Гарачы пачатак траўня ў Кастрычніку
ПАДЗЕІ
Пад Гомелем у вёсцы Чырвоны Кастрычнік прайшоў фэст «Вялікая Вада».

Чырвоны Кастрычнік – закінутая вёска, у якую 9 гадоў таму пераехала некалькі маладых гараджанаў. Увесну ўсе дарогі, якія вядуць да вёскі, затапляюцца разлівамі Дняпра і азёраў. Таму на мінулых выходных адважным гасцям, якія вырашылі дабрацца да фэсту, засталася толькі адна дарога – водны шлях па вялікай вадзе.
Для пераправы быў арганізаваны адмысловы транспарт – драўляныя плыты. Так як глыбіня на разліве невялікая, для кіравання плытом было дастаткова доўгіх дубцоў ва ўмелых руках паромнікаў.

Уся пераправа на плыце займала каля гадзіны, за якую трэба было пераадолець каля трох кіламетраў. А на выспе гасцей ужо чакала палявая кухня, дзіцячая праграма, кірмаш майстроў і вечаровы канцэрт на імправізаванай сцэне.

Гасцей бавілі Настасся Хмель, вядомая ўдзелам у гуртах Джамбібум і Kriwi і якая, дарэчы, сама цяпер жыве ў вёсцы, гомельскі гурт Yatata і хэдлайнеры фэсту літоўскі гурт Lapkričio Dvidešimtosios Orkestras.

Пад вясёлую музыку разам з гасцямі свята танчылі і камары-безбілетнікі, якія таксама завіталі на фэст. Можа, таму ніхто з слухачоў і не змог застацца на месцы, ды амаль кожны пусціўся ў пляс.

Спецыяльна для гасцей ў вёсцы адчынілася антуражная кавярня на свежым паветры, дзе можна было выпіць гарбаты з мясцовых зёлак з слодычамі.

На другі дзень фэсту гомельскія фалькларысткі правялі старажытны абрад на Юр'еў дзень. Спачатку дзяўчыны сабраліся ў старой вясковай хаце і ўпрыгожылі вялізны каравай. Потым, ужо разам з хлопцамі, прайшліся па вёсцы і пачалі вадзіць карагоды і спяваць песні. Лічыцца, што на Юр'е пачынаецца сапраўдная вясна. Пасля абраду зялёны сцяг хады замянілі на чырвоны – сымбаль жыцця.

Неўзабаве фэст, які ўжо фармальна скончыўся, працягнуўся далей. Гасцей чакала яшчэ доўгая дарога дадому на плытах праз вялікую ваду.

Расказаць сябрам
Verasen
Чытайце таксама
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Made on
Tilda