«Я буду PR-мэнэджэрам прыроды»

ДОСВЕД
Ён прайшоў 24 пілігрымкі, купіў 18 участкаў, расчысціў раку і пасябраваў з бабрамі. Гісторыя прадпрымальніка Віталя Улыбіна
Расказаць сябрам
З Віталём Улыбіным мы сустракаемся ля вялізнага манументу — санктуарыя Маці Божай у Манькавічах Пастаўскага раёна. Віталь імкліва пад’язджае на белым, як сённяшні свежы снег, электракары, выходзідзь і тут жа пачынае экскурсію.

— Гэты бетонны камень я замовіў у брэсцкага майстра і зрабіў цалкам аўтаномны аб'ект. Тут сонечная батарэя, унутры гараць свечы, — з агнём у вачах распавядае суразмоўца.

Тут, праз Манькавічы, праходзіць маршрут пілігрымкі на Будслаў. Яго разам з мясцовым пробашчам складаў наш герой. Адсюль да Будслава — 67 кіламетраў. Сам Віталь хадзіў у пілігрымку 24 разы. І гэта відавочна наклала адбітак на яго жыццё.
Санктуарый — далёка не адзіная рэч, якую сваімі сіламі і на свае грошы зрабіў і працягвае рабіць пастаўскі прадпрымальнік Віталь Улыбін для Манькавічаў і яе наваколля. Мы падымаемся ўгару і апынаемся на ўчастку Віталя, адкуль адкрываецца велічны пейзаж — даліна ракі Мядзелка. Калісьці для нашага героя ўсё пачалося менавіта з яе.
Даліна ракі Мядзелка
У 2019 годзе Віталю прыйшла ідэя расчысціць раку, каб яна вярнула выгляд пачатку ХХ стагоддзя, калі Манькавічамі валодаў князь Уладзімір Друцкі-Любецкі. Тады маёнтак уяўляў з сябе сядзібна-паркавы ансамбль з драўляным палацам, броварам, капліцай, млыном, двума ставамі і гаспадарчымі пабудовамі. Сёння ад былой велічы амаль нічога не засталося. Збудаванні былі разбураныя падчас Першай сусветнай вайны, капліца пераўтварылася руіны, млын разабралі мясцовыя жыхары і дачнікі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя.
Капліца-пахавальня Друцкіх-Любецкіх 
Князь Друцкі-Любецкі быў не проста заможным панам, а мецэнатам і прыхільнікам даўніны і краязнаўства — у суаўтарстве з даследчыкам Аляксеем Сапуновым у 1896 годзе ён напісаў кнігу “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага ўездаў Віленскай губерні” (першае грунтоўнае выданне пра прыроду і гістарычныя адметнасці паўночна-заходняй Беларусі — тэрыторыі сучасных Пастаўскага, Мядзельскага, Вілейскага, Глыбоцкага раёнаў), фінансаваў пабудову храмаў і навучальных установаў, быў сябрам савету дабрачыннай арганізацыі дапамогі сляпым.

Міжволі да галавы прыходзіць паралель — прадпрымальнік Віталь Улыбін ужо ў ХХІ стагоддзі пераняў клопат пра Манькавічы і спрабуе калі не вярнуць былую веліч, то хаця б з павагай ставіцца да гэтай мясціны і рабіць усё, што ў яго сілах, каб тут было прыемна і цікава не толькі мясцовым жыхарам, але і гасцям вёскі.
У час панавання Друцкіх-Любецкіх берагі Мядзелкі былі чыстымі, вада празрыстай і ў ёй нават разводзілі карпаў. Але з часоў Першай сусветнай вайны рака апынулася моцна заваленая дрэвамі. І вось, шэсць гадоў назад Віталь Улыбін вырашыў пачысціць рэчышча, каб ладзіць сплавы на каяках. Напэўна, кожны другі знаёмы круціў пальцам ля скроні, калі чуў пра гэтую ідэю. Але Віталь з сябрамі вырашыў паспрабаваць.

— Мы выйшлі чысціць а шостай раніцы. У нас у каяках было ўсё неабходнае абсталяванне — пілы, сякеры і г.д. І а дзясятай увечары, я ўвесь стомлены, мокры і падрапаны, здаўся: яны мелі рацыю — гэта немагчыма зрабіць, я больш сюды не прыйду. Праходзіць тыдзень, мяне адпускае і я кажу: ну, можа, яшчэ крыху паспрабуем. Праз тыдзень я зноў кажу — не, усё, усё. Затым зноў спрабуем. Пасля ўжо я паверыў, што гэта магчыма. Так мінуў год. І мы вычысцілі раку.
Па словах Віталя, маршрут атрымаўся неверагодна прыгожым праз тое, што сплавы адбываюцца ў абсалютнай цішы і сярод некранутай прыроды. Засталіся нават баровыя плаціны. Спачатку, мужчына прызнаецца, яны спрабавалі прыбіраць іх. На разбор адной плаціны сыходзіў цэлы дзень. А праз тыдзень яна зноў была на месцы, прычым на метр вышэйшая.

