У Беларусі з'явіліся рэйнджэры
ПАДЗЕІ
Лясная служба ЗША дэсантавалася на Валожыншчыне
Расказаць сябрам
Супрацоўнік Амерыканскага агенцтва па лясных рэсурсах Мітчэл Робертс і сапраўдная рэйнджэр з Аляскі Лэслі Звада сустрэліся з уладальнікамі аграсядзібаў і прадстаўнікамі грамадскасці Валожыншчыны, а таксама наведалі навучэнцаў Валожынскай гімназіі №1.

Уладальнікі аграсядзібаў Валожыншчыны чытаюць клятву юных рэйнджэраў
У арганізатараў сустрэчы — грамадскага аб'яднання “Адпачынак у Вёсцы" – амбітныя планы. Яны хочуць стварыць у Беларусі адукацыйную школьную праграму “Юныя рэйнджэры". І нядаўняняе спатканне з прадстаўнікамі лясной службы ЗША — першы крок на гэтым шляху.

На сустрэчы з уладальнікамі аграсядзібаў Лэслі Звада падрабязна расказала пра свае ноў-хаў у працы турысцкага інфармацыйнага цэнтру і правядзенню заняткаў з дзецьмі. Заняткі гэтыя накіраваныя на абуджэнне зацікаўленасці дзяцей ў прыродзе і беражлівым стаўленні да яе. Магчыма, штосьці з гэтых ноў-хаў хутка пачнуць прымяняць і ў беларускіх аграсядзібах.

Лэслі Звада
У падпарадкаванні Лэслі — лес на Алясцы памерам 70 мільёнаў гектараў. Яго траціна — так званая дзікая тэрыторыя, якая мае найвышэйшы статус аховы і дзе не дазваляецца ніякая дзейнасць чалавека. Дабрацца туды можна толькі на каяку, верталёт прыляціць выключна ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.

Праца Лэслі аплочваецца дзяржаўным бюджэтам, як і навучанне там дзяцей дзяржаўных школ. Тысячы маладзёнаў штогод праходзяць праз інфармацыйны турыстычны цэнтр. Для іх ладзяцца розныя навучальныя праграмы. Адна з іх — Дзіцячы дзённы летнік, дзе дзесяцігадовыя дзеці вучацца ўсім нюансам рыбалкі, арыентавання ў мясцовасці, спазнаюць асновы батанікі і дзікай прыроды на практыцы.
У праграме Юных рэйджэраў дзеці вучацца адрозніваць усялякія віды раслінаў, у тым ліку атрутных; рыхтуюцца да магчымай сустрэчы з мядзведзем грызлі. Лэслі Звада падкрэслівае важнасць такіх практычных заняткаў: "Калі дзеці ўжывую знаёмяцца з прыродай і пачынаюць яе ведаць, у іх натуральна ўзнікае жаданне ахоўваць наваколле".

Акрамя знаёмства з лесам і яе насельнікамі, вельмі важна, лічыць спадарыня Звада, і камунікацыя на чалавечым узроўні, а таксама азнаямленне дзяцей з традыцыйнай культурай Аляскі і яе старажытнымі насельнікамі — індзейцамі тлінкітамі.
Індзейцы Тлінкіты
У канцы навучальных праграм дзеці мусяць запоўніць буклеты з заданнямі і задаць пытанне рэйнджэру. Пасля гэтага яны атрымліваюць адмысловую нашыўку і іх пасвячаюць у юныя рэйнджэры.
Лэслі Звада ў Гімназіі №1 Валожына
Штосьці падобнае Лэслі Звада планавала правесці і ў Валожынскай гімназіі. Аднак дзеці ўнеслі свае карэктывы ў планы гасцей з ЗША і ад пачатку сустрэчы засыпалі рэйнджэра самымі рознымі пытаннямі: Цяжка насіць такія вялікія чаравікі? Ці горача вам у службовай форме? Якія рэдкія расліны сустракаюцца ў вашым лесе? Ці ёсць там атрутныя змеі? Ці арыштуюць тых, хто забруджвае прыроду? Як вы сталі ахоўваць наваколле? Вы любіце сваю працу?
Лесу рук не было канца. І гэта радуе – ёсць шанец, што адукацыйная праграма "Юныя рэйнджэры", якую плануюць пачаць укараняць менавіта на Валожыншчыне, будзе мець поспех. Тым больш, што гімназістаў, прысутных на сустрэчы, Лэслі Звада, дадзенай ёй уладай, пасвяціла ў юныя рэйнджэры.
Обсудите эту новость в Facebook, «Вконтакте»
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
А. Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda