– Ці магчымая сітуацыя, што ваўкі збіраюцца пад хутарам, атачаюць яго і выюць, як у фільмах?
– Ніколі пра такое не чуў (смяецца). Я не ўяўляю, што ваўчыная зграя можа атачыць чыёсьці жытло і трымаць аблогу. Гэта фантастычна гучыць.
– А што тычыцца бяспекі хатніх жывёлаў, то якія парады вы можаце даць? Як воўк увогуле сябе паводзіць, калі шукае ежу? Ці можа ён зрабіць падкоп у хлеў, напрыклад?
– Не, ваўкі так не робяць. Яны ўвогуле не любяць закрытыя прасторы, будынкі. Я працую ў зоне ЧАЭС, стаўлю там фотапасткі, каб сачыць за жывёламі, і магу сказаць, што нават у закінутыя кароўнікі, дзе і дзвярэй няма, воўкі амаль не ходзяць – такое вельмі рэдка можна пабачыць. Там бегаюць лісы, іншыя жывёліны – але ваўкі амаль ніколі не прыходзяць. Нават не ўяўляю, што воўк можа рабіць падкоп, каб трапіць у памяшканне. Можна страціць толькі тую жывёлу, за якой дрэнна даглядаеш. Часцей за ўсё ваўкі забіваюць і ядуць сабакаў, якіх сяляне не кормяць і на ноч адпускаюць шукаць ежу па ваколіцах. Таксама ядуць цялят і авечак. А вось дарослых кароваў не чапаюць і чамусьці баяцца.
Звычайна ваўкі не палююць побач з чалавекам, але ёсць і так званыя сінатропныя ваўкі, якія спецыялізуюцца на харчаванні хатняй жывёлай. Аднак гэта адбываецца ў тых мясцовасцях, дзе ў дзікай прыродзе звычайная здабыча ваўкоў (лось, алень, казуля) мае нізкую колькасць ці адсутнічае зусім. Як правіла, гэта адбываецца па віне чалавека праз браканьерства і звышмерны промысел капытных жывёлаў. Самі ваўкі не ў стане падарваць папуляцыю капытных, і гэта добра відаць у Чарнобыльскай зоне, дзе алені і лосі, асноўныя аб'екты харчавання ваўкоў, маюць высокую колькасць. Калі дзікіх капытных дастаткова, то ваўкі будуць харчавацца самі і да людзей не пойдуць. І, дарэчы, лісы нашмат часцей шкодзяць у гаспадарцы – могуць нават удзень скрасці курыцу.