— Мы зноў яе разабралі, а праз тыдзень бабры пабудавалі яшчэ. Пасля гэтага мы зразумелі, што з бабрамі можна толькі дамаўляцца. Цяпер яны не дабудоўваюць плаціны зверху, а мы пралятаем па іх на каяках.

У гэтым сезоне ў планах расчысціць Мядзелку ўверх па рэчышчы. Але цяпер ужо Віталь плануе заключыць дамову з адмысловай арганізацыяй, якая пасля ўзгаднення з Мінпрыроды зробіць гэтую працу з дапамогай спецыяльных машын.
Сплавы па Мядзецы змяняюць людзей незваротна, упэўнены Віталь.

— Прыехалі аднойчы да мяне на сплаў крутыя, рэзкія масквічы на нейкіх брабусах. Праз некалькі гадзін мне тэлефануе інструктар: “Віталь, яны не могуць, усё ў іх дрэнна, забірай”. Я прыехаў, забраў іх. І па дарозе яны мне клялілся, што ніколі ў жыцці больш на сплаў не пойдуць, маўляў, яны ледзь не памерлі ў гэтай дзічы. Праз год яны мне тэлефануюць і кажуць: “Мы тут параіліся ўсе разам і прыйшлі да высновы, што той сплаў быў самай лепшай прыгодай у нашым жыцці. Мы зноў едзем да вас”. І цяпер яны прыязджаюць на сплавы штогод.
Віталь упэўнены, што пасля такіх прыгод людзі становяцца іншымі.
— Проста трэба прыняць, што спачатку ты сутыкнешся з адмаўленнем, і перацярпець. Гэта як у пілігрымцы. Ты ідзеш, ідзеш, усё дрэнна, усё не падабаецца, праходзіць дзень, другі. А пасля прыходзіць усвядомленасць.
Рэшткі старога млына
Да ракі ад узгорка, на якім мы стаім, спускаюцца дзве цюбінгавыя трасы (120 і 70 метраў даўжынёй), якія Віталь пабудаваў для аматараў зімовых забаваў. Пакуль снегу недастаткова, горкі перакрытыя ў мэтах бяспекі.

— Не тое, каб мне шкада было. Проста калі горка прыватная, то права на памылку няма зусім. Таму ў сезон у нас абавязкова працуюць інструктары. Увогуле, гэта адзіны прыватны цюбінг-парк у Беларусі, бо, як кажуць — дурных няма.

Адсутнасць снегу ў апошнія зімы Віталя не пужаюць. Ён упэўнены, што сёння любое пытанне можна вырашыць за грошы. У планах — купіць спецыяльную пушку.
Суразмоўца працягвае знаёміць мяне з сваёй тэрыторыяй. Яму належыць 18 участкаў у Манькавічах — гэта 2,5 гектары зямлі. Першы ўчастак ён купіў у 2021 годзе, праз два гады пасля таго, як пачаў актыўнасць на Мядзелцы.

— Я закахаўся ў гэты ўчастак, які на той момант належаў аднаму мінчаніну. Ён пабачыў маю зацікаўленасць і прапанаваў прадаць мне. Я нават не пытаўся, колькі ён каштуе. У выніку ён прадаў мне яго ў дзесяць разоў даражэй, чым купіў. Мне нават давялося пазычаць грошы. Але я б купіў і даражэй, бо грошы аддаваў не рэч, а за месца, у якое закахаўся.
— Больш скажу — быў бы ў мяне мільярд долараў, я б яго ўклаў сюды, бо ведаю, як гэтае месца зрабіць прыгожым.
— Гэта мая альтанка, — працягвае суразмоўца, калі мы дайшлі да сажалак з дамбай, дзе раней стаяў млын. — Гэта ўжо тэрыторыя лясгасу, і дабіцца ў іх дазволу на будаўніцтва альтанкі было вельмі складана. У выніку мы заключылі з імі пажыццёвы кантракт. Ён на словах, але я выконваю яго ўжо пяць гадоў. Мне сказалі: “Ты тут прыбярэш усе дрэвы, мы табе паставім альтанку, але яна будзе агульнай. І тут заўсёды павінна быць чыста”.

З таго моманту Віталь з жонкай клапоцяцца пра гэтае месца. Паставілі смеццевы кантэйнер, запраўляюць туды пакеты, трымаюць іх запас і самі прыбіраюць. Прыкладна раз у месяц Віталь вывозіць адсюль паўпрычэпа смецця. Зрабілі месца пад вогнішча і металічную падстаўку для таго, каб падвешваць казан. Прычым атрымалася гэта не з першага разу. Двойчы яе скрадалі. Толькі пасля таго, як у канструкцыю забетанавалі штангу, яна перастала знікаць.
— Розныя бываюць людзі, — робіць выснову мужчына. — Я тут складваю дровы, бо некаторыя, калі ў іх заканчваецца што паліць, аддзіраюць дошкі ад альтанкі і кідаюць у агонь. Спачатку я засмучаўся, а пасля проста пакрыў альтанку адмысловым складам і цяпер яна не гарыць. За пяць гадоў я толькі двойчы сам адпачываў тут. Але мне ўжо не спіцца дома, я думаю, ці добра тут, ці чыста. І не таму, што я вінны лясгасу, а таму што мне трэба, каб гэтае месца было прыгожым. Я люблю гэтае месца.

Цікаўлюся, як адрэагавалі мясцовыя жыхары на дзейнасць, якую развярнуў тут Віталь.

— Калі я тут толькі з’явіўся, я зразумеў, што часам варта наступіць на свае хацелкі, але сяброўства з мясцовымі жыхарымі трэба прынцыпова ўзвесці на першае месца. Гэта вельмі важна. Ува ўсіх розныя характары, яны да мяне пэўны час прыглядаліся, але мне здаецца, я сябрую з усімі.
— У гэтым і ёсць поспех любой дзейнасці, бізнэсу — ты мусіш ставіць на першае месца не грошы, а карысць, якую прыносіш. Я ім паказваю, што мая прысутнасць тут будзе карысная для нас усіх.
Вядома, бывае няпроста, але плён ёсць.

— Я хадзіў па ўсіх кабінетах, выслухоўваў пра сябе рознае. У выніку дабіўся, каб тут была асфальтаваная дарога. Проста трэба крыху цярпення. Нічога нельга рабіць у адзіночку. Трэба знаходзіць дыпламатычныя шляхі камунікацыі — з мясцовымі жыхарамі, з дзяржавай. І калі жыхары пабачылі, што я прыношу карысць, то і стаўленне да мяне змянілася.

Некаторыя ідэі прадпрымальніка здаюцца занадта смелымі, таму людзі проста не вераць, што ў яго нешта атрымаецца.

— Я неяк даўно прачытаў, што канструктыўна хручш не можа лётаць, бо мае занадта маленькі каэфіцыент пад’ёмнай сілы. Але ён хрушч і не ведае законаў фізікі, таму лётае. Да нас прыязджаў неяк прэзідэнт гарналыжнай федэрацыі і сказаў, што тут нельга зрабіць горку.
— А я, калі мне кажуць, што ў мяне не атрымаецца, кажу: "Я не разбіраюся, я проста паспрабую". Ці калі мне кажуць: "А што, калі не будзе снегу?!" А я кажу: "А што, калі будзе?" І гэта мая пазіцыя, мой падыход да ўсяго: не што, калі не атрымаецца, а што, калі атрымаецца?
Ужо тры гады запар, дзякуючы Віталю Улыбіну і Юнькаўскаму сельсавету ў Манькавічах адбываецца МанкаФэст з ухілам на беларускую культуру і традыцыі. Дзякуючы фінансавым укладанням прадпрымальніка фестываль атрымліваецца зрабіць некамерцыйным.

— Вядома, што прыезд артыстаў каштуе грошай і рабіць у будучыні фестываль цалкам за свае грошы не атрымаецца. Але ў мяне ёсць ідэя: удзел у фэсце будзе бясплатным для ўсіх, хто прыедзе ў вышыванцы.

Ідэяў у Віталя хапае. Ён, як сапраўдны летуценнік, не абмяжоўвае сябе ў марах. У планах зрабіць на гэтай тэрыторыі ўніверсальнае месца для фестываляў, дзе можна будзе пажыць, напрыклад, два тыдні ў XVI стагоддзі, цалкам занурыўшыся ў атмасферу таго часу; дзе была б магчымасць зладзіць Масленіцу, Купалле ды іншыя святы.
— Хочацца зрабіць гэта модным: вёску, прыроду, беларускія традыцыі. Я ўпэўнены, што гэта магчыма. Я нават буду PR-мэнэджэрам прыроды.
Цалкам зразумела, якую карысць ад такой дзейнасці атрымлівае мясцовасць і людзі. А што атрымлівае сам Віталь?

— Я гэта называю фідбэк ад сусвету. Нельга нічога прыхаваць, напрыклад: я зраблю нешта карыснае, каб потым зарабіць грошай. Калі ты сапраўды робіш нешта з адкрытым сэрцам для людзей, то сусвет гэта табе залічвае. І справа не толькі ў грошах. Яны — усяго толькі рэсурс. Важна аддаваць больш, чым браць, без схаваных матываў. А ўдзячнасць ад сусвету заўсёды прыйдзе табе з працэнтамі. Ну, і ўрэшце, мне падабаецца тое, што я раблю. І калі ў мяне ёсць на гэта рэсурсы, то чаму б не зрабіць? Нашае ж жыццё — вельмі кароткая пілігрымка.
Расказаць сябрам
Перадрук матэрыялаў DownShifter.by магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама