Разумны, актыўны, аўтаномны дом — рэальнасць ці мара?
ЭКА
У Беларусі прайшоў круглы стол «Магчымасці і недахопы альтэрнатыўнай энергетыкі ў прыватным доме, энергетычная аўтаномнасць і эфектыўнасць»
Расказаць сябрам
У круглым стале прынялі ўдзел Арцём Быстрык – сябра экалагічнага таварыства Зялёная сетка, дырэктар ТАА "Энерджыарос", Дзяніс Раманюк — выдавец, жыхар «разумнага» дома, Павел Бераснеў — журналіст, жыхар аўтаномнага дома.

Дзяніс Раманюк
Павел, Дзяніс, падзяліцеся сваім досведам. Якая сістэма энергазабеспячэння ў вашых дамах?

Раманюк: У маім доме стаіць электрычнае ацяпленне, але калі я знаходжуся там, то палю печкі-буржуйкі. Увесь астатні час я карыстаюся электраацяпленнем. Дома цёплыя электрычныя падлогі, а на сценах электрычныя абагравальнікі. Калі я з'язжаю, то дома з дапамогай электрычнасці трымаецца плюсавая тэмпература.

Калісці, яшчэ ў 2007 годзе я сваімі сіламі зрабіў сабе "разумны" дом. Недзе за 150 долараў я набыў прыборчык, у які ўстаўляецца тэлефонная сімка, У базу гэтага прыбора занесены мой і жончын нумар тэлефону, то бок ён рэагуе толькі на нашыя званкі. Гэты прыбор дазваляе кіраваць двума контурамі — электрычнымі лініямі, можа іх замкнуць-разамкнуць. І калі мне патрэбна падтрымліваць стабільную тэмпературу, то працуе адзін контур. А калі я еду на хутар і хачу, каб да майго прыезду тэмпература паднялася, напрыклад, да +18 градусаў, я тэлефаную і ўключаю другі контур. І дзесці за дзень другі контур з моцным абагравальнікам разагрэе мне ўвесь дом. Калі раптам у мяне памяняліся планы і я не еду па нейкай прычыне дадому, то я зноў тэлефаную і адключаю другую лінію.

За год такога спажывання электрычнасці выходзіць прыкладна 500 долараў, але такі кошт мяне задавальняе. Плюс за год спажываецца прычэп дроваў для буржуек.

Павел Бераснеў
Бераснеў: У нас была такая жыццёвая сітуацыя, калі перад намі стаяў выбар: альбо мы пераязджаем у новапабудаваны дом, альбо працягваем здымаць кватэру ў Мінску. У новы дом не была праведзена электрычнасць. І каб забяспечыць сябе электрычнасцю, мы купілі аўтаномную сонечную станцыю. Станцыя каштавала нам 5,5 тысяч долараў плюс генератар, усё разам 6 тысяч долараў. З канца красавіка да пачатку лістапада амаль усю энергію мы атрымліваем ад сонца. А зімой, з лістапада па красавік, мы фактычна жывем на бензінавым генератары, бо выпрацоўка энергіі з сонца мінімальная. І калі вельмі пашанцуе, то за дзень можа назбірацца 150-170 Вт*г.

Калі мы вырашылі жыць з такой аўтаномнай станцыяй, то папярэдне па максімуму скарацілі ўсё спажыванне электрычнасці. Пачынаючы ад таго, што ўсе лямпачкі ў доме светадыёдныя па 5 Вт, і заканчваючы тым, што першую зіму мы жылі без лядоўні наогул. А зараз ва ўсім доме больш за ўсё спажывае лядоўня і помпа, якая падымае ваду з свідравіны.

У нас 4 панэлі і разам яны даюць 1кВт энергіі. Інвентар дазваляе выцягваць нагрузку да 4кВт. Гэта значыць, у добры сонечны дзень, можна падключыць адначасова шмат чаго, у тым ліку баўгарку і шліфавальны станок. Акумулятары дазваляюць накапліваць 4 па 200 А*г.

Але шчыра сказаць, калі б у нас была электрычная лінія, то мы б ні чым гэтым не займаліся, а проста падключыліся б да лініі і жылі б сабе, як белыя людзі.
Якія ўвогуле віды альтэрнатыўнага энергазабеспячэння сёння можна прымяніць у сябе дома ў Беларусі?
Быстрык: Я тут адзіны тэарэтык. У мяне няма свайго загараднага дома пакуль што. Я пералічу самыя асноўныя, зразумелыя і распаўсюджаныя. Сонечныя калектары для нагрэву вады, сонечныя панэлі для атрымання электраэнергіі, сучасны кацёл доўгага гарэння на дровах ці на шчапе.

Я б яшчэ назваў цеплавую помпу, маецца на ўвазе — паветраную — той жа кандыцыянер, толькі больш адаптаваны для працы і як награвальнік таксама. Усе сучасныя паветраныя помпы працуюць і на ахалоджванне, і на награванне. Ужо цяжка знайсці тыя, што працуюць толькі на ахалоджванне.
Ёсць кандыцыянеры больш адаптаваныя пад нашыя маразы. Як бы гэта дзіўна ні гучала, яны могуць забіраць цяпло нават з марознага паветра і перадаваць яго ўсярэдзіну, дзякуючы таму, што тэмпература замярзання фрэона, які ў іх выкарыстоўваеца, яшчэ ніжэйшая.
Гэта лічыцца аднаўляльнай крыніцай энергіі, таму што выкарыстоўвае ўнутраную энергію паветра. Чым паветраная помпа выгадна адрозніваецца ад цёплай падлогі, звычайнага электранагравальніка ці электрычнага катла? Ува ўсіх электрапрыладаў 100% энергіі даюць +/- 95% цяпла. А цеплавая помпа на 100% энергіі дае 200-300% цяпла. У самыя вялікія маразы будзе даваць тое на тое. Але гэта літаральна пару тыдняў у год.

Вятрак — гэта троху экзотыка для нашых мясцінаў. Трэба будаваць мачту, і гэта дастаткова дорага атрымліваецца ў выніку.

Раманюк: Цеплавая помпа, дарэчы, цяпер вельмі ў трэндзе. Я нават сам задумваўся, а можа, мне гэта трэба. А якая ў іх тэмпературная мяжа?

Быстрык: Ну, пры -15-20 яны ўжо аддаюць адзін да аднаго.

Раманюк: Тады няма сэнсу.

Быстрык: Не, той жа сэнс. Толькі ён працуе, як звычайны абагравальнік.

Раманюк: То бок, тупа электрычнасць будзе паліць?

Быстрык: Так, як электрычны кацёл. Але пры гэтым улетку ён застаецца звычайным кандыцыянерам.

- Якія кошты на ўсе гэтыя крыніцы энергіі?

Быстрык: Ёсць монаблокі, якія могуць пару тысячаў долараў каштаваць, а ёсць сістэмы, інтэграваныя ў сістэму ацяплення дома. Яны будуць каштаваць каля тысячы.

Бераснеў: Можна сказаць, што альтэрнатыўная сістэма можа каштаваць ад 200$, а вышэй мяжы няма. Усё залежыць ад таго, якія патрэбы і магчымасці ёсць у чалавека. Напрыклад, можна паставіць прамысловы вятрак за пару мільёнаў долараў.

Быстрык: Але ён не вырашыць усе праблемы, бо бывае штыль, а бывае, што такі вятрак дасць табе зашмат энэргіі і з гэтым трэба нешта рабіць.

Бераснеў: Кошт сістэмы можа пачынацца ад 50$, калі чалавек купіць сабе маленькую сонечную панэльку і нейкі просценькі кантролер. І гэтага хопіць, каб зараджаць мабільны тэлефон. Гэта таксама альтэрнатыўная сістэма, але каштуе яна ў межах 100-200$.

Быстрык: Хтосці не хоча вазіцца з дровамі, а хоча каб усё працавала аўтаматычна. У кагосці няма электрычнасці і патрэбная альтэрнатыва. А ў кагосці падведзены газ, і ніякія іншыя пытанні чалавека не турбуюць, бо танней і зручней за газ у нас цяпер нічога няма.
Арцём Быстрык
— Якія перавагі «разумнага» дома?

Быстрык: «Разумны дом» — гэта агульны цэнтралізаваны працэсар, які кіруе пры дапамозе кантролераў і датчыкаў, каб зададзеныя параметры мікраклімату падтрымліваліся ўнутры дома.

Сёння у Беларусі канцэпцыя «разумнага» дома троху адрозніваецца ад агульнасусветнай. Цяпер «разумны» дом, гэта калі багатыя людзі ставяць розныя сістэмы, каб паказаць, што ў іх з тэлефона адкрываецца гараж, вокны і г.д. Вядома, тут бачны вялікі патэнцыял для энергазберажэння, бо тут бачна як энергазатраты залежаць ад навакольнага асяродздзя, якое мы можам кантраляваць. На беларускім рынку шмат такіх тэхналогій, можна набыць даволі шмат камплектуючых, з якіх можна сабраць кантролеры, датчыкі і працэсары.

Ёсць нават фірмы, якія дазваляюць індывідуальна сабраць сістэму. Адзінае пытанне — навошта? Вось у Дзяніса Раманюка цалкам рабочая схема, дзе тэхналогія выкарыстоўваецца для таго, каб дом нагрэўся да прыезда гаспадароў.

Раманюк: Але калі ёсць грошы і табе патрэбны камфорт, чаму не зрабіць разумны дом з ралетамі, якія можна адчыніць з тэлефона, з гарожом, з усім?

Бераснеў: Я пастаянна гляджу ў інтэрнэце розныя сістэмы, якія можна ўсталяваць у доме, але мяне стрымлівае марнаванне майго хатняга бюджэта і адсутнасць электрычнасці. І калі, здаецца, знайшоў нешта зручнае, гляджу — бац! — яно патрабуе вай-фай роўтэра і будзе пастаянна спажываць электрычнасць. Таму адкладаю. У доме пакуль што стаіць літаральна пара датчыкаў, якія кантралююць тэмпературу энерганосбітаў. Ёсць сэнс паставіць датчыкі працечкі вады, каб у тваю адсутнасць дом не заліло. Ці даць сігнал дому, каб да твайго прыезду дом нагрэў ці астудзіў тэмпературу. Усё гэта можна рабіць, але калі ты дакладна разумееш, навошта яно табе і ці ты будзеш гэта рэальна выкарыстоўваць.

Раманюк: У мяне дома стаіць яшчэ адзін прыбор, які мерае тэмпературу на вуліцы і ў ванным пакоі. Там таксама стаіць сімка, і калі тэмпература пачынае падаць, прыбор дасылае мне смс. Калі раптам знікае электрычнасць — таксама прыходзіць смс. І яшчэ там стаіць датчык працечкі, які звязаны з падлогай. І калі на падлозе з'явіцца вада — зноў жа прыйдзе смс. І ўрэшце, праз гэтую прыладу магчыма ўключыць які-небудзь электрапрыбор, напрыклад святло ці абагравальнік.
Да таго ж яшчэ я сам магу патэлефанаваць на прыбор, і ён мне дашле ўсю інфармацыю па доме. Тэмпературу, працечкі, наяўнасць электрычнасці. Каштуе ўсё гэта няшмат.
— Якая мусіць быць канструкцыя дома, каб яна дапамагала яму быць энергаэфектыўным?

Быстрык: Як кажуць у Еўропе, «самае таннае — не мець выдаткаў». Вядома, на зберажэнне энергіі ты таксама выдаткоўваеш грошы. І вось адна з такіх крыніц зберажэння энергіі — гэта цёплы дом.

Бераснеў: Калі людзі ў нас будуюць хаты, мала хто задумваецца пра энергаэфектыўнасць.
Энергаэфектыўнасць уключае ў сябе наступныя чыннікі: якім бокам павярнуць сваю хату, дзе і якія вокны будуць выходзіць на поўнач і на поўдзень, ці варта адразу нешта дадаткова ўцяпліць, якім зрабіць дах. А людзі не думаюць пра гэта, глядзяць нейкія прыгожыя малюнкі і праекты, паварочваюць хату, каб ад суседа закрыцца, то бок займаюцца такімі рэчамі, якія ніяк не звязаны з энэргаэфектыўнасцю.
Сядзіба Паўла Бераснева
А потым, калі ты пачынаеш у доме жыць, то разумееш: «О, а можна вокны паставіць цяплейшыя, а можна было дадаткова сцены уцяпліць, а лепш бы мы акно на поўначы зрабілі меншым, а на поўдзень большым». А пра гэта ніхто не думае, хаця лепш прысвяціць гэтаму час і перад будаўніцтвам вывуць нейкія простыя штукі. Напрыклад, паставіць перад акном каменную сцяну, і яна будзе награвацца ад сонца і дадаткова грэць дом.

Цікава, што будаўнічыя канторы таксама асабліва нічога не падказваюць. Ты прыходзіш, як быццам, да спецыялістаў, а ім абы дом табе прадаць. А потым прыяжджае брыгадзір, які троху разбіраецца, у яго ўжо іншы падыход. А чалавека, які наўогул бы мог пракунсальтаваць цябе, як паставіць дом, амаль немагчыма знайсці.

Раманюк: А з чаго пабудаваны ваш дом?

Бераснеў: У нас каркасны дом. І калі мы выбіралі, як будаваць, то павярнулі прыгожую тэрасу на лес, а вялікія вокны вывелі на поўнач. Можна сказаць, што мы патрапіліся на ўсе касякі. Мы нават не зрабілі вентыляцыю, проста меркавалі, што будзем адчыняць вокны і праветрываць. Але гэта мадэль, якая зусім не працуе. І зараз цяжка ўжо нешта правіць, а лепш падумаць пра гэта ўсё на этапе будаўніцтва.

Быстрык: У Беларусі, калі ўцяпляецца дом, кладуць 10-15 см. уцяпляльніка акрамя асноўнай сцяны. Але калі я абмяркоўваў гэтае пытанне з экспертамі, то кажуць, што з пункту гледжання энергазберажэння, патрэбна ўцяпленне ў 30 см. І гэта каштуе грошай, каб усё абшыць. Але пасля будзеш выдаткоўваць значна менш на электрычнасць і ацяпленне.

А калі казаць аб праекце максімальна аўтаномнага дома, то я магу саслацца на праект — Active House. Гэта сучасная канцэпцыя, распрацаваная ў Даніі.
Ёсць Passive House, калі дом выпрацоўвае столькі энергіі, колькі і спажывае. А стваральнікі Active House заяўляюць, што ён выпрацоўвае больш энергіі, чым спажывае.
У гэтый канцэпцыі звяртаецца ўвага на тры галоўныя пытанні: камфорт для людзей, якія там пражываюць; устойлівасць гэтага будынку (матэрыялы з якіх зроблены дом, выпрацоўка электраэнергіі, эксплуатацыя і нават утылізацыя такога дома) і энергаэфектыўнасць, то бок, колькі ты спажываеш электрычнасці, колькі выдаткоўваеш, колькі спажываеш CO2 і г.д. На дадзены момант я лічу гэтую канцэпцыю аптымальнай, і мы павінны арыентавацца на гэтыя праекты.
Сядзіба Дзяніса Раманюка
— Ці ёсць такія праекты ў Беларусі?

Быстрык: У Беларусі ёсць адзін такі праект, які мае нават дацкі сертыфікат аб прыналежнасці да Active House.

— Павел — адзін з піянераў аўтаномнага жыцця ў Беларусі. Ці ёсць увогуле ў беларусаў патрэба ў такіх дамах?

Быстрык: Трэба сыходзіць перадусім ад патрэбаў. Патрэбна электрычнасць, ацяпленне, якое залежыць ад тэмпературы на вуліцы і якасці ўцяплення, патрэбна гарачая вада.

Бераснеў:
Мне здаецца, усё залежыць ад узроўню камфорта, які неабходны. Бо можна выкапаць зямлянку, адмовіцца ад мабільніка, паліць лучыну, ацяпляцца хмызняком з лесу. Каштаваць усё будзе нуль рублёў. А калі ты павышаеш узровень камфорту, то ўсё змяняецца.
Хочаш мабілку? Ставіш невялікую сонечную панэль. Хочаш гарачую ваду ў душы? Трэба яшчэ нешта думаць. А потым ты хочаш сабе катэдж на 200 квадратаў, дзе аўтаматычна адчыняюцца вокны і зачыняюцца дзверы… тады і ўкласці трэба дафіга.

Быстрык: Калі казаць пра аўтаномнасць электрычную, асабліва ўзімку, то пытанне вырашаецца ветраком, які трэба паставіць на вышыню 15 метраў. Але такі вятрак каштуе 10-15 тысячаў долараў. Але калі ў цябе ёсць такія грошы — ты можаш быць аўтаномным.
— Якія ёсць сусветныя трэнды ў альтэрнатыўнай энергетыцы?

Быстрык:
Агульны трэнд зараз — гэта электрыфікацыя энергетыкі. Гэта канцэпцыя, якая кажа, што трэба як мага менш выкарыстоўваць рэчываў, якія з'яўляюцца прычынай глабальных зменаў клімату. То бок адмаўляюцца ад спальвання нафты, газу і вугля.
І пераходзяць на аднаўляльныя крыніцы энэргіі. Ёсць Парыжскае пагадненне, якое накіравана запаволіць кліматычныя змены. Пагадненне падпісалі калі 200 краін, у тым ліку Беларусь. Нехта можа не верыць і адмаўляць глабальныя змены клімату, як робіць Дональд Трамп і яго сябры. Тым не менш, гэтая праблема існуе і даказана навукоўцамі.
— Што з сусветных трэндаў можна прымяніць у Беларусі?

Бераснеў: У нас людзі глядзяць, калі нейкая тэхналогія пачынае таннець, то яны хутка з'яўляюцца на нашых хатах. Напрыклад, тыя ж сонечныя калектары пачынаюць шырока распаўсюджвацца. Гэта проста супер-спосаб летам нагрэць ваду. Ты ўкладаеш пару сотняў баксаў і летам маеш сваю гарачую ваду. Таксама патаннелі сонечныя панэлі для электрычнасці, і ўжо можна не так дорага забяспечыць сябе святлом на лецішчы.

Быстрык:
Як не дзіўна, вялікім бар'ерам з'яўляецца кошт на электраэнэргію. Бо ў нас, у параўнанні з суседзямі, электрычнасць усё ж такі вельм-вельмі танная. І гэтая вось танная камуналка, з аднаго боку, сацыяльная палітыка дзяржавы, з іншага — тормаз развіцця.
Бо кожны будзе глядзець на ўласную выгаду. І з'яўленне альтэрнатыўных відаў энергазабяспячэння дзяржаве сёння не выгадна.

Раманюк: Будуюць жа атамную станцыю.

Быстрык: Як мінімум, дзяржаве патрэбна, каб былі спажывальнікі. Бо мінэнерга у нас манапаліст. І ніхто не можа прадаваць энергію — ці цеплавую, ці электрычную, без яе ведама і без яе санкцыяў.

Бераснеў: На жаль, пра цікаўнасць дзяржавы да альтэрнатыўнай энергетыкі цяжка казаць. З аднаго боку, дзяржава дэкларуе пра сваю цікаўнасць да развіцця вёсак, а потым пачытаеш навіны, што людзям, якія пераехалі ў Стаўбцоўскі раён, выстаўляюць рахункі за падведзеную электралінію ці за праведзеную дарогу. І там фігуруюць такія шалёныя сумы, што атрымліваецца, што дзяржава не зацікаўлена ў сельскіх жыхарах, а мы тут кажам пра зацікаўленнасць у альтэрнатыўнай энергетыцы. Можа, і дэкларуецца пра зацікаўленнасць, але па фактах гэтага не скажаш.

Раманюк: Ну, вось, я чуў, што пад Чэрыкавам будуць зараз будаваць сонечную станцыю, але рабіць гэта будуць не беларусы, а кітайцы.

Быстрык:
Калі мы кажам пра альтэрнатыўную энергетыку як з'яву, то адной рукой мы яе прасоўваем, бо ёсць закон пра аднаўляльную энергетыку, але другой рукой дзяржава запускае АЭС, а самой альтэрнатыўнай энергіі выпрацоўваецца долі працэнта ад агульнай выпрацоўкі.
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
А. Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda