Кармічны менеджмент у дзеянні

ДОСВЕД
Экалагічны актывіст аднаўляе стары млын і трымае аграсядзібу, кіруючыся прынцыпамі дабра і кармы
Расказаць сябрам
Некалькі гадоў назад стары млын на рацэ Ласіца ў вёсцы Казлоўшчына Пастаўскага раёна ажыў — яго набыў экалагічны актывіст, каардынатар Грамадскай экалагічнай інспекцыі «Зялёны дазор» па Астравецкім раёне і ўладальнік аграсядзібы «Хутар Камарышкі» Аляксандр Дарашэвіч. Некалькі гадоў з дапамогай валанцёраў ён актыўна працаваў над аднаўленнем аб'екта. Аднак у 2020 годзе працы рэзка спыніліся. Гэтаму паспрыяла пандэмія каронавіруса, агульная сітуацыя ў краіне і хатняя "хімія", якую адбываў Аляксандр дома. Сёння мы сустракаемся са спадаром Дарашэвічам у Казлоўшчыне для інтэрв'ю. Ён прыехаў сюды ўпершыню за апошнія паўгода.
Аляксандр Дарашэвіч
Аляксандр сустрэў мяне ля старога млына ў працоўных пальчатках і спецадзенні. Побач з ім у траншэі з рыдлёўкай — яго цёзка-памочнік.

— Вырашыў заадно папрацаваць, раз ужо прыехаў сюды, — адразу тлумачыць герой.

Між тым, да вялікага перапынку ў працах аднаўленне ішло актыўна. Функцыянавалі краўдфандынгавыя платформы, валанцёры былі лёгкія на пад'ём. Дзякуючы гэтаму, удалося расчысціць млын і раку ад смецця, перакрыць дах шыферам, аднавіць некаторыя механізмы і закансерваваць аб'ект, каб хаця б спыніць яго далейшае разбурэнне.

— Млын быў вельмі забруджаны. Тут ляжаў склад цэменту — метры паўтара ў вышыню. Другі паверх выкарыстоўваўся як зернесховішча, ад якога засталося шмат абсталявання і смецця.
— Амаль два гады мы толькі тое і рабілі, што вывозілі смецце.
Цяпер сітуацыя кардынальна змянілася.

— Няма ініцыятыўных людзей. Калі б былі людзі, якім бы гэта было цікава, не толькі дзеля прыбытку, але каб яны гэтым гарэлі, думаю, я б знайшоў сродкі. Вось, сёння, напрыклад, я хацеў пачысціць канал, запытаў і ў старшыні сельсавета, і ў вёсцы, ці ёсць якія працаўнікі за аплату — не, нікога няма. Добра, што адгукнуўся мой сябра Саша.

Спадар Дарашэвіч жыве ў Астравецкім раёне, дзе трымае аграсядзібу. Яна таксама патрабуе немалых укладанняў. Таму ў сённяшняй сітуацыі рэсурсаў на два аб'екты ў сям'і не хапае. А грошы на захаванне млына патрабуюцца немалыя. Па падліках гаспадара, аб аднавіць яго да стану пачатку ХХ стагоддзя, улічваючы страху з керамічнай дахоўкай, трэба каля 200 тысяч долараў.

У бліжэйшы планах — захоўваць млын, час ад часу наведвацца сюды, глядзець, ці ўсё ў парадку, рабіць невялікую працу і паціху саджаць дрэвы ў будучым арэхавым лесасадзе. Аптымістычных прагнозаў на бліжэйшую будучыню ў Аляксандра няма.
Тым не меней гаспадар з энтузіязмам запрашае мяне ўсярэдзіну і праводзіць цэлую экскурсію, паказваючы, як калісьці працаваў млын: ліфт, на якім падымалася зерне; прыёмнікі, куды яно засыпалася; размеркавальнікі, адкуль накіроўвалася на жорны; самі жорны, дзе зерне малолася; сеялка, дзе мука дзялілася на гатункі… І ўсё гэта калісьці працавала ад энергіі вады.

Неверагодна, але частка абсталявання захавалася ў добрым стане, хаця і патрабуе рэстаўрацыі — млын функцыянаваў яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. Аднак калгас, якому ў апошнія гады ён належаў, палічыў яго абслугоўванне эканамічна немэтазгодным і закрыў. Некаторыя механізмы Аляксандру ўжо удалося адрэстаўраваць. Праца выявілася не з простых — дзеля гэтага давялося нават выкарыстоўваць стаматалагічную пасту, каб зрабіць злепак патрэбнай дэталі.
Аляксандр звяртае маю ўвагу на таўшчэзныя (30см*30см) і даўжэзныя (14м) драўляныя бэлькі, якія служаць перакрыццём у млыне. На жаль, праз нядбайнае стаўленне да будынку, бэлькі ў некторых месцах згнілі. Гаспадар спрабаваў замяніць іх новымі, такімі самымі, але ў лясгасе яго запэўнілі, што цяпер у Беларусі такі тоўсты і доўгі лес папросту не расце.
Першыя згадкі пра млын датуюцца 1793 годам. Па інфармацыі, якую знайшоў Аляксандр, будынак перажыў каля пяці рэстаўрацый. У 1859 годзе адбылася рэканструкцыя, ад якой над уваходнымі дзвярыма застаўся надпіс з датай. Тады ж, верагодна, да млына з абодвух бакоў дабудавалі піларамы, на адной з якіх выраблялі гонту. У 30-я гады ХХ ст., за польскім часам, тут была зроблена міні-ГЭС, ад якой дагэтуль засталося абсталяванне. У пэўны перыяд прывад ад вады замянілі электрычным прывадам.

Па сутнасці гэты млын — помнік архітэктуры. Аднак афіцыйна ўключаць яго ў спіс архітэктурнай спадчыны пакуль не сталі. Гэта наклала б на гаспадара шмат абмежаванняў і адказнасці, што б запавольвала і ўскладняла працэс кансервацыі. А так — ёсць час, не спяшаючыся, займацца яго захаваннем.
Першыя згадкі пра млын датуюцца 1793 годам. Ён перажыў каля пяці рэстаўрацый. У 1859 годзе адбылася рэканструкцыя, ад якой над уваходнымі дзвярыма застаўся надпіс.
Нягледзячы на ўсе неспрыяльныя акалічнасці, аптымістычную будучыню для млына Аляксандр усё ж уяўляе. Ён хацеў бы зрабіць тут краязнаўча-турыстычны аб'ект, каб можна было прыехаць і паглядзець, як працаваў млын. Рабіць энергетычны вузел, як гэта было раней, гаспадар лічыць немэтазгодным. Магутнасць атрыманай электрычнасці будзе невялікая — каля 15 кВт, пры тым, што прадпрыемствам патрэбна мінімум 50-100 кВт. А выдаткі на дамбу ды іншае абсталяванне будуць вельмі высокімі.

Яшчэ адна з ідэй Аляксандра зрабіць тут цэнтр узнаўляльнай энергіі. Паставіць невялічкую турбінку, каб сэнс быў не ў выпрацоўцы энергіі, а ў дэманстрацыі відаў альтэрнатыўнай энергіі, якія можна атрымаць ў Беларусі. На даху можна паставіць некалькі сонечных панэляў, сонечны калектар. Побач можа стаяць невялічкі ветрачок.

— Хачу, каб можна было прывезці сюды вучняў і правесці адкрыты ўрок. Каб школьнікі не толькі тэарэтычна ведалі, як можна атрымаць энергію, а сваімі вачыма пабачылі прыклад і ў далейшым жыцці маглі да яго звяртацца. Калі ў дзяцей будуць рухацца думкі ў гэтым кірунку, то і ў будучыні яны змогуць распрацаваць новыя тэхналогіі ў гэтай сферы. Хачу, каб гэта стала такім штуршком для навучэнцаў.
— Шмат людзей марыць жыць на прыродзе, каб не бетонныя каробкі бачыць з вакна, а прыроду. Але пры гэтым яны не хочуць жыць у зямлянцы, а хочуць карыстацца дасягненнямі цывілізацыі.
— І калі такія людзі будуць ведаць, што на хутары ёсць магчымасць з дапамогай сучасных тэхналогій вырашыць пытанне энергазабеспячэння, то цяжкадаступныя вёскі, дзе не праведзеная электрычнасць, будуць адраджацца.

Аднак пакуль, прызнаецца Аляксандр, такія развагі носяць хутчэй гіпатэтычны характар. Мы выходзім на вуліцу і абыходзім будынак звонку. Гаспадар з пяшчотай дакранаецца да старых драўляных сценаў і паказвае разьбяныя бэлькі і элементы драўлянага дэкору.

— Мне таксама хочацца паказаць, як людзі ставіліся да пабудоў. Звярталі ўвагу на прыгажосць, а не проста ставілі каробку-сэндвіч.
Ад ідэі пабудаваць побач з млыном на беразе Ласіцы аграсядзібу Аляксандр пакуль адмовіўся — заканадаўча гэта выявілася немагчымым — тут паўсюль водаахоўная зона. А зрабіць аграсядзібу ў суседняй Казлоўшчыне гаспадар не лічыць добрай ідэяй.
— Аграсядзіба — гэта не толькі месца, дзе можна паспаць і паесці. Гэта месца старога духу.
— У сапраўднай аграсядзібе павінны прысутнічаць прыроднае асяроддзе, традыцыйны сялянскі побыт, захоўвацца спадчына. Катэдж — гэта не аграсядзіба. Якая розніца — гарадскія прыедуць у катэдж пад Мінскам ці ў катэдж сюды? Нельга зрабіць дзве аднолькавыя аграсядзібы. Два аднолькавых катэджы можна. Але не называйце тады гэта аграсядзібай — гэта тыпавы міні-гатэль.
Аляксандр ведае, што можна зрабіць прыбытковую аграсядзібу, наліваючы гасцям самагонку. Але для яго сэнс не ў прыбытку.
— Я сам спіртное не ўжываю, лічу, што гэта атрута. Уявіце — да мяне прыехалі госці, гатовы заплаціць грошы, а я іх буду атручваць?
— Гэта немагчыма. Многія людзі ставяць прыбытак у прыярытэт. Дык давайце тады ўжо бярыцеся за наркотыкі, прастытуцыю. Аграсядзіба не можа быць прыбытковай. Укладанні ў яе ніколі не акупяцца.
Уся дзейнасць спадара Дарашэвіча базуецца на прынцыпах так званага кармічнага менеджменту. Гэты тэрмін Аляксандр запазычыў з тыбецкіх вучэнняў і ў прыватнасці з кнігі "Дыяментавы шліхоўнік". Стаўленне да алкаголю вельмі добра ўпісваецца ў яго парадыгму.
— Галоўныя прынцып кармічнага менеджменту — калі ты робіш дабро, яно табе вяртаецца. Робіш зло — зло вяртаецца. І чалавек адказвае за сваё жыццё сам. Ні брыгадзір, ні старшыня, ні прэзідэнт, ні сусветны ўрад.
— І тады чалавек разумее, што калі ён упаў, у гэтым вінаватая не служба ЖКГ, што яму дарогу не зрабіла. А ён звяртае ўвагу на тое, што ў сваім жыцці зрабіў не так: можа спяшаўся, ці абуў не тыя боты. І калі ты бярэш адказнасць за сваё жыццё, ты не можаш рабіць шкоду, бо разумееш, што гэта табе вернецца. Таму калі мы робім аграсядзібу па гэтых прынцыпах, мы не сутыкаемся з гасцямі, якія хочуць у нас пагульбаніць і пабухаць.
І нават млын у Аляксандр з'явіўся дзякуючы следаванню прынцыпам кармічнага менеджменту. Гаспадар заўсёды цікавіўся даўніною і доўга прыглядаўся да закінутага млына побач са сваёй хатай у Астравецкім раёне. Але купіць той млын не выйшла. А калі даведаўся пра гэты млын у Пастаўскім раёне і пра тое, што ён пад пагрозай знішчэння, яму стала яго проста шкада. І Аляксандр разам з жонкай вырашыў гэты млын купіць і аднавіць, нягледзячы на тое, што ездзіць даводзіцца аж за 100 км.

— Згодна з кармічным менеджментам, я купіў гэты млын, бо не атрымалася купіць той. Тады млын каштаваў каля 2 тысяч долараў. У мяне былі вольныя грошы і я вырашыў іх укласці ў добрую справу.
Будынак аблюбаваў не толькі Аляксандр, але і совы — яны палююць тут на пацукоў, якія наведваюць млын у пошуках закінутага зерня. Аляксандр з захапленнем расказвае, як спрабаваў засняць соваў на камеру, але пакуль не атрымалася. Увогуле спадар Дарашэвіч — вялікі аматар птушак і агулам дзікай прыроды. Ён прытрымліваецца прынцыпаў устойлівага развіцця і біяразнастайнасці.
— Мне цікава ўсё, што забяспечвае спрыяльнае экалагічнае асяроддзе. Атрымліваю асалоду ад таго, што з маёй дапамогай прырода аднаўляецца.
— У сябе на Астравеччыне мы робім экасцежкі, у межах Грамадскай інспекцыі "Зялёны дазор" дапамагаем вырашаць экалагічныя праблемы, робім жытло для соваў і калоды для дзікіх пчол.
— Наша лясная гаспадарка нацэлена на тое, каб у лесе не было хворых дрэваў. Лясгасы проста не даюць дрэвам вырасці, каб у іх пачалі з'яўляцца дуплы.
А дуплы неабходныя совам і пчолам для жытла. За апошнія 30 гадоў знікла 25% папуляцыі пчолаў. Таму даць прытулак дзікім пчолам Аляксандр лічыць неабходным.

— Выведзеныя людзьмі пчолы не прыстасаваныя да жыцця ў дзікай прыродзе. Людзі забіраюць у іх частку функцый — падкармліваюць, ставяць рамкі, уцяпляюць вуллі, перавозяць на розныя месцы. А калі пчолы будуць жыць у лесе ў дзікіх умовах, яны стануць прыстасаванымі да дзікіх умоваў, устойлівымі да кляшча і іншых хваробаў. У тым ліку будуць даваць больш якасны мёд, насычаны карыснымі мікраэлементамі.

На развітанне мы яшчэ раз уздымаем пытанне будучыні млына. І Аляксандр прызнаецца — ён не выключае, што калі-небудзь прадасць млын, але толькі таму пакупніку, які будзе мець такія ж мэты — захаваць спадчыну.
Пакуль мы размаўлялі, да будынку пад'ехаў чалавек на ровары і спыніўся метрах у пятнаццаці ад нас.

— Вам чым-небудзь дапамагчы? — запытаў у яго гаспадар млына.

— Ды не, я проста людзей пабачыў, — адказаў чалавек.

Хочацца верыць, што людзі ля гэтага млына калісьці перастануць быць нейкім дзівам і нашая спадчына атрымае новае жыццё.
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама