ЭКА
"Усё, што мы нясем у дом, становіцца смеццем"

Як жыць, не ўтвараючы смецця, расказала
легенда руху "Zero waste" ("Нуль адкідаў") Бія Джонсан.

Неяк мае бацькі паехалі ў Польшчу на машыне і прыхапілі з сабой пакет з смеццем, што сабралася за тыдзень, – выкінуць па дарозе. Спыніцца ля кантэйнера бацькі забылі і звазілі гэты пакет у Еўразвяз – добра, машыну на мяжы ніхто не даглядаў. Іначай – пытанняў бы не пазбегнулі. А Бія Джонсан удалося правезці з сабой на самалёце з Каліфорніі ў Мінск ўсё смецце, якое яны цэлай сям'ёй з чатырох чалавек і сабакі збіралі ўвесь 2017 год. Але, відаць, адкіды ў памежнікаў пытанняў не выклікалі – гэта быў усяго адзін літровы слоік смецця.
На сустрэчы ў Мінску перад аўдыторыяй стаяла жвавая жанчына ў модным адзенні, з нафарбаванымі вачыма, час ад часу піла штосьці з металічнай флягі. Гэта была зусім не "класічная" хіпі ў стандартным уяўленні пра людзей, якія сябруюць з прыродай і вядуць супер-экалагічны лад жыцця.

Як дасягнуць такога выніку, з чаго ўсё пачалося, і што можам зрабіць мы – Бія Джонсан падзялілася сваімі лайфхакамі. Да стылю жыцця "нуль адкідаў" актывістка прыйшла ў 2006 годзе, калі яна з сям'ёй вырашыла пераехаць. Цэлы год пасля пераезду яны не маглі распакаваць свае рэчы. І ў выніку зразумелі, што
80% рэчаў увесь год ім проста былі непатрэбныя.
Мінімалізм падаўся добрым адказам на пытанне: як скараціць колькасць смецця?
Фота Аляксея Басалая
Шлях да экалагічнага актывізму пачаўся з сябе – спачатку сям'я, нагледзеўшыся фільмаў на экалагічную тэматыку, скараціла спажыванне вады і энэргіі, а затым узялася за смецце. Не было нейкай цудадзейнай кнігі, якая б усё расклала па палічках: трэба было ўсё тэставаць на сабе. Штосьці пакідаць, а нешта адкідаць.

Напрыклад, воцат замест бальзаму для валос забракаваў муж Біі – не падабаўся пах. Крапіва для вуснаў выявілася занадта смелым рашэннем. Мох замест туалетнай паперы годны толькі ў першы дзень, затым ён высыхае і становіцца падобным на жорсткую губку для посуду.
Фота Аляксея Басалая
У выніку Бія сфармулявала 5 асноўных правілаў, якімі карыстаецца ў жыцці і раіць карыстацца ўсім, хто хоча стаць паслядоўнікам філасофіі "Zero waste". І менавіта ў такім парадку:
- Адмаўляйся (refuse)
- Змяншай (reduse)
- Выкарыстоўвай зноў (reuse)
- Кампастуй (compost)
- Пераапрацоўвай (recycle)
***
Перш за ўсё, трэба навучыцца казаць "не" – бясплатным асадкам на канферэнцыях, пластыкавым трубачкам у напоях, улёткам у пераходах, візітоўкам і нават падарункам родных ды сяброў.
Трэба выпрацаваць ветлівую, але настойлівую форму адмовы:
"Дзякуй, але я прытрымліваюся мінімалізму", "Дзякуй, мне гэта не патрэбна", "Дзякуй, я вяду "zero waste" лад жыцця" і г.д.
Фота Аляксея Басалая
***
Усё, што мы нясем у свой дом, з пэўным часам становіцца смеццем.
Таму, чым менш дома рэчаў, тым менш смецця будзе на выхадзе – вызначыла для сябе Бія. Па падліках жанчыны, людзі карыстаюцца ў сярэднім 20% адзення з свайго гардэробу. Астатняе захоўваюць на ўсякі выпадак, нават калі гэта шкарпэтка без пары: "а што, калі ў мяне будзе сумоўе", "а што, калі мяне запросяць на вяселле", "а што, калі фіялетавы зноў увойдзе ў моду", "а што, калі я пахудзею на 15 кг.". У сваёй шафе актывістка захоўвае толькі 15 прадметаў адзення. З іх, як яна сцвярджае, можна стварыць аж 50 модных лукаў! І зборы ў вандроўку – адно задавальненне: усе рэчы змяшчаюцца ў адну валізку. Тое ж з рэчамі мужа і дзяцей. А пусты дом тым часам – можна здаваць.

Бія так часта жартуе падчас выступу, што часам незразумела: гэта яна сур'ёзна ці не.

Рэклама запэўнівае, што для кожнага прадмета ў доме патрэбны асобны мыйны сродак: для вокнаў адзін, для падлогі другі, для посуду іншы і г.д. Але Бія Джонсан кажа: адной толькі соды, воцата і натуральнага вадкага мыла дастаткова для ўсяго. Жанчына зменшыла колькасць посуду (нават лыжак) у доме, пасцельнай бялізны, ручнікоў, мэблі.

Сыны Біі ў пэўным узросце прадалі свае цацкі і на гэтыя грошы купілі на другасным рынку іншыя – адпаведныя ўзросту.
Так дзеці зразумелі, што іх рэчы маюць кошт.
Фота Аляксея Басалая
"Некаторыя думаюць, што такі лад жыцця патрабуе шмат часу і што я толькі тое і раблю, што трасуся над сваім смеццем", – кажа Бія. – На самой справе я шмат працую, у мяне вельмі шчыльны графік". І такі лад жыцця не патрабуе асаблівых высілкаў. Адзінае, на што спадарыня Джонсан сапраўды выдаткоўвае свой час – гэта робіць касметыку. Замест румянаў жанчына выкарыстоўвае парашок какавы, ценямі ёй служыць смажаны міндаль. Гель для валасоў мужа Бія робіць з цэдры лімона. Зубны парашок – гэта сода. Ужо некалькі год той самы камень алуніт уся сям'я выкарыстоўвае замест антыперспіранта.

Прадукты Джонсаны купляюць у оптавых крамах і на рынку – без упакоўкі. За пакупкамі заўсёды ходзяць з сваёй тарай – тканевымі торбачкамі і шклянымі слоікамі. Віно купляюць на разліў у шкляныя бутэлькі. А на хатнія вечарынкі гатуюць закускі, якія можна браць металічнымі шпажкамі. Бія сцвярджае, што пасля столькіх гадоў жыцця ў стылі "нуль адкідаў" яна нават стала адчуваць на смак, калі з'ядае сыр, што быў запакаваны ў пластык. Пластыкавая ўпакоўка шкодная не толькі для наваколля, але і для нашага здароўя – упэўненая яна.

Упакоўка любога прадукту складае каля 15% усёй цаны. Такім чынам, купляючы штосьці запакаванае і пасля выкідаючы ў сметніцу ўпакоўку, мы адразу адпраўляем туды і значную частку нашых грошай.
Усяго ў параўнанні з перыядам да "zero waste"-жыцця сям'я стала эканоміць 40% свайго бюджэту.
Спадарыня Джонсан пахвалілася, што яе сям'я зусім не выкідае ежу. Па-першае, вылізаць талеркі заўсёды дапамагае пёс Зізу. А па-другое, дапамагае адмысловая лядоўня з шуфлядамі. Калі высоўваеш шуфляду і глядзіш зверху на прадукты ў шкляных слоіках – усё бачна. І тое, што хутка сапсуецца, яны стараюцца з'есці раней. У звычайных жа лядоўнях з паліцамі тое, што мы ядзім часцей, стаіць бліжэй да нас. А тое, што ядзім радзей, – далей. Там яго нябачна, і прадукту лёгка сапсавацца.
Фота Аляксея Басалая
***
Усе аднаразовыя рэчы ў доме Бія Джонсан замяніла шматразовымі: папяровыя сурвэткі – тканевымі, пакеты і кантэйнеры – шклянымі слоікамі, губкі для мыцця – шчоткамі. Нават зубныя шчоткі ў актывісткі драўляныя з зменным шчаціннем. А замест зубной ніткі яна карыстаецца шоўкавай. Зсабойкі ў школу дзеці загортваюць у тканіну. Некаторыя крытыкі кажуць, што многія шматразовыя рэчы не такія экалагічныя, як здаюцца. Напрыклад, тыя ж шматразовыя сурвэткі, пракладкі, падгузнікі трэба праць – а на гэта расходуецца вада і электрычнасць.
"А на вытворчасць папяровых сурвэтак і аднаразовых падгузнікаў, думаеце, вада і электрычнасць не выкарыстоўваецца?"
– здзіўляецца Бія.

Усе рэчы, у якіх актывістка выступала перад беларусамі, былі купленыя ёю ў сэканд-хэндах і на барахолках. Дастаўку на eBay яна, дарэчы, замаўляе толькі ў папяровай ці кардоннай упакоўцы.
Фота Аляксея Басалая
***
Кампост сям'я збірае асобна. Але яго няшмат: "Мы чысцім толькі тую садавіну і гародніну, якая патрабуе гэтага".
"Мы не чысцім ні бульбу, ні моркву, ні кабачкі, ні баклажаны",
– кажа Бія Джонсан. Гэта таксама дазваляе назапасіць дадатковыя вітаміны. У кампост ідуць састрыжаныя валасы сямейнікаў, чубок Біі, а самі валасы яна гадуе, а пасля здае на патрэбы людзей з ракам.

***
Пасля ўсіх гэтых правілаў і маніпуляцыяў застаецца вядро з смеццем для пераапрацоўкі. Яно ў сям'і па памеры параўнальнае з маленькім чыхуахуа Зізу.
Фота Аляксея Басалая
***
І ў выніку – літровы слоік смецця, якое не пераапрацоўваецца. Бія падзялілася з прысутнымі, што знаходзіцца ў гэтым чароўным слоіку: там цэтлікі ад адзення, пена ад старых навушнікаў, налепкі з коштамі і штрыхкодамі ад садавіны і сыру, шчацінне ад зубных шчотак, стары фотаздымак, запчастка ад пасудамыйкі, нейкая ламінаваная штука. Здзіўляе, наколькі жанчына памятае кожную дробязь, якая патрапіла ў гэты слоік. Яна нават згадала кавалак туалетнай паперы, якой выцерла сілікон!

***
Бія Джонсан лічыць, што такое спрашчэнне ў жыцці мусіць спрашчаць і само жыццё, а ніяк не ўскладняць яго.
"Мінімалізм дазваляе засяродзіцца на досведзе, а не на рэчах".
Дазваляе больш быць, чым купляць (being instead of buying). І гэта дапамагае даведацца штосьці новае пра сябе.
Аўгіня Манцэвіч
Расказаць сябрам
Чытайце таксама
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Made on
Tilda