ДОСВЕД
«Важна спрабаваць мяняць самога сябе»

Як філосаф Алесь Анціпенка, перае'хаўшы ў вёску,
змяніў свой лад жыцця і напісаў кнігу.

Мы пагутарылі з філосафам пра тое, што паўплывала на яго рашэнне пакінуць горад, пра дывідэнды ад кардынальных зменаў, а таксама пра яго новую кнігу.

Фота Сяргея Ждановіча
Алесь Анціпенка – беларускі філосаф, медыя-аналітык, аўтар кнігі «Быць прысутным» (2012), адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, былы кіраўнік «Беларускага калегіюму».

Пяць гадоў таму спадар Алесь з'ехаў з Мінска на лецішча, што ў Смалявіцкім раёне. Там нарадзілася яго новая кніга «Прыпадобніўшыся да насарога». Назва кнігі – частка рэфрэну будысцкай «Кхагавісана суты», які цалкам гучыць так:

«Ідзі адзін, сваім шляхам, прыпадобніўшыся да насарога».
Кніга складаецца з чатырох эсэ вашага аўтарства і двух перакладаў – твора Лао Цзы і будысцкага тэкста «Кхагавісана сута». Чым Вы кіраваліся, так укладаючы зборнік? Класічныя філасофскія тэксты – аснова для развіцця вашых ідэй?

– З'ехаўшы з Мінска, я не збіраўся пісаць кнігі, а вырашыў «заняцца» самім сабой.
Маё жыццё ў горадзе сталася занадта нецікавым, і, як мне падалося, я пачаў страчваць нешта важнае.
Яшчэ да «ўцёкаў» з Мінска я адчуваў, калі не сказаць «ведаў», што ў кожным з нас ёсць іншы, зусім іншы чалавек. А таксама ведаў, «дзе», у якіх кніжках гэтага чалавека «шукаць». У кніжках тых людзей, якія задоўга да мяне з падобнымі праблемамі сутыкаліся. «Кхагавісана сута» і «Тао Тэ Чынг» Лао Цзы – прыклады бліскучых даследзінаў глыбіняў чалавечага «я» і кардынальнага вырашэння нашых экзыстэнцыйных праблем. Гэтыя тэксты аб'ядноўвае ідэя не заўсёды відавочных структур нашага існавання, якія, каб быць убачанымі, патрабуюць змены пазіцыі ці ўнутранай саматрансфармацыі.

Хацеў бы таксам звярнуць увагу на тое, што названыя тэксты – не проста філасофія. У сённяшнім свеце пад філасофіяй разумеюць нешта іншае. А сваю працу я не назваў бы «зборнікам». Бо ўсе яе тэксты пра адно і тое ж, пра схаванае і не відавочнае ў кожным з нас.

Адно эсэ зборніка («Ад мыслення да медытацыі») можна прачытаць ужо цяпер. Чаму менавіта гэты тэкст быў абраны для таго, каб даць уяўленне пра ўсю кнігу? Ці можна лічыць названае эсэ кропкай прыцягнення астатніх тэкстаў?

– Па-першае, гэтае эсэ самае кароткае. А, па-другое, у ім, сапраўды, ёсьць некаторыя важныя для мяне тэзы, якія будуць разгортвацца ў кнізе далей.

Ці не з'яўляецца ў вас патрэба вярнуцца ў горад?

– Ніякай патрэбы вяртацца ў мяне няма.
Я не шукаю ані славы, ані грошай, ані камфорту, ані маёмасці.
Наколькі ваш лад жыцця звязаны с тым, што вы пішаце і чытаеце? Усходняя філасофія вельмі блізкая да прыроды, сузірання, спакою, якіх сучасны горад пазбаўлены... Ці так гэта для вас?

– Гэта так. Я чытаю і пішу толькі пра тое, што для мяне важнае і блізкае. Важнае і блізкае не як тэарэтычныя развагі, а як практычны досвед маёй уласнай саматрансфармацыі.

Зноў жа хацеў бы крыху пашырыць значэнне слова «філасофія», якім мы з вамі карыстаемся.
Тое, чым я цікаўлюся, лепш назваць досведам рэлігійнага, містычнага і філасофскага мыслення. Досведам альбо шляхам самаадкрыцця чалавека. І менавіта пра гэта ўсе вялікія тэксты чалавецтва
ад Ведаў, Упанішадаў, Бібліі і да «сучасных» містыкаў Ібн Арабі, Рамакрышны ці Вівекананды.
– Як размежаваць досвед рэлігійнага і філасофскага мыслення і ўласна філасофію? Адрозненні ў мэтах у першую чаргу? Ці зусім у іншым?

– Ваша пытанне надзвычай аб'ёмнае. Паспрабую аднак адказаць вельмі каротка, разлічваючы на інтуіцыю чытача. Рэлігія – гэта практычная філасофія. У такой філасофіі няма падзялення на мае ўчынкі і тэорыю, якія могуць быць рознымі і не супадаць. Але я не кажу тут пра філасофію жыцця. Жыццё – рэч канцовая, а сапраўдная рэлігійная філасофія шукае тое, што есьць па-за дадзеным мне жыццём.
Гэта таксама спроба адказаць на пытанне «хто я?». І не проста адказаць, а ўбачыць! І не ў сацыяльным сэнсе, а значна глыбей. Пра гэта акурат і гаворка ў маёй кнізе.
А звычайная філасофія можа мець прадметам сваіх развагаў самыя розныя праблемы. Ад спосабаў мысьлення, зменаў у канцэпцыі гнасэалагічнага суб'екта і да праблемы цялеснасці альбо сэксуальнасці.

Той першы спосаб мыслення, у якім я запытваюся пра сябе, у еўрапейскай традыцыі пасля Пармэніда і Сакрата быў фактычна страчаны. Але магутна развіваўся ў індуізме, будызме і ў містычнай плыні іслама – суфізме.
Як Вы адчувалі горад? Як асэнсоўванне горада ўвогуле змянялася ў Вас цягам часу?
– Горад патрэбны чалавеку для экспансіі яго ўласнага «я».
Каб здабыць грошы, славу, уладу і маёмасць. Не маючы такіх плянаў, горад пачаў стамляць мяне.
Я дастаткова «стары», каб жыць у горадзе, але дастаткова малады, каб кожны дзень шчыра радавацца сонцу, дрэвам, кветкам,
маім жывёлам, вожыку «Андрушку» і вялікім тэкстам, якія належаць самым розным рэлігійным традыцыям, але якія, насамрэч, належаць усім нам. Праўда, для гэтага трэба часам адкінуць канфесійныя забабоны.
Як звычайна вы праводзіце дзень? Як падзяляецца час паміж творчасцю і гаспадарчымі справамі? Ці не адцягваюць апошнія зашмат увагі?

– З самай раніцы штосьці пішу. Потым займаемся з жонкай гаспадарчымі справамі. А ўвечары чытаю. Стараюся быць гаспадаром свайго часу. Тое азначае, што не захапляюся справамі да такой ступені, што забываюся на галоўнае: на думанне, на кнігі.

– Ці вёска, у якой вы цяпер жывяце, нейкім чынам фігуруе ў вашых тэкстах (не толькі гэтай кнігі, а ўвогуле)? Бо калі чуеш пра кнігу, напісаную пасля пераезду далей ад Мінска, на памяць адразу прыходзіць Андрусь Горват і яго аўтабіяграфічная проза...

– Так. Горват надзейна заняў пэўную нішу ў галовах маладых (і відаць, не толькі маладых) беларускіх гараджанаў. І гэта добры прыклад таго, што
ўсе мы можам мяняць нашыя «мадэлі» жыцця. Але калі мы спрабуем яго памяняць, дык, з майго гледзішча, важна зразумець «а дзеля чаго»?
– Як змяняецца мысленне, камунікацыя з калегамі пасля пераезду? Ці важна ўвогуле падтрымліваць сувязь з акадэмічнымі коламі, калі працуеш над кнігай філасофскіх эсэ?

– Я з'ехаў «з канцамі» і камунікаваўся толькі з маім сябрам Валянцінам Акудовічам. Тая камунікацыя была ледзьве не штодзённай «філасофскай» бойкай. У выніку перамагло сяброўства. Але прыкладна два гады таму на «свет Божы» выцягнула мяне шаноўная Ірына Дубянецкая, калі мне давялося паабяцаць ёй напісаць невялікі тэкст, які вы ўжо ўзгадалі, – «Ад мыслення да медытацыі».
А мысленне, сапраўды, змянілася. Дакладней, я пастараўся змяніць сістэму каардынат майго жыцця і выбудаваць больш адэкватную іерархію каштоўнасцяў,
якая адпавядала б майму жаданню «жыць урачыста».

– «Жыць урачыста»... Што вы маеце на ўвазе?

– «Жыць урачыста» – значыць, светла. З непарушным спакоем унутранага суладдзя і любоўю да ўсяго жывога. Са спагадай, якая, калі чалавек яе мае, паказвае наколькі эгацэнтрычнымі і несправядлівымі мы часам бываем. І засяцерагае нас ад жорсткасці і непавагі да жывога.
– Я так мяркую, што шмат хто стомлены ад горада. Але з'ехаць наважваюцца адзінкі, бо трымае звыклая сістэма дзеянняў і зносін, пэўнае няведанне, што рабіць па-за межамі горада, як сабой распараджацца. Ці не было Вам цяжка канчаткова вырашыць гэтае пытанне, сказаць: «Усё, у такі тэрмін я пераязджаю»?

– З майго гледзішча, важна спрабаваць мяняць самога сябе. Бо пасьля 40-50 гадоў мы часта пачынаем хадзіць ужо пратаптанымі сцежкамі, мысліць звыклымі формуламі, «ведаць» адказы, калі не на ўсе, дык на многія пытанні. І раптам адчуваем, што стаміліся. У гэтым і фокус.
Нішто так не стамляе як будзённасць, завядзёнка, адсутнасць новай візіі жыцця, упэўненасць у тым, што мы ўжо ўсё ведаем пра саміх сябе і іншых.
А яшчэ больш сур'ёзная праблема, калі, развіваючы неверагодны актывізм, мы нібыта спрабуем штосьці змяніць да лепшага. А насамрэч, проста хаваем ад сябе ўнутраную пустэчу.

Я разумею, што змяніць свае жыццё няпроста. Але вельмі і вельмі часта з гэтых спробаў чалавек мае дывідэнты, на якія ён нават і не разлічваў.
– Шмат каго ў такой кардынальнай змене ладу жыцця палохаюць самыя побытавыя рэчы: як зарабляць грошы (працаваць на адлегласці ці шукаць нейкую вясковую працу), як даглядаць дом і зямлю (не ўсе маюць такі досвед з дзяцінства і юнацтва), як абыходзіцца з думкай, што шпіталь далёка, вялікія крамы далёка, тэатры, кнігарні і кавярні далёка. Як вы для сябе гэта вырашылі?

– Калі ў вас мала грошай, то ёсць два спосабы вырашэння гэтай праблемы. Першы – паспрабаваць зарабляць болей. І тады ў вас, вядома, будзе мала часу, каб заняцца сваімі праблемамі. І другі спосаб – памяншаць свае патрэбы. І тады ў вас дакладна будзе больш часу. А калі вам яшчэ ўдасца знайсці шлях, як суладна з самім сабой мяняцца ў лепшы бок, у вас будзе пастаянна пашырацца ўнутраная прастора свабоды і стан радасці.

У нас з жонкай няма неабходнасці зарабляць грошы. Яна і я атрымліваем пенсію. Я нарадзіўся ў малым горадзе. І ад дзяцінства ведаю, як затапіць печку, насячы дровы, змайстраваць лаву, збудаваць лазню, якую рабіў разам з Валянцінам Акудовічам, сынам свіслацкага столяра і цесляра.

Як чалавек, які не ўжывае мяса, не маю патрэбы мець гаспадарку і гадаваць парсюкоў. Мінімальны камфорт мы з жонкай, вядома, маем. Але гэта не есьць сур'ёзная праблема.

Большасць кніг, якімі я цікаўлюся і якія чытаю, думаю, адсутнічаюць у нашай Нацыянальнай бібліятэцы. Кнігарні (з ўжо названай прычыны) таксама мне не да патрэбы.
Калі вы спрабуеце наладзіць кантроль над самім сабой, то праблема камфорту паступова адпадае.
Ніякага жадання змагацца за большы камфорт я, натуральна, не маю.
А любое культываванне новых жаданняў і патрэбаў – гэта самы просты шлях да несвабоды.
На краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej.by ідзе збор грошай на выданне кнігі Алеся Анціпенкі «Прыпадобніўшыся да насарога». Да канца збору сродкаў засталося менш за тыдзень.
Дар'я Трайдэн
Расказаць сябрам
Чытайце таксама
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Made on
Tilda