўдні, а то і цэлы дзень. Усё, дзень сапсаваны. Сеў у машыну і паехаў сюды.
Прыехаў і стаў ля першай хаты. Падышоў да вакна — а там сава. Пад'ехаў да другой хаты і зразумеў, што гэта тое самае месца — лес, цішыня, ніводнага чалавека, зямлі столькі — рабі, што хочаш. Далей усё пайшло як па масле. Знайшліся гаспадары гэтай хаты, і вось электрыкі ўжо заканчваюць праводзіць электрычнасць з суседняй вёскі, Ілля перавез сюды вуллі з пчоламі і плануе сваю будучыню.

На пытанне пра планы мужчына смяецца: першачаргова — ажаніцца. Але за гэтым смехам сапраўды адчуваецца вялікая мара знайсці гаспадыню свайго жыцця і гэтага дому.

— Мне ўсе кажуць, калі ты ў сваёй вёсцы нікога не знайшоў, то дзе ты ў гэтым лесе каго знойдзеш? А я адказваю:
«Калі я знайшоўся такі вар'ят, то знойдзецца і такая ж вар'ятка».
У далейшых планах — закласці новы лесасад і зрабіць на гэтым месцы Пермакультурны цэнтр.

— Мой шлях не манашаскі. Калі б я хацеў быць пустэльнікам, мне б нават электрычнасць не спатрэбілася б. Наадварот — я б хацеў, каб сюды прыязджалі аднадумцы, каб сяліліся побач, каб расла нашая суполка.
Ілля бачыць будучы Пермакультурны цэнтр як часткова віртуальную, але ў першую чаргу фізічную пляцоўку, на якую можна будзе прыязджаць навучацца, праходзіць сертыфікацыйны курс па пермакультурным дызайне, паспрабаваць свае сілы ў садаводстве, пабачыць тое, што ўжо зроблена. Такое месца для назірання. Можна будзе нейкі час тут знаходзіцца, працаваць, асвойваць новыя ўменні, абменьвацца інфармацыяй, досведам, падтрымкай.
— Мая місія — навучыць людзей думаць.
— Для гэтага трэба пабачыць іншы лад жыцця, трэба час, трэба навучыцца кіраваць сваёй увагай. Тут могуць дапамагчы медытацыі, прагулкі. Людзі ў большасці сваёй жывуць у думках, а не ў моманце, асабліва цяпер, калі адусюль ідзе такая магутная інфармацыйная плынь.
Нашую размову перарывае гучнае стракатанне цвыркуна дзесьці пасярод хаты. Скарыстаўшыся паўзай, мы выршаем прагуляцца па наваколлю. На вуліцы ідзе дождж, але гэта не замінае нам аглядаць краявіды. Ілля паказвае закінутыя хаты і калодзежы, старыя ліпы і клёны, на якіх усталяваў пчаліныя хаткі. Расказвае, што калісьці ў вёсцы стаяў торфазавод, да якога вяла вузкакалейка. Калі прадпрыемства закрылася, не стала працы і людзі пачалі раз'язджацца. Апошні чалавек тут жыў 4 гады назад — у хаце, якую цяпер набыў Ілля.

З таго часу ад вёскі не засталося амаль нічога: паўтары хаты, і нават лінію электраперадач разам са слупамі давялося пракладваць занава. У планах у Іллі дабіцца, каб да Гародчына зрабілі добрую дарогу, паставіць агароджу ад дзікіх звяроў, каб можна было саджаць лесасад, зрабіць мінімальныя зручнасці, каб можна было прымаць гасцей: месца для начлегу, доступ да вады і магчымасць прыгатаваць ежу.
Пасля шпацыру па закінутай вёсцы мы едзем паглядзець на «Прарочы сад», які Ілля саджаў сваімі рукамі. Прусы сустракаюць нас роўнымі асфальтаванымі вуліцамі і цагляным дамком, у якім апошнія дзесяць гадоў наш герой жыве разам з бацькам. Побач з домам буяе агарод з капустай, цыбуляй, гарбузамі і кукурузай. На ім я не бачна ніводнай травінкі пустазелля, што зусім не адпавядае прынцыпам пермакультуры — гэта агарод бацькі Іллі. За ім, а таксама па другі бок ад хаты на абсалютным кантрасце — дзве часткі незвычайнага лесасаду, у якім праз буйную і густую расліннасць нават сцяжынкі цяжка разгледзець.
Ілля прадзіраецца праз зараснікі пастэрнаку і сыпле часам зусім незнаёмымі мне назвамі: гэта катальпа, аксаміт амурскі, клён зібальда, маакія кітайская, бундук двухдомны, гібіскус, азіміна, гледычыя, зізіфус, карыя пякан, халезія каралінская, ксантацэрас. Некаторыя назвы не памятае нават сам гаспадар — ён час ад часу падглядвае ў цэтлікі, якія вісяць на раслінах. Між тым, сярод усіх гэтых экзотаў сустракаюцца звычайныя для нас вішні, маліны, ігрга, а, калі быць уважлівым, пад нагамі дзе-нідзе можна пабачыць суніцы, часнык, гарбузы.
Сёння ў «Прарочым садзе» каля 150 відаў раслін і каля 300 гатункаў. Асноўная мэта закладкі саду для Іллі — забеспячэнне сябе і будучай сям'і харчаваннем. Вядома, 10 гадоў для такога праекту — нішто, і шматлікія гатункі пасаджаных арэхаў яшчэ не даюць дастаткова пладоў (а гэта асноўная крыніца бялку, на якую разлічвае гаспадар). Затое тут можна сабраць ураджай такіх грыбоў, як вясёлка, кальцавік, губа шэрая. У садзе расце каля 50 відаў лекавых зёлак. Аж да лістападу можна харчавацца свежымі пастэрнакам, тапінамбурам і морквай.

Добрыя ўраджаі дае мушмула, яблыні, грушы, персікі. З ранняй вясны можна рваць цыбулю і пятрушку. Расце ў садзе капуста Кейл, якая добра захоўваецца ў маразілцы, кукуруза, насенне сланечніка. Заўсёды ёсць гарбузы і спаржавая фасоль. Незлічоная колькасць ягад, у тым ліку глог, шыпшына, смародзіна. Адна з крыніцаў карысных рэчываў для Іллі — карэнне: цыкорыя, лопух, дзьмухавец, хмель, скрыпень, хрэн, чуфа. Асобна можна назваць прадукты пчалярства — гэта мёд, пярга, праполіс. На зіму Ілля загатаўлівае ягады з мёдам, кляновы сок, сіроп і неверагоднага смаку пастылу.
І хоць стоадсоткавага самазабеспячэння ежай Ілля яшчэ не дасягнуў, але набор прадуктаў, які ён набывае ў краме, — мінімальны. Гэта марская капуста, рыба, лімоны, кава, чай, шакалад, соль і часам бананы. У фермераў ён купляе малочныя прадукты, сырадаўленыя алеі і хлеб.

Вядома, я не магу абысці ўвагай відавочны кантраст паміж лесасадам Іллі і агародам яго бацькі і пытаюся, ці ўжывае ён прадукты, вырашчаныя бацькам.

— Магу часам пакаштаваць яго капусту ды іншую гародніну. Але стараюся не ўжываць шмат. Усё ж такі бацька карыстаецца хімічнымі ўгнаеннямі.
Праца з лесасадам дала Іллю каласальны досвед. Участкі яму дасталіся, мякка кажучы, не самыя простыя — на месцы былых дамоў і звалак:

— Я ж сваімі рукамі ўсё гэта раскапваў, часам на паўметра ў глыбіню, бачыў як там сябе адчувае пластык, цэгла, шкло, якую біёту вакол сябе ствараюць камяні. Назіраў за каранямі дрэваў, яшчаркамі, лічынкамі насякомых, птушкамі. Гэта сапраўднае пазнанне свету. Вядома, крыху шкадую сваёй спіны і каленак, але не шкадую, што гэта было менавіта так.

Да ўсіх гэтых складанасцяў дадаюцца яшчэ і цяжкасці з выжываннем экзатычных раслінаў у нашых шыротах.

— Спачатку я перажываў, але ў той жа час разумеў, на што іду. Натуральна, што калі вырошчваюцца экзоты, то частка раслін адаптуецца да нашых умоваў, а частка не праходзіць інтрадукцыю і гіне. Гэта нармальны працэс. Я за гэты час яшчэ ні разу не пакаштаваў ні сваёй хурмы, ні азіміны, ні нават пякану. Але я ўсё яшчэ чакаю ўраджаю. І самае галоўнае, што калі з гэтай расліны атрымаць насенне, то з яго можна вырасціць наступнае пакаленне ўжо больш устойлівых раслін. І такім чынам павялічваць біяразнастайнасць нашых мясцін. Працэс гэта доўгі, але спяшацца няма куды, перад намі вечнасць.
Калі вы зацікаўленыя ў стварэнні Пермакультурнага цэнтру, вы можаце звярнуцца да Іллі Рэмеза.

тэлефон: +375-29-172-51-53
telegram: @remez_clan
Facebook


Да Іллі можна прыехаць у любы час паваланцёрыць. У падзяку за гэта вы атрымаеце насенне ці саджанцы каштоўных і рэдкіх відаў раслін.
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама