SPRAVA даўншыфтараў Белай Царквы працягваецца

ПАДЗЕІ
Энтузіасты Віцебшчыны рыхтуюцца да чарговага фестывалю.
Другі фестываль SPRAVA пройдзе ў вёсцы Белая Царква Чашніцкага раёна 4-5 жніўня. Гэта, як і летась, будзе ўзаемадзейнічанне з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва, кажуць арганізатары.
Даўншыфтары Каця Аверкава і Мацей Сабураў, якія ладзяць сёлетні фестываль, задумаліся, як праяўляецца іх прысутнасць там, дзе яны жывуць. І вырашылі папрысутнічаць праз справу: "Гледзячы на руіны аднаго з першых у Беларусі ўніяцкіх храмаў, створанага, каб аб'ядноўваць, мы аб'ядналіся з іншымі мясцовымі жыхарамі на ціхім паўвостраве пасярод возера, справа ад рэдкага ранняга барока, задумалі фестываль.

Узяўшы ў рукі малаткі і рэха сучаснага мастацтва з сабой, у вясковую пастараль, мы ідзем па тонкай мяжы паміж стваральным умяшальніцтвам і высакароднай бяздзейнасцю, якія дазваляюць рэчам быць, рыбам – плыць, а травам – патыхаць".
Летась фэст вельмі добра сябе зарэкамендаваў, што дазволіла сёлета пашырыць праграму і прыцягнуць новыя сілы. Напрыклад, каштоўны ўклад зрабілі мясцовыя ўлады: пакасілі некалькі квадратных кіламетраў тэрыторі пад фэст, падрэзалі новую дарогу. Таксама адгукнуліся цікавыя творцы і актыўныя валантэры.
Канцэпцыя фестывалю не зменіцца. "Канцэпт такога мяккага дадатку да прыроды – дзеяння, рукадзеяння тут застаўся, – кажа Мацей Сабураў. – Адзінае, што сапраўды моцна змянілася, гэта тое, што мы атрымліваем вялікую колькасць моцы звонку нашай тусоўкі. Людзі прыходзяць з ідэямі. І гэтае воблака ідэяў разрастаецца. Мы не хочам мяняць канцэпцыю. Але як я бачу ідэальнае развіццё – гэта ўзбуйненне падзеяў. Хацелася б, каб тое, што людзі будуць тут ствараць, заставалася ў карыстанні мясцовай суполкі ў шмат дзясяткаў тысяч чалавек Чашніцкага раёна".
Каля руінаў храма ХVI стагоддзя, на беразе Чарэйскага возера зайграюць беларускія і замежныя музыкі. Хэдлайнерамі стануць беларускі этна-гурт "Троіца" і беларуска-польскі этна-джаз-квінтэт Ulyanica. На адмыслова збудаванай плывучай платформе выступяць некалькі класічных аркестраў і тэатраў. У дубовым гаі мастакі збудуюць лэнд-арт аб'екты.

Госці фестывалю змогуць далучыцца да стварэння драўляных вырабаў пад кіраўніцтвам нямецкіх і беларускіх цесляроў. Для дзяцей пакажуць дыяфільмы, ужывую агучаныя акторамі і музыкамі. Забаўляць наведнікаў фестывалю таксама будуць майстры на разнастайных майстар-класах ды экскурсаводы падчас шпацыру па мясцінах, якія калісьці належалі Сапегам і Мілашам. Кожны зацікаўлены зможа прагуляцца па эка-сцежцы.

Арганізатары абяцаюць, што будзе драўляна, экалагічна і пранікнёна.

Больш інфармацыі пра фэст тут.

Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама