Новы год у стылі эка

ЭКА
Як адзначыць свята так, каб не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю і сабе
Расказаць сябрам
Многія з нас дазваляюць сабе лішняга на Новы год: лішняга выпіць, з'есці, купіць пад ёлку і на ёлку. Кароткачасовае вар'яцтва каштуе нам не толькі грошай і здароўя, але і ў вялікай ступені шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Як адзначыць Новы год экалагічна і ўсвядомлена, мы раскажам у гэтым матэрыяле.
Ёлка
Па дадзеных WWF пры вытворчасці адной штучнай ёлкі ў атмасферу трапляе столькі СО2, колькі і ад аўтамабіля, які прыехаў паўтысячы кіламетраў. Але калі ў вас ужо ёсць пластыкавая ёлка, карыстайцеся ёй, як мага даўжэй. Па дадзеных Greenpeace яе вытворчасць акупаецца пасля 20 гадоў выкарыстання. На жаль, яны не перапрацоўваюцца. Таму ўрэшце, гэтыя ёлкі ўсё адно апынуцца на звалцы.

Нават калі вы жывяце побач з лесам, проста пайсці і ссекчы елку там афіцыйна забаронена. Гэта можна зрабіць толькі на спецыяльных кірмашах у прадаўцоў, якія маюць адмысловыя сертыфікаты. Такія елкі мэтанакіравана вырошчваюць на спецыяльных фермах, таму такі варыянт лічыцца дастаткова экадружалюбным. Да таго ж, пакуль дрэвы растуць, яны паглынаюць вуглякіслы газ.

Утылізаваць натуральныя елкі таксама трэба правільна. Калі проста выкінуць дрэва на звалку, яно будзе выдзяляць метан, які негатыўна ўплывае на клімат. А вось у натуральным асяроддзі драўніна становіцца пажыўным асяроддзем для розных арганізмаў. У горадзе натуральныя елкі можна здаць на перапрацоўку. А ў сябе на ўчастку яе можна кампаставаць ці пусціць на дровы.
Але для вясковага жыхара, пагадзіцеся, дзіўна ехаць на гарадскі кірмаш і купляць там елку. Можна, вядома, купіць елку ў гаршчку ці выкапаць яе ў падлеску (хаця і гэта афіцыйна супрацьзаконна) і вясной пасадзіць яе ў сябе на ўчастку — саджаць дрэвы дзе заўгодна без узгаднення з лясгасам у нас таксама забаронена. Але тут ёсць свае цяжкасці — у цёплым памяшканні распачнецца вегетатыўны працэс, дрэва пачне пускаць пупышкі, а калі вясной перасадзіць аго на вуліцу, яно можа не перанесці перападу тэмператур. Таму да перасадкі лепш захоўваць елку ў прахалодным памяшканні.

Таму для тых, хто мае свой участак, найлепшым варыянтам будзе проста упрыгожыць любое дрэва ў сваім двары. Нават калі ў вас няма елкі, паверце, любая яблыня, вішня ці нават куст глогу, упрыгожаныя навагоднікі цацкамі, будуць выглядаць па-святочнаму ўрачыста і прыгожа.

Варыянт для руплівых гаспадароў — зрабіць святочную ялінку сваімі рукамі з паперы, апалых галінак, яловых лапак і ўсяго, што знойдзецца пад рукой.
Упрыгожанні і ёлачныя цацкі
Вельмі часта пластыкавыя цацкі, дожджыкі, мішура не падлягаюць абавязковай сертыфікацыі і могуць утрымліваць шкодныя для здароўя рэчывы. Да таго ж на іх нярэдка сустракаюцца бліскаўкі — а гэта мікрапластык, які трапляе ў самыя запаветныя куткі нашай планеты, у жывыя арганізмы, у тым ліку і чалавека. Сёння ў сусветным акіяне мікрапластыку ўжо больш, чым планктону. Лішне казаць, што ўсе гэтыя ўпрыгожанні не раскладаюцца ў прыродзе.
Найлепшым аздабленнем для вашай ёлкі стане штосьці ядомае ці зробленае сваімі рукамі. Гэта могуць быць арэхі, дамашняе печыва, высушаныя апельсінавыя кольчыкі. Калісьці ў дзяцінстве мы рабілі цацкі з яечнай шкарлупіны і паперы. Добрым упрыгожаннем таксама будуць высушаныя кветкі, ягады, шышкі, палачкі цынамону і нават рэшткі рознакаляровых тканін і гузікаў. Не стрымлівайце сваю фантазію і, верагодна, тое, што даўно пылілася на вашых паліцах, знойдзе сваё месца на навагодняй ёлцы.

Што тычыцца гірляндаў, то выбірайце іх са святлодыёднымі лямпачкамі. Яны нашмат больш энергазберагальныя і даўжэй служаць. Гірлянду таксама можна зрабіць самаму. Мы ў дзяцінстве рабілі кольчыкі з рознакаляровай паперы ці старых паштовак, злучалі іх адно з адным у форме ланцужка і атрымлівалася арыгінальная, непаўторная гірлянда.
Падарункі
Вельмі часта навагоднімі падарункамі аказваюцца нікому непатрэбныя сувеніры, фігуркі з сімвалам чарговага года. Яны ўрэшце завальваюць дом ці проста выкідаюцца ў смецце. Каб не прамахнуцца з падарункам, выкарыстоўвайце ўіш-лісты — пішыце спіс таго, што вам хочацца атрымаць на Новы год. І вашых блізкіх і сяброў, каго вы хочаце адарыць, прасіце рабіць тое ж самае. Пры выбары падарунка аддавайце перавагу суседнім рамеснікам — так вы падтрымаеце мясцовую вытворчасць.

Калі вы ўсё ж такі хочаце зрабіць сюрпрыз, выбіраейце нематэрыяльныя падарункі, напрыклад, сертыфікат на сеанс масажу ці курс па лепцы з гліны. Можа, гэта будзе он-лайн навучанне ці падпіска на музычны сэрвіс. Можна падарыць адпачынак у аграсядзібе ці турыстычную вандроўку па помніках прыроды. Фантазіі тут ёсць дзе разгуляцца. Добрым падарункам таксама будуць любімыя напоі — кава, збор з зёлак, набор чаёў.

Не варта ўпакоўваць падарункі ў адмысловую паперу — пражыве яна да моманту распакоўкі, а перапрацаваць у Беларусі яе немагчыма. Крафтавая папера таксама не выйсце. Звычайна яна робіцца з першаснай цэлюлозы, гэта значыць, адмыслова дзеля яе ссякаюць дрэвы. У Японіі існуе прыгожая традыцыя ўпакоўкі рэчаў у тканіну — фурасікі. Упакаваны ў кавалак тканіны падарунак набывае асаблівую выразнасць.
Забавы
Бяскрыўдныя, на першы погляд, феерверкі на самой справе не такія і бяскрыўдныя. Па-першае, яны ствараюць шумавое забруджванне, што не толькі негатыўна ўплывае на самаадчуванне людзей і жывёл, а можа нават прыводзіць да летальных выпадкаў — ад выбухаў часта гінуць птушкі. Па-другое, прадукты гарэння феерверкаў утрымліваюць цяжкія металы ды іншыя атрутныя рэчывы, якія спачатку апынаюцца ў паветры, а затым асядаюць на зямлю і трапляюць у глебу і ваду, наносячы шкоду раслінам і жывёлам.

А запальваючы бенгальскія агні дома, мы рызыкуем, што атрутныя рэчывы, згараючы, могуць трапіць нам на рукі і нават на навагодні стол. А стрыжань, які застаецца пасля згарання, не перапрацоўваецца.

Што ўжо казаць пра фабрычныя канфеці, зробленыя з ужываннем мікрапластыку ці іншага матэрыялу, які не перапрацоўваецца. Запушчанае на вуліцы канфеці ўжо ніяк не прыбраць пасля сябе. Пры гэтым такую забаву цалкам можна зрабіць сваімі рукамі і экалагічна: нарабіць дзіраколам кружочкаў з каляровай паперы, насыпаць іх ва ўтулку ад туалетнай паперы. На ніжні край утулкі нацягнуць і замацаваць стэплерам завязаны кончык ад паветранага шарыка. Адцягнуўшы кончык шарыка ўніз і рэзка адпусціўшы яго, мы атрымаем феерверк з папяровага канфеці.
Стол
Пры падрыхтоўцы святочнага стала важна загадзя скласці меню, паглядзець, што з патрэбных прадуктаў у вас ёсць. І купляць толькі тое, чаго не хапае. Аддаваць перавагу лепш прадуктам мясцовых фермераў — так вы і падтрымаеце іх рублём і вугляродны след ад вытвочасці будзе значна меншым, бо не затрачваліся рэсурсы на дастаўку тавара ад вытворца да крамы.

Упрыгожыць стол можна самымі простымі рэчамі, якія лёгка знайсці літаральна пад нагамі: шышкамі, жалудамі, кавалачкамі кары і моху, грэцкімі арэхамі і яловымі галінкамі. Старайцеся не выкарыстоўваць парафінавыя свечкі — пры гарэнні яны выдзяляюць канцэрагены і забруджваюць паветра. Папрасіце крыху воску у мясцовых пчаляроў і зрабіце васкавыя свечкі самі — яны маюць прыемны водар і не шкодзяць здароўю.

Заклікаем таксама адмовіцца ад аднаразовых папяровых сурвэтак. Замест іх выкарыстоўвайце сурвэткі з тканіны. Яны і глядзяцца больш урачыста, і выкарыстоўваць іх можна не адзін год.
***
Беражліва ставіцца да прыроды не азначае адмаўляць сабе ў камфорце і задавальненнях.

Наадварот, падрыхтоўка да ўсвядомленага Новага года можа пераўтварыцца ў вясёлую дзею, якая аб'ядноўвае людзей, калі ўсе разам майструюць аздабленні сваімі рукамі. Такія вырабы не толькі ўпрыгожаць вашае свята, але і напоўняць яго любоўю і цяплом. А таксама нагадаюць пра іншыя каштоўнасці, не звязаныя з матэрыяльным багаццем.
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